БАЛЬСІ́С ((Balsys) Эдуардас) (20.12.1919, г. Мікалаеў, Украіна — 3.11.1984),
літоўскі кампазітар. Нар.арт. Літвы (1965), нар.арт.СССР (1980). Скончыў Літ. кансерваторыю (1950), з 1953 выкладаў у ёй (праф. з 1969). У 1962—71 старшыня праўлення Саюза кампазітараў Літвы. Асн. творы: опера «Падарожжа ў Тыльзіт» (паст. 1980), балет «Эгле, каралева вужоў» (паст. 1960; экранізаваны ў 1965), араторыя «Не чапайце сіні глобус» (1969); кантаты; 2 канцэрты для скрыпкі з арк.; канцэрт для скрыпкі сола; «Драматычныя фрэскі» для скрыпкі, фп. і арк.; Сімфонія-канцэрт для аргана, духавых і ўдарных інструментаў; песні, музыка да кінафільмаў і драм. спектакляў; эстрадная музыка. Дзярж. прэміі Літвы 1958, 1960, 1967, 1969, 1974.
Літ.:
Нарбутиене О. Эдуардас Бальсис: Очерк творчества. Л., 1975.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНСА́МБЛЬ ПЕ́СНІ І ТА́НЦА УЗБРО́ЕНЫХ СІЛ РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ.
Існуе з 1938, да 1992 наз. Ансамбль песні і танца Бел.ваен. акругі. Арганізатар і першы маст. кіраўнік А.Усачоў. З 1949 базіруецца ў Мінску. У складзе ансамбля мужчынскі хор, танц. група і эстрадна-сімф. аркестр. Маст. кіраўнік і гал. дырыжор У.Ермалаеў (з 1994), гал. хормайстар Б.Кір’янаў, сярод салістаў А.Кузняцоў, У.Яскевіч і інш.
У рэпертуары ваен.-патрыят. творы, рус. і зарубежная класіка, сучасная эстрадная музыка, бел., рус. і ўкр.нар. песні і танцы, творы бел. кампазітараў, вак.-харэагр. кампазіцыі. Лаўрэат прэміі Ленінскага камсамола Беларусі 1978. Гастраліраваў у Францыі, Германіі, Польшчы і інш.
«Траецкая кадрыля» ў выкананні Ансамбля песні і танца Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІЯ́Ф (Piaf) Эдзіт [сапр.Гасьён (Gassion) Эдзіт Джавана; 19.12.1915, Парыж — 11.10.1963], французская эстрадная спявачка-шансанье. З 1930 выступала ў кабарэ і эстрадных т-рах, з 1956 у т-ры «Алімпія» ў Парыжы. Валодала багатым адценнямі голасам. Яе выканальніцкую манеру вылучалі экспрэсія ў спалучэнні з прастатой. Стварыла лірычную песню-споведзь, працягвала традыцыю стылю «песнь франц. вуліцы», у які прыўнесла трагічныя матывы, была аўтарам многіх з іх. Знялася ў фільмах «Безыменная зорка», «Парыж працягвае спяваць», «Фрэнчканкан» і інш. Аўтар мемуараў.
Тв.:
Рус.пер. — На балу удачи. М., 1965;
Книга о себе // Театр. 1965. №1—5.
Лит.: Берто С. Эдит Пиаф: Пер с фр.М., 1991; Дюкло П., Мартен Ж Эдит Пиаф: Пер. с фр. Смоленск, 1997.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
сцэ́на, -ы, мн. -ы, сцэн, ж.
1. Спецыяльная пляцоўка, на якой адбываюцца спектаклі, канцэрты, выступленні і інш., а таксама ўвогуле сам тэатр, тэатральная, эстрадная дзейнасць.
Падняцца на сцэну.
Майстры сцэны.
2. Асобная частка акта тэатральнай п’есы, эпізод у п’есе, рамане, аповесці, карціне.
3. Здарэнне, эпізод, які можна назіраць у жыцці.
Сцэна з жыцця студэнтаў.
4. Вострая, рэзкая размова (разм.).
С. рэўнасці.
|| памянш.сцэ́нка, -і, ДМ -нцы, мн. -і, -нак, ж. (да 2 і 3 знач.).
|| прым.сцэні́чны, -ая, -ае (да 1 знач.).
Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)
ВЕРЖБАЛО́ВІЧ (Вербіч) Барбара Іванаўна
(1901—8.1.1967),
бел. спявачка (мецца-сапрана). Скончыла Бел.муз. тэхнікум (1933), Бел. кансерваторыю (1938). У канцы 1930 — пач. 40-х г. салістка Дзярж.т-ра оперы і балета Беларусі, стварыла вобразы ў нац. спектаклях «Міхась Падгорны» Я.Цікоцкага (Матка), «Кветка шчасця» А.Туранкова (Ведзьма), а таксама ў класічных операх. У час акупацыі Беларусі ням.-фаш. захопнікамі жыла ў Мінску, выступала як эстрадная спявачка, у 1943 выканала партыю Свацці ў оперы «Лясное возера» М.Шчаглова-Куліковіча. З чэрв. 1944 у эміграцыі ў Германіі, працавала ў тэатр. групе «Жыве Беларусь» (пазней наз.Бел.т-р эстрады). З 1950 у ЗША, канцэртная спявачка, адна з актывістак і кіраўнікоў бел. жаночага руху ў ЗША. Пазней у Мюнхене, з 1954 працавала сакратаром, дыктарам у бел. рэдакцыі радыё «Свабода», запісала некалькі грампласцінак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУГАЧО́ВА (Ала Барысаўна) (н. 15.4.1949, Масква),
расійская эстрадная спявачка. Нар.арт. Расіі (1985). Нар.арт.СССР (1991). Скончыла Муз. вучылішча імя М.Іпалітава-Іванава ў Маскве (1969), Дзярж.ін-ттэатр. мастацтва імя А.Луначарскага (1981). З 1970 артыстка Ліпецкай філармоніі, салістка эстр.арк. пад кіраўніцтвам А.Лундстрэма, вакальна-інстр. ансамбля «Вясёлыя рабяты», Расканцэрта. З 1988 маст. кіраўнік т-ра-студыі «Тэатр песні». У рэпертуары песні рас. і замежных кампазітараў, шмат з якіх выканала ўпершыню, уласныя песні. Яе выкананне вылучаецца драматург. пабудаванасцю, рэжысёрскай прадуманасцю кампазіцый. «Гран-пры» на Міжнар. фестывалях эстраднай песні «Залаты Арфей» (1975, Балгарыя) і «Бурштынавы салавей» у Сопаце (1978, Польшча). Здымалася ў кіно («Жанчына, якая спявае», «Прыйшла і гавару» і інш.). Яе творчасці прысвечаны тэлефільмы «Тэатр Алы Пугачовай» (1978), «У Алы» (1979), «Маналогі спявачкі» (1981) і інш.Дзярж. прэмія Расіі 1995.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАТА́РУ (Ратару-Еўдакіменка) Сафія Міхайлаўна
(н. 9.8.1947, с. Маршынцы Наваселіцкага р-на Чарнавіцкай вобл., Украіна),
эстрадная спявачка. Нар.арт. Украіны (1976), нар. арт Малдовы (1985), нар.арт.СССР (1988).
Скончыла Чарнавіцкае муз. вучылішча (1967), ін-т мастацтваў у Кішынёве (1974). У 1971—75 салістка Чарнавіцкай абл., з 1977 — Крымскай дзярж. (г. Сімферопаль) філармоній. У рэпертуары ўкр. і малд.нар. песні ў сучасных апрацоўках, а таксама песні ўкр. (У.Івасюк, М.Мазгавой, І.Поклад), малд. (Р.Віеру, А.Кірыяк, П.Тэадаровіч) і рас. (А.Мажукоў, А.Марозаў, У.Мацецкі, Д.Тухманаў і інш.) кампазітараў. Знялася ў фільмах: тэлевізійных — «Чырвона рута», «Песня заўжды з намі», «Маналог пра каханне» і інш., мастацкіх — «Дзе ты, каханне?», «Душа». Лаўрэат Міжнар. фестывалю эстр. песні «Залаты Арфей» (Балгарыя, 1973) і конкурсу эстр. песні ў г. Сопат (Польшча, 1974).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕ́СНЯ,
форма слоўна-муз. мастацтва; найб. пашыраны род вакальнай музыкі, які аб’ядноўвае паэт. і муз. тэкст у адзіны песенны вобраз. Адрозніваюць П. нар. (фальклорныя) і прафес., створаныя паэтамі і кампазітарамі; яны пастаянна ўзаемадзейнічаюць: элементы нар. П. кампазітары выкарыстоўваюць у сваёй творчасці, а найб. папулярныя прафес. П. фалькларызуюцца. П. розняцца таксама прызначэннем (камерныя, эстрадныя, масавыя), жанрамі (рэв., быт., гімнічныя, лірычныя), складам (аднагалосыя і шматгалосыя), формамі выканання (сольныя, ансамблевыя, харавыя; з суправаджэннем ці без яго), сферамі бытавання (для прафес. спевакоў і масавага выканання). У некат. краінах тэрмін «П.» выкарыстоўваюць і ў адносінах да раманса.
Нар. П. ахоплівае некалькі вял.гіст. пластоў (гл.Народная музыка, Народная песня, Этнаграфія музычная). Прафес. П. зарадзілася з развіццём музыкі, пісьмовай паэзіі. Паэт. тэксты П. вылучаюцца, як правіла, яснай, выразнай кампазіцыяй, супадзеннем сінтаксічных і структурных асаблівасцей, роўнасцю метрарытмічнага развіцця. Мелодыя і тэкст у большасці выпадкаў падобныя па структуры, складаюцца з роўных пабудоў — строф або куплетаў (нярэдка з рэфрэнам-прыпевам). Узаемадзеянне слова і музыкі ў П. скіравана на выяўленне агульнага характару верша, чым тлумачыцца адрозненне песеннай мелодыкі ад рамансавай. Мелодыя П. выступае як выніковае, абагульненае выяўленне вобразнага зместу, настрою верша, не звязанае з выяўленнем асобных паэт. вобразаў, адценняў, дэталей тэксту. У ант. мастацтве паэзія і музыка не падзяляліся, існавалі ў выглядзе адзінага сінкрэтычнага мастацтва паэтаў-лірыкаў. Цеснае ўзаемадзеянне іх характэрна і для творчасці трубадураў, трувераў, мінезінгераў і майстарзінгераў сярэднявечча. У эпоху Ars nova («новага мастацтва», 14 ст.) пашырыліся П. ў суправаджэнні аднаго ці некалькіх інструментаў. У 16 ст. ў Францыі тэрмін «П.» пачалі выкарыстоўваць у адносінах да поліфанічных вакальных твораў. У П. ўсіх часоў апасродкавана адлюстроўваюцца гіст. падзеі краін, іх культура, нац. характар, асаблівасці светапогляду, імкненні, мары і надзеі народаў, што ўвасобілася ў розных формах быт. сольнай і ансамблевай П., гусіцкіх П., гімнах гугенотаў, пратэстанцкіх харалах. У гады франц. рэвалюцыі 18 ст. ўзніклі масавыя рэв. П. У 2-й пал. 18 ст сфарміравалася камерная П.-раманс з суправаджэннем струннага клавішнага інструмента. У 19 ст. песенныя жанры падзяляліся на раманс і ўласна П., дакладную мяжу паміж якімі не заўсёды магчыма вызначыць. П.-рамансы з перавагай песенных рыс фалькл. пачатку прадстаўлены ў творчасці рус. (А.Аляб’еў, А.Варламаў, А.Гурылёў, М.Глінка) і зах.-еўрап. (І.Брамс, Ж.Бізэ, Ф.Шуберт і інш.) кампазітараў. У пач. 20 ст.вял. развіццё атрымала рабочая рэв. П., узоры якой знаходзяцца каля вытокаў масавай песні. У 1920—30-я г. назіраецца ўздым П. З 1950—60-х г. у некат. краінах адраджаюцца традыцыі «шансанье» — спевакоў, якія самі ствараюць мелодыі, часта і словы сваіх П. Пашырылася аўтарская песня (Ж.Брасенс, Ш.Азнавур, Джо Дасэн у Францыі, Б.Акуджава, У.Высоцкі ў Расіі і інш.). Вял. развіцця дасягнула ў 1970—90-я г.эстрадная П. (гл. ў арт.Эстрадная музыка).
На Беларусі першымі носьбітамі песеннага прафесіяналізму былі вандроўныя акцёры — гусляры, лірнікі, скамарохі-музыкі, у т. л. гудочнікі, дудары, дудачнікі, бубністы, цымбалісты, смыкі. У 2-й пал. 16 ст. зарадзілася кантавая культура (гл.Кант). У 16—18 ст. значная роля ў развіцці харавога жанру належала брацкім школам, прыгонным аркестрам і капэлам. Да 19 ст. адносіцца пачатак збірання, вывучэння і публікацыі бел.нар. П., першыя спробы яе кампазітарскай апрацоўкі і канцэртнай прапаганды. З пач. 20 ст. на фарміраванне муз. стылістыкі бел.прафес. П. ўплывалі традыцыі рус. кампазітараў, пераважала рэв. і сац. тэматыка ў жанры харавой масавай П. (кампазітары І.Любан, Л.Маркевіч, А.Туранкоў, У.Тэраўскі, М.Чуркін, Я.Цікоцкі, В.Яфімаў і інш.). У 1940—50-я г. пашырыліся П. яркай ваен.-патрыят. накіраванасці, якія апявалі подзвіг народа ў гады Вял.Айч. вайны (М.Аладава, У.Алоўнікава, А.Багатырова, Р.Пукста, Н.Сакалоўскага і інш.), развіваліся быт., гар. лірычныя П. (Ю.Семянякі і інш.). Песеннай творчасці 1960—90-х г. характэрна імкненне да нац. своеасаблівасці, ускладненне гарманічнага развіцця, наяўнасць метрычнай пераменнасці, абнаўленне інтанацыйнага строю, павелічэнне ролі рытмічнага пачатку, муз. паўтораў, секвенцый і інш.Найб. плённа працавалі і працуюць у жанры П. кампазітары У.Буднік, Я.Глебаў, А.Елісеенкаў, Э.Зарыцкі, Л.Захлеўны, В.Іваноў, І.Кузняцоў, І.Лучанок, У.Мулявін, І.Палівода, В.Раінчык, Семяняка, Дз.Смольскі, Э.Ханок і інш. Папулярызацыі бел. П. садзейнічае творчасць вак.-інстр. ансамбляў «Верасы», «Песняры», «Сябры» і інш., салістаў Беларускай філармоніі, радыё і тэлебачання, Дзярж.т-рамуз. камедыі, Нац.акад.т-ра оперы, самадзейныя калектывы і кампазітары.
Літ.:
Анталогія беларускай савецкай песні. Мн., 1979;
Дедюля Т.И. Белорусская советская песня. Мн., 1982.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́САВАЯ ПЕ́СНЯ,
сольная ці харавая песня, створаная прафес. кампазітарам або аматарам для масавага распаўсюджання; адна з вядучых жанравых разнавіднасцей сав.прафес. і аматарскай (самадзейнай) песеннай творчасці. Характэрныя рысы: куплетная (страфічная) будова (пераважае чаргаванне сольнага запеву з хар. прыпевам), апора на быт. жанры (у прыватнасці, марш), муз. вобраз сканцэнтраваны ў мелодыі, якая абагульнена адлюстроўвае сэнс слоў і не патрабуе абавязковага муз. суправаджэння. Агульназначнасць зместу ў спалучэнні з прастатой паэт. і муз. мовы, выкарыстанне пеўчых галасоў у найб. зручных рэгістрах абумоўліваюць яе максімальную даступнасць для ўсеагульнага выканання і ўспрыняцця.
Папярэднікамі М.п. можна лічыць харалы, гусіцкія гімны, канты і інш. Да М.п. адносяцца баявыя гімны франц. рэвалюцыі 1789—94 («Марсельеза» і інш.), міжнар. і рус. песні 19 — пач. 20 ст. («Інтэрнацыянал», «Варшавянка»), песні перыяду грамадз. вайны («Па далінах і па ўзгор’ях), камсамольскія песні 1920-х г. («Маладая гвардыя», «Наш паравоз»), усенародна вядомыя песні І.Дунаеўскага («Песня аб Радзіме», «Кахоўка», «Марш вясёлых рабят»), М.Блантара («Кацюша»), А.Аляксандрава («Свяшчэнная вайна»), У.Захарава («Ой, туманы мае...»), А.Новікава (.«Гімн дэмакратычнай моладзі свету»), В.Салаўёва-Сядога («Падмаскоўныя вечары»), А.Астроўскага («Хай заўжды будзе сонца»), А.Пахмутавай («Песня аб трывожнай маладосці»), Д.Тухманава («Дзень Перамогі») і інш. Да канца 1950-х г. паняцце «М.п.» вызначала ўсю песенную творчасць сав. кампазітараў. З 1960-х г. пашыраюцца жанравыя арыенціры песеннай творчасці, вял. ролю набываюць аўтарская песня і эстрадная. Паняцце «М.п.» паступова трансфармуецца ў агульнавядомы «шлягер», які не патрабуе масавага выканання. На мяжы 1980—90-х г. масавыя жанры, у т. л. і М.п., пачынаюць падпарадкоўвацца законам шоу-бізнесу, дзе папулярнасць залежыць не ад маст. якасцей ці ступені запамінальнасці песні, а ад рэкламы.
На Беларусі апора на традыц. рысы М.п. спалучаецца з пераўтварэннем у ёй нац.фалькл. элементаў. Сярод найб. папулярных М.п.: «Бывайце здаровы» І.Любана, «Песня пра Нёман» Н.Сакалоўскага, «Зорка Венера» С.Рак-Міхайлоўскага, «Радзіма мая дарагая», «Лясная песня» У.Алоўнікава, «Мы ідзем па зямлі» І.Лучанка і інш. У 1970—90-я г. рэпертуар М.п. фарміравалі пераважна вак.-інстр. ансамблі «Песняры» (бел.нар. песня «Касіў Ясь канюшыну», «Мой родны кут» Лучанка), «Верасы» («Завіруха» Э.Ханка, «Карнавал» В.Раінчыка), «Сябры» («Вы шуміце, бярозы» Ханка, «Гуляць дык гуляць» В.Іванова). На адбор М.п. ўплываюць хіт-парады Бел. радыё, тэлефестываль «Песню бярыце з сабой». У апошні час паняцце «М.п.» ўсё больш звужаецца да папулярнасці сярод слухачоў пэўных узроставых катэгорый і маст. прыхільнасцей.
Літ.:
Нестьев И.В. Массовая песня // Очерки советского музыкального творчества. М.; Л., 1947. Т. 1;
Сохор А.Н. Русская советская песня. Л., 1959;
Дедюля Т.И. Белорусская советская песня. Мн., 1982.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІНІЯЦЮ́РА (франц. miniature, італьян. miniatura ад лац. minium кінавар, сурык, якімі ў старажытнасці размалёўвалі рукапісныя кнігі),
мастацкі твор малых памераў.
У выяўленчым мастацтве адну з асн. галін складае кніжная М. (ілюмінацыйнае мастацтва) — выкананыя ад рукі ілюстрацыі і элементы дэкар. афармлення (ініцыялы, застаўкі і інш.) у рукапісных кнігах.
Кніжная М. вядома са старажытнасці ў Егіпце («Кніга мёртвых», 2-е тыс. да н.э.), Іране (Ісфаханская школа мініяцюры і інш.), Індыі (Магольская школа мініяцюры і інш.). Вытокі еўрап. ілюмінацыйнага мастацтва адносяцца да позняй антычнасці («Іліяда» Гамера, каля 500). Найб. росквіту дасягнула ў эпоху сярэдневякоўя (візант. рукапісы 13—14 ст., арм. евангеллі кілікійскай школы мініяцюры, М. братоў Лімбург у Францыі, пач. 15 ст., і інш.). Пасля вынаходніцтва кнігадрукавання кніжная М. змянілася гравюрай.
На Беларусі кніжная М. вядома з 10—13 ст. (аздобы Супрасльскага рукапісу, Аршанскага, Тураўскага евангелляў і інш.). У 14 ст. развіваўся тэраталагічны стыль, найб. выразны ў ініцыялах Мсціжскага евангелля і ў Полацкім евангеллі. У 2-й пал. 14—16 ст. ўзмацніўся зах.-еўрап. ўплыў, з’явіліся свецкія сюжэты, гіст. і быт. сцэны (Лаўрышаўскае, Жыровіцкае, Шарашоўскае евангеллі і Радзівілаўскі летапіс). У 17 ст. на М. ўплывала гравюра друкаваных кніг. Вядомы імёны перапісчыкаў кніг і мастакоў Паповіча Бярозкі з Навагрудка, Юрыя Алелькі (ці Алелькавіча) са Слуцка, Стэфана Кахановіча з Супрасля, Васіля Амельяненскага з Віцебска, Яўстафія з Гродна, Парфёна з Пінска.
М. ў жывапісе развівалася пераважна партрэтная. Яна адметная асабліва тонкай манерай выканання. Партрэты на пергаміне, слановай косці, метале ці фарфоры часта змяшчаліся на медальёнах, табакерках, ордэнах і інш. Паводле стылю і тэхнікі звязаны з кніжнай М. і з агульным развіццём рэаліст. мастацтва.
Як асобны жанр жывапісу склалася ў эпоху Адраджэння. Вял. майстэрствам вызначаюцца партрэтныя М. 16 ст. Дж.Кловіо (Італія), Ф.Клуэ (Францыя), Г.Гольбейн Малодшы (Германія), Н.Хіліярд, А.Олівер (Англія), у 17 ст. — Ж.Петыго (Швейцарыя), С.Купер (Англія) і інш. Дасягнула росквіту ў 18 — пач. 19 ст. (творчасць Р.Кар’еры ў Італіі, Ж.А.Фраганара, Ж.Б.Ізабэ ў Францыі, Г.Ф.Фюгера ў Аўстрыі, У.Баравікоўскага, А.Рыта ў Расіі і інш.). У 20 ст. пашырылася лакавая мініяцюра (гл.Лакі мастацкія, Мсцёрская мініяцюра, Палехская мініяцюра, Холуйская мініяцюра). Вядомы мініяцюрныя партрэты Пятра I, рус. імператрыц Ганны Іванаўны і Кацярыны I, выкананыя выхадцам з Беларусі Р.Мусікійскім, а таксама партрэты А.Міцкевіча, А.Сапегі. На Беларусі ў 19 ст. партрэтныя М. рабіў В.М.Ваньковіч. У наш час у лакавай М. працуюць Г. і А.Осіпавы, В. і А.Ражковы і інш.
У скульптуры М. — поўнааб’ёмныя або рэльефныя выявы з косці, металу, цвёрдых парод дрэва, каменю і інш.Гл.Гліптыка, Гема, Інталія, Камея, Нэцке.
У літаратуры — невялікі кампазіцыйна завершаны твор, у якім кандэнсуецца значны змест, выяўляецца тэндэнцыя да сцісласці і шырыні абагульнення. М., асабліва паэтычная, блізкая да афарыстычнага выказвання. Напр., у М.Танка: «Ад гора — усё ў свеце няміла, // Ад шчасця — час хутка мінае, // Ад хмелю — марнуюцца сілы, // Ад славы — сяброў убывае... // Вось тут і спыніся на нечым // У гэтым жыцці, чалавеча!». Жанравыя прыкметы выразна змешваюцца ў празаічных М. — лірычных замалёўках, абразках, паэт. рэфлексіях у прозе (творы М.Гарэцкага, З.Бядулі, Я.Брыля, Ф.Янкоўскага, Б.Сачанкі). Эмацыянальны, суб’ектыўна-лірычны пачатак тут арганічна ўзаемадзейнічае з эпічна-канкрэтным (напр., у А.Карпюка). Такія М. маюць жанравыя рысы эсэ. Вершаваныя М. — пераважна лірычныя творы, складаюцца звычайна з 2—6 радкоў. Сустракаюцца ў М.Багдановіча, У.Дубоўкі, Л.Геніюш, Р.Барадуліна, Я.Сіпакова, Ю.Свіркі, Р.Тармолы, А.Разанава і інш. Да М. адносяць і такія ўстойлівыя формы паэзіі, як карацелька, рубаі, прыпеўкі, каламыйкі, фрашкі. Драматургічная М. — сціслая сцэнка, найчасцей камедыйна-сатыр. твор, у якім дзейнічаюць 2—3 персанажы.
У музыцы — невялікая муз. п’еса для фп. (пераважна) і інш. інструментаў ці выканальніцкіх складаў. Характэрныя рысы: малы маштаб, лаканічнасць формы (звычайна простыя 1-, 2- і 3-часткавыя), тонкая дэталізацыя прыёмаў пісьма, аб’яднанне асобных п’ес у цыклы. У творчасці бел. кампазітараў шырока прадстаўлена ў вак., інстр., харавой, арк. і камернай музыцы: «24 прэлюдыі» для фп. П.Падкавырава, фп. цыкл «Фрэскі» Л.Абеліёвіча, «Ступенькі» (дзіцячы альбом для скрыпкі з фп.) Г.Вагнера, сюіты «Казка» і «Кантрасты» С.Картэса, «Мікракосм» і «Дзіцячы куток» Л.Шлег, а таксама мініяцюры Я.Глебава, Я.Дзягцярыка, І.Лучанка, Р.Суруса, Э.Тырманд і інш.Бел. кампазітары, выкарыстоўваючы традыцыі муз. рамантызму, з якім звязаны росквіт жанру М. (Ф.Шуберт, Р.Шуман, Ф.Мендэльсон, Ф.Шапэн), а таксама рус. і сав. класікаў (П.Чайкоўскі, А.Лядаў, А.Скрабін, С.Пракоф’еў, Дз.Шастаковіч), уносяць у развіццё жанру М. рысы нац. своеасаблівасці («Лубок» для фп. А.Друкта, хар. цыклы на нар. тэксты «Дажынкі» Г.Гарэлавай і «Снапочак», «Вясельныя» А.Мдывані, «Скамарохі» для баяна А.Залётнева). Нярэдка муз. М. імкнецца да апасродкаванай сувязі з жывапісам («Акварэль» для цымбалаў В.Войціка, фп. цыкл «Вясковыя замалёўкі» В.Кузняцова і інш.).
У тэатры, цырку, на эстрадзе М. — кароткая п’еса, вадэвіль, інтэрмедыя, скетч, размоўная, харэагр. ці муз. сцэнка, эстрадная ці клоўнская рэпрыза і інш. На Беларусі ў галіне М. працуюць мінскія т-р «Хрыстафор», нар.т-р эстрадных мініяцюр «Карусель».
Да арт.Мініяцюра. Бітва паміж войскамі Святаполка Яраполчыча і Яраслава Мудрага на р. Альта. Іл. да «Радзівілаўскага летапісу». Канец 15 ст.Мініяцюра з Жыровіцкага евангелля. 15 ст.Да арт.Мініяцюра. Р.Мусікійскі. Партрэт Пятра I. 1723.Да арт.Мініяцюра. Партрэт Накіб-хана, Індыя. Магольская школа. Пач. 17 ст.