Лапаву́хі, лыпаву́хі ’аблавухі’ (Шат., ТСБМ, Яўс.; паўн.-усх., КЭС) ’някемлівы, непаспешлівы’ (ТСБМ), рус. наўг., валаг. лопоу́хий ’кіжлай, цяльпук, цюхцяй’, ’разява’, ’ёлуп’, а ў літаратурнай мове і ’аблавухі’. Бел.-рус. ізалекса старажытнай пары. Балтызм, параўн. літ. lapaaũsis ’лапавухі’, ’разява’. Ёсць і інш. балт.-усх.-слав. ізалекса: літ. aplėpaũsis, nulėpaũsis, лат. ļutausis, lutàusisбел. віславухі, рус. вислоухий ’аблавухі; павольны, някемлівы, няўклюдны’. Першая частка звязана са значэннем ’вісець, абвісаць’. Такі ж сэнс і ў літ. luzgaũsis (дзе luzgė — ’галіна павіслай бярозы’). У ідэнтычных (паводле семантыкі) лексемах польскай, украінскай і паўднёва-славянскай моў першая частка звязана з klepati: польск. klapouchy, укр. клапоухий, капло(в)ухий, славен. klapoúch, серб.-харв. кле̏мпав, балг. клепоу́х ’аблавухі’, макед. клапушест ’нязграбны, няспрытны’. Сюды ж лыпаву́шка, лыпаву́шына ’аблавушка’ (Яўс.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Стату́й зневаж, пра тупога, бесталковага чалавека (ТСБМ, Нас., Байк. і Некр., Мат. Маг., Юрч. Вытв.), ‘нязграбны чалавек’ (Мат. Гом.): стату́й ты карэтны! — лаянка (маг., Ліцв.), стату́й ‘фігура, вылепленая з чаго-небудзь або зробленая з пяску’ (Жд. 2), ста́туй, ста́туя ‘вылепленая фігура; боўдзіла’ (Касп.), ста́туй ‘чалавек высокага росту’ (Бяльк.), стату́я ‘вылепленая фігура; боўдзіла’ (Нас.), стату́й, стату́я ‘фігура з металу ці каменя; манекен’ (Сл. ПЗБ). Сюды ж, магчыма, і статэ́ва ‘высокая жанчына’ (Сл. рэг. лекс.). Запазычана з заходнееўрапейскіх моў, параўн. ням. Statue ‘скульптура, фігура’, франц., англ. statue ‘тс’ з лац. statua ‘статуя, калона’ ад statuo ‘стаўлю, засноўваю’, праз рускае або польскае пасрэдніцтва. Адаптацыя па роду па аналогіі з балван, ёлуп і пад. Гл. Фасмер, 3, 748; ЕСУМ, 5, 402. Значэнне ‘чалавек высокага росту’, магчыма, пад уплывам статны (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

дурань, дурны, вар'ят; дурніца, дурыла, дуралей, прыдурак, тупіца, ёлуп, ёлупень, доўбень, асталоп, абэлтух, шаленец, ідыёт, псіхапат, крэцін (разм.); асёл, баран, пень, палена, дуб, дубіна, бот, лапаць, халява, хамут, абух, бязмен (перан., лаянк.) □ дурная галава, яловая галава

Слоўнік сінонімаў і блізказначных слоў, 2-е выданне (М. Клышка, правапіс да 2008 г.)

шуме́ць 1, ‑млю, ‑міш, ‑міць; незак.

1. Утвараць, рабіць шум ​1 (у 1 знач.). Мяккім маёвым лісцем шумяць бярозы. Мурашка. І шумяць над берагам Сосен гушчары, А ім адгукаюцца Нёмана бары. Русак. Дажджы растуць, шумяць над полем, Дзе я на ростанях стаю. Вярба. Варкасы зніклі. Неба пасвятлела. А мора ўсё спявала, усё шумела. А. Вольскі. На паперу становяцца самі Словы шчырыя песні тае, Што расла з маладымі садамі, Што шуміць у палях каласамі, — І таму маё сэрца пяе. Непачаловіч. // Пра пачуццё цяжкасці, болю, кружэння ў галаве, якое ўзнікае ў выніку стомленасць хваробы, ап’янення і пад. Шуміць спавітая бінтамі галава... Брыль. / у безас. ужыв. Калі [Феня] выйшла з бальніцы, не адразу зразумела, у які бок трэба ісці дадому, шумела ў галаве. Арабей. Ліда задумалася. Шумела ў галаве. Федасеенка. Андрэйку душыць гарачыня, млеюць ногі ад стомы, пачынае шумець у галаве. Кавалёў.

2. перан. Весці жывую, актыўную дзейнасць, завіхацца; выказвацца з выпадку чаго‑н. [Настаўнік:] «І не адзін такі я: шумім, круцімся, а толку няма». Колас. — Нешта ціха ў вас сёння? — А чаго асабліва шумець? Справы свае зрабілі, пара на спачын. Лынькоў. // Працякаць, ісці, адбывацца вельмі ажыўлена, бурна. Пад блакітным агнём небасхіла Пустыром увесь край выглядае... Дзе шумела жыццё — там магіла, Толькі енкі... і плач не змаўкае... Чарот. Шумяць гарачыя дэбаты. Таўбін.

3. Лаяцца, сварыцца, крычаць; гучна, адкрыта выражаць сваю незадаволенасць. — Спакайней, спакайней. Разбяромся раніцай.. Чаго шумець? Лобан. — Едзь зараз жа, — п’яны ёлуп! — шумелі на .. [Яўгена] сваякі. Новікаў.

4. перан. Разм. Шмат гаварыць, абмяркоўваць што‑н. з мэтай прыцягнення ўвагі да чаго‑н. — Аб ім [Сакольным] смела можна гаварыць і нават шумець. Кулакоўскі. Шумелі хлопцы: «Эх... шкада жанчыны!» І кожны Насту ратаваць быў рад. З. Астапенка. // Мець шырокую вядомасць, выклікаць шырокі інтарэс, прыцягваць агульную ўвагу да сябе. Справа шумела на ўвесь гарадок. Чорны. Смірніцкі расказваў неахвотна. — Увогуле, — заключыў ён, — «Медыцынскі работнік» шуміць. Шахавец.

шуме́ць 2, ‑міць; незак.

Узнімацца пенай; пеніцца. Піва шуміць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)