на тэр. Цюменскай, Томскай, Новасібірскай, Омскай абласцей Расіі. Пл. 2,2 млн.км². Пошукі нафты і газу з 1948, шырокае асваенне басейна з 1950-х г. Адкрыта больш за 300 радовішчаў нафты і газу. Нафтаносныя і газаносныя паклады юры і мелу, на Пд — бас. палеазою. Больш за 40 прадуктыўных гарызонтаў на глыб. ад 0,7 да 4 км. Гал. радовішчы: нафтавыя — Саматлорскае, Усць-Балыкскае, Праўдзінскае, Мамантаўскае, Зах.-Сургуцкае, Фёдараўскае, Савецкае; газавыя — Урэнгойскае, Мядзведжае, Губкінскае, Запалярнае, Камсамольскае, Ямбургскае, Ямсавейскае. У асваенні З.н.п. і стварэнні яе інфраструктуры (пасёлкі і інш.) важкі ўклад нафтавікоў і будаўнікоў Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРАТА́ЕЎ (Герман Іванавіч) (н. 3.10.1931, р.п. Балаганск Усць-Удзінскага р-на Іркуцкай вобл., Расія),
бел. геафізік, геолаг. Д-р геолага-мінералагічных н. (1968), праф. (1970). Чл.-кар.Міжнар.АН Еўразіі (1996). Скончыў Новасібірскі ін-т геадэзіі, аэраздымкі і картаграфіі (1953). З 1987 заг. лабараторыі Ін-та геал. навук Нац.АН Беларусі. Навук. працы па тэорыі комплекснай і геал. інтэрпрэтацыі геафіз. палёў, глыбіннай будове і фіз. неаднароднасці зямной кары і верхняй мантыі Зямлі, глыбіннай геафізіцы і карысных выкапнях, экалагічнай геафізіцы.
Тв.:
Геофизические модели земной коры Белорусско-Прибалтийского региона. Мн., 1993 (у сааўт.);
Нелинейные дисперсионные модели структурной геофизики. Мн., 1997 (разам з В.К.Фурс).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫСО́ЦКІ (Іван) (Ян) Станіслававіч (каля 1803, Гродзенская губ. — не пазней 1854),
удзельнік руху дзекабрыстаў. Уваходзіў у тайнае т-ва «Заране» ў Свіслацкай гімназіі (1823). З 1824 у Беластоку, у 1825 уступіў у т-ва«Ваенныя сябры», быў адным з кіраўнікоў яго арганізацыі ў Беластоку. 14.5.1826 арыштаваны, прыгавораны да пакарання смерцю. Па царскай канфірмацыі (1827) пазбаўлены дваранства і прыгавораны да крапасных работ тэрмінам на 5 гадоў з далейшым пасяленнем у Сібіры. Летам 1827 сасланы ў Омскую, потым у Усць-Каменагорскую крэпасці. У 1830 прызначаны радавым у Сібірскія лінейныя батальёны. Служыў у г. Петрапаўлаўск Табольскай губ. У 1845 звольнены ў адстаўку, жыў у Петрапаўлаўску пад тайным наглядам паліцыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУЗНЯЦО́Ў (Анатоль Васілевіч) (н. 29.4.1947, г.п.Усць-Камчацк Камчацкай вобл., Расія),
бел. жывапісец. Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1976). У 1976—81 выкладаў у БПІ. Працуе Ў жанрах тэматычнай карціны, партрэта, пейзажа, нацюрморта. У творчасці імкнецца да перадачы ўнутр. свету чалавека і адлюстравання рэчаіснасці праз фармальна-каларыстычныя пошукі. Сярод твораў: карціны «Памяці А.Такарэўскага» (1984), «На Купалле» (1985), «Сляпы дождж», «Белы вальс», «Прысвячэнне мастаку А.Малішэўскаму» (усе 1986), «Чорнае Вурада» (1988), «Памяці душы» (1989), цыкл «Язычніцкія дывертысменты» (1995), цыкл нацюрмортаў «Белая сюіта» (1984), «Нацюрморт з чашамі» (1985), «Святочны нацюрморт» (1987), пейзажы «Стары горад» (1983), «Старая лазня» (1986), «Бабіна лета» (1987), «Начное возера» (1988), партрэты «Alter Ego» (1979), аўтапартрэт (1986) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛДА́Н,
рака ў Рэспубліцы Саха (Якуція), правы прыток Лены. Даўж. 2273 км, пл.бас. 729 тыс.км². Пачынаецца на паўн. схіле Станавога хрыбта, цячэ па Алданскім нагор’і, уздоўж паўд. падножжа Верхаянскага хрыбта, упадае за 160 км ніжэй Якуцка. Даліна ў межах Алданскага нагор’я складаецца з шырокіх і вузкіх каньёнападобных участкаў з перакатамі і шыверамі; у сярэднім цячэнні шырокая, з тэрасаванымі схіламі. Асн. прытокі: Тымптон, Учур, Мая, Алах-Юнь (справа), Амга (злева). Разводдзе з мая да ліп., у жн.—вер. паводкі. Ледастаў з кастр. да мая. Сярэдні гадавы расход вады ў ніжнім цячэнні 5150 м³/с. У бас. Алдана больш за 51 тыс. азёр. Рыбалоўства (асетр, сцерлядзь, харыус). Суднаходны на 1753 км ад вусця. Гал. прыстані: Тамот, Усць-Мая, Хандыга. У бас. Алдана радовішчы жал. руды, каменнага вугалю, золата, слюды-флагапіту.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУДРА́ЎЦАЎ (Анатоль Іванавіч) (н. 1.1.1947, в.Усць-Дзёміна Ельнінскага р-на Смаленскай вобл., Расія),
бел. пісьменнік. Скончыў БДУ (1971). Працаваў у прэсе (у 1972—77 адказны сакратар газ. «Вячэрні Мінск»), з 1977 гал. рэдактар творчага аб’яднання «Летапіс», у 1982—85 на кінастудыі «Беларусьфільм». Друкуецца з 1964. Піша на рус. і бел. мовах. Аўтар зб. публіцыстыкі «Мінск і мінчане» (1973), кніг апавяд. і аповесцей «Бяссонніца» (1990), дарожных нататак «Марскі дзённік сухапутнага чалавека» (1992), п’ес «Іван» (1982), «Іван і Мадонна» (паст. 1985), «Мар’я» (паст. 1986), «Як цары жылі» (паст. 1989), «Суд» (паст. 1990), «Донаці прамазала» (1990) і інш., у якіх тэма нар. памяці, моц нар. маралі, праблемы ўзаемаадносін людзей, добразычлівы гумар і іронія. Аўтар сцэнарыяў маст. і дакумент. фільмаў.
Тв.:
Иван и другие жители деревни Сос: Избранное. Мн., 1996.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЯВО́НЦЬЕЎ (Валерый Якаўлевіч) (н. 19.3.1949, с.Усць-Уса, Рэспубліка Комі),
расійскі эстр. спявак. Засл. арт. Украіны (1987). Нар.арт. Расіі (1996). Скончыў Ленінградскі ін-т культуры (1987), спевам вучыўся ва Усерасійскай творчай майстэрні эстр. мастацтва (1972—73). З 1973 саліст Сыктыўкарскай, Горкаўскай, Варашылаўградскай філармоній. З канца 1980-х г. кіраўнік «Студыі Валерыя Лявонцьева», у складзе якой вак.-інстр. група «Рэха» (з 1973) і балет «Небяспечныя сувязі». Творчасці характэрны вак. і акцёрскае майстэрства, тэмперамент, сцэн. абаяльнасць, маляўнічасць паказаў. У рэпертуары творы рас. і інш. кампазітараў. Першы выканаўца партый Джардана Бруна, Блазна і Сатаны ў рок-оперы «Джардана» Л.Квінт. Здымаўся ў кіно («Дачка генерала», «Заходзь — пакахаю», «Экстрасэнс»). Лаўрэат Усесаюзнага конкурсу на лепшае выкананне песень краін сац. садружнасці (г. Ялта, 1979), міжнар. фестывалю эстр. песні «Залаты Арфей» (Гран-пры, Балгарыя, 1980). Прыз «Залаты скрыпічны ключ» на фестывалі песні ў Монтэ-Карла (1990).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУБА́НЬ,
рака ў Стаўрапольскім і Краснадарскім краях Расіі. Даўж. 870 км, пл.бас. 57,9 тыс.км². Пачынаецца 2 вытокамі (Улукам і Учкулан) на схілах Эльбруса, каля ледавіка Улукам. Упадае ў Тэмрукскі зал. Азоўскага м., утварае дэльту (пл. 4,3 тыс.км²). Ад сутокаў да г. Нявіннамыск цячэ пераважна ў глыбокай і вузкай цясніне, ніжэй выходзіць на раўніну, пойма шырокая, у рэчышчы шмат меляў, перакатаў, астравоў. У ніжнім цячэнні (ад упадзення р. Лаба) даліна расшыраецца, у пойме плаўні. Асн. прытокі: Тэберда, Малы і Вял. Зелянчук, Уруп, Лаба, Белая, Пшыш (злева). Жыўленне мяшанае. Летнія паводкі. Сярэдні гадавы расход вады каля г. Краснадар 393 м³/с. У дэльце прамысл. рыбы (судак, тарань, асятровыя і інш.). Выкарыстоўваецца для арашэння. Частка вады К. па Нявіннамыскім арашальным канале паступае ў р. Егарлык (прыток р. Дон). Краснадарскае вадасховішча. Суднаходная ад вусця р. Лаба, у вярхоўі сплаўная. Гал. гарады: Карачаеўск, Чэркеск, Нявіннамыск, Армавір, Крапоткін, Усць-Лабінск, Краснадар; у дэльце — марскі порт Тэмрук.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎНО́ЧНАЯ ДЗВІНА́,
рака ў Валагодскай і Архангельскай абласцях Расіі. Даўж. 744 км, пл. басейна 357 тыс.км². Утвараецца ад сутокаў рэк Сухана і Юг (каля г. Вялікі Усцюг). Да вусця р. Вага цячэ ў шырокай даліне, падзяляецца на рукавы, потым даліна рэзка звужаецца і пасля ўпадзення р. Пінега зноў разбіваецца на рукавы, якія збіраюцца ў адзіны паток каля г. Архангельск. Ніжэй г. Архангельск пачынаецца дэльта (пл. каля 900 км²). Асн. прытокі: Вычэгда, Пінега (справа), Вага (злева). Сярэдні гадавы расход вады каля с.Усць-Пінега 3330 м³/с. Ледастаў ад канца кастр. — пач.ліст. да пач. мая. Уплыў марскіх прыліваў да вусця р. Пінега. П.Дз. злучана праз р. Сухана, воз. Кубенскае і інш. з Волга-Балтыйскім водным шляхам (Паўночна-Дзвінская водная сістэма), праз р. Пінега — з р. Кулой. У бас. П.Дз. больш за 17 тыс. азёр. Суднаходная, сплаўная. На П.Дз. — гарады Вялікі Усцюг, Красавіна, Котлас, Навадзвінск, Архангельск.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЙКА́ЛА-АМУ́РСКАЯ МАГІСТРА́ЛЬ (БАМ),
чыгунка ў Расіі; 2-і (пасля Транссібірскай чыгункі) больш кароткі чыгуначны выхад да Ціхага акіяна. Праходзіць праз Іркуцкую, Чыцінскую, Амурскую вобл., Хабараўскі край, рэспублікі Бурацкую і Саха (Якуція). Буд-ва пачалося ў 1930-я г., спынена ў 1961 у сувязі з ліквідацыяй БАМлага. З 1972 пачалася рэканструкцыя ўчастка БАМ (цяпер Бамаўская—Тында). У 1974—80 распачата буд-ва на зах. напрамку ад Камсамольска-на-Амуры і Ургала, на зах. і ўсх. напрамках ад Тынды, на ўсх. — ад Усць-Кута і Северабайкальска. У 1981—84 на некаторых участках адкрыты рабочы рух, асобныя канцавыя ўчасткі здадзены ў эксплуатацыю. У 1989 завершаны ўвод у эксплуатацыю ўсёй магістралі. 1.1.1981 створана Байкала-Амурская чыгунка з 3 аддзяленнямі — Паўн.-Байкальскім, Тындзінскім і Ургальскім. Агульная даўжыня гал. пуці БАМа больш за 3 тыс.км. На гэтым шляху пабудавана больш за 60 гарадоў і пасёлкаў, 200 станцый і раз’ездаў, больш за 4 тыс. мастоў і інш. збудаванняў, 9 тунэляў, у т. л.Паўн.-Муйскі даўж. 15,3 км. З Транссібірскай чыгункай БАМ злучаны 3 чыг. лініямі: БАМ — Тында, Вапняковая — Ургал, Валачаеўка — Камсамольск. Прадстаўнікі Беларусі будавалі на БАМе Муякан і самы паўн. ўчастак Тында—Беркакіт. Гл. схему.