БІЯЛАГІ́ЧНЫ О́ПТЫМУМ,

1) спрыяльныя ўмовы, у якіх від мае найб. жыццяздольнасць (рост, развіццё, размнажэнне). Адрозніваюць тэмпературныя, кіслародныя, светлавыя і інш. зоны біялагічнага оптымуму. Віды пры біялагічным оптымуме маюць выйгрыш пры міжвідавых адносінах і ў прыстасаванні да абіятычных фактараў.

2) Умовы, у якіх дадзенае згуртаванне мае перавагу перад іншымі.

3) Дынамічна-балансавае спалучэнне экалагічных фактараў, што забяспечвае ва ўмовах іх натуральных цыклічных ваганняў прыродную раўнавагу ў клімаксавай экасістэме або накіроўвае працэс у бок утварэння клімаксу. Гл. таксама Экалагічны песімум.

т. 3, с. 172

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ЛЕСАВІ́К»,

ілюстраваны літ.-маст. часопіс для дзяцей. Выдаецца з 1995 у Мінску на бел. мове 1 раз у 2 месяцы (да 1998 выходзіў як экалагічны часопіс-плакат). Асвятляе разнастайныя аспекты жыцця звяроў і птушак Беларусі і інш. рэгіёнаў. Друкуе фотарэпартажы, маст. творы (апавяданні, вершы, казкі), прысвечаныя прыродзе, якія выхоўваюць любоў да прыроды, Бацькаўшчыны. Мае рубрыкі «Рэха турынага рога» (пра звяроў і птушак, што зніклі з абшараў бел. зямлі), «Год-карагод» (апавяданні пра месяцы года), чытацкія рубрыкі «Мы дружбакі», «Зялёная галерэя», «Фотазагадка» і інш. Праводзіць конкурсы чытачоў.

І.​У.​Саламевіч.

т. 9, с. 212

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІКАРЫ́РУЮЧЫЯ ВІ́ДЫ (ад лац. vicarius замяшчальны), замяшчальныя віды,

блізкароднасныя віды раслін або жывёл, якія займаюць розныя арэалы (геагр. вікарыят) ці трапляюцца ў межах аднаго арэала, але ў розных экалагічных умовах (экалагічны вікарыят). Эвалюцыйна вікарыруючыя віды фарміруюцца ва ўмовах геагр. ці экалагічнай ізаляцыі. Напр., арэал роду лістоўніцы ўтвораны шэрагам яе геагр. вікарыруючых відаў: лістоўніцай сібірскай (Еўрап. частка і Зах. Сібір), даурскай (Усх. Сібір), амерыканскай (Паўн. Амерыка); у пустынях Еўразіі арэал тушканчыка ўтвораны яго экалагічнымі вікарыруючымі відамі: махнаногім (на пясках) і малым (на гліністых участках). На Беларусі прыклады вікарыруючых відаў: мыш лясная (на Пд і ў сярэдняй частцы) і мыш малая (на Пн); бяроза бародаўчатая (сухія месцы) і бяроза пушыстая (забалочаныя ўчасткі) і інш.

В.​В.​Грычык.

т. 4, с. 153

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКІ АГРА́РНЫ ТЭХНІ́ЧНЫ УНІВЕРСІТЭ́Т.

Засн. ў 1954 у Мінску як Бел. ін-т механізацыі сельскай гаспадаркі на базе аддз. механізацыі сельскай гаспадаркі Бел. політэхн. ін-та. З 1992 ун-т. У 1995/96 навуч. г. ф-ты: агульнай агр. і тэхн. падрыхтоўкі; механізацыі сельскай гаспадаркі; электрыфікацыі і аўтаматызацыі сельскай гаспадаркі; гуманітарызацыі; павышэння кваліфікацыі; дауніверсітэцкай падрыхтоўкі; курсы паглыбленага вывучэння замежных моў. Навучанне дзённае і завочнае. Аспірантура з 1957, дактарантура з 1992. Пры ун-це 22 н.-д. і 15 вучэбна-навук.-даследчых лабараторый, 2 камп’ютэрныя класы, аддзел размнажальнай тэхнікі, экалагічны цэнтр, цэнтр зберажэння энергарэсурсаў у с.-г. вытв-сці; музей гісторыі ун-та і музей прыроды, фауны і экалогіі.

Будынак Беларускага аграрнага тэхнічнага універсітэта.

т. 2, с. 435

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭКАТЫ́П, экалагічны тып, экалагічная раса,

група асобін пэўнага віду раслін ці жывёл, якая характарызуецца спадчыннай прыстасаванасцю да пэўных экалагічных умоў. Прыкметы, што вызначаюць характар Э., захоўваюцца пры пераносе арганізмаў у інш. экалагічныя ўмовы; асобіны розных Э. свабодна скрыжоўваюцца.

Асновы тэорыі Э. распрацаваў у 1920-я г. швед. батанік І.​Турэсан. Паводле фактара, што фарміруе Э., вылучаюць групы: кліматыпы (узнікаюць пад уздзеяннем кліматычных фактараў); эдафатыпы (фарміруюцца пад уздзеяннем глебава-грунтавых умоў), цэнатыпы (узнікаюць у розных фітацэнозах — на лузе, у лесе і інш.). Чым большы арэал віду і больш разнастайныя экалагічныя ўмовы, тым большая ў яго колькасць Э. (напр., у хвоі звычайнай вылучаюць 36 Э.).

В.​В.​Маўрышчаў.

т. 18, кн. 1, с. 62

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНАЛІЗАВА́НЫЯ РЭ́КІ,

рэкі або іх участкі, рэчышчам якіх штучна нададзены выгляд каналаў. Рэчышчы буйных рэк часам каналізуюць, каб палепшыць умовы суднаходства. Асн. работы па каналізацыі праводзяцца на малых рэках і ручаях пры меліярацыі — іх паглыбляюць, спрошчваюць меандры (лукавіны), ліквідуюць плёсы і перакаты. Пры гэтым яны становяцца хуткаплыннымі, мелкімі, асабліва ў межань, сцёк вады з вадазбору паскараецца. Часта такія змены вядуць да разбурэння нерасцілішчаў, збяднення фауны, асабліва рыбных запасаў, рэкі страчваюць маляўнічасць і ландшафтную вартасць. На тэр. Беларусі работы па каналізаванні рэк пачаліся ў канцы 18 — пач. 19 ст. пры буд-ве Агінскага, Аўгустоўскага, Бярэзінскага і Дняпроўска-Бугскага каналаў. У 1950—90-я г. на ўсім працягу каналізавана больш за 500 рэк, на асобных участках — больш за 1500 рэк. З пач. 1980-х г. каналізаванне рэк абмяжоўваецца. Праводзіцца экалагічны аналіз магчымых вынікаў.

т. 7, с. 568

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АХОВА ПРЫРОДЫ

Арганізацыя аховы прыроды (84).

Запаведная справа (84).

Паляўнічая справа і паляўнічыя заказнікі (85).

Грамадскі экалагічны рух (85).

Турызм (88).

Помнікі прыроды (88).

Літ.:

Антипов В.Г. Парки Белоруссии. Мн., 1975;

Марцинкевич Г.И., Ребенок Л.В. Охрана окружающей среды. Мн., 1976;

Парфенов В.И. Проблемы использования и охраны растительного мира Белоруссии. Мн., 1978;

Лукашев В.К., Лукашев К.И. Научные основы охраны окружающей среды. Мн., 1980;

Основы природопользования. Мн., 1980;

Памятники природы Белоруссии. Мн., 1986;

Справочник охотника. 2 изд. Мн., 1987; 3 изд. Мн., 1997;

Чырвоная кніга Рэспублікі Беларусь. Мн., 1993;

Особо охраняемые природные территории Брестской области. Брест, 1997;

Особо охраняемые природные территории Могилевской обл. Могилев, 1999;

Конюшко В.С., Лешко А.А., Чубаро С.В. Страницы экологического краеведения. Мн., 2000;

Геология Беларуси. Мн., 2001;

Герасименко Н.П., Митрахович С.С. Маршрутами познания и воспитания. Мн., 2001.

т. 18, кн. 2, с. 84

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́МПЛЕКСНАГА ВЫКАРЫСТА́ННЯ ВО́ДНЫХ РЭСУ́РСАЎ ЦЭНТРА́ЛЬНЫ НДІ Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь.

Засн. ў 1961 у Мінску. Да 1991 — галаўная арг-цыя па праблемах выкарыстання водных рэсурсаў у СССР. З 1992 — галаўная арг-цыя па рацыянальным выкарыстанні і ахове водных рэсурсаў на Беларусі. Асн. кірункі навук. дзейнасці: комплексная ацэнка стану і прагноз змянення водных рэсурсаў у звычайных умовах і парушаных у выніку гасп. дзейнасці; ацэнка ўплыву забору падземных і паверхневых вод на экалагічны стан прылеглых тэрыторый; распрацоўка мерапрыемстваў па ахове водных рэсурсаў ад іх вычарпання і забруджвання; гідраэкалагічнае абследаванне гасп. аб’ектаў, экспертыза тэхналогій і праектаў, якія здольны аказваць уплыў на стан водных аб’ектаў; распрацоўка праграмнага забеспячэння, геаінфарм. тэхналогій, мадэліраванне; вядзенне дзярж. воднага кадастру і маніторынгу; экалагічная сертыфікацыя, аўдыт і менеджмент у галіне выкарыстання і аховы водных рэсурсаў і інш.

М.​М.​Чарапанскі.

т. 8, с. 398

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭКРЭАЦЫ́ЙНАЯ ГЕАГРА́ФІЯ,

сацыяльна-геаграфічная дысцыпліна, якая вывучае гал. фактары развіцця і заканамернасці тэр. арганізацыі рэкрэацыйнай дзейнасці (лячэбна-курортнай, аздараўленчай, турысцкай, экскурсійнай) і турысцкай гаспадаркі. Задачы Р.г.: даследаванне і ацэнка прыродных і культ.-гіст. рэкрэацыйных рэсурсаў, турысцкага попыту і выбіральнасці рэкрэацыйных тэрыторый рознымі сац.-дэмаграфічнымі групамі насельніцтва, структуры і геагр. накіраванасці турысцкіх патокаў, абгрунтавання комплекснага развіцця і спецыялізацыі рэкрэацыйных раёнаў, курортаў і інш. Выкарыстоўвае сістэмна-структурны ландшафтна-экалагічны, балансавы, ацэначны і інш. метады. Цесна звязана з фіз., сац., эканам. і мед. геаграфіямі, курарталогіяй, эканомікай турызму і інш. На Беларусі даследаванні па Р.г. праводзяцца з 1960-х г. у БДУ, БПА, БелНДІ праектавання горадабудаўніцтва, Бел. тэхнал. ун-це і інш. Гл. таксама Рэкрэацыя.

І.​І.​Пірожнік.

Рэкрэацыйная архітэктура. Дзіцячы аздараўленчы комплекс «Брыганціна» ў Маладзечанскім раёне Мінскай вобл.
Рэкрэацыйная архітэктура. Гасцініца спартыўнага комплексу «Раўбічы» (Мінскі раён).

т. 13, с. 571

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭКАЛАГІ́ЧНАЯ ЭКСПЕРТЫ́ЗА,

сістэма комплекснай ацэнкі гаспадарчага або інш. антрапагеннага ўздзеяння на навакольнае асяроддзе. Задачы Э.э.: вызначэнне ўзроўню экалагічнай небяспекі плануемай або ажыццяўляемай гасп. ці інш. дзейнасці, якая можа прама або ўскосна паўплываць у цяперашні час ці ў будучыні на стан навакольнага асяроддзя і здароўе насельніцтва; праверка адпаведнасці праектуемай дзейнасці патрабаванням прыродаахоўнага заканадаўства, вызначэнне дастатковасці і абгрунтаванасці прадугледжаных праектам мер па ахове прыроды. Аб’екты Э.э.: перадпланавая, перадпраектная і праектная дакументацыя; праекты планаў (праграм), асн. кірункаў, схем развіцця і размяшчэння прадукц. сіл і галін нар. гаспадаркі; існуючыя прадпрыемствы, ваен., навук. і інш. аб’екты незалежна ад іх формы ўласнасці; экалагічны стан прыродных аб’ектаў, асобных мясцовасцей, рэгіёнаў і населеных пунктаў. Дзярж. Э.э. на Беларусі вядзецца органамі Мін-ва прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя ў адпаведнасці з Законам «Аб дзяржаўнай экалагічнай экспертызе».

Т.​А.​Макарэвіч.

т. 18, кн. 1, с. 55

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)