пасібілі́зм

(фр. possibilisme, ад лац. possibilis = магчымы)

плынь у рабочым руху Францыі канца 19 — пачатку 20 ст., прыхільнікі якой прапагандавалі адмаўленне ад класавай барацьбы, імкнуліся абмежаваць намаганні рабочых рамкамі «магчымага».

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

БА́РАНАЎ (Аляксандр Андрэевіч) (1746, г. Каргапаль Архангельскай вобл., Расія — 28.4.1819),

першы гал. правіцель рус. паселішчаў у Амерыцы (1790—1818). Да 1790 займаўся гандл.-прамысл. дзейнасцю ў Маскве, Пецярбургу і Сібіры. Садзейнічаў пашырэнню гандл. сувязяў рус. паселішчаў у Паўн. Амерыцы з Каліфорніяй, Гавайскімі а-вамі і Кітаем; стварэнню новых паселішчаў, падрыхтоўцы шэрагу экспедыцый па абследаванні раёнаў Ціхаакіянскага ўзбярэжжа, пачатку суднабудавання і развіццю прам-сці ў рус. Амерыцы, арганізацыі школ на Алясцы і інш. Удзельнічаў у абследаванні і апісанні Чугачскага зал., прылеглых астравоў і інш. раёнаў. Яго імем названы востраў у архіпелагу Аляксандра (у зал. Аляска).

т. 2, с. 297

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРША́НСКАЕ ЕВА́НГЕЛЛЕ,

бел. рукапісны помнік канца 12 — пач. 13 ст. Выяўлена ў Оршы ў 1812. Верагодна, створана на Полаччыне. Зберагліся 142 аркушы (без пачатку і канца), пісаныя ўставам на высакаякасным пергаменце. У Аршанскім евангеллі змешчаны 2 мініяцюры з выявамі евангелістаў Лукі і Мацвея (найб. раннія ва ўсх.-слав. рукапісах), 2 застаўкі і 310 ініцыялаў з варыяцыямі старавізантыйскіх і першапачатковых тэраталагічных формаў (у асобных ініцыялах — выявы чалавека). За рэліг. абалонкай праглядаецца жывая нар. аснова, што збліжае іх з размалёўкамі Спаса-Ефрасіннеўскага манастыра ў Полацку. Зберагаецца ў Цэнтр. навук. бібліятэцы АН Украіны.

Да арт. Аршанскае евангелле. Евангеліст Лука. Мініяцюра. 13 ст.

т. 1, с. 536

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДУГА́, ў геаметрыі,

частка крывой паміж двума яе пунктамі. Д. плоскай крывой вызначаюць заданнем каардынат усіх яе пунктаў пры дапамозе неперарыўных функцый x = ƒ(t), y = φ(t) некаторага параметра t: α ≤ t ≤ β; пры гэтым лічаць, што розным значэнням t адпавядаюць розныя пункты Д. Напр., параметрычныя ўраўненні x=Rcost, y=Rsint, дзе 0 ≤ t ≤ ​π/2, вызначаюць Д. AB (​1/4 акружнасці радыуса R з цэнтрам у пачатку каардынат). Д. прасторавай лініі вызначаецца параметрычнымі ўраўненнямі x = ƒ(t), y = φ(t), z = ψ(t), α ≤ t ≤ β.

Да арт. Дуга.

т. 6, с. 250

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАВО́ДКА,

1) канчатковая апрацоўка дэталей або інструментаў пасля іх чыставой (звычайна абразіўнай) апрацоўкі для атрымання малой шурпатасці паверхні і дакладных памераў. Робіцца на даводачных станках або ўручную.

2) Ліквідацыя дэфектаў, паляпшэнне тэхналогіі вырабу і работы новай машыны (устаноўкі) перад запускам яе ў вытв-сць.

3) Перыяд мартэнаўскай плаўкі ад пачатку кіпення да раскіслення металу, на працягу якога састаў металу даводзяць да зададзенага (дабаўленнем адпаведных рэчываў).

4) Канчатковая стадыя абагачэння карысных выкапняў, у выніку якой атрымліваюць кандыцыйны канцэнтрат. Ажыццяўляецца паўторным выкарыстаннем тых самых метадаў, што і пры атрыманні чарнавых канцэнтратаў, або хім.-металургічнымі метадамі.

т. 5, с. 565

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАЕ́ННЕ,

працэс атрымання малака ад с.-г. жывёл (кароў, коз, авечак, кабыл і інш.). Малако ў вымі лактуючай жывёлы ўтвараецца бесперапынна і да пачатку чарговага Д. запаўняе альвеалярны і цыстэрнавы аддзелы, адкуль яго атрымліваюць дзякуючы рэфлексу малакааддачы, які стымулюецца абмываннем, выціраннем, масажам вымя. Дояць кароў машынным (гл. Даільная ўстаноўка, Даільны апарат) або ручным спосабам. Найб. спрыяльныя ўмовы для выдалення малака з вымя стварае машыннае Д.: адначасова выдойваюцца 4 долі вымя, павышаецца прадукцыйнасць працы, малако не забруджваецца. Звычайна карову дояць 2—3 разы на дзень. Ручным спосабам дояць авечак (1—2 разы ў суткі), коз малочных парод (2 разы).

т. 6, с. 7

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАЎГАВЕ́ЧНАСЦЬ,

уласцівасць тэхн. вырабу (прыстасавання, збудавання) захоўваць працаздольнасць да надыходу гранічнага стану, пры якім далейшая эксплуатацыя яго павінна быць спынена з-за неадхільнага парушэння патрабаванняў тэхнікі бяспекі або выхаду параметраў за ўстаноўленыя межы. Адзін з асн. паказчыкаў надзейнасці вырабаў. Колькасна ацэньваецца рэсурсам — працягласцю функцыянавання вырабу (або аб’ёмам выкананай ім работы) ад пачатку эксплуатацыі да надыходу гранічнага стану. Для многіх вырабаў (электроннай тэхнікі і інш.) крытэрыем гранічнага стану з’яўляецца прыпыненне дзейнасці (гл. Безадказнасць). Д. вызначаецца разлікамі, спец. даследаваннямі з выкарыстаннем тэхнічнай дыягностыкі. На Беларусі праблемы Д. вывучаюцца ў Ін-це надзейнасці машын Нац. АН і інш.

т. 6, с. 64

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗВАРО́ТАК,

слова або спалучэнне слоў, якім называюць асобу ці прадмет, да якіх звяртаюцца з мовай. У бел. мове выражаецца назоўным склонам назоўніка ці інш. часцінай мовы («Даруйце, любыя! Даруй, матуля!»), а таксама клічнай формай («Не шукай сабе, мой братку, з ветрам Бацькаўшчыну-матку»), Сінтаксічна З. са сказам не звязаны і членам сказа не бывае. Можа стаяць у пачатку, сярэдзіне і канцы сказа. Каб узмацніць эмацыянальнасць, З. суправаджаюць выклічнікам і інш. словамі эмацыянальнай ацэнкі: «О, край мой любімы, як многа прыволля, і думам, і працы бяскрайні прастор».

Літ.:

Беларуская граматыка. Ч. 2. Мн., 1986.

А.​Я.​Баханькоў.

т. 7, с. 37

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНЦЭНТРА́ЦЫЯ НАПРУ́ЖАННЯЎ,

рэзкае павелічэнне напружанняў механічных у месцах змен формы цела (каля краёў адтулін, выступаў, драпін, зварных швоў, у вуглах і інш.). Зоны К.н. з’яўляюцца месцамі пачатку пластычнай дэфармацыі або разбурэння.

К.н. ацэньваюць каэф. К.н. — адносінамі мясц. найбольшых каля месца канцэнтрацыі напружанняў да намінальных. Унутраныя К.н. ўзнікаюць пры неаднароднай структуры матэрыялу, пры наяўнасці ў ім пор і шчылін. Найб. небяспечныя К.н. пры знакапераменных і ўдарных нагрузках, нізкіх т-рах. Змяншаюць або ліквідуюць К.н. разгружальнымі надрэзамі, умацаваннем краёў адтулін, выразаў і інш. слабых месцаў наклёпам (накаткай, тэрмахім. апрацоўкай і інш.). Вывучаецца К.н. пругкасці тэорыяй.

І.​І.​Леановіч.

т. 8, с. 14

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРДЫЯСПА́ЗМА (ад грэч. kardia, тут — уваход у страўнік + ...спазмаў хвароба. якая праяўляецца спазмай стрававода ў месцы пераходу яго ў страўнік. Асн. прыкмета — загрудзінны боль, пачуццё распірання. У пачатку хваробы — цяжкасць пры глытанні (дысфагія), іншы раз першых порцый ежы, асабліва халоднай. У большасці хворых лепш праходзіць цёплая вадкая ежа, у некаторых — цвёрдая. Непрыемныя адчуванні ўзмацняюцца пры хуткай ядзе. Боль бывае і пры пустым страваводзе. Пры зрыгванні застаялыя ў страваводзе масы (сліна, рэшткі ежы, слізь) могуць зацякаць у дыхальныя шляхі і выклікаць аспірацыйныя запаленні, абсцэсы лёгкіх і інш. Лячэнне: дыетатэрапія, спазмалітыкі, хірургічнае.

М.​Ф.​Сарока.

т. 8, с. 69

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)