Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫ́ЗІС ЭКАЛАГІ́ЧНЫ,
1) сітуацыя, якая ўзнікае ў экалагічных сістэмах (біягеацэнозах) у выніку парушэння раўнавагі пад уздзеяннем стыхійных прыродных з’яў (паводка, вывяржэнне вулканаў, засуха, ураганы, смерчы, лясныя пажары, землетрасенні і інш.) або ў выніку ўздзеяння антрапагенных фактараў (забруджванне чалавекам атмасферы, гідрасферы, глебы, разбурэнні прыродных экасістэм і комплексаў, зарэгуляванне рэк, высяканне лясоў, неапраўданая меліярацыя і інш.).
2) Напружаны стан узаемаадносін паміж чалавекам і прыродай, які характарызуецца неадпаведнасцю прадукцыйных сіл і вытворчых адносін і рэсурсна-экалагічных магчымасцей біясферы. К.э. ўзнікаюць пры масавым знішчэнні (перапромысел) буйных жывёл («крызіс кансументаў»), масавым знішчэнні і нястачы раслінных рэсурсаў («крызіс прадуцэнтаў»), пагрозе глабальнага забруджвання біясферы («крызіс рэдуцэнтаў», якія не паспяваюць ачышчаць яе ад антрапагенных прадуктаў). К.э. можа быць прадухілены адпаведнымі прыродаахоўнымі і прыродааздараўленчымі мерапрыемствамі (рацыянальнае выкарыстанне прыродных рэсурсаў, безадходныя тэхналогіі, арганізацыя ахоўных тэрыторый і інш.). Есць лакальныя К.э., напр., дэградацыя экасістэмы Аральскага мора, вынікі катастрофы на Чарнобыльскай АЭС і інш. 3) У больш шырокім разуменні К.э. — фазы развіцця біясферы, у якія адбываецца якаснае абнаўленне жывога рэчыва (выміранне адных відаў і ўзнікненне другіх). К.э. бываюць таксама пры змене асяроддзя пражывання жывых істот, напр. узнікненне прамаходзячых антрапоідаў — непасрэдных продкаў чалавека.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКІ ЭКАЛАГІ́ЧНЫ САЮ́З (БЭС, БелЭкаС),
добраахвотная грамадская арг-цыя, якая ставіць за мэту актывізацыю прыродаахоўнай дзейнасці грамадзян, прадпрыемстваў, устаноў, аб’яднанне іх намаганняў для захавання экалагічнай раўнавагі і паляпшэння асяроддзя пражывання насельніцтва Беларусі. Засн. 3.4.1989 у Мінску. Прэзідэнт Б.П.Савіцкі, віцэ-прэзідэнты Р.Г.Гарэцкі, Я.П.Пятраеў, Л.Р.Тарасенка. Больш за 5 тыс. членаў (з 1995). Вышэйшы кіруючы орган — з’езд (праводзіцца адзін раз у 3 гады).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЖНАРО́ДНЫ ЭКАЛАГІ́ЧНЫ УНІВЕРСІТЭ́Т імя А.Дз.Сахарава. Засн. ў 1992 у Мінску як Міжнар. каледж па радыеэкалогіі імя А.Дз.Сахарава. З 1994 Міжнар.ін-т па радыеэкалогіі, з 1999 сучасная назва. У 1999/2000 навуч.г. ф-ты: радыеэкалогіі; радыебіялогіі і экалаг. медыцыны; павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў у галіне радыяцыйнай і экалагічнай бяспекі; дауніверсітэцкай падрыхтоўкі. Навучанне дзённае. Аспірантура з 1995. Савет па абароне дысертацый па экалогіі з 1999. З 1994 працуе кафедра ЮНЕСКА. Мае: цэнтры Нац. па выпрабаванні біял. актыўнасці хім. злучэнняў, 2 рэсп. па радыяцыйнай і экалаг. бяспецы (інфармавання насельніцтва і навукова-навуч.), лінгвістычны; спец. аддзелы (інфарм.-выдавецкі, тэхн. сродкаў навучання, новых адукац. тэхналогій); н.-д. сектар, у складзе якога 12 лабараторый, у т. л. лабараторыя гістэхналогій; лакальную камп’ютэрную сетку з выхадам у Інтэрнет; навукова-навучальную палявую станцыю ў Хойніках.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛЕ́СКІ РАДЫЯЦЫ́ЙНА-ЭКАЛАГІ́ЧНЫ ЗАПАВЕ́ДНІК.
Адзіны ў свеце радыяцыйна-экалагічны запаведнік. На Пд Гомельскай вобл., ва ўсх.ч. Палескай нізіны ў межах Гомельскага Палесся. Засн. ў 1988 на найб. забруджанай радыенуклідамі тэрыторыі пасля катастрофы на Чарнобыльскай АЭС з мэтай вядзення радыяцыйна-экалагічнага маніторынгу, радыебіял. даследаванняў, пошуку магчымых шляхоў выкарыстання тэрыторыі, з якой адселена насельніцтва і спынена гасп. дзейнасць, а таксама для захавання генафонду і відавой разнастайнасці мясц. флоры і фауны. Пл. 215,5 тыс.га. Рэльеф раўнінны з забалочанымі паніжэннямі, рознымі формамі эолавых утварэнняў і павышанымі ўчасткамі водападзелаў. Тэрыторыя адносіцца да вадазбору р. Прыпяць. Ландшафт поймавы са шматлікімі рукавамі, старыцамі і азёрамі. Балотныя і лясныя масівы. Лясістасць 46% тэрыторыі. Хваёвыя (48,5%), драбналістыя (27,3%), дубовыя (5,6%) і інш. лясы. У флоры каля 1120 відаў сасудзістых раслін. Ў фауне больш за 40 відаў млекакормячых, 70 — птушак, 25 — рыб. Шмат відаў раслін і жывёл, у т. л. вадзяны арэх плаваючы, шпажнік чарапіцавы, чорны бусел, змеяед і інш., занесены ў Чырв. кнігу Беларусі, некаторыя — у Міжнар.Чырв. кнігу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЯЦЫ́КЛ (ад бія... + цыкл),
1) самы вял.экалагічны падраздзел біясферы. Вылучаюць біяцыклы: суша, акіян і кантынентальныя вадаёмы. Кожны біяцыкл падзяляецца на біяхоры (сукупнасць падобных біятопаў); напр., біятопы пясчаных, гліністых, камяністых пустыняў аб’ядноўваюцца ў біяхор пустыняў, які разам з біяхорамі лясоў, стэпаў і інш. складае біяцыкл сушы.
2) Заканамерная змена фазаў або стадый развіцця арганізма.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНІТО́РЫНГу біялогіі,
сістэма назірання, ацэнкі стану навакольнага асяроддзя і прагнозу яго змен. Накіраваны на кантроль пераважна антрапагеннага ўздзеяння на прыроду; адначасова ажыццяўляецца назіранне за натуральнай, малазмененай прыродай для параўнання пры ацэнцы антрапагенных змен. Тэрмін з’явіўся ў 1920-я г., шырока ўжываецца з 1970-х г.Асн. элементы сістэмы М. пашыраны з пач. 1970-х г. Вылучаюць М. мясцовы, рэгіянальны, глабальны, паводле мэт — біясферны, біял. (экалагічны), геахім., геафіз. і інш. На Беларусі М. ажыццяўляецца ў ін-тах Нац.АН (аддзяленні: біял., мед.-біял., хім. і геал. навук), Бярэзінскім біясферным і Палескім радыяцыйна-экалагічным запаведніках, гідраметслужбе і інш.
Біясферны М. вызначае глабальна-фонавыя змены ў прыродзе (колькасць азону, вуглякіслага газу, змены надвор’я і клімату на планеце, узроўні радыяцыі, цяпла, сусв. міграцыі жывёл і інш.). Экалагічны М. вывучае змены ў складзе экалагічных сістэм, біягеацэнозаў ва ўмовах антрапагеннага ўздзеяння. Мэты геафізічнага, геахімічнага, санітарна-таксікалагічнага М. — атрыманне інфармацыі аб узроўні забруджвання навакольнага асяроддзя, інтэнсіўнасці і характары ўздзеяння забруджвання на біял. сістэмы, іх аналіз і прагнозы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДО́МЖАРЫЦЫ,
вёска ў Лепельскім р-не Віцебскай вобл., на правым беразе р. Сергуч. Цэнтр сельсавета і адм.-гасп. і навук. цэнтр Бярэзінскага біясфернага запаведніка. За 35 км на ПдЗ ад горада і чыг. ст. Лепель, 150 км ад Віцебска. 445 ж., 172 двары (1997). Экалагічны ліцэй, муз. школа, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Музей прыроды Бярэзінскага біясфернага запаведніка. Каля вёскі 2 курганныя могільнікі 11 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНКУРЭ́НЦЫЯ ў біялогіі, антаганістычныя адносіны, звязаныя з барацьбой за існаванне, дамінаванне, корм, прастору і інш. паміж арганізмамі (асобінамі, відамі), якія маюць патрэбу ў адных і тых жа рэсурсах. Сітуацыя, пры якой для дзвюх асобін або відавых папуляцый недастаткова колькасці рэсурсаў асяроддзя. Забяспечваецца эвалюцыяй і прыстасавальнасцю арганізмаў, праз яе пасрэдніцтва ідзе папуляцыйны і біяцэналагічны, экалагічны адбор. Заканамернасці К. эксперыментальна выявіў сав. вучоны Г.Ф.Гаўзе (1934) у доследах з прасцейшымі аднаклетачнымі арганізмамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЯЛАГІ́ЧНЫ О́ПТЫМУМ,
1) спрыяльныя ўмовы, у якіх від мае найб. жыццяздольнасць (рост, развіццё, размнажэнне). Адрозніваюць тэмпературныя, кіслародныя, светлавыя і інш. зоны біялагічнага оптымуму. Віды пры біялагічным оптымуме маюць выйгрыш пры міжвідавых адносінах і ў прыстасаванні да абіятычных фактараў.
2) Умовы, у якіх дадзенае згуртаванне мае перавагу перад іншымі.
3) Дынамічна-балансавае спалучэнне экалагічных фактараў, што забяспечвае ва ўмовах іх натуральных цыклічных ваганняў прыродную раўнавагу ў клімаксавай экасістэме або накіроўвае працэс у бок утварэння клімаксу. Гл. таксама Экалагічны песімум.