АЖАРО́ЎСКІ (Ożarowski, Ожаровский) Адам Пятровіч (1776, Варшава — 5.12.1855), расійскі ваенны і дзярж. дзеяч, граф. Ген. ад кавалерыі (1826). Сенатар (1826). Удзельнік вызв. паўстання 1794. З 1796 на рус.ваен. службе. Удзельнічаў у кампаніях 1805 і 1807 супраць Францыі. У вайну 1812 камандзір асобнага кав. атрада (6 палкоў) для партыз. дзеянняў на паўд. флангу праціўніка. Удзельнічаў у баях пад Красным (Смаленскаявобл.), у заняцці Магілёва, Бярэзінскай аперацыі 1812, у праследаванні французаў у напрамку Валожын—Воранава—Ліда—Ражанка. У замежных паходах рус. арміі (1812—14) узначальваў асобны кав. атрад. З 1814 у бліжэйшым акружэнні імператара Аляксандра I. З 1833 член Дзярж. савета Царства Польскага, з 1841 прысутны ў Варшаўскіх дэпартаментах Сената.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЦЕБСКІЯ «ВАРО́ТЫ», Суражскія «вароты»,
40-кіламетровы пралом у лініі фронту на стыку груп ням. армій «Поўнач» і «Цэнтр» паміж Веліжам (Смаленскаявобл.) і Усвятамі (Пскоўская вобл.) у Вял.Айч. вайну. Утварыліся ў выніку наступлення 4-й ударнай арміі Калінінскага фронту і дзейнічалі з 10.2 да 28.9.1942. Подступы да іх утрымлівалі часці 4-й ударнай арміі, 1-я і 2-я Бел.партыз. брыгады. Праз «вароты» партызаны трымалі сувязь з камандаваннем 4-й ударнай арміі, у тыл ворага накіроўваліся партыз. групы, зброя. З акупіраванай тэр. выходзілі партыз. атрады на перафарміраванне, добраахвотнікі ў Чырв. Армію, насельніцтва. У памяць аб Віцебскіх «варотах» у в. Заполле Віцебскага р-на пастаўлены помнік.
І.П.Хаўратовіч.
Помнік у гонар Віцебскіх «варот» у в. Заполле Віцебскага раёна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́СПЛЯ,
рака ў Смаленскай вобл. Расіі і ў Віцебскім р-не, левы прыток р.Зах. Дзвіна. Даўж. 136 км, у межах Беларусі 20 км. Пл. вадазбору 5410 км², у межах Беларусі 513 км². Выцякае з воз. Каспля ў Смаленскім р-не на ўсх. схілах Віцебскага ўзв., у нізоўі цячэ па Суражскай нізіне. Даліна пераважна трапецападобная, шыр. 300—400 м (у вярхоўі да 3 км). Пойма ніжэй вусця Габзы перарывістая, шыр. да 200 м. Рэчышча слабазвілістае, шыр. 10—30 м у верхнім цячэнні і да 50 м у ніжнім. Асн. прытокі: Жараспея, Габза (злева), на Беларусі — Вымнянка і Неварожка (справа). Замярзае ў 1-й дэкадзе снеж., крыгалом у пач. сакавіка. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 35 м³/с. На рацэ — г. Дзямідаў (Смаленскаявобл.) і г.п. Сураж.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКАДЭМІ́ЧНЫ ЛЕ́ТАПІС,
помнік бел.-літ. летапісання 16 ст., спіс 2-й рэдакцыі Беларуска-літоўскага летапісу 1446. Паводле складу і тэксту блізкі да Супрасльскага летапісу. У акадэмічны летапіс уваходзяць скарочаны агульнарус. летапіс, Смаленская хроніка, «Пахвала Вітаўту», смаленскія пагадовыя запісы за 1432—46 і «Летапісец вялікіх князёў літоўскіх». Ва ўрыўках збераглася частка па гісторыі Маскоўскай Русі 14 — 1-й трэці 15 ст. (пачынаецца са звестак 1339, згублены лісты з запісамі падзей 1373—1414 і 1418—27). Не зберагліся пач. частка, прысвечаная гісторыі Кіеўскай Русі, і «Аповесць пра Падолле», што была змешчана ў канцы рукапісу. Тэкст Бел.-літ. летапісу 1446 месцамі перададзены недакладна, з памылкамі.
Летапіс уваходзіць у склад рукапіснага зборніка сярэдзіны 16 ст., які захоўваецца ў б-цы Рас.АН у Санкт-Пецярбургу. Апублікаваны ў 17-м (1907) і 35-м (1980) тамах Поўнага збору рус. летапісаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСЦЁР,
рака ў Расіі (Смаленскаявобл.) і Беларусі, у Клімавіцкім і Крычаўскім р-нах Магілёўскай вобл., левы прыток р. Сож (бас. Дняпра). Даўж. 274 км, у межах Беларусі каля 50 км. Пл. вадазбору 3,37 тыс.км². Пачынаецца на схілах Смаленскага ўзвышша, у Рослаўскім раёне Смаленскай вобласці. Вусце за 2 км на У ад в. Бель 1-я Крычаўскага р-на. Асн. прытокі: Вострык, Стомець, Немка (справа); В.Наўля, Шумячка, Сасноўка (злева).
Даліна ў вярхоўі невыразная, ніжэй трапецападобная, шыр. 1,5—2 км. Схілы спадзістыя, радзей умерана стромкія, выш. 10—25 м. Пойма двухбаковая, шыр. 0,2—0,3 км, у ніжнім цячэнні 0,3—0,5 км, у разводдзе затапляецца ў сярэднім і ніжнім цячэнні. Рэчышча звілістае, шыр. ракі ў межань на Беларусі 20—30 м. Берагі стромкія, месцамі абрывістыя. Вызначаецца інтэнсіўным разводдзем, на якое прыпадае 59% гадавога сцёку. Замярзае ў 1-й пал. снежня, крыгалом у канцы сак. — пач. красавіка. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 21,6 м³/с.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́СЕДЗЬ,
рака ў Беларусі, у Магілёўскай і Гомельскай абл. і Расіі (Смаленская і Бранская вобл.), левы прыток р. Сож. Даўж. 261 км, у межах Беларусі 185 км. Пл. вадазбору 5460 км², у межах Беларусі 3110 км². Пачынаецца ў Шумяцкім р-не Смаленскай вобл., цячэ ў Хоцімскім, Касцюковіцкім р-нах Магілёўскай вобл. і Веткаўскім р-не Гомельскай вобл. Вадазбор на паўд.-ўсх.ч. Аршанска-Магілёўскай раўніны, у нізоўях на Чачорскай раўніне і ў Гомельскім Палессі. Асн. прытокі: Еленка, Сураў, Жадунька, Дзяражня, Алешня, Падуж, Каўпіта (справа), Альшоўка, Жадунь, Зубар, ручай Машоўка, Стаўбунка (злева).
Даліна выразная, слабазвілістая, трапецападобная. Пойма пераважна двухбаковая, б.ч. лугавая, парэзаная пратокамі, старыцамі, рукавамі. Рэчышча моцназвілістае і разгалінаванае. Берагі стромкія, нярэдка абрывістыя. Замярзае ў 1-й дэкадзе снежня, крыгалом у канцы сакавіка. Суднаходная за 78 км ад вусця. На Бесядзі гар. пасёлкі Хоцімск і Красная Гара (Бранская вобл.); у нізоўі Веткаўскі батанічны заказнік.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУБЕ́РНЯ,
асноўная адм.-тэр. адзінка ў Расіі і ў СССР у 1708—1929. Падзялялася на правінцыі і дыстрыкты, з 1775 — на паветы ці акругі; 2—3 губерні складалі намесніцтва, з 1775 — генерал-губернатарства. Узначальваў губерню губернатар. Выканаўчыя органы — губернскае праўленне і земскі суд. Пасля скасавання прыгону (1860-я г.) апарат губ. кіравання складаўся з губ. праўлення, галіновых канцылярый (земскіх, гар., суд.-адм., вайск.-адм., грашовых і інш.) і устаноў (казённыя палаты, губ. статыстычныя к-ты і інш.). На Беларусі губерні ўведзены пасля далучэння да Расіі (1772—95). У розны час тут існавалі Пскоўская (1772—76), Магілёўская (1772—78, 1802—1919), Полацкая (1776—96), Беларуская (1796—1802), Мінская (1793—1921), Слонімская (1795—97), Віленская (1795—97, 1801—1920), Літоўская (1797—1801), Гродзенская (1801—1921), Віцебская (1802—1924), Ковенская (1843—1919), Смаленская (1919—24), Гомельская (1919—26) губерні (гл. адпаведныя артыкулы). На тэр.СССР губерні скасаваны ў 1923—29, у БССР — у 1924.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́РЫН (Павел Дзмітрыевіч) (7.7.1892, Г.п. Палех Іванаўскай вобл., Расія — 22.11.1967),
расійскі жывапісец. Нар.маст.СССР (1962). Правадз.чл.АМСССР (1958). Вучыўся ў Маскоўскім вучылішчы жывапісу, скульптуры і дойлідства (1912—16) у К.Каровіна і С.Малюціна. Зазнаў уплыў М.Несцерава. У 1932—59 кіраўнік рэстаўрацыйнай майстэрні Музея выяўл. мастацтваў імя Пушкіна ў Маскве; рэстаўрыраваў карціны Дрэздэнскай карціннай галерэі. Творам уласцівы адухоўленасць вобразаў, манум. строгасць і дакладнасць малюнка, цэласнасць пластычнай формы, напружаная насычанасць колеру: эцюды да карціны «Русь, якая адыходзіць» (1930-я г.; «Схімніца», «Бацька і сын», «Ігумення»), трыпціх «Аляксандр Неўскі» (1942—43), партрэты М.Горкага (1932), Л.Леанідава, Несцерава (абодва 1939), М.Сар’яна, Р.Сіманава (абодва 1956), Кукрыніксаў (1957—58), Р.Гутуза (1961) і інш. Сярод манум. работ: мазаічныя плафоны на станцыі «Камсамольская-кальцавая» (1951; Дзярж. прэмія СССР 1952), вітражы на станцыі «Новаслабодская» (1951), мазаіка на станцыі «Смаленская» (1952) Маск. метрапалітэна; мазаіка ў будынку Маскоўскага ун-та (1952) і інш. Ленінская прэмія 1963.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕЙ, Нэй (Ney) Мішэль (10.1.1769, г. Саарлуі, Германія — 7.12.1815), французскі ваен. дзеяч. Маршал Францыі (1804), герцаг Эльхінгенскі (1808), князь Маскоўскі (1812). У арміі з 1787. Вылучыўся ў 1794—95 у час войнаў, якія вяла рэв. Францыя. Камандаваў дывізіяй (з 1800), франц. войскамі ў Швейцарыі (з 1802), 6-м (1805—11) і 3-м (1811—14) карпусамі. Удзельнік напалеонаўскіх войнаў, у т. л.рус.-аўстра-франц. вайны 1805 (перамог аўстр. войскі ў раёне Эльхінгена каля г. Ульм, Баварыя), вайны 1812 (Смаленская і Барадзінская бітвы, баі пад Красным, Оршай і інш.). У 1814 прызначаны каралём Людовікам XVIII Бурбонам пэрам Францыі і чл.Ваен. савета. У перыяд «Ста дзён» (1815) перайшоў на бок Напалеона I Банапарта, узначальваў старую гвардыю ў бітве каля Ватэрлоо. Пасля вяртання Бурбонаў арыштаваны і паводле прыгавору суда расстраляны за здраду каралю. Аўтар мемуараў (т. 1—2, апубл. ў 1833).
Літ.:
Виноградов А. Род французских «князей Московских» // Родина. 1992. № 6/7.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЙНА́ РАСІ́І З РЭ́ЧЧУ ПАСПАЛІ́ТАЙ 1632—34, Смаленская вайна,
вайна Расійскай дзяржавы за Смаленскую, Чарнігаўскую і Северскую землі, якія ў выніку Дэулінскага перамір’я 1618 засталіся ў складзе Рэчы Паспалітай. Цар Міхаіл Фёдаравіч і яго бацька патрыярх Філарэт накіравалі ў вер. 1632 на Смаленск 40-тысячнае войска пад камандаваннем ваяводы М.Б.Шэіна. Яно заняло Себеж, Невель, Усвяты, Дарагабуж, Старадуб, у студз. 1633 асадзіла Смаленск. Рас. войскі праніклі ў глыб Беларусі, авалодалі Асвеяй, Друяй, Полацкам (акрамя крэпасці), Прапойскам, асадзіла Мсціслаў і Крычаў. Гетман польны ВКЛ К.Радзівіл перакінуў у Смаленск падмогу, частка казакаў і дваран пакінула рас. войска. У канцы жн. 1633 да Смаленска падышоў кароль польскі і вял.кн.ВКЛ Уладзіслаў IV з 25-тысячным войскам, якое адцясніла рас. войска ад Смаленска і акружыла яго. 25.2.1634 Шэін падпісаў акт аб капітуляцыі, паводле якога рэшткі рас. арміі (8 тыс.чал.), пакінуўшы ўсю артылерыю і інш. зброю, адышлі з-пад Смаленска. Паводле Палянаўскага міру 1634 Расія атрымала г. Сярпейск, крэпасці Трубчэўск, Ахтырку і Лебядзін. Рэч Паспалітая вярнула большасць захопленых зямель, Уладзіслаў IV афіцыйна адмовіўся ад прэтэнзій на рас. трон.
А.П.Грыцкевіч.
Беларуска-польскія войскі пад Смаленскам у час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1632—34. З гравюры В.Хондыуса. 1636.