ПЕРАГРУПО́ЎКІ МАЛЕКУЛЯ́РНЫЯ,

хімічныя рэакцыі, у выніку якіх змяняецца ўзаемнае размяшчэнне атамаў у малекуле, пазіцыя і кратнасць кратных сувязей. Большасць П.м. прыводзіць да змянення саставу рэчыва і суправаджаецца вылучэннем ці далучэннем малекул вады, галагенавадародаў і інш. П.м., якія адбываюцца без змены саставу рэчыва, наз. ізамерызацыяй.

Асн. тыпы П.м.: міжмалекулярныя, пры якіх група атамаў або атам, што мігрыруе, поўнасцю аддзяляецца ад адной малекулы і далучаецца да аднаго з атамаў такой жа інш. малекулы; унутрымалекулярныя, пры якіх група (атам) мігрыруе ад аднаго да другога атама ў межах адной малекулы рэчыва. П.м. наз. па рэчывах, што ўдзельнічаюць у іх, або па імю вучонага, які адкрыў рэакцыю, напр., пінакалінавая перагрупоўка — унутрымалекулярнае ператварэнне 1,2-дыолаў (пінаконаў), пераважна трацічных, у кетоны (пінакаліны) пад уздзеяннем кіслот (напр., сернай), якая суправаджаецца міграцыяй аднаго з замяшчальнікаў да суседняга атама вугляроду; перагрупоўка Бекмана — ізамерызацыя аксімаў у аміды кіслот пад уздзеяннем кіслотных агентаў (серная к-та, олеум), адкрыта ням. хімікам Э.​О.​Бекманам (1886). Многія П.м. выкарыстоўваюць у прамысл. працэсах, напр., перагрупоўку Бекмана — у вытв-сці капрону, бензідзінавую перагрупоўку — для атрымання азафарбавальнікаў.

Літ.:

Темникова Т.И., Семенова С.Н. Молекулярные перегруппировки в органической химии. Л., 1983.

Я.​Г.​Міляшкевіч.

Да арт. Перагрупоўкі малекулярныя: пінакалінавая перагрупоўка (R — аднолькавыя ці розныя арганічныя радыкалы).

т. 12, с. 272

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІСЛО́ТЫ,

клас хім. злучэнняў, якія змяшчаюць вадарод, здольны пры электралітычнай дысацыяцыі ў водных растворах адшчапляцца ў выглядзе іона H​+ (дакладней — іона гідраксонію H3O​+). Пры замяшчэнні вадароду на іон металу ўтвараюцца солі.

У залежнасці ад колькасці іонаў вадароду, што адшчапляюцца ад малекулы, К. падзяляюць на аднаасноўныя (напр., азотная кіслата HNO3, саляная кіслата HCl), двухасноўныя (напр., серная кіслата H2SO4, вугальная кіслата H2CO3) і г. д. Паводле ступені дысацыяцыі адрозніваюць К. моцныя, якія ў разбаўленых водных растворах дысацыіруюць амаль цалкам (напр., HNO3, H2SO4), і слабыя, якія дысацыіруюць нязначна (напр., H2CO3). Для класіфікацыі К. і асноў у няводных растворах карыстаюцца пераважна 2 тэорыямі, прапанаванымі ў 1923: пратоннай І.​Н.​Бронстэда і электроннай Г.​Н.​Льюіса. Паводле тэорыі Бронстэда, К. наз. злучэнні, здольныя аддаваць пратон, а асновамі — злучэнні, здольныя далучаць яго. Згодна з тэорыяй Льюіса: К. — акцэптары электроннай пары, асновы — донары гэтай пары. Кіслотныя ўласцівасці рэчываў паводле першай тэорыі звязваюцца з наяўнасцю пратона, паводле другой — абумоўлены будовай малекул, якая вызначае іх электронаакцэптарныя ўласцівасці, таму да К., акрамя пратонных К., адносяць таксама электронаакцэптарныя злучэнні (напр., тэтрахларыд волава SnCl4, трыфтарыд бору BF3), якія не маюць вадароду.

Літ.:

Усанович М.И. Исследования в области теории растворов и теории кислот и оснований: Избр. тр. Алма-Ата, 1970;

Мискиджьян С.П., Гарновский А.Д. Введение в современную теорию кислот и оснований. Киев, 1979.

В.​В.​Свірыдаў.

т. 8, с. 293

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІЁН (Lyon),

горад на ПдУ Францыі. Адм. ц. дэпартамента Рона і гал. горад гіст. вобласці Ліянэ. 415 тыс. ж., з прыгарадамі 1,2 млн. ж. (1990). Вузел чыгунак і аўтадарог. Порт пры ўпадзенні р. Сона ў р. Рона. Міжнар. аэрапорт. Важны эканам. і культ. цэнтр краіны. Старадаўні еўрап. цэнтр вытв-сці вырабаў з натуральнага шоўку (з 15 ст.), тканін з штучнага шоўку і сінт. валакна, трыкатажу, фарбавальнікаў. У Л. і прыгарадах буйное станкабудаванне, эл.-тэхн., аўтамаб., хім. (серная кіслата, угнаенні, сінт. каўчук), нафтаперапр., паліграф., фармацэўтычная прам-сць. Метрапалітэн. АН, 4 ун-ты. Музеі: тканін, дэкарацыйнага мастацтва, Ліянэ, выяўл. мастацтваў, архітэктуры. Арх. помнікі: 2 стараж.-рым. т-ры, раманска-гатычныя і гатычныя цэрквы. Штогадовыя еўрап. гандл.-фін. кірмашы (з 15 ст.).

Узнік на месцы паселішчаў галаў. З 43 да н.э. рым. калонія Лугдунум, з 16 да н.э. адм. цэнтр прав. Лугдунская Галія. З 476 сталіца Бургундскага каралеўства. У 534 заваяваны франкамі. У 11—13 ст. у складзе «Свяшчэннай Рымскай імперыі», цэнтр графства Ліянэ, з 1173 — архіепіскапства; у 1245 і 1274 тут праходзілі ўсяленскія саборы. У 1312 горад далучаны да дамена франц. караля. У 16 ст. буйны цэнтр еўрап. гандлю і крэдыту, шаўкаткацтва і кнігадрукавання. У 19 ст. цэнтр рабочага руху, у т. л. Ліёнскіх паўстанняў 1831 і 1834. У 2-ю сусв. вайну акупіраваны ням. войскамі (1942—44), цэнтр Руху Супраціўлення на Пд Францыі.

т. 9, с. 254

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУ́РМАНСКАЯ ВО́БЛАСЦЬ Размешчана на ПнЗ еўрап. часткі Рас. Федэрацыі. Займае Кольскі п-аў і прылеглыя ўчасткі мацерыка. Абмываецца Баранцавым і Белым морамі. Мяжуе на З з Нарвегіяй і Фінляндыяй. Утворана 28.5.1938. Пл. 144,9 тыс. км². Нас. 1051 тыс. чал. (1997), гарадскога 91,8%. Цэнтр — г. Мурманск. Найб. гарады: Апатыты, Манчагорск, Севераморск, Кандалакша, Кіраўск. Прыроду гл. ў арт. Кольскі паўвостраў. Гал. галіны прам-сці — горназдабыўная, каляровая металургія, рыбная. Здабыча жал. (Аленягорск, Коўдар), апатыта-нефелінавых (Хібіны), медна-нікелевых (Печангскі р-н) руд, вермікуліту, мускавіту, пегматыту і інш. Вытв-сць першаснага алюмінію, рафінаванай медзі, нікелю. Лоўля рыбы і здабыча морапрадуктаў. Вытв-сць электраэнергіі на Кольскай АЭС, каскадах ГЭС (на рэках Ніва, Тулома, Паз, Коўда, Вароніна), ЦЭЦ, ДРЭС, Кіслагубскай прыліўнай эл. станцыі. Развіта хім. (апатытавы канцэнтрат, серная к-та), чорная металургія (жалезарудны канцэнтрат), маш.-буд., у т. л. суднабудаванне і суднарамонт, харч., лёгкая, дрэваапр. прам-сць. Вытв-сць буд. матэрыялаў. Асн. галіна сельскай гаспадаркі — жывёлагадоўля. Гадуюць буйн. раг. жывёлу (малочна-мяснога кірунку), паўн. аленяў, птушак, свіней. С.-г. ўгоддзі займаюць каля 0,1% тэрыторыі. Вырошчваюць марозаўстойлівыя і скараспелыя гатункі бульбы, агародніны, кармавых культур. Развіта цяплічная гаспадарка. Транспарт чыг., аўтамаб., марскі, паветраны. Даўж. чыгунак 903 км, аўтадарог 2,3 тыс. км. Гал. чыгунка Мурманск—Санкт-Пецярбург з адгалінаваннямі на Кіраўск, Коўдар, Алакурты і чыгунка Мурманск—Нікель з адгалінаваннем на Лінахамары. Асн. марскі порт — г. Мурманск.

Л.​В.​Лоўчая.

т. 11, с. 34

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРМАВЫ́Х БЯЛКО́ВЫХ РЭ́ЧЫВАЎ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,

галіна мікрабіялагічнай прамысловасці. Вырабляе бялковыя кармавыя рэчывы, пераважна кармавыя дрожджы, з вуглевадароднай і расліннай сыравіны для жывёлагадоўлі. Уключае таксама прадпрыемствы гідролізнай прамысловасці і арган. сінтэзу лесахімічнай прамысловасці.

Прадпрыемствы, якія выкарыстоўваюць вуглевадародную сыравіну з-за высокай матэрыялаёмістасці прадукцыі найчасцей арыентуюцца на цэнтры нафтаперапрацоўкі. Для атрымання 1 т бялку неабходна 2,5 т вуглевадароднай сыравіны. Найб. перспектыўнай сыравінай для атрымання кармавых бялковых рэчываў шляхам мікрабіял. сінтэзу з’яўляецца нафта. Прадпрыемствы, што працуюць на вуглевадароднай сыравіне маюць больш высокі выхад бялковай прадукцыі ў параўнанні з прадпрыемствамі, якія працуюць на сыравіне расліннага паходжання. На сучасным этапе значную ч. ўсіх кармавых дражджэй атрымліваюць на прадпрыемствах гідролізнай прам-сці з расліннай сыравіны (адходы лесапілавання, нетаварная драўніна і нехарч. адходы сельскай гаспадаркі). Прадпрыемствы гідролізнай прам-сці вызначаюцца найбольшай матэрыялаёмістасцю. Для вытв-сці 1 т кармавых дражджэй трэба 6,2 т зыходнай сыравіны, у т. л. 5 т сухой драўніны, а таксама серная к-та, сульфат амонію, суперфасфат, вапна, значная колькасць вады і паліва, таму гідролізная прам-сць таксама арыентуецца на сыравінныя базы.

На Беларусі вытворчасць карм. бялковых рэчываў развіваецца з канца 1960-х г., напачатку на аснове гідролізу драўніны, потым на вуглевадароднай сыравіне, якую атрымліваюць пры нафтаперапрацоўцы. З 1967 кармавыя дрожджы вырабляюць на Бабруйскім гідролізным з-дзе, з 1971 кармавыя, а з 1974 бялковыя дрожджы — на Рэчыцкім доследна-прамысл. гідролізным з-дзе. З 1978 дзейнічае Наваполацкі з-д бялкова-вітамінных канцэнтратаў (папрыну). Сыравінай для яго вытв-сці служаць ачышчаныя вадкія парафіны. З 1983 папрын для с.-г. жывёлы, птушак, пушных звяроў выпускае самы буйны ў краіне Мазырскі з-д кармавых дражджэй. Прадукцыя прадпрыемстваў выкарыстоўваецца ў камбікормавай прам-сці, у жывёлагадоўлі для абагачэння кармоў бялкамі, вывозіцца за межы краіны.

Г.​С.​Смалякоў.

т. 8, с. 76

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАМЕНКЛАТУ́РА ХІМІ́ЧНАЯ,

сістэма назваў хім. элементаў, іх злучэнняў, хім. рэакцый, метадаў і інш., якой карыстаюцца ў хіміі і хім. прам-сці; мова сучаснай хіміі і хім. тэхналогіі. Найб. значэнне маюць наменклатуры: хім. элементаў, іх злучэнняў, спец. стэрэахімічная (гл. Стэрэахімія). Вылучаюць слоўную і сімвальную формы Н.х. (гл. Знакі хімічныя).

Да канца 18 ст. рэчывы і элементы атрымлівалі бессістэмныя (трывіяльныя) назвы, зыходзячы з іх уласцівасцей, імён вучоных-вынаходнікаў (Глаўберава соль), крыніц паходжання (кафеін) і інш.; частка з іх захавалася ў сучаснай Н.х. У 1787 Камісія пад кіраўніцтвам А.Л.Лавуазье прапанавала першую сістэму рацыянальных назваў хімічна індывід. рэчываў паводле прынцыпаў адназначнай адпаведнасці назвы рэчываў іх саставу. У пач. 19 ст. Ё.Я.Берцэліус увёў літарныя сімвалы хім. элементаў і прапанаваў называць рэчывы, зыходзячы з таго, што кожнае злучэнне складаецца з электраадмоўнай і электрададатнай частак. Значны ўклад у развіццё Н.х. зрабілі Жэнеўская (1892), Льежская (1930) і Парыжская (1957) канферэнцыі. Правілы сучаснай Н.х. сфармуляваны Міжнародным саюзам тэарэтычнай і прыкладной хіміі і маюць рэкамендацыйны характар пры стварэнні нац. наменклатуры; пры гэтым увага скіроўваецца ў асн. на стандартызацыю напісання формул хімічных і на фанет. форму. Назвы хім. элементаў утвараюцца шляхам паслядоўнай транскрыпцыі поўнай лац. формы (напр., у англ., франц., ням. мовах — лац. Lithium), захаваннем лац. асновы без канцавых фармантаў (напр., у бел., рус. мовах — бор; лац. Borum) ці з адпаведнымі фармантамі (напр., бел. плаціна). Нац. Н.х. ўключаюць і гіст. назвы (напр., англ. — Copper, бел.кісларод). Пры запісе хім. формул бінарных неарганічных злучэнняў на першае месца ставіцца сімвал больш электрададатнага элемента, аснова назвы якога застаецца нязменнай. Назва электраадмоўнай часткі звычайна мае суфікс «-ід» («-ыд»): аксід, галагенід, гідрыд, сульфід, азід, карбід і інш. Парадак і грамат. афармленне вербальнай формы вызначаецца правіламі і традыцыямі канкрэтнай мовы, дадаткова вызначаюць зарад, валентнасць і інш. (напр., назва PCl3 у англ. мове phosphorus (III) chloride, у бел. — хларыд фосфару (III), ці трыхларыд фосфару). Аналагічна ўтвараюцца назвы псеўдабінарных злучэнняў: гідраксідаў, амідаў, цыянідаў, пераксідаў і інш. Кіслародзмяшчальныя к-ты звычайна маюць традыц. назвы, утвораныя ад назваў кіслотаўтваральных элементаў і спец. суфіксаў і прэфіксаў, якія вызначаюць ступень акіслення, будову і інш. (напр., H2SO4 серная к-та, H2SO3 сярністая к-та, H3PO4 артафосфарная к-та). Солі гэтых кіслот наз. аналагічна бінарным злучэнням: назва электраадмоўнай часткі (аніёна) утвараецца з дапамогай суфіксаў «-ат», «-іт» (напр., Na2SO4 сульфат натрыю, Na2SC3 сульфіт натрыю). Паводле замяшчальнай Н.х. асновай назвы арганічных злучэнняў з’яўляецца гал. вуглевадародны ланцуг, які мае гал. функцыянальную групу. Яго назва ўтвараецца з каранёў грэч. лічэбнікаў (C1 — мет, C2 — эт, C3 — прап і г.д). Кратныя сувязі і гал. функцыян. групу пазначаюць суфіксамі, астатнія групы лічаць замяшчальнікамі і абазначаюць прэфіксамі; становішча замяшчальнікаў у ланцугу паказваюць з дапамогай лічбавых лакантаў, што адпавядаюць нумарам атамаў вугляроду, пры якіх яны знаходзяцца (напр., 1-гідроксі-4-метылпент-3-ен-2-он). У радыкальна-функцыян. Н.х. да назвы простага члена гамалагічнага рада дабаўляюцца назвы радыкалаў (напр., CH3-C ≡ C-CH3 дыметылацэтылен). Асобныя віды Н.х. выкарыстоўваюць у хіміі гетэрацыклічных, прыродных, комплексных злучэнняў.

Літ.:

Номенклатурные правила ИЮПАК по химии: Пер. с англ. Т. 1—6. М., 1979—88;

Кан Р., Дермер О. Введение в химическую номенклатуру: Пер. с англ. М., 1983;

Бокий Г.Б., Голубкова Н.А. Введение в номенклатуру ИЮПАК М., 1989;

Міляшкевіч Я.Г. Этапы станаўлення беларускай хімічнай тэрміналогіі // Хімія: Прабл. выкладання. 1996. Вып. 5.

Т.​Т.​Лахвіч.

Да арт. Наменклатура хімічная. Структурная формула 1-гідроксі-4-метылпент-3-ен-2-он.

т. 11, с. 136

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕАРГАНІ́ЧНАЯ ХІ́МІЯ,

навука пра хім. элементы і ўтвораныя імі простыя і складаныя рэчывы, акрамя арганічных злучэнняў. Асн. задачы Н.х. — даследаванне будовы, саставу і ўласцівасцей простых рэчываў і хім. злучэнняў, навук. абгрунтаванне і распрацоўка спосабаў атрымання матэрыялаў, неабходных сучаснай тэхніцы. Асн. метады даследаванняў грунтуюцца на аналізе (сукупнасць аперацый, скіраваных на вызначэнне якаснага і колькаснага саставу рэчыва) і сінтэзе (атрыманне складаных хім. злучэнняў з больш простых ці з хім. элементаў). У Н.х. выкарыстоўваюцца тэарэт. ўяўленні і метады фізікі, крышталяграфіі, крышталяхіміі, а таксама метады аналіт., фіз. і калоіднай хіміі. Па аб’ектах, якія вывучаюцца, падзяляюць: на хімію асобных элементаў, хімію груп элементаў перыяд. сістэмы (хімія шчолачных металаў, галагенаў, шчолачназямельных элементаў, халькагенаў і інш.), хімію пэўных злучэнняў некаторых элементаў (хімія сілікатаў, пераксідных злучэнняў і інш.), хімію блізкіх па ўласцівасцях і галінах выкарыстання рэчываў (хімія тугаплаўкіх рэчываў, інтэрметалідаў, паўправаднікоў, высакародных металаў, неарган. палімераў і інш.), а таксама хімію элементаў, аб’яднаных у групы па адзнаках, якія склаліся гістарычна (напр., хімія рэдкіх элементаў). Самаст. раздзел Н.х. — каардынацыйная хімія, ці хімія каардынацыйных злучэнняў (ш. Комплексныя злучэнні). Звычайна «адасабляюць таксама хімію пераходных элементаў.

Гісторыя Н.х. пачынаецца з глыбокай старажытнасці; першыя звесткі пра золата, серабро, медзь, волава і інш. металы адносяцца да 3 ст. да н.э. У сярэднія вякі, калі панавала алхімія, былі адкрыты мыш’як, сурма, фосфар, цынк, вісмут, атрыманы к-ты (серная, саляная, азотная), некаторыя солі і інш. неарган. злучэнні. Як самаст. навука пачала развівацца ў 18—19 ст., калі былі ўстаноўлены асн. законы хім. атамістыкі: законы захавання масы пры хім. рэакцыях (М.​В.​Ламаносаў, 1756; А.​Лавуазье, 1770), пастаянства саставу (Ж.​Пруст, 1801—07), кратных адносін закон (Дж.​Дальтан, 1803). У пач. 19 ст. Ё.​Я.​Берцаліус апублікаваў табліцу атамных мас 45 вядомых элементаў; А.​Авагадра і Ж.​Л.​Гей-Люсак адкрылі газавыя законы; П.​Л.​Дзюлонг і А.​Пці вынайшлі правіла, што звязвае цеплаёмістасць з колькасцю атамаў у злучэнні; Г.​І.​Гес адкрыў закон пастаянства колькасці цеплаты (гл. Геса закон) узнікла атамна-малекулярная тэорыя. У 1807 Г.​Дэві ажыццявіў электроліз гідраксідаў натрыю і калію і ўвёў у практыку новы метад атрымання простых рэчываў. У 1834 М.​Фарадэй апублікаваў асн. законы электрахіміі. Наступны этап у развіцці Н.х. звязаны з адкрыццём перыяд. закону і перыядычнай сістэмы элементаў Мендзялеева (1869), а таксама з дасягненнямі фізікі, якія дазволілі даць перыяд. закону фіз. абгрунтаванне, заснаванае на тэорыі будовы атама. У пач. 20 ст. прапанаваны першыя электронныя тэорыі валентнасці (В.​Косель, 1915; Г.​Льюіс, 1916), распрацаваны асновы каардынацыйнай хіміі (Л.​А.​Чугаеў, І.​І.​Чарняеў). Даследаванне прыроднай радыеактыўнасці прывяло да адкрыцця прыродных радыеактыўных элементаў і ўзнікнення радыяхіміі. Адкрыццё ў 1934 штучнай радыеактыўнасці дазволіла атрымаць новыя хім. элементы і ізатопы, запоўніць прабелы ў перыяд. сістэме элементаў і дабудаваць яе трансуранавымі элементамі. Развіццё ядз. энергетыкі, рэактыўнай тэхнікі, электронікі спрыяла стварэнню новых сінт. матэрыялаў і тэхналогій з выкарыстаннем дасягненняў у галіне тэхнікі высокіх тэмператур і ціску, глыбокага вакууму, распрацоўкі метадаў атрымання матэрыялаў высокай чысціні. Важная задача сучаснай Н.х. — даследаванне хім. уласцівасцей і спосабаў атрымання рэдкіх металаў (ніобій, тытан, малібдэн, тантал) і сплаваў на іх аснове, вывучэнне неарганічных палімераў і сіталаў. Н.х. з’яўляецца таксама навук. базай хім. вытв-сці неарган. рэчываў (солей, Кіслот, шчолачаў і інш.), неабходных для развіцця цяжкай індустрыі і сельскай гаспадаркі.

На Беларусі даследаванні па Н.х. вядуцца ў Ін-це агульнай і неарган. хіміі Нац. АН (сінтэз эмаляў, адсарбентаў, каталізатараў, керамічных матэрыялаў і мінер. угнаенняў), Ін-це фізікі цвёрдага цела і паўправаднікоў Нац. АН і БДУ (сінтэз звышцвёрдых і паўправадніковых матэрыялаў, сегнетаэлектрыкаў і ферытаў), Бел. тэхнал. ун-це (фосфарныя ўгнаенні, пераўскіты, ферыты), НДІ будматэрыялаў (пенашкло, пенабетон, вапна і інш.), Бел. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі (паўправадніковыя злучэнні).

Літ.:

Джуа М. История химии: Пер. с итал. М., 1975;

Штрубе В. Пути развития химии: Пер. с нем. Т. 1—2. М., 1984.

У.​С.​Камароў.

т. 11, с. 258

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́НГА (Congo),

Дэмакратычная Рэспубліка Конга (République Démocratique du Congo), дзяржава ў Цэнтр. Афрыцы, у бас. р. Конга, на Пн і Пд ад экватара. Мяжуе на Пн з Цэнтр.-афр. Рэспублікай і Суданам, на У з Угандай, Руандай, Бурундзі, Танзаніяй (з апошнімі дзвюма — на воз. Танганьіка), на Пд з Замбіяй і Анголай, на З з Рэспублікай Конга і мае выхад да Атлантычнага ак. (у вусці р. Конга). Пл. 2345 тыс. км². Нас. 47 440 тыс. чал. (1997). Дзярж. мова — французская, шырока ўжываюцца мясц. мовы банту: кіконга (на З), лінгала (у цэнтр. ч.), суахілі (на У), чылуба (на Пд і ПдУ). Сталіца — г. Кіншаса. Краіна падзяляецца на 9 правінцый (у т. п. Кіншаса ўтварае самаст. адм.-тэр. адзінку). Нац. святы — Дзень незалежнасці (30 чэрв.), Дзень рэвалюцыі (24 лістапада).

Дзяржаўны лад. К. — рэспубліка. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт.

Прырода. У цэнтры краіны ўпадзіна Конга. Найб. нізкая яе частка — плоская алювіяльная раўніна выш. 300—500 м. На ПнУ і Пд упадзіна абкружана сталовымі пясчанікавымі плато выш. 500—1000 м, якія паступова пераходзяць у краявыя ўзвышшы. На ПдУ і У — горы Мітумба. Уздоўж усх. граніцы — сістэма глыбокіх скідавых упадзін (гл. Усходне-Афрыканская рыфтавая сістэма) на ўскраінах якой масіў Рувензоры (пік Маргерыта, 5109 м), вулканічная група Вірунга (г. Карысімбі, 4507 м); вобласць грабена характарызуецца сейсмічнай актыўнасцю. Карысныя выкапні: медныя, марганцавыя, алавяныя і ўранавыя руды, нафта, кобальт, цынк, кадмій, серабро, золата, марганец, германій і інш. Радовішчы алмазаў. Клімат экватарыяльны, пастаянна вільготны, на паўд. і паўн. ускраінах субэкватарыяльны. Сярэднія т-ры самага цёплага месяца (сак. або крас.) 24—28 °C, самага халоднага (ліп. або жн.) 22—25 °C. Ападкаў у экватарыяльнай зоне 1700—2200 мм за год (у гарах да 2500 мм), на Пн 1300—1500 мм, на Пд 1000—1200 мм. Рачная сетка густая і мнагаводная. Большасць рэк належыць да бас. р. Конга (Заір); яе прытокі Арувімі, Убангі (правыя), Ламамі, Лулонга, Рукі, Ква (левыя). Шмат вадаспадаў і парогаў. Запасы гідраэнергіі больш за 400 млн. кВт. На У у скідавых упадзінах ланцуг вял. азёр: Мабуту-Сесе-Сека (Альберт), Эдуард, Ківу, Танганьіка. Шмат балот. Каля палавіны тэрыторыі займаюць вечназялёныя вільготныя трапічныя лясы на чырвона-жоўтых фералітавых глебах (каштоўныя віды — чырвонае, жоўтае, эбенавае дрэва, ліба, агба, цік і інш.). На Пд і Пн — сезонна вільготныя субэкватарыяльныя лясы і другасныя высакатраўныя саванны на чырвоных фералітавых глебах. На крайнім Пд і ПдУ — сухія лістападныя трапічныя рэдкалессі (паркавая саванна) на карычнева-чырвоных глебах. У гарах вышынная пояснасць. Жывёльны свет багаты і разнастайны: малпы, сланы, буйвалы, антылопы, насарогі, зебры, жырафы, ільвы, леапарды, шакалы; у рэках і азёрах — бегемоты і кракадзілы. Нац. паркі: Вірунга, Упемба, Ківу, Салонга, Гарамба, Кахузі-Біега і інш.; некалькі рэзерватаў.

Насельніцтва. Пражывае больш за 200 плямён і народнасцей негроіднай расы. Моўная група банту (народы балуба, баконга, монга і інш.) складае больш за 80% насельніцтва. На Пн жывуць народы, што гавораць на суданскіх мовах: азандэ, нгабанды, банда і інш.; на граніцы з Угандай і Суданам — нілоты (алур, бары і інш.); на ПнУ у лясах бас. р. Ітуры — пігмеі (плямёны эфе, басуа, бакве). Невял. групы еўрапейцаў, пераважна бельгійцаў. Каля 54% вернікаў — хрысціяне (найбольш католікі), з прытрымліваецца мясц. традыцыйных культаў. Сярэднегадавы прырост насельніцтва больш за 3% (1990—95). Сярэдняя шчыльн. насельніцтва 20 чал. на 1 км², у прамысл. раёнах на Пд і горных раёнах на У — да 100 чал. на 1 км², у трапічных лясах менш за 1 чал. на 1 км². Гарадскога насельніцтва каля 30% (1995). Найб. гарады (тыс. ж., 1992): Кіншаса — 4241, Лубумбашы — 810, Мбужы-Майі — каля 500, Кананга і Кісангані — каля 350, Букаву — каля 250. У сельскай гаспадарцы занята 76% працоўных, у прам-сці — 16%.

Гісторыя. Тэр. К. заселена чалавекам з эпохі палеаліту. У пач. н. э. тут рассяліліся народы банту, якія мелі шэраг дзярж. утварэнняў: Конга (13—19 ст.), Каконга і Нгойо (16—20 ст.), Матамба (14—17 ст.; усе ў нізоўях р. Конга); Куба (16—20 ст.; бас. р. Касаі); Лунда (16—19 ст.; бас. р. Кванга); Луба (16—19 ст.; плато Катанга). У 1484—1486 вусце р. Конга наведаў партуг. мараплавец Д.​Кан. У 1491 правіцель К. прыняў хрышчэнне і каталіцтва стала дзярж. рэлігіяй. Гандаль рабамі з сярэдзіны 16 ст. прывёў да заняпаду і абязлюдзення гэтых дзяржаў. У 1876 бельг. кароль Леапольд II заснаваў Міжнар. асацыяцыю К. (МАК). Карыстаючыся супярэчнасцямі паміж Вялікабрытаніяй, Францыяй, Германіяй і Партугаліяй, МАК да пач. 20 ст.

ўсталявала кантроль над вялікай тэрыторыяй у бас. р. Конта, дзе была створана Свабодная дзяржава К. (СДК) на чале з Леапольдам II. У 1908 ён перадаў СДК Бельгіі, якая ўтварыла калонію Бельг. К. Галоўным у палітыцы бельг. улад у адносінах да афр. насельніцтва быў патэрналізм — жорсткі, нават у параўнанні з інш. еўрап. калоніямі, кантроль і рэгуляванне ўсіх бакоў яго жыцця. У 1920—30-я г. формай масавай барацьбы афрыканцаў сталі рэліг.-паліт. рухі, найб. значны з іх — кімбангізм. У 1946 з дазволу ўлад тут створаны прафсаюзы і культ.-асв. арг-цыі, на базе якіх у 1950-я г. сфарміраваліся паліт партыі (пераважна на этн. аснове). Пасля беспарадкаў у Леапальдвілі (цяпер г. Кіншаса) бельг. ўрад згадзіўся на перагаворы пра незалежнасць К.

У маі 1960 адбыліся парламенцкія выбары, 30.6.1960 абвешчана незалежнасць К. Прэзідэнтам выбраны лідэр Асацыяцыі народа баконга Ж.​Касавубу, прэм’ер-міністрам — лідэр Нар. руху К.П.Э.Лумумба. У ліп. 1960 правінцыі Катанга і Касаі абвясцілі незалежнасць. Масавы ад’езд бельг. чыноўнікаў паралізаваў працу дзярж. апарата. Урад Лумумбы звярнуўся за дапамогай у ААН і да СССР. У вер. 1960 ген. С.С.Мабуту скінуў урад Лумумбы, сам ён быў арыштаваны і забіты. Новы ўрад С.​Адулы пры падтрымцы войск ААН да студз. 1963 спыніў сепаратысцкі рух. Эканам. крызіс і канфлікты ва ўрадзе падштурхнулі Касавубу да ўвядзення ў вер. 1963 надзвычайнага становішча. Ва ўсх. К. пачаўся паўстанцкі рух, у вер. 1964 у Стэнлівілі (цяпер Кісангані) абвешчана Нар. рэспубліка К. (НРК). Касавубу прызначыў прэм’ерам б. кіраўніка катангскіх сепаратыстаў М.​Чомбе. Яго ўрад пры дапамозе наёмнікаў і ўзбр. ўмяшання зах. дзяржаў ліквідаваў НРК. Выбары 1965 не прынеслі перамогі ніводнай з партый, а ва ўмовах паліт. крызісу 24.11.1965 ген. Мабуту скінуў Касавубу і абвясціў сябе прэзідэнтам. Ён забараніў усе партыі, акрамя прэзідэнцкага Нар. руху рэвалюцыі. Адзінай ідэалогіяй абвешчана дактрына «сапраўднага заірскага нацыяналізму» (у 1971—97 К. наз. Рэспубліка Заір). У знешняй палітыцы Мабуту падтрымліваў сувязі з ЗША і інш. краінамі Захаду, якія дапамаглі яму ліквідаваць шэраг паўстанняў супраць рэжыму. Спыненне падтрымкі Захаду ў канцы 1980-х г. і пагаршэнне эканам. становішча прымусіла Мабуту пайсці на дыялог з апазіцыяй. У крас. 1991 склікана Нац. канферэнцыя ўсіх партый і рухаў, якая распрацавала да ліст. 1992 праект канстытуцыі «Федэратыўнай рэспублікі К.», але ўрад зацягваў правядзенне ўсеагульных выбараў. З 1994 К. ўцягнута ў канфлікт паміж плямёнамі хуту і тутсі ў суседняй Руандзе. Спроба дэпартаваць тутсі (баньямуленге) у кастр. 1996 прывяла да іх паўстання. Пры іх падтрымцы быў створаны Альянс сіл за вызваленне Конга-Заіра на чале з Л.​Кабіла, які стаў прэзідэнтам К. (з мая 1997). К. — чл. ААН (з 1960), Арг-цыі афр.

адзінства. Дзейнасць паліт. партый прыпынена ў маі 1997, узбр. сілы распушчаны.

Гаспадарка. К. — агр. краіна з развітой горназдабыўной прам-сцю і каляровай металургіяй. Штогадовы даход на 1 чал. каля 400 дол. ЗША. Займае 1-е месца па здабычы кобальту (каля 70% сусв. вытв-сці), буйнейшы вытворца тэхн. алмазаў (каля 30% сусв. вытв-сці). У структуры валавога ўнутр. прадукту вядучыя пазіцыі займаюць сельская і лясная гаспадаркі (31,4%), здабыча карысных выкапняў і каляровая металургія (26,9%), гандаль і паслугі (33,9%). З 1970-х г. назіраецца спад у сац.-эканам. развіцці. Палітыка ўрада накіравана на заахвочванне замежных інвестыцый і нац. прыватнага прадпрымальніцтва. Краіна значна пацярпела ў выніку ваен. дзеянняў 1996—98. Сельская гаспадарка забяспечвае 70% патрэб у прадуктах харчавання. Пераважаюць дробныя сял. гаспадаркі (больш за 80% апрацаваных зямель і каля 60% валавой прадукцыі), тэхнічна слаба аснашчаныя, захоўваецца аблогавае лядна-агнявое земляробства. Ёсць буйныя высокатаварныя плантацыі і жывёлагадоўчыя гаспадаркі, якія належаць замежнаму, прыватнаму і дзярж. капіталу. Агульная плошча с.-г. зямель каля 32,6 млн. га, у т. л. ворных зямель і са шматгадовымі насаджэннямі каля 7,8 млн. га, пад лугамі і пашамі каля 24,8 млн. га. Пад пашу выкарыстоўваюць розныя тыпы саваннаў і трапічных рэдкалессяў. Асн. экспартныя культуры (тыс. т, 1994): кава — 78, каўчук — 20, чай — 3, какава — 7, бавоўна — 26, алейная пальма, цукр. трыснёг, бананы, пірэтрум, хіннае дрэва, эфіраалейныя культуры. Вырошчваюць каву ва ўпадзіне Конга і на Пд (гатунак «рабуста»), на У (гатунак «арабіка»), гевею ў прыэкватарыяльнай зоне ад вусця да сярэдняга цячэння р. Конга, чай у горных раёнах на У, какаву ў прыэкватарыяльных раёнах. Для ўнутр. спажывання вырошчваюць (тыс. т, 1994): маніёк — 20 835, кукурузу — 1201, рыс — 458, бананы — 406, цукр. трыснёг — 1400, тытунь — 3, арахіс — 604, батат — 385, ямс — 315, кунжут, сізаль, проса, сорга. Жывёлагадоўля пераважна мяснога кірунку, развіта слаба, найб. на У і Пд краіны ў саваннах і рэдкастойных лясах свабодных ад мухі цэцэ. Пагалоўе (млн. галоў, 1994): буйн. раг. жывёлы — 1,7, коз — 4,1, свіней — 1,2, авечак — 1. Птушкагадоўля. Буйныя лясныя рэсурсы эксплуатуюцца пераважна ўздоўж рэк і чыгунак. У 1995 нарыхтавана 551,7 тыс. м драўніны і лесаматэрыялаў. Здабыча капалу (драўніннай смалы, якая ідзе на выраб высакаякасных лакаў). Паляўніцтва і збор дзікарослых раслін, у т. л. пладоў дзікарослай алейнай пальмы. Рыбалоўства пераважна ў рэках і азёрах — 147 тыс. т (1994). У прамысловасці найб. развіты горназдабыўная і металургічная галіны. Электраэнергетыка заснавана пераважна на эксплуатацыі гідрарэсурсаў. Буйнейшыя ГЭС Інга (на ніжнім Конга), Нзіла і Нсеке (на Луалабе), Мвадынгуша і Коні (на Луфіры). У 1995 атрымана 6 млрд. кВтгадз электраэнергіі. Прадпрыемствы горназдабыўной прам-сці і каляровай металургіі ў асноўным належаць дзярж. кампаніі ЖЭКАМІН. Гал. горнапрамысл. раён краіны на Пд у прав. Шаба (б. Катанга). Там вядзецца здабыча медных, кобальтавых, цынкавых, марганцавых, алавяных і інш. руд, на базе якіх развіта каляровая металургія ў гарадах Лубумбашы (медзь), Лікасі (медзь, кобальт, кобальтавыя сплавы), Калвезі (цынк, кадмій, германій), Луілу (медзь, кобальт), Манона (волава, тантал-ніобіевыя канцэнтраты). У бас. р. Касаі здабыча алмазаў (пераважна тэхнічных, цэнтр — г. Мбужы-Майі), у шэльфавай зоне каля вусця Конга — нафты (перапрацоўка ў г. Кінлао). У 1994 атрымана (тыс. т): чарнавой медзі — 430, рафінаванай медзі — 57, кобальту — каля 10, цынку — 36, волава — 1,8, каменнага вугалю — 128; алмазаў — 12 млн. каратаў, золата — 7 т, серабра — 35 т. З інш. галін апрацоўчай прам-сці найб. развіты хім. і нафтахім. галіны.

Асн. прадукцыя — серная кіслата, кісларод, ацэтылен, выбуховыя рэчывы, лакі, фарбы, ядахімікаты, пластмасы. гумавыя вырабы. Развіваюцца фармакалагічныя і парфумерная галіны. Гал. прамысл. цэнтры — Кіншаса, Лубумбашы, Мбужы-Майі, Кісангані, Лікасі, Калвезі, Кананга. Старэйшая галіна — тэкстыльная, працуе на мясц. сыравіне; асн. яе цэнтры Кіншаса, Лубумбашы. Букаву. Там жа швейная, трыкат. і гарбарна-абутковая прам-сць. Асн. галіны харч. прам-сці — алейная (перапрацоўка пладоў алейнай пальмы), цукр., ніваварная, тытунёвая, мукамольная, хлебапякарная, кандытарская, кава- і рысаачышчальная, рыбная, маргарынавая. малочная. Прадпрыемствы буд. індустрыі вырабляюць цэмент, трубы, цэглу. бетонныя вырабы, шкло, абліцовачны матэрыял і інш. Ёсць прадпрыемствы маш.-буд. (электратэхніка, аўтазборка, суднабудаванне і суднарамонт), металаапр., дрэваапр., фанернай, мэблевай, папяровай прам-сці; асн. іх цэнтры — Кіншаса і Лубумбашы. У транспарце гал. ролю адыгрываюць водныя шляхі, якія дапаўняюцца (на парожыстых участках рэк) чыгункамі і аўтадарогамі. Працягласць унутр. суднаходных шляхоў каля 16 тыс. км, чыгунак 5,1 тыс. км (з іх 858 км электрыфікавана), аўтадарог 145 тыс. км, з іх 2,4 тыс. км асфальтаваных. Важнейшы рачны порт — Кіншаса. Марскія парты — Матады і Бома. Важная роля ў вывазе прадукцыі з прав. Шаба належыць партам Лабіту (у Анголе), Бейра (у Мазамбіку) і Дарэс-Салам (у Танзаніі). Развіты авіятранспарт. Міжнар. аэрапорты ў Кіншасе, Лубумбашы, Кісангані. У 1995 экспарт склаў 1,45 млрд. дол., імпарт — 0,87 млрд. дол. Каля 90% экспарту складае мінер. сыравіна (медзь, кобальт, цынк, волава, кадмій, вальфрам і інш. металы: алмазы), каля 10% — с.-г. прадукты (кава, пальмавы алей, чай, какава, маніёк, каўчук). У імпарце пераважаюць машыны, абсталяванне, трансп. сродкі, прадукцыя лёгкай і харч. прам-сці. Гал. гандл. партнёры: Бельгія і Люксембург (36% экспарту, 15% імпарту), ЗША (17% экспарту, 7% імпарту), Францыя, Германія, Японія, Вялікабрытанія, Бразілія, Італія. Грашовая адзінка — кангалезскі франк.

Асвета. Сістэма адукацыі К. ўключае дзіцячыя сады (пераважна прыватныя, для дзяцей 3—5 гадоў), дзярж. і прыватныя пач. і сярэднія школы, прафес. ўстановы і ўстановы паслясярэдняй адукацыі, ВНУ. Ёсць канфесійныя школы. Навучанне ў пач. школе з 6-гадовага ўзросту, абавязковае, бясплатнае. Тэрмін навучання 6 гадоў. Базавы ўзровень адукацыі — заканчэнне 1-й ступені сярэдняй школы (2 гады навучання пасля пач. школы; платнае). Навучанне ў сярэдняй школе (выкладаюць пераважна замежныя настаўнікі) вядзецца асобна на 4 аддзяленнях: гуманіт. і пед. да 6 гадоў, прыродазнаўчае да 5, тэхн. да 3 гадоў навучання. Усе аддзяленні даюць права паступлення ў ВНУ. Навучанне ў пач. і сярэдняй школах на франц. мове. Прафес. падрыхтоўку даюць поўныя сярэднія спец. школы і тэхнікумы. Сістэма вышэйшай адукацыі ўключае ун-ты і ін-ты. Навучанне ва ун-тах мае 2 цыклы: першы (3-гадовы) дае няпоўную вышэйшую адукацыю, 2-і — поўную (дадаткова 2 гады навучання). Пры ўсіх ун-тах ёсць аспірантура. Ун-ты ў Кіншасе (з 1954; асн. навук. цэнтр К.), Лубумбашы (з 1955), Кісангані (з 1963); ін-т агранамічных навук у Янгамбі, пед. ін-т і Нац. акадэмія прыгожых мастацтваў у Кіншасе. Самая буйная б-ка К. — пры ун-це ў Кіншасе. Музеі: Нац. ў Кіншасе, Краязнаўчы ў г. Кананга, афр. мастацтва ў Лубумбашы, геал. ў Лікасі, Музей экватара (прадметы афр. побыту, мастацтва і інш.) і бат. сад Эала ў г. Мбандака. Навук. даследаванні вядуць н.-д. цэнтры і ін-ты.

Літ.:

Винокуров Ю.Н., Орлов А.С., Субботин В.А. История Заира в новое и новейшее время. М., 1982.

З.​М.​Шуканава (прырода, насельніцтва, гаспадарка).

Герб і сцяг Конга (Дэмакратычная Рэспубліка Конга).
Да арт. Конга (ДРК). У нацыянальным парку Вірунга.
Да арт. Конга (ДРК). Сялянская хаціна ў цэнтральным раёне краіны.

т. 8, с. 400

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)