ФОТАПРУ́ГКАСЦЬ,

узнікненне аптычнай анізатрапіі і звязанага з ёй падвойнага праменепераламлення ў першасна аптычна ізатропных цел пры іх дэфармацыі. Пры аднабаковым сцісканні (расцяжэнні) такое цела набывае ўласцівасці аднавосевага крышталя (пры больш складанай дэфармацыі — двухвосевага крышталя), аптычная вось якога супадае з напрамкам сціскання (расцяжэння). Рознасць паказчыкаў пераламлення звычайнага і незвычайнага прамянёў залежыць ад матэрыялу ўзору і прыкладзенага мех. напружання. Выкарыстоўваецца ў тэхніцы пры вывучэнні мех. напружанняў аптычнымі метадамі (гл. Палярызацыйна-аптычны метад даследаванняў).

т. 16, с. 446

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)