ВЕ́НГРЫ (саманазва мадзьяры),

нацыя, асн. насельніцтва Венгрыі (больш за 10,55 млн. чал.). Жывуць таксама ў Румыніі, Чэхіі, Югаславіі, СНД (пераважна ў Закарпацці, на Украіне; 171 тыс. чал., 1979) і інш. Агульная колькасць 14,38 млн. чал. (1987). Гавораць на венгерскай мове. Сярод вернікаў пераважаюць католікі.

т. 4, с. 72

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́ЛАЯ ГАРА́ (Bilá Hora),

гара ў Чэхіі, побач з Прагай. Тут 8.11.1620 у час Трыццацігадовай вайны 1618—48 імперска-баварскія войскі (Каталіцкая ліга) разбілі чэшскія войскі (Пратэстанцкая унія). З гэтага часу Чэхія страціла сваю самастойнасць і на 300 гадоў трапіла пад уладу аўстрыйскіх Габсбургаў.

т. 3, с. 72

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУДО́ЛЬФ II (Габсбург) (Rudolf; 18.7.1552, Вена — 20.1.1612),

імператар «Свяшчэннай Рым. імперыі» і эрцгерцаг Аўстрыі ў 1576—1612; кароль Венгрыі [1572—1608] і Чэхіі [1575—1611]. З дынастыі Габсбургаў. Сын імператара «Свяшчэннай Рым. імперыі» Максіміляна II, пляменнік (па маці) ісп. караля Філіпа II. У 1572 атрымаў венг. карону, у 1575 — чэш. карону і ў 1576 у спадчыну ад бацькі тытулы імператара і эрцгерцага. Праводзіў у цэлым антыпратэстанцкі курс (гл. Контррэфармацыя), але з-за супраціўлення гэтаму ў Венгрыі (рух пад кіраўніцтвам І.​Бочкаі) і Чэхіі даў свабоду веравызнання венг. і чэш. пратэстантам (адпаведна ў 1607 і 1609). У выніку міжусобнай барацьбы з братам Маціясам саступіў апошняму ўладу над Верхняй і Ніжняй Аўстрыяй, Венгрыяй, Маравіяй (1608) і Чэхіяй (1611). Супраціўляўся тур. экспансіі (гл. Аўстра-турэцкія войны 16—18 ст.).

У.​Я.​Калаткоў.

Рудольф II.

т. 13, с. 431

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАГЕ́МІЯ (лац. Bohemia),

1) першапачаткова назва тэр., на якой утварылася Чэхія. Ужывалася ант. гісторыкамі Тацытам, Пталамеем і інш. На пач. 1 ст. край заваяваны герм. плямёнамі маркаманаў. У 6 ст. тут пасяліліся слав. плямёны (продкі чэхаў).

2) У 1526—1918 афіц. назва Чэхіі, якая ўваходзіла ў склад Габсбургскай імперыі.

т. 2, с. 207

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРЛ IV, Карэл I Чэшскі (Karl IV, Carel I; 14.5.1316, Прага — 29.11.1378),

кароль Чэхіі (з 1346), герм. кароль (з 1347), імператар «Свяшчэннай Рым. імперыі» [1355—78], кароль Бургундыі (з 1365). З дынастыі Люксембургаў. Сын чэш. караля Яна. У 1334—46 рэгент у Чэхіі, 11.7.1346 выбраны чэш. каралём. Умацоўваў каралеўскую ўладу (у т. л. ў Германіі праз прыняцце Залатой булы 1356), апіраўся на гандл.-рамесніцкія колы, сярэднюю і дробную шляхту. Пры ім Чэхія стала гал. дзяржавай «Свяшчэннай Рым. імперыі», а Прага фактычна яе сталіцай (садзейнічаў інтэнсіўнаму буд-ву ў горадзе, у т. л. Карлава моста цераз р. Влтава, у 1348 засн. Пражскі, або Карлаў, ун-т). Далучыў да ўладанняў Люксембургаў ч. Верхняга Пфальца, землі ў Цюрынгіі, Саксоніі, Ніжнія Лужыцы, у 1373 Брандэнбург (страчаны пасля яго смерці), з дапамогай дынастычнага шлюбу ўмацаваў сувязі з Польшчай і Венгрыяй.

т. 8, с. 72

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПА́РДУБІЦЫ (Pardubice),

горад у цэнтр. частцы Чэхіі, на р. Лаба. Засн. ў 13 ст. Каля 110 тыс. ж. (2000). Вузел чыгунак і аўтадарог. Прам-сць: хім., радыёэлектронная, эл.-тэхн., лёгкая, харчовая. Горад-запаведнік. Шматлікія арх. помнікі пераважна 16 ст. З канца 19 ст. праводзяцца буйнейшыя міжнар. спаборніцтвы па конным спорце (Вял. Пардубіцкі стыпл-чэйз).

т. 12, с. 96

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЯЛЁНА-ГУ́РА (Zielona Góra),

горад на З Польшчы. Адм. ц. Зеленагурскага ваяв. 116 тыс. ж. (1994). Вузел чыгунак і аўтадарог. Прам-сць: маш.-буд. (вытв-сць таварных вагонаў, тэкст. машын, электравымяральнай апаратуры), тэкст., харч., мэблевая. Інжынерны і пед. ін-ты. Тэатр. Філармонія. Гіст. музей. Маст. галерэя. Арх. помнікі 15—17 ст.: познагатычны касцёл (1372—94), фрагменты муроў і бастыёнаў.

У 13 ст. ўмацаванае пасяленне на скрыжаванні гандл. шляхоў. Гар. правы з 1323 (ням. назва Грунберг). З 1331 васал Чэхіі. З 1490 належала польск. каралям. З 1506 у складзе Чэхіі. У 15—16 ст. хутка развівалася эканоміка горада (сукнаробства, вінаградарства, выраб він), існавалі манетны двор і водаправод. З 1742 у складзе прускай дзяржавы, вялася планамерная германізацыя. У 19 ст. развівалася вінаробства, выраб шэрсці, існавала вагонная ф-ка. З 1945 у складзе Польшчы пад сучаснай назвай, з 1950 цэнтр ваяводства.

Н.​К.​Мазоўка (гісторыя).

т. 7, с. 125

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЕ ПРЫВА́ТНАЕ АГЕ́НЦТВА НАВІ́Н (БелаПАН),

інфармацыйнае агенцтва. Засн. прыватнымі асобамі ў кастр. 1991 у Мінску ў складзе аднайм. кампаніі. Супрацоўнічае з буйнейшымі сродкамі масавай інфармацыі Беларусі, Прыбалтыкі, Расіі, а таксама Польшчы, Чэхіі, Германіі, ЗША. Мае шырокую сетку ўласных карэспандэнтаў па ўсёй Беларусі, карэспандэнцкія пункты ў Вільні, Маскве і Кіеве. Падтрымлівае цесныя сувязі з укр. інфарм. агенцтвам УНІАН.

т. 2, с. 399

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДУКА́Т (італьян. ducato ад позналац. ducatus герцагства),

агульнаеўрапейская назва залатой манеты, якую з 1284 чаканіла Венецыя. Чаканілі ў Венгрыі і Чэхіі (каля 1325—26), Германіі (сярэдзіна 14 ст.), Польшчы (1320, 1528), ВКЛ (1562). На тэр. Беларусі ў 14—16 ст. найб. пашыраны венгерскі Д., у 16—18 ст. абарачаўся Д. Паўд. Нідэрландаў і Германіі.

Дукат ВКЛ. 1561.

т. 6, с. 256

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІПА́НЫ, Ліпані (Lipany),

населены пункт у Чэхіі паблізу г. Чэскі-Брод. Тут 30.5.1434 аб’яднанае войска чэш. каталіцкай шляхты і чашнікаў (каля 20 тыс. чал.) разбіла войска табарытаў і іх саюзнікаў (10—12 тыс. чал.). У бітве загінула некалькі тысяч табарытаў, у т. л. народныя палкаводцы Пракоп Вялікі, Пракопек і інш. Бітву каля Л. лічаць канцом Гусіцкіх войнаў.

т. 9, с. 272

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)