РАСЦІСЛА́Ў МСЦІСЛА́ВІЧ (у хрышчэнні Міхаіл; паміж 1100 і 1110—14.3.1167),
князь смаленскі [1125—59], вял. князь кіеўскі [1154, 1159—67]; заснавальнік дынастыі смаленскіх князёў. Сын. вял. кіеўскага кн.Мсціслава Уладзіміравіча. У 1125 атрымаў ад бацькі ва ўдзел Смаленск, што дало пачатак існаванню Смаленскага княства, якое ў гады княжання Р.М. дасягнула свайго росквіту і ахапіла тэр. Верхняга Падняпроўя (з г. Орша, Копысь, Лучын, Мсціслаў, валасцямі Басея, Мірачыцы, Вітрына, Прупой, Крэчут і інш. на тэр. сучаснай Беларусі) і Верхняга Паволжа. У выніку паходаў 1127 і 1142 Р.М. значна пашырыў свае ўладанні за кошт радзімічаў. Ім пабудаваны г. Мсціслаў, Рослаў і Ізяслаў, названыя ў гонар бацькі, сябе і брата. Удзельнічаў у паходах на Полацкую зямлю ў 1127 і Тураўскую зямлю ў 1146. У 1158 дапамог полацкаму кн.Рагвалоду Барысавічу ў барацьбе за полацкі прастол і падтрымліваў яго пазней. У 1162 прызнаў самастойнасць Тураўскага княства. Прылічаны да ўгоднікаў божых і ўваходзіць у Сабор бел. святых. Дзень памяці Р М. 14(27) сакавіка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГІЛЁЎСКАЯ ГУБЕ́РНЯ,
адм.-тэр. адзінка на Беларусі ў 1772—1919. Цэнтр — г. Магілёў. Утворана 8.6.1772. Уключала Аршанскую, Магілёўскую, Мсціслаўскую і Рагачоўскую правінцыі. 22.3.1777 падзелена на 12 паветаў: Аршанскі, Бабінавіцкі (скасаваны ў 1840), Беліцкі (у 1852 перайменаваны ў Гомельскі), Клімавіцкі, Копыскі (у 1861 перайменаваны ў Горацкі), Магілёўскі, Мсціслаўскі, Рагачоўскі, Сенненскі, Старабыхаўскі (у 1852 перайменаваны ў Быхаўскі), Чавускі і Чэрыкаўскі. 10.1.1778 М.г. перайменавана ў Магілёўскае намесніцтва, якое 23.12.1796 скасавана, а паветы ўвайшлі ў склад Беларускай губерні. М.г. адноўлена 11.3.1802 у складзе ранейшых 12 паветаў. Уваходзіла ў склад Віцебскага, Магілёўскага і Смаленскага ген.-губернатарства (гл.Беларускае генерал-губернатарства), у 1863—69 — Віленскага генерал-губернатарства. Паводле перапісу 1897 тэр. М.г. 42 134 кв. вярсты, нас. 1686, 7 тыс.чал. Паводле веравызнання: праваслаўных 1402,2 тыс., старавераў 23,3 тыс., католікаў 50,1 тыс., пратэстантаў 6,9 тыс., іудзеяў 203,9 тыс., мусульман 184 чал. З вер. 1917 губерня ў складзе Зах.вобл., з 1.1.1919 у БССР, з лют. ў РСФСР. 11.7.1919 М.г. скасавана, 9 яе паветаў увайшлі ў Гомельскую губ., Мсціслаўскі пав. перададзены Смаленскай, Сенненскі — Віцебскай губ.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕ́РТЭНС (Станіслаў Адамавіч) (парт.псеўд. Стэфан Скульскі; 3.5.1892, г. Лодзь, Польшча — жн. 1937),
дзеяч рэв. руху ў Польшчы і Зах. Беларусі. Чл. СДКПІЛ з 1909, чл. РКП(б) з 1928, чл. КПП з 1921. Вёў рэв. дзейнасць у Варшаве, Лодзі, Калішы. У 1913—14 зняволены ў турму. У 1918 старшыня павятовага к-та РКП(б) і ЧК у Мсціславе. У 1919 у Чырв. Арміі, у 1920 нам. старшыні Смаленскага губвыканкома і чл. губкома РКП(б); потым у Часовым польрэўкоме ў Беластоку, старшыня Навагрудскага рэўкома. У 1921 нарком унутр. спраў і чл. калегіі ЧКБССР, чл.ЦБКП(б)Б, чл. Прэзідыума ЦВКБССР. З канца 1921 на нелегальнай рабоце ў Польшчы. Адзін з арганізатараў КЛЗБ і Мінскай школы КПЗБ. У 1923—25 упаўнаважаны ЦК КПП пры ЦККПЗБ. У кастр. 1925 зняволены польск. ўладамі. Са студз. 1928 у СССР. Чл.ЦК КПП у 1923—27 і з 1931. Чл. Палітбюро ЦК КПП у 1923—25 і ў 1935. Чл. Бюро ЦККПЗБ і яго прадстаўнік пры ЦККП(б)Б у 1934—35. У 1937 рэпрэсіраваны. Рэабілітаваны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІКО́ЛЬСКІ (Мікалай Міхайлавіч) (13.11.1877, Масква — 19.11.1959),
бел. гісторык, усходазнавец. Сын М.В.Нікольскага. Акад.АН Беларусі (1931), чл.-кар.АНСССР (1946). Скончыў Маскоўскі ун-т (1900). Праф.Смаленскага (з 1918), Беларускага (з 1922) ун-таў. З 1931 у Ін-це гісторыі АНБССР (заг. сектара этнаграфіі і фальклору, у 1937—53 дырэктар ін-та). Даследаваў праблемы гісторыі Стараж. Усходу, рэлігіі, этнаграфіі і фальклору Беларусі. Даказаў існаванне абшчыннага ладу і хатняга рабства ў Стараж. Двухрэччы і Фінікіі. Распрацоўваў гісторыю ранняга хрысціянства, царквы і сектанцтва ў Расіі. Даследаваў паходжанне бел. абрадавых песень, прасачыў гісторыю ўзнікнення і відазмянення бел. шлюбных рытуалаў да канца 19 ст.
Тв.:
Древний Вавилон. М., 1913;
Дохристианские верования и культуры днепровских славян. М., 1929;
Політэізм і монатэізм у яўрэйскай рэлігіі. Мн., 1931;
Частное землевладение и землепользование в Древнем Двуречье. Мн., 1948;
Этюды по истории финикийских общинных и земледельческих культов. Мн.. 1948;
Происхождение и история белорусской свадебной обрядности Мн., 1956;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРА́НСКАЯ ВО́БЛАСЦЬ,
у складзе Расійскай Федэрацыі. Пл. 34,9 тыс.км². Нас. 1466,9 тыс.чал. (1994), гарадскога — 61%. Цэнтр — г.Бранск. Найб. гарады: Клінцы, Навазыбкаў, Унеча.
Прырода. Бранская вобласць размешчана ў цэнтр.ч.Усх.-Еўрап. раўніны. Пераважная выш. 200—250 м, найб. да 288 м; нахіл паверхні з ПнУ на ПдЗ. У рэльефе — спалучэнне моцна расчлянёных Сярэднярускага ўзвышша і Смаленскага ўзвышша і плоскай эразійнай Прыдняпроўскай нізіны. Клімат умерана кантынентальны. Сярэдняя т-растудз. -7 °C, ліп. 18 °C. Ападкаў каля 600 мм за год. Гал.р. Дзясна (сістэма Дняпра) з прытокамі Балва, Наўля, Няруса, Судасць; на З рэкі Іпуць і Беседзь (прытокі р. Сож). Пераважаюць падзолістыя, дзярнова-падзолістыя і шэрыя лясныя глебы. Ландшафты ў асн. мяшаных лясоў — хваёвыя, значная ч. бярозавых і асінавых (найб. Бранскі лясны масіў); на ПдУ — лесастэп.
Гаспадарка. Вядучыя галіны прамысловасці — машынабудаванне (дызелі, цеплавозы, рэфрыжэратарныя секцыі, аўтамабілі, станкі, веласіпеды; с.-г., буд.-дарожныя, ірыгацыйныя машыны, электратэхніка і інш.) і металаапрацоўка. Развіта вытв-сцьбуд. матэрыялаў (азбестацэментныя вырабы, цэмент, шкло, шкловалакно, ізаляцыйныя матэрыялы і інш.), хім. (фасфатная мука), лёгкая (шарсцяная, гарбарна-абутковая, швейная), харч. (кансервавая, крухмальная, мясная і інш.), лясная і дрэваапр.прам-сць. Гал. галіна сельскай гаспадаркі — вырошчванне збожжавых культур, малочна-мясная жывёлагадоўля, свінагадоўля. Пашыраны пасевы тэхн. культур. Бульбаводства. Пладаводства. Птушкагадоўля. У Бранскай вобласці густая сетка чыгунак, найб. важныя магістралі Масква—Кіеў, Арол—Валгаград, значная сетка аўтадарог. Суднаходства па Дзясне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУБРО́ЎНА,
горад, цэнтр Дубровенскага р-на Віцебскай вобл., на р. Дняпро, пры ўпадзенні ў яго рэк Дубровенка і Свінка. За 107 км ад Віцебска, 8 км ад чыг. ст. Асінаўка на лініі Орша—Смаленск; аўтадарогамі злучаны з Оршай і Горкамі. 9,7 тыс.ж. (1997).
Ў пач. 16 ст. Д. — цэнтр буйной воласці на мяжы Віцебскага і Смаленскагаваяв. Ў розны час належала Глябовічам, Сапегам, А.Д.Меншыкаву, Р.А.Пацёмкіну, Любамірскім. У 16—18 ст. у Д. існаваў Дубровенскі замак. З 1772 Д. ў Аршанскай правінцыі, з 1777 — у Аршанскім пав. Магілёўскага намесніцтва. Дзейнічалі 4 правасл. царквы, бернардзінскі кляштар з касцёлам, сінагога, паштовы дом. У 1784 пабудавана 1-я ў Рас. імперыі гадзіннікавая ф-ка. У 1785—97 тут існаваў Дубровенскі піярскі калегіум. З 1861 цэнтр воласці Горацкага пав. Магілёўскай губ. У 1897—7974 ж. З 1924 раённы цэнтр, з 3.7.1925 горад. 9,9 тыс.ж. (1939). З 16.7.1941 да 26.6.1944 акупіравана ням.-фаш. захопнікамі, якія знішчылі ў Д. і раёне 14 110 чалавек. 4,9 тыс.ж. (1959). У 1962—65 Д. ў Аршанскім р-не.
Прадпрыемствы харч., лёгкай, буд. матэрыялаў прам-сці. Брацкія магілы супрацоўнікаў міліцыі, сав. воінаў і партызан, магіла ахвяр фашызму. Помнікі: Вызвалення, Г.А.Нікандравай. Помнікі архітэктуры: кляштар бернардзінцаў (пач. 19 ст.), Пакроўская царква (1-я пал. 19 ст.). Цэнтр ганчарнага рамяства (гл.Дубровенская кераміка).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАБРАВО́ЛЬСКІ (Уладзімір Мікалаевіч) (11.8.1856, с. Краснасвяцкае Пачынкаўскага р-на Смаленскай вобл., Расія — 7.5.1920),
бел. і рус. этнограф, фалькларыст, краязнавец, лексікограф. Скончыў Маскоўскі ун-т (1880). Настаўнічаў. З 1918 чытаў лекцыі ў Бел.нар. ун-це (Масква), у Віцебскім ін-це нар. асветы, Смаленскім аддз. Маскоўскага археал. ін-та. З 1880-х г. збіраў фальклор, даследаваў матэрыяльную культуру народа. Вывучаў абрады, святы, вераванні Смаленшчыны, нар. тэатр і інш.Асн. працы «Смаленскі этнаграфічны зборнік» (ч. 1—4, 1891—1903), «Смаленскі абласны слоўнік» (1914). Аўтар арт. «Прыказка і загадка» (1898), «Смерць, пахаванне і галашэнні» (1900), «Кросны» (1902), «Адрозненні ў вераваннях і звычаях беларусаў і велікарусаў Смаленскай губерні» (1903), «Нячыстая сіла ў народных вераваннях» (1908), «Абрады і павер’і, якія датычацца хатніх і палявых работ сялян Смаленскай губерні» (1909), «Бабёр у Смаленскай зямлі па летапісных, археалагічных і сучасных дадзеных» (1916). З М.Дз.Бэрам запісаў больш за 500 мелодый нар. песень. Чэшскі этнамузыколаг Л.Куба ў час прыезду да Дабравольскага запісаў бел.нар. песні в. Данькава Смаленскагапав. (апубл. ў 1887).
Літ.:
Шлюбскі А. Этнаграфічная дзейнасць Дабравольскага. Мн., 1928;
Романов Ю.С. Жизнь и научная деятельность В.Н.Добровольского // Материалы по изучению Смоленской области. М., 1970. Вып. 7;
Акунькова А.М. Жыццё і навукова-педагагічная дзейнасць У.М.Дабравольскага // Этнаграфічны зборнік. Мн., 1975;
Яе ж. Беларуская казка ў запісах У.М.Дабравольскага // Беларуская фалькларыстыка. Мн., 1980.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КНЯ́СТВА,
манархічная дзяржава або асобнае паліт. ўтварэнне на чале з князем; феад. ўладанне князя. Вядомы ў многіх народаў. У Стараж. Русі К. ўзніклі ў 9 — пач. 10 ст. з плем. княжанняў, уладу над якімі захапіла дынастыя Рурыкавічаў. Называліся звычайна па гал горадзе. Буйныя К. падзяляліся на меншыя — удзельныя княствы. Буйнейшыя К. называліся вялікімі К. (Уладзіміра-Суздальскае ў 12—13 ст., Маскоўскае і Цвярское ў 14—15 ст. і інш.). На тэр. Беларусі з 10—11 ст. існавалі Полацкае, Тураўскае, з 12—13 ст. Берасцейскае, Ваўкавыскае, Віцебскае, Гальшанскае, Гарадзенскае, Друцкае, Ізяслаўскае, Капыльскае, Клецкае, Кобрынскае, Крэўскае, Лагожскае, Лукомскае, Менскае, Мсціслаўскае, Новагародскае, Пінскае, Свіслацкае, Слуцкае К.; асобныя часткі бел. зямель уваходзілі ў склад Галіцка-Валынскага, Кіеўскага, Чарнігаўскага і Смаленскага К. (гл. адпаведныя артыкулы). У 14—16 ст.бел., укр. і рус. княствы аб’яднаны пад уладай Вялікага княства Літоўскага (ВКЛ) і Маскоўскага вялікага княства. У ВКЛ былыя К. да 1-й пал. 16 ст. пераўтвораны ў намесніцтвы, ваяводствы, паветы, афіцыйна скасаваны паводле адм. рэформы 1565—66, але назва «княства» ў 17—18 ст. ужывалася ў адносінах да тэр. Клецкага, Капыльскага, Нясвіжскага і Слуцкага К. У Расіі апошняе ўдзельнае К. (Касімаўскае царства) скасавана ў 1681. К. існавалі і ў інш. краінах (напр., у Германіі да 1871, у Індыі да 1950). Некаторыя К. захаваліся да нашага часу — Ліхтэнштэйн, Манака, арабскія К. (эміраты).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́ПЫСЬ,
гарадскі пасёлак у Аршанскім р-не Віцебскай вобл., на левым беразе р. Дняпро. Каля аўтадарогі Орша—Магілёў. Чыг. ст. на лініі Орша—Магілёў. За 30 км на Пд ад Оршы, 110 км ад Віцебска. 1,2 тыс.ж. (1998).
Упершыню згадваецца ў Ніканаўскім летапісе пад 1059. У 11 ст. невял. ўмацаванае паселішча на ўсх. мяжы Полацкага княства. У 1116 К. адышла да Смаленскага княства. З сярэдзіны 14 ст. К. з воласцю — велікакняжацкае ўладанне ў Віцебскім ваяв.ВКЛ. У 14—18 ст. існаваў Копыскі замак. З канца 15 ст. выраблялася копыская кафля, з 16 ст. — копыская кераміка. З 19 ст. дзейнічалі копыскія кафляныя прадпрыемствы. У розны час К. належала кн. Астрожскім, Радзівілам. Паводле некат. звестак, мела магдэбургскае права. З 1772 К. у складзе Рас. імперыі, горад, цэнтр Копыскага павета. 16.8.1781 зацверджаны герб К.: у зялёным полі выява чорнага зайца. З 1796 заштатны горад, з 1802 цэнтр павета, з 1861 заштатны горад Горацкага пав. У 1897 у К. 3384 ж. У 1924—31 цэнтр Копыскага раёна, з 1931 у Аршанскім р-не. З 27.9.1938 гар. пасёлак. У Вял.Айч. вайну дзейнічала Копыскае патрыятычнае падполле. У 1970 у К. 1555 ж.
Кафляны цэх Аршанскага вытв. аб’яднання «Оршабудматэрыялы», цэнтр па вырабе маст. керамікі. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў, магіла ахвяр фашызму. Помнікі археалогіі — замчышча Пятроўскі вал, селішча Пасадскае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАХО́ДЫ ВІ́ТАЎТА НА СМАЛЕ́НСК 1395—1404,
ваенныя паходы супраць Смаленскага княства з мэтай далучэння яго да ВКЛ. Спробы падпарадкаваць смаленскія землі рабіў Альгерд (1356, 1375). У 1386 пасля разгрому смалян войскамі ВКЛ каля Мсціслава (гл.Мсціслаўская бітва 1386) Ягайла пасадзіў у Смаленску сына загінуўшага ў бітве кн. Святаслава — Юрыя і прымусіў яго ў 1387 прынесці васальную прысягу. Пасля прыходу да ўлады ў ВКЛВітаўта Юрый, абапіраючыся на падтрымку Разанскага княства, вырашыў кіраваць самастойна. У 1395 Вітаўт заняў Смаленск і пасадзіў там сваіх намеснікаў — Якава Ямантавіча і Васіля Барэйкавіча. Пасля паражэння Вітаўта ў бітве на Ворскле 1399, Юрый з дапамогай разанскага кн. Алега і паўстаўшых гараджан вярнуў Смаленск. У 1401, 1402, 1403 Вітаўт рабіў няўдалыя спробы вярнуць горад. Пасля смерці разанскага кн. Алега (1402) прыхільнікі Вітаўта спрабавалі ўзняць у княстве мяцеж, але поспеху не мелі. У 1404 пры падтрымцы Ягайлы і нейтралітэце Маск. дзяржавы Вітаўт уключыў Смаленскае княства ў склад ВКЛ. Паводле сведчання «Хронікі літоўскай і жамойцкай», «Вітаўт... вінных усіх... пазабіваў да трох тысяч, і, абы ў Смаленску не было больш ужо бунтаў, з княства абярнуў ужо ў ваяводства». Уваходжанне смаленскіх зямель у склад ВКЛ не прынесла значных змен у іх грамадскае і эканам. жыццё, яны захавалі сваю аўтаномію, прывілеі і культ. традыцыі.
Літ.:
Ластовский Г. Смоленск и Великое княжество Литовское в XIII—XVI вв. // Край Смоленский. 1993. № 7/8.