КРА́ЎЧАНКА (Пётр Кузьміч) (н. 13.8.1950, г. Смалявічы Мінскай вобл.),

дзяржаўны дзеяч Беларусі, гісторык, дыпламат. Канд. гіст. н. (1976). Скончыў БДУ (1972). З 1975 выкладчык у БДУ, адначасова на парт. рабоце. З 1985 сакратар Мінскага гаркома КПБ. У 1990—94 міністр замежных спраў Рэспублікі Беларусь. Мае дыпламат. ранг надзвычайнага і паўнамоцнага пасла СССР (1990). Кіраўнік дэлегацыі Беларусі на 45—48-й сесіях Ген. Асамблеі ААН. З 1998 надзвычайны і паўнамоцны пасол Рэспублікі Беларусь у Японіі. Дэп. Вярх. Савета Рэспублікі Беларусь у 1990 і 1995—96, старшыня камісіі па міжнар. справах Вярх. Савета Рэспублікі Беларусь (1996).

П.К.Краўчанка.

т. 8, с. 468

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛО́БАЧ (Марына Вікенцьеўна) (н. 26.6. 1970, г. Смалявічы Мінскай вобл),

бел. спартсменка (маст. гімнастыка). Засл. майстар спорту СССР (1988). Суддзя міжнар. катэгорыі (1991). Скончыла Бел. ін-т фіз. культуры і спорту (1991). З 1994 трэнер-харэограф Рэсп. вучылішча алімп. рэзерву. Абс. чэмпіёнка Алімп. гульняў па маст. гімнастыцы (1988, Сеул). Чэмпіёнка свету (1987, г. Варна, Балгарыя; сярэбраны прызёр у 1985, г. Вальядалід, Іспанія), Еўропы (1988, Хельсінкі; сярэбраны прызёр у асобных відах практыкаванняў), СССР (1985, 1987—88), IX летняй Спартакіяды народаў СССР (1986) у асобных відах практыкаванняў. Уладальніца Кубка СССР (1985, 1987, 1988).

М.​В.​Лобач.

т. 9, с. 332

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫЛЕ́ПЫ,

вёска ў Прылепскім с/с Смалявіцкага р-на Мінскай вобл., на р. Усяжа. Цэнтр калгаса. За 21 км на ПнЗ ад горада і чыг. ст. Смалявічы, 31 км ад Мінска. 477 ж., 164 двары (2000). Цэхі па вытв-сці макаронных вырабаў, газіраваных напіткаў, дрэваапрацоўчы. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, аддз. сувязі. Брацкія магілы сав. воінаў. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. У П. гарадзішча і за 1,5 км на У ад вёскі курганны могільнік (3-я чвэрць 1-га тыс. н.э.). У Вял. Айч. вайну дзейнічала Прылепскае патрыятычнае падполле.

т. 13, с. 69

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКАЯ АКРУ́ГА,

адм.-тэр. адзінка ў БССР у 1924—30. Утворана 17.7.1924. Цэнтр — г. Мінск. Пл. акругі 10 888 км², нас. 498,6 тыс. чал. (1924); пасля ўзбуйнення пл. 21 421 км², нас. 879,7 тыс. чал. (1927). Уключала 11 раёнаў: Астрашыцка-Гарадоцкі, Заслаўскі, Койданаўскі, Лагойскі, Пухавіцкі, Самахвалавіцкі, Смалявіцкі, Смілавіцкі, Уздзенскі, Чэрвеньскі, Шацкі (4.8.1927 ліквідаваны), 2 гарады (Мінск, Чэрвень), 8 мястэчак (Заслаўе, Койданава, Лагойск, Пухавічы, Смалявічы, Смілавічы, Узда, Шацк). Акруговая газ. «Беларуская вёска». 9.6.1927 да М.а. далучаны Барысаўскі, Бягомльскі, Бярэзінскі, Зембінскі (27.9.1927 скасаваны), Крупскі (18.6. 1927 перададзены Аршанскай акр.), Плешчаніцкі і Халопеніцкі р-ны скасаванай Барысаўскай акр., Грэскі і Капыльскі р-ны ліквідаванай Слуцкай акр. 26.7.1930 М.а. скасавана.

т. 10, с. 419

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКЦЯ́БР,

вёска ў Беларусі, у Лагойскім р-не Мінскай вобл. Цэнтр сельсавета і саўгаса «Спадарожнік». За 36 км на Пн ад г.п. Лагойск, 76 км ад Мінска, 65 км ад чыг. ст. Смалявічы. 736 ж., 237 двароў (1994). Сярэдняя і пачатковая школы, Дом культуры, 2 б-кі, аддз. сувязі. Касцёл і царква. Магіла жыхароў в. Расохі, спаленых ням.-фаш. захопнікамі ў Вял. Айч. вайну.

Вядома з пач. 16 ст. як Хатаевічы, уласнасць кн. В.​І.​Саламярэцкага. У 18 ст. мястэчка Мінскага пав., уласнасць мясц. дамініканскага кляштара. Пасля далучэння ў 1793 да Рас. імперыі ў Барысаўскім пав. У 1908 — 466 ж., 82 двары. З 1924 цэнтр сельсавета ў Барысаўскай акр., з 1927 у Плешчаніцкім р-не. У 1939 в. Хатаевічы перайменавана ў Акцябр. З 1962 у Лагойскім р-не.

т. 1, с. 223

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСТРО́ЖСКІ (Канстанцін Іванавіч) (1460 ? — 1530),

военачальнік, дзярж. дзеяч ВКЛ. Гетман найвышэйшы ВКЛ (з 1497), кашталян віленскі (з 1511), ваявода трокскі (з 1522), член Рады ВКЛ. З роду Астрожскіх. Кіраваў паходамі на крымскіх татараў, перамог больш як у 60 бітвах. У бітве на Вядрошы 1500 быў разбіты маскоўскімі войскамі, трапіў у палон, з якога ўцёк у 1507. У Аршанскай бітве 1514 перамог маскоўскія войскі, актыўны абаронца праваслаўя. Меў вял. маёнткі на Валыні, у Літве, на Беларусі, у т. л. Дзятлава, Тураў, Копысь з Раманавым, Гальшаны, Глуск, Смалявічы, Жыцін, Шашолы, Свіраны, Смаляны, Суша. У 1528 быў другім па колькасці падданых землеўладальнікам у ВКЛ (пасля віленскага ваяводы А.​Гаштольда). З усіх маёнткаў ставіў у войска 426 конных воінаў.

Літ.:

Сагановіч Г.М. Айчыну сваю баронячы: Канстанцін Астрожскі. Мн., 1992.

К.І.Астрожскі. Партрэт невядомага мастака. 1-я пал. 17 ст.

т. 2, с. 56

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІЧКА́САЎ (Анатоль Іванавіч) (н. 19.6.1955, г. Новасібірск, Расія),

бел. архітэктар. Скончыў Новасібірскі інж.буд. ін-т (1978). Працаваў у Новасібірску. З 1981 у г. Бабруйск Магілёўскай вобл. ў майстэрні ін-та «Магілёўграмадзянпраект», нам. гал. архітэктара, гал. архітэктар горада, з 1990 у Дзяржбудзе Беларусі, з 1992 дырэктар ін-та «Мінскграмадзянпраект», у 1994 гал. архітэктар Мінска, з 1994 — нам. міністра архітэктуры і буд-ва Беларусі. Асн. работы: у Бабруйску — генплан горада, будынкі адміністрацыйны, аўтавакзала, жылы раён Крывы Крук, рэканструкцыя пл. Перамогі (усе 1980-я г.); жылы гарадок «Рось» у г.п. Рось Ваўкавыскага р-на Гродзенскай вобл. (1993—97, у сааўт.; Дзярж. прэмія Беларусі 1998), рэсп. цэнтр спадарожнікавай сувязі «Тэлепорт» у г. Смалявічы Мінскай вобл. (1995), рэканструкцыя цэнтра г. Шклоў Магілёўскай вобл. (1999), жыллёвы комплекс «Алімпійскі» (буйнапанэльныя дамы з мансардамі) па праспекце Машэрава ў Мінску (2000, будуецца; кіраўнік аўтарскага калектыву).

т. 11, с. 354

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГА́ЙНА,

вёска ў Лагойскім р-не Мінскай вобл., на р. Гайна, на аўтадарозе Лагойск—Ілья. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 10 км на ПнЗ ад г.п. Лагойск, 50 км ад Мінска, 41 км ад чыг. ст. Смалявічы. 710 ж., 302 двары (1996). Малое швейнае прадпрыемства «Гайна», хлебапякарня. Сярэдняя школа, Дом культуры, клуб, б-ка, аддз. сувязі.

Упершыню ўпамінаецца гісторыкам 15 ст. Я.​Длугашам. Пасля 1397, верагодна, кн. Вітаўтам у Гайне (Айне) сярод першых на тэр. ВКЛ заснаваны касцёл. Уваходзіла ў Лагойскае княства. З 1512 дзярж. маёнтак у Віленскім ваяв., пасля 1566 дзярж. мястэчка, цэнтр староства ў Мінскім пав. У 1788 пабудаваны новы касцёл (у 1865 ператвораны ў царкву). З 1793 у Рас. імперыі ў Докшыцкім, з 1796 у Барысаўскім пав. Пасля 1861 цэнтр Гайна-Слабодскай вол. У 1886 — 420 ж., 57 двароў. З 1924 цэнтр сельсавета Лагойскага р-на. У 1970 — 915 ж., 256 двароў.

т. 4, с. 439

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ТГЕНШТЭЙНЫ, Сайн-Вітгенштэйны (Sain-Wittgenstein),

старажытны род імперскіх графаў у Германіі. Меў шмат адгалінаванняў. У 1761 у час Сямігадовай вайны 1756—63 Хрысціян Людвіг Казімір Вітгенштэйн з людвігсбург-карлсбургскай галіны роду трапіў у палон і перайшоў на службу Расіі. З яго нашчадкаў найб. вядомы П.​Х.​Вітгенштэйн — военачальнік у час вайны 1812. Яго сын князь Людвіг Леан (Леў Пятровіч; 1799—1866) у 1828 ажаніўся са Стафаніяй Радзівіл (1809—32), дачкой Дамініка і адзінай законнай наследніцай згаслай нясвіжскай галіны Радзівілаў. З гэтым шлюбам да Вітгенштэйна перайшла значная частка вялізных радзівілаўскіх маёнткаў: б. Слуцкае і Капыльскае княствы, мяст. Глыбокае, Мір, Карэлічы, Смалявічы і інш. (каля 1,2—1,3 млн. дзесяцін зямлі, 40—120 тыс. душ). Людвіг Леан пакінуў сына Пятра, які ў 1887 памёр без нашчадкаў, і дачку Марыю, што выйшла замуж за герм. князя Хлодвіга Карла Віктара Гогенлоэ (1819—1901), будучага імперскага канцлера Германіі. Апошняму перайшлі бел. ўладанні Вітгенштэйна, якія потым былі распрададзены. Прадстаўнікі роду працягвалі служыць Рас. імперыі да 1917.

т. 4, с. 202

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛЕ́ВІЧ (Юрый Мікалаевіч) (н. 30.5.1937, Мінск),

бел. архітэктар. Сын М.А.Малевіча. Скончыў БПІ (1961). Працаваў у Барысаўскім філіяле Мінскага аблпраекта (1961—73; гал. архітэктар праектаў), з 1976 нам. ген. дырэктара ін-та «Белбыттэхпраект» навук.-вытв. аб’яднання «Белбыттэхніка», з 1987 гал. архітэктар праектаў, кіраўнік майстэрні ін-та «Мінскграмадзянпраект», з 1996 у камітэце па архітэктуры, горадабудаўніцтве і тэрытарыяльным планаванні Мінскага аблвыканкома. Асн. работы: праекты планіроўкі і забудова мікрараёнаў гарадоў Барысаў, Слуцк, Чэрвень, Смалявічы, Крупкі Мінскай вобл. і інш. (1962—72), праекты цэнтр. плошчаў у Барысаве (1963, у сааўт.) і Беразіно Мінскай вобл. (1967), цэнтра курортнага пас. Нарач Мядзельскага р-на Мінскай вобл. (1970); б-ка, спарт. корпус з плавальным басейнам, 9-павярховы жылы дом у Барысаве (1964—68); кінатэатр «Рагнеда» ў г. Заслаўе Мінскай вобл. (1988); бальніца з паліклінікай у г.п. Рось Ваўкавыскага р-на Гродзенскай вобл. (1992, Дзярж. прэмія Беларусі 1998); крытыя корты ў комплексе «Дразды» каля Мінска (1995) і інш.

т. 10, с. 25

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)