ПУСКАВЫ́ РУХАВІ́К,

карбюратарны рухавік унутранага згарання для запуску гал. рухавікоў з запальваннем ад сціскання (дызеляў) на трактарах і машынах спец. прызначэння. Раскручвае вал дызеля праз рэдуктар да вуглавой скорасці, неабходнай для запальвання паліва ў рабочых цыліндрах, пасля чаго аўтаматычна адключаецца. Магутнасць да 15 кВт, частата вярчэння вала да 4000 аб/мін. На Беларусі П.р. (аднацыліндравыя, двухтактавыя, з аднаступеньчатым рэдуктарам і электрастартэрам) выпускае Гомельскі з-д пускавых рухавікоў.

т. 13, с. 128

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛАЗМО́ЛІЗ (ад плазма + лізіс),

аддзяленне прысценачнага слоя цытаплазмы ад цвёрдай абалонкі расліннай клеткі. Адбываецца ў жывых клетках па прычыне сціскання пратапласта пад уздзеяннем плазмалітыку — раствору, гіпертанічнага да клетачнага соку. Пры запаволеным П. клеткі здольныя даволі доўга заставацца жывымі і пры перанясенні ў звычайную ваду хутка аднаўляюць стан тургару. Здольнасць да П. выкарыстоўваюць у эксперым. цыталогіі і фізіялогіі раслін для вызначэння асматычнага патэнцыялу, вязкасці цытаплазмы, вывучэння клетачнай пранікальнасці і інш.

т. 12, с. 402

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФАНТО́МНЫ БОЛЬ,

адчуванне болю ў частках цела (звычайна канечнасцях), якія адсутнічаюць. Бывае ў 50% хворых з ампутацыяй канечнасцей, можа дасягаць значнай інтэнсіўнасці. Адрозніваюць Ф.б. лакалізаваны (палец, пята, далонь і інш.), кінестэтычны (адчуванне балючага руху, сціскання, выкручвання часткі цела, якая адсутнічае), нявызначанага і змешанага характару. Лічыцца, што Ф.б. узнікае ад устойлівых ачагоў болевага ўзбуджэння ў ц. н. с. ў выніку працяглай імпульсацыі ад пашкоджаных нерваў з тканак куксы.

І.​М.​Семяненя.

т. 16, с. 319

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФОТАПРУ́ГКАСЦЬ,

узнікненне аптычнай анізатрапіі і звязанага з ёй падвойнага праменепераламлення ў першасна аптычна ізатропных цел пры іх дэфармацыі. Пры аднабаковым сцісканні (расцяжэнні) такое цела набывае ўласцівасці аднавосевага крышталя (пры больш складанай дэфармацыі — двухвосевага крышталя), аптычная вось якога супадае з напрамкам сціскання (расцяжэння). Рознасць паказчыкаў пераламлення звычайнага і незвычайнага прамянёў залежыць ад матэрыялу ўзору і прыкладзенага мех. напружання. Выкарыстоўваецца ў тэхніцы пры вывучэнні мех. напружанняў аптычнымі метадамі (гл. Палярызацыйна-аптычны метад даследаванняў).

т. 16, с. 446

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФРЭ́ЗЕРНЫ БАРАБА́Н,

прылада для апрацоўкі глебы пры асваенні асушаных балот з купінамі, развітым мохавым покрывам і дзярнінай. Выкарыстоўваецца таксама для паляпшэння лугоў і пашы, здабычы торфу, раздзелкі пластоў пасля ворыва. Устанаўліваецца на навясных, паўпрычэпных і прычапных фрэзах глебавых (фрэзерах). Мае зменныя нажы (моцна- і слаба выгнутыя), палявыя кручкі (матыкі), пры фрэзераванні якімі глеба добра здрабняецца.

В.​М.​Кандрацьеў.

Фрэзерны барабан: 1 — вядучыя дыскі; 2 — вядзёныя дыскі; 3 — спружыны сціскання; 4 — балотныя нажы.

т. 16, с. 489

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Пру́гкі ’які хутка прымае першапачатковую форму пасля сціскання або згінання, пруткі, нядрузлы, не вялы; крамяны, моцны’ (ТСБМ, беласт., Сл. ПЗБ). Да пруг (гл.), пру́га ’моцна, туга’ (Нас.), параўн. рус. упру́гий ’пругкі’, а таксама словаўтваральную паралельнасць пруг//пру́гкі, прут//пру́ткі, пруд//пру́дкі.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

размя́цца, разамну́ся, разамне́шся, разамне́цца; разамнёмся, разамняце́ся, разамну́цца; разамні́ся; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Стаць мяккім (ад сціскання, расцірання).

Воск размяўся.

2. перан. З дапамогай якіх-н. рухаў прывесці цела ў стан фізічнай бадзёрасці (разм.).

Р. пасля сну.

|| незак. разміна́цца, -а́юся, -а́ешся, -а́ецца.

|| наз. размі́нка, -і, ДМ -нцы, мн. -і, -нак, ж. (да 2 знач.); прым. размі́начны, -ая, -ае (да 2 знач.).

Разміначная дарожка.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

СПОРАЎТВАРЭ́ННЕ, спорагенез,

працэс утварэння спор.

У ніжэйшых арганізмаў споры ўзнікаюць з цэлай клеткі (экзаспоры шэрагу сіне-зялёных водарасцей), пры дзяленні пратапласта (эндаспоры некат. сіне-зялёных водарасцей), шляхам ушчыльнення і сціскання пратапласта ўнутры абалонкі клеткі і ўтварэння паверх яго новай мнагаслойнай абалонкі (у бактэрый). У грыбоў споры ўтвараюцца пры распадзе асобных участкаў міцэлію на членікі (напр., у актынаміцэтаў), або на вырастах міцэлію — канідыяносцах ці ў спарангіях. У большасці вышэйшых раслін С. адбываецца ў спарангіях, у выніку якога ўтвараюцца меяспоры.

С.​І.​Бельская.

т. 15, с. 119

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТУРБАРЭАКТЫ́ЎНЫ РУХАВІ́К,

кампрэсарны паветрана-рэактыўны рухавік, у якім для павышэння ціску рабочага цела выкарыстоўваецца турбакампрэсар.

Прадукты згарання паліва паступаюць на турбіну, мучаную валам з кампрэсарам, расшыраюцца і выконваюць работу, неабходную для сціскання паветра ў кампрэсары. Патэнцыяльная энергія газаў за турбінай забяспечвае стварэнне рэактыўнай цягі пры выцяканні газаў з рэактыўнага сапла. Выкарыстоўваюцца (на звышгукавых самалётах) Т.р. з фарсажнай камерай згарання, якая павялічвае цягу на 50%.

Схема турбарэактыўнага рухавіка: 1 — уваходная адтуліна; 2 — кампрэсар; 3 — камера згарання; 4 — турбіна; 5 — фарсажная камера; 6 — сапло.

т. 16, с. 39

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Кляшчо́тка 1 ’расшчэпленая палка для сціскання чаго-небудзь’ (Нас.), ’ільнамялка’ (Мат. Гом.). Да клешчыць (гл.). Утварэнне на ‑отка (Сцяцко, Афікс. наз., 62).

Кляшчо́тка 2 ’трашчотка’ (Нас., Гарэц., Др.-Падб.). Кантамінацыя папярэдняга з трашчотка.

Кляшчо́тка 3 ’ляшчоткі’ (ТСБМ, Бяльк.). Гл. кляшчотка 1 і ляшчоткі.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)