Га́ла1 (ж. р.) ’голае месца’ (БРС), ’прастора між лесу’ (Сцяшк. МГ), ’лапіна’ (Шатал.), га́ла (н. р.) ’балотная сенажаць, чыстая ад зарасніку’ (Шат.), гал ’прагаліна ў лесе’ (Бяльк., Яшкін). Слова гэта вядома галоўным чынам ва ўсх.-слав. мовах (перш за ўсё на Палессі) і часткова ў зах.-слав.

Га́ла2 ’круглы ком, шар (скручаны)’ (БРС), га́лка ’невялікая гала’ (Нас.). Паводле Бернекера (1, 301) і Фасмера (1, 388), этымалагічна звязаны рус. га́лка ’шкляная гала’, галу́шка, укр. га́лка, галу́шка, бел. га́лы ’вочы; ягадзіцы’, славен. gâłkaчарнільны арэшак’, славац. hálka ’галка, невялікая гала, вярхушка вежы’, польск. gałka ’гала, булавешка і г. д.’, gały ’вочы’. Але, як мяркуе Фасмер (там жа), вывядзенне гэтай групы слоў з позняга с.-в.-ням. galle (< лац.) няпэўнае (насуперак Міклашычу, 50; Бернекеру, 1, 292; Праабражэнскаму, 1, 117 і інш.) і, прынамсі, частка гэтых слоў, магчыма, спрадвечна славянскага паходжання (так Ільінскі, RS, 6, 217; Патабня, РФВ, 3, 163). Гл. яшчэ меркаванні Слаўскага (253), які таксама бачыць тут славянскае ўтварэнне (магчыма, да *golъ ’голы’; тлумачэнне семантыкі ў Слаўскага). Магчыма, сюды і га́лы ’ягадзіцы’ (Нас.), хоць не выключаецца і сувязь гэтага слова з *golъ ’голы’. Для бел. слова крыніцай, відаць, з’яўляецца польск. gałka. Аб гэтым сведчыць ст.-бел. кгалка, галка ’прадмет круглай формы’ (слова вядома ў помніках XVI ст.). Гл. Булыка, Запазыч., 147.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Галка1 ’птушка’ (БРС, Касп., Нас., Бяльк.), таксама га́ліца ’тс’ (Нас., Шатал.), галі́ца (Бяльк.). Формы з суфіксам ‑к(а) толькі ўсх.-слав., і ў гэтым сэнсе мае рацыю Шанскі (1, Г, 16), прыводзячы ст.-рус. галъка, рус. га́лка, укр. га́лка, бел. га́лка ’тс’. Але паралельна з гэтым ёсць усх.-слав. рус. га́лица, бел. га́лі́ца, укр. га́лиця ’галка’, і такія формы адзначаюцца і ў іншых слав. мовах (балг. га́лица, серб.-харв. галица). У аснове ляжыць прасл. *galъ ’чорны’ (параўн. серб.-харв. гао). Іншая версія: уся група слоў утворана ад гукапераймальнага *gal‑. Гл. Фасмер, 1, 388–389.

Га́лка2 ’шарык, галушка’ (БРС, Нас., Сцяшк. МГ). Гэта слова, магчыма, мае дачыненне да групы слоў, якія Фасмер (1, 388) разглядае пад га́лка2, адносячы сюды рус. га́лка ’шкляны шар’, галу́шка, укр. га́лка, галу́шка, бел. га́лы ’вочы; ягадзіцы’, славен. gâłkaчарнільны арэшак’, славац. hálka ’шарык; вярхушка вежы’, польск. gałka ’шар, набалдашнік’, gały ’вочы’, і якія быццам узяты з с.-в.-ням. Galle (< лац. galla). Фасмер мяркуе, што вывядзенне ўсёй гэтай групы слав. слоў з ням. крыніцы выклікае сумненне з прычыны разнастайнасці значэнняў слав. лексем і што, прынамсі, для часткі з іх трэба ставіць пытанне аб іх спрадвечна слав. паходжанні. Ст.-бел. кгалка, галка ’прадмет круглай формы’ запазычана непасрэдна з польск. мовы ў XVI ст. Гл. Булыка, Запазыч., 147. Аб запазычанні сведчыць выбухное г (кг) у гэтым слове.

Га́лка3 ’месца паміж кустамі, дзе расце трава’ (Яшкін). Гл. га́ліна2.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

разве́сці, ‑вяду, ‑вядзеш, ‑вядзе; ‑вядзём, ‑ведзяце; пр. развёў, ‑вяла, ‑ло; зак., каго-што.

1. Адвесці кожнага на сваё месца. [Мар’я:] — Усіх [дзяцей] ужо развяла па людзях, адзін вось застаўся, меншанькі самы. Шамякін. Брыгадзір развёў [студэнтаў] па хатах. «Работніца і сялянка». // Расставіць па пастах. Развесці вартавых.

2. Разняць, аддзяліць адно ад другога. — Во гэтакі ахапак вяргінь ды руж прынесла, — солтыс развёў рукі і паказаў, які вялікі пук прынесла Ліпачка. Сабаленка. А Рэкс і зубоў не расшчапіў. Ледзьве .. яму вінтоўкаю развялі. Жук. // Адвесці ў розныя бакі часткі чаго‑н., рассунуць, расставіць што‑н. злучанае, самкнутае. Развесці мост. □ І, сеўшы на пень пад зялёнай бярозай, задорна развёў баяніст свой баян. Машара. // Спец. Адагнуць зубы адзін за адным управа і ўлева (пра пілу). // перан. Разлучыць каго‑н., аддаліць аднаго ад другога. Ты была маёй першай каханай, Толькі лёс навекі нас развёў. Ставер. — Сёння ты прынёс порхаўку замест чалавечага носа, а заўтра прыедзеш без нармальнай сківіцы. Сорак два няшчасці! Я вашу .. кампанію хутка развяду. Паслядовіч. // перан. Рассеяць, развеяць, ліквідаваць (бяду, гора і пад.). Каб знала Яніна — устала б, Ляцела к яму, як магла, Да любага сэрца прыпала б І ласкаю гнеў развяла. Чэрня. Чужую бяду рукамі развяду. Прымаўка.

3. Скасаваць чый‑н. шлюб. — Дык скажыце вы мне, Хіба гэта мужчына?! Я прашу нас развесці, Так жыць немагчыма. Кляўко.

4. Апусціўшы ў ваду або іншую вадкасць, распусціць, растварыць; зрабіць раствор. Развесці чарнільны парашок. □ Гэтыя куханы Гінка пякла хто ведае з якой мукі.. Пасыпаны яны былі но цукрам, а папырсканы салодкай вадой, у якой Гінка, напэўна, развяла драбок сахарыну. Корбан. // Дабавіўшы вады або іншай вадкасці, зрабіць слабейшым раствор чаго‑н.; разбавіць. Развесці спірт. Развесці воцат.

5. Вырасціць або выгадаваць у значнай або вялікай колькасці. Развесці карпаў. Развесці кветкі. □ — Думаем на будучы год вінаградную лазу развесці... Пянкрат. — Калі пашанцуе, то і з адной калодкі можна развесці пчолкі, — гаварыў Сёмка. Колас. // Пакласці пачатак якой‑н. справе па вырошчванню, гадоўлі чаго‑н. Развесці кветнік. □ Перасадзіў [садоўнік] з панскага гадавальніка перарослыя дзічкі — прышчэпліваць іх давялося ўжо вышэй галавы, — развёў і свой гадавальнік. Кірэйчык. // Даць распладзіцца, размножыцца чаму‑н. у выніку бяздзейнасці, неахайнасці і пад. — Бадай ты спрогся, стары пень! — лаяліся мужыкі: гэта ж .. [Анісім] расплодзіць такога бруду, што і не акараскацца — заразу развядзе. Колас. — Тваіх спраў, якія ты развёў тут, я прымаць не буду. Будзеш справаздачу даваць у другім месцы, — не гледзячы ў яго бок, адказаў Лазняк. Дуброўскі.

6. Разбараніць каго‑н. Імкліва падышоў [Рыгор] да рабят, якія ўсё пагражалі адзін аднаму, і, узяўшы іх за каўняры, развёў у бакі. Ваданосаў.

7. Распаліць, раскласці (агонь, вогнішча). Пасля дня блукання сышліся [паляўнічыя] ужо ля дамоўкі, развялі касцёр. Ракітны.

8. Разм. У спалучэнні з абстрактным назоўнікам азначае: пачаць рабіць тое, аб чым гаворыцца ў назоўніку. Развесці плёткі. □ — Каб хто толькі ведаў, якую .. [Наўмыснік] развёў дзейнасць. Грамовіч.

•••

Развесці рукі (рукамі) — рухам рук выказаць цяжкасць, безвыходнасць становішча, бяссілле ў вырашэнні якой‑н. справы.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)