сплавы на аснове медзі. Маюць да 50 % легіруючых элементаў: цынк, волава, алюміній, нікель, жалеза, марганец, берылій, крэмній, хром і інш. Вызначаюцца высокімі антыфрыкцыйнымі і антыкаразійнымі ўласцівасцямі, маюць добрыя электра- і цеплаправоднасць, пластычныя і трывалыя. Паводле асн. легіруючых кампанентаў падзяляюць на латунь (медна-цынкавыя сплавы), медна-нікелевыя сплавы і бронзу (М.с., легіраваныя рознымі хім. элементамі, акрамя цынку і нікелю).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЯФІ́ЛЫ [ад бія... + ...філ(ы)],
хімічныя элементы і рэчывы, здольныя акумулявацца ў жывых арганізмах у значна большых колькасцях, чым у навакольным асяроддзі (цынк, кісларод, фосфар і інш. элементы, многія пестыцыды). Часта канцэнтрацыя (каэфіцыент біялагічнага назапашвання) біяфілаў у жывых арганізмах у дзесяткі, сотні і тысячы (сотні тысяч) разоў большая, чым у асяроддзі. Павышанае назапашванне біяфілаў у арганізме прыводзіць да ўзнікнення таксікозаў, нават да гібелі арганізма. Гл. таксама Біялагічнае ўзмацненне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ЛАВА СПЛА́ВЫ,
сплавы на аснове волава. Уключаюць у рознай колькасці інш. элементы, найчасцей свінец, сурму, медзь, цынк, кадмій, вісмут. Маюць нізкую т-ру плаўлення, малую трываласць і цвёрдасць, здавальняючую каразійную ўстойлівасць, некаторыя — добрыя антыфрыкцыйныя ўласцівасці. Адрозніваюць легкаплаўкія сплавы (ад 20 да 90% волава па масе), падшыпнікавыя матэрыялы (85—90% волава, сурма і медзь; напр., бабіт), прыпоі (ад 20 да 90% волава, свінец і сурма).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРГАНАГЕ́НЫ,
хім. элементы, неабходныя для жыццядзейнасці жывых арганізмаў. Вядома каля 20 элементаў. Сав. вучоны Б.Б.Палынаў (1968) вылучыў арганагены абсалютныя (кісларод, вадарод, вуглярод, азот, марганец, калій, сера), без якіх немагчыма існаванне арганізмаў і з якіх пераважна пабудаваны арган. рэчывы — бялкі, тлушчы, вугляводы, ферменты, гармоны, вітаміны і прадукты іх пераўтварэнняў, і арганагены спецыяльныя (крэмній, натрый, кальцый, жалеза, фтор, магній, стронцый, бор, цынк, медзь, бром, ёд), неабходныя многім, але не ўсім арганізмам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВІНЦО́ВЫЯ РУ́ДЫ,
састаўная частка поліметалічных руд, радзей утвараюць самаст. паклады. Вядома каля 180 мінералаў свінцу, прамысл. значэнне маюць сульфіды (галеніт — 86,6% свінцу), меншае — сульфасолі і карбанаты. Акісленыя руды складзены з цэрусіту (карбанат свінцу) і англезіту (сульфат свінцу). С.р. маюць цынк (мінералы сфалерыт, смітсаніт, каламін), серу, радзей медзь і барый, а таксама серабро, золата, кадмій, вісмут, сурму, ртуць, талій, германій і інш.Гал. радовішчы ў ЗША, Аўстраліі, Канадзе, Перу, Мексіцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУПРЫ́Т (ад лац. cuprum медзь),
чырвоная медная руда, мінерал класа прыродных аксідаў, аксід медзі, Cu2O. Прымесі: цынк, свінец, жалеза, волава, кадмій і інш. Крышталізуецца ў кубічнай сінганіі. Агрэгаты шчыльныя, зярністыя і зямлістыя. Колер чырвоны розных адценняў. Бляск алмазны або паўметалічны. Цв. 3,5—4. Шчыльн. 6,1 г/см³. Трапляецца ў верхніх акісленых частках медзяносных жыл, дзе асацыіруе з ліманітам, самароднай меддзю, азурытам, малахітам і хрызаколай. Руда медзі. Радовішчы ў Расіі (Урал), ФРГ, Вялікабрытаніі, Аўстраліі, ЗША і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕГКАПЛА́ЎКІЯ СПЛА́ВЫ,
металічныя сплавы з т-рай плаўлення, ніжэйшай за т-ру плаўлення волава (231,9 °C). У састаў Л.с. уваходзяць у розных спалучэннях і суадносінах волава, вісмут, індый, свінец, кадмій, цынк, галій, ртуць (гл.Амальгамы) і інш. металы. Найб. пашыраныя эўтэктычныя сплавы гэтых кампанентаў (гл.Эўтэктыка), напр., сплаў Вуда (50% Bi, 25% Pb, 12,5% Sn, 12,5% Cd) плавіцца пры 68 °C. Самы легкаплаўкі з вядомых — сплаў ртуці (91,5%) і талію (8,5%) мае tпл -59 °C. Выкарыстоўваюць у якасці прыпояў, плаўкіх засцерагальнікаў, метал. замазак, матэрыялаў для ліцейных мадэляў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛЕНІ́Т (ад лац. galena свінцовая руда),
свінцовы блішчак, мінерал класа сульфідаў, сульфід свінцу, PbS. Мае 86,6% свінцу. Прымесі: селен, серабро, вісмут, волава, цынк, жалеза і інш. Крышталізуецца ў кубічнай сінганіі. Крышталі кубічныя і актаэдрычныя, вядомыя двайнікі. Часцей трапляецца ў выглядзе зярністых (свінчак) і суцэльных мас. Колер свінцова-шэры. Бляск ярка-металічны. Цв. 2—3. Крохкі. Шчыльн. 7,4—7,6 г/см³. Электраправодны. Трапляецца ў гідратэрмальных радовішчах разам з пірытам, сфалерытам, арсенапірытам і інш. сульфідамі. Галеніт — свінцовая руда і каштоўная руда серабра. З галенітавага канцэнтрату атрымліваюць бялілы і інш. фарбы. Радовішчы ў Расіі, ЗША і інш. На Беларусі галеніт трапляецца ў крышт. фундаменце, у пародах дэвону і карбону.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
электрафа́кс
(ад электра- + лац. fax = святло, полымя)
электрафатаграфічны спосаб капіравання і друку, пры якім праяўленае адлюстраванне замацоўваецца непасрэдна на фотапаўправадніковым слоі, нанесеным на паперу, цынк і інш.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
цынкагра́фія
(ад цынк + -графія)
1) палігр. выраб клішэ высокага друку, пры якім капіруюць на цынкавую (або з магніевых сплаваў) пласціну;
2) прадпрыемства або цэх па вырабу такіх клішэ.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)