МАРЦІНКЕ́ВІЧ (Геранім Францавіч) (14.7.1816, в. Тулава Віцебскага р-на — пасля 1864),
бел. і польскі пісьменнік. Скончыў Віцебскую губ. гімназію (1835), вучыўся ў Маскоўскім ун-це. Да 1860-х г. служыў чыноўнікам у Віцебску. Літ. дзейнасць пачаў у 1830-я г. У 1858 напісаў па-беларуску драм. паэму «Адвячорак (Аказія ў карчме пад Фальковічамі)», якая, паводле некаторых звестак, ставілася ў 1862 у Віцебску. На польск. мове выдаў 2 зб. «Паэзія» (Вільня, 1845 і 1848) і кн. «Творы, напісаныя між іншым» (Вільня, 1857). Драма «Падарожны» (нап. 1859) не апублікавана. Творы прасякнуты трывогай за лёс народа, надзеяй на лепшую будучыню, сатырай на чыноўніцтва. Перакладаў на польск. мову бел. нар. песні, вершы І.В.Гётэ і М.Лермантава; А.Вярыгу-Дарэўскаму і яго брату Сямёну прысвяціў верш «Заход сонца» (1843).
Тв.:
Адвячорак (Аказія ў карчме пад Фальковічамі): [П’еса] // Беларуская літаратура XIX ст. Мн., 1988;
[Вершы] // Раса нябёсаў на зямлі тутэйшай. Мн., 1998.
Літ.:
Мальдзіс А. Падарожжа ў XIX ст. Мн., 1969. С. 159—161;
Кісялёў Г. Загадка беларускай «Энеіды». Мн., 1971. С. 161—163;
Мархель У. Шчыры, але не камерны: Геранім Марцінкевіч: Вяртанне спадчыны // Роднае слова. 1998. № 2.
Г.В.Кісялёў.
т. 10, с. 147
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎЛО́ВІЧ (Эдвард Баніфацы Францавіч) (7.6.1825, Тургеляй Вільнюскага пав., Літва — 10.2.1909),
мемуарыст, мастак. Вучыўся ў Жыровічах, Слоніме, Слуцку. Скончыў Пецярб. АМ. У 1853—56 падарожнічаў па Зах. Еўропе. Вынік яго паездак — брашура «Колькі слоў літвіна» (Парыж, 1857). З 1859 выкладчык гімназіі ў Навагрудку, заснаваў там жаночы пансіён і нядзельную школу для простанароддзя, у 1860 — самадз. т-р, дзе быў рэжысёрам, дэкаратарам, акцёрам. За ўдзел у паўстанні 1863—64 высланы ў Петразаводск, Алонец, Екацярынаслаў. З 1867 у Навагрудку, потым у Львове. Падрыхтаваў і выдаў каталогі фондаў музея Любамірскіх. У мемуарах «Успаміны з-над Віліі і Нёмана» (1882), «Успаміны. Навагрудак—турма—выгнанне» (1887), «З падарожжа па Літве» (1890), «З успамінаў. Год 1846» (1898), «З жыцця літвіна» і «Мае ўспаміны з часоў настаўнічання на Літве колькі дзесяткаў год назад» (абодва 1904), «Двое памятных сутак у Мінску. 1863 г.» (1906) звесткі пра культ.-грамадскае і літ. жыццё Беларусі 1840—60-х г., пра бел. паэта Ф.Савіча, побыт беларусаў. Працаваў у жанры партрэта («Аўтапартрэт», 1853), рабіў замалёўкі Навагрудка і яго ваколіц, пісаў абразы. Аўтар працы «Погляд на становішча польскага выяўленчага мастацтва ў параўнанні з замежным мастацтвам» (1881).
А.В.Мальдзіс.
т. 12, с. 207
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЯЖНЕ́ВІЧ (Алесь) (Аляксандр Францавіч; 1890, в. Сенцяняты Смаргонскага р-на Гродзенскай вобл. — 1937?),
бел. тэатр. дзеяч, драматург. У 1911—14 удзельнік Бел. муз.-драм. гуртка ў Вільні. З 1917 у Адэсе, акцёр абл. т-ра, тэатр. калектыву бежанскай суполкі «Беларускі гай»; адначасова вучыўся ў прыватнай тэатр. школе. З 1920 у Мінску, акцёр БДТ-1, у 1921 яго дырэктар. У 1920 адзін з кіраўнікоў тэатр. секцыі Клуба бел. моладзі (дзейнічаў у памяшканні б. «Беларускай хаткі»), у 1921 у складзе праўлення «Хаты беларускага мастацтва». У 1922/23?—26 дырэктар Бел. драм. студыі ў Маскве, да 1927 інспектар Наркамасветы па справах мастацтва. Пазней працаваў у Ленінградзе на кінастудыі «Савецкая Беларусь». Аўтар кн. «Сялянскі тэатр: Дарады ў пытаннях тэатральнай тэхнікі і методы пастаноўкі п’ес сялянскімі і гарадскімі клубнымі драмгурткамі» (1928), складальнік зб. «Дэкламатар» (1928). Зрабіў інсцэніроўку паэмы М.Чарота «Босыя на вогнішчы» (паст. 1923). Аўтар героіка-рэв. драмы «З дымам-пажарам» (пад псеўд. А.Бяздольны) і п’есы «Навала» (пад псеўд. Язэп Церабеж). Апрацаваў для бел. сцэны камедыю І.Бэна «Цудадзеі» (1927), інсцэніроўку «Таміла» паводле рамана Ф.Дзюшэна (паст. ў Бел. дзярж. вандроўным т-ры У.Галубка, 1928). У 1930 арыштаваны, асуджаны на 5 гадоў высылкі. У 1937 арыштаваны зноў, расстраляны. Рэабілітаваны ў 1957.
У.В.Мальцаў.
т. 9, с. 420
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАЛЕ́СКІ (Браніслаў Францавіч) (21.6.1820, мяст. Вызна Слуцкага пав., цяпер г.п. Чырвоная Слабада Салігорскага р-на Мінскай вобл. — 2.1.1880),
бел. і польскі мастак, пісьменнік. Чл.-кар. АН у Кракаве (1873). За ўдзел у нелегальных студэнцкіх гуртках у час вучобы ў Дэрпцкім ун-це (1840-я г.) у 1846 арыштаваны, у 1847 сасланы ў Арэнбург, потым у Хіву, Туркестан. Разам з Т.Р.Шаўчэнкам (перапісваўся з ім у 1853—59) удзельнічаў як мастак у экспедыцыях па Аральскім краі і ў горы Каратау. У 1856 вярнуўся на радзіму, у в. Рачкавічы, дзе стварыў шэраг пейзажаў; жыў у в. Дарава каля Баранавічаў, у Мінску, каля Гродна (1857—59). Рабіў малюнкі да «Віленскага альбома» Я.Вільчынскага, які выдаваўся ў 1848—60-я г. У пач. 1860-х г. эмігрыраваў за мяжу (Дрэздэн, Рым, Парыж), дзе стварыў афорты «Калізей у Рыме» (1864), «Від Сан-Мало». Памагаў паўстанцам 1863—64 у закупцы зброі. Сакратар Гісторыка-літ. т-ва і рэдактар яго «Штогоднікаў» (з 1866, Парыж), выпусціў ілюстраванае (22 афорты) выданне «Жыццё кіргізскіх стэпаў» (1865), «Польскія выгнаннікі ў Арэнбургу» (1866), а таксама ўспаміны пра сучаснікаў. Аўтар прац «Адмена прыгонніцтва ў Літве» (1868), «З жыцця літвінкі» (пра мастачку А.Скірмунт, 1876) і інш. Стварыў шэраг малюнкаў пра паўстанне 1863—64 («Серакоўскі ў турме», 1863, і інш.), пейзажаў («Паток у Ціролі»). Сябраваў з Ц.Норвідам, быў адрасатам яго паэт. ліста «Да Браніслава З.». Перапісваўся з А.І.Герцэнам.
Тв.:
(Из заметок Шевченко). // Т.Г.Шевченко в воспоминаниях современников. М., 1962.
Літ.:
Александровіч С. Старонкі братняй дружбы. Мн., 1960. С. 173—181.
т. 6, с. 513
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)