ЭКАТЫ́П, экалагічны тып, экалагічная раса,
група асобін пэўнага віду раслін ці жывёл, якая характарызуецца спадчыннай прыстасаванасцю да пэўных экалагічных умоў. Прыкметы, што вызначаюць характар Э., захоўваюцца пры пераносе арганізмаў у інш. экалагічныя ўмовы; асобіны розных Э. свабодна скрыжоўваюцца.
Асновы тэорыі Э. распрацаваў у 1920-я г. швед. батанік І.Турэсан. Паводле фактара, што фарміруе Э., вылучаюць групы: кліматыпы (узнікаюць пад уздзеяннем кліматычных фактараў); эдафатыпы (фарміруюцца пад уздзеяннем глебава-грунтавых умоў), цэнатыпы (узнікаюць у розных фітацэнозах — на лузе, у лесе і інш.). Чым большы арэал віду і больш разнастайныя экалагічныя ўмовы, тым большая ў яго колькасць Э. (напр., у хвоі звычайнай вылучаюць 36 Э.).
В.В.Маўрышчаў.
т. 18, кн. 1, с. 62
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)