цячэнне, пры якім паток вадкасці (газу), што абцякае цела, адрываецца ад яго паверхні з утварэннем віхравой зоны. Узнікае каля паверхні цела з крывалінейнымі ўтваральнымі (напр., сферы, крыла самалёта), пры наяўнасці вязкага пагранічнага слоя і павышэння ціску ў напрамку цячэння. Уплывае на гідрадынамічныя (аэрадынамічныя) характарыстыкі целаў, а пры звышгукавых скарасцях цячэння і на цеплавы рэжым.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУРЫ́ЛЬСКАЕ ЦЯЧЭ́ННЕАясіо,
халоднае паверхневае цячэнне на ПнЗ Ціхага ак., якое рухаецца з Пн на Пд уздоўж усх. берагоў Курыльскіх а-воў і в-ва Хакайда. Т-ра вады зімой 0—5 °C, летам 8—16 °C. Скорасць 0,5—0,9 км/гадз. Каля 40°паўн. ш. пры сустрэчы з цячэннем Курасіо адбываецца інтэнсіўнае перамешванне паверхневых вод і іх заглыбленне, што дае пачатак Паўночна-Ціхаакіянскаму цячэнню.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФЛАРЫ́ДСКАЕ ЦЯЧЭ́ННЕ,
магутнае цячэнне цёплых вод з Мексіканскага зал. ў Атлантычны ак. праз Фларыдскі праліў. У месцы сутокаў з Антыльскім цячэннем дае пачатак цячэнню Гальфстрым. У Ф.ц. пераносяцца гал. чынам воды, якія паступаюць з Карыбскага м. праз Юкатанскі прал.; т-ра летам да 29 °C, зімой да 25 °C. Салёнасць у ядры 36‰. Шыр. ў пач. 140 км, скорасць больш за 5 км/гадз (найб. летам — да 7 км/гадз).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕНГЕ́ЛЬСКАЕ ЦЯЧЭ́ННЕ,
халоднае паверхневае цячэнне Атлантычнага ак., каля зах. берагоў Паўд. Афрыкі. Паўн. галіна Заходніх Вятроў цячэння, накіравана з ПдУ на ПнЗ. Скорасць 1—2 км/гадз. Т-ра вады на паверхні летам ад 19 °C на Пд да 26 °C на Пн, зімой адпаведна ад 15 да 22 °C. Непасрэдна каля берагоў пад уплывам падняцця водаў з глыбіняў т-ра падае ніжэй за 15 °C зімой і ніжэй за 12 °C летам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАБРАДО́РСКАЕ ЦЯЧЭ́ННЕ,
халоднае паверхневае цячэнне Атлантычнага ак. каля берагоў Паўн. Амерыкі. Рухаецца на Пд з м. Бафіна да Вял. Ньюфаўндлендскай банкі, дзе сустракаецца з цёплым цячэннем Гальфстрым і апускаецца на прамежкавыя глыбіні. Т-ра вады зімой ад 5 °C да -1 °C, летам 2—10 °C. Скорасць 0,9—1,8 км/гадз. Расход мяняецца кожны год ад 3,4 млн.м³/с да 5,4 млн.м³/с. Нясе шматлікія льды і айсбергі, што перашкаджае суднаходству.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САМАЛІ́ЙСКАЕ ЦЯЧЭ́ННЕ,
паверхневае цячэнне ў паўн.-зах.ч. Індыйскага ак., каля ўсх. берагоў п-ва Самалі (Афрыка). Выклікана мусоннымі вятрамі і мае сезонную змену напрамку. Зімой рухаецца на Пд—ПдЗ, на Пд ад экватара пераходзіць у Міжпасатнае (экватарыяльнае) супрацьцячэнне; т-ра вады 25—26 °C, скорасць 0,9—1,8 км/гадз. Летам накіравана на Пн—ПнУ, з’яўляецца зах. працягам Паўд. пасатнага цячэння; т-ра вады зніжаецца да 21—25 °C, скорасць 1,8—2,7 км/гадз і болей.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАВЕ́ТРАНАЕ ЦЯЧЭ́ННЕ, паветраны паток,
сістэма вятроў у трапасферы і стратасферы, якая разглядаецца звычайна як адзінае, устойлівае ў часе, атм. ўтварэнне. Уваходзіць у склад агульнай цыркуляцыі атмасферы, ахоплівае шырокія прасторы (напр., цыклоны, пасаты, мусоны) або мае мясц. значэнне (брызы, горнадалінныя вятры і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМПЕНСАЦЫ́ЙНАЕ ЦЯЧЭ́ННЕ,
гарызантальнае перамяшчэнне водных мас, якое пакрывае страты вады і паніжэнне ўзроўню на якім-небудзь участку акіяна, мора, возера. Узнікае пры згонна-нагонных з’явах і накіравана ў бок, процілеглы дрэйфавым цячэнням. К.ц. могуць развівацца і ў паверхневых і ў глыбінных слаях, напр. міжпасатныя (экватарыяльныя) супрацьцячэнні Ціхага, Атлантычнага і Індыйскага акіянаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗВЫШГУКАВО́Е ЦЯЧЭ́ННЕ,
рух газу, пры якім скорасць часціц перавышае мясц. скорасць гуку ў разгляданай вобласці газу. Ажыццяўляецца, напр., пры руху пары або газу праз звышгукавое сапло (сапло Лаваля), пры абцяканні паветраным патокам самалётаў, ракет, артыл. снарадаў, метэарытаў і інш., скорасць якіх перавышае скорасць гуку ў паветры. Суправаджаецца ўтварэннем скачкоў ушчыльнення (гл.Ударная хваля).