ЕЎРАПЕ́ЙСКІ САЦЫЯ́ЛЬНЫ ФОНД (European Social Fund),
фонд Еўрапейскай эканамічнай супольнасці, накіраваны на павышэнне занятасці ў краінах — членах Супольнасці праз аказанне фін. дапамогі ў перападрыхтоўцы і перасяленні рабочых. Засн. ў 1959; у выніку рэформы 1971 больш дакладна вызначаны прыярытэты яго дзейнасці. Фонд дае субсідыі для развіцця прафес. адукацыі, фінансавання праграм павышэння занятасці, развіцця галін, якія перажываюць спад, дапамогі ў працаўладкаванні імігрантам. жанчынам. Вялікая ўвага аддаецца фінансаванню праграм па ўладкаванні моладзі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЭКАНАМІ́ЧНЫ І САЦЫЯ́ЛЬНЫ САВЕ́Т ААН (ЭКАСАС),
адзін з галоўных органаў Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, які каардынуе яе эканам. і сац. дзейнасць, спецыялізаваных устаноў і органаў ААН. З’яўляецца цэнтр. форумам па абмеркаванні міжнар. праблем глабальнага і міжгаліновага характару і па выпрацоўцы рэкамендацый адносна палітыкі па гэтых праблемах. Складаецца з 54 членаў ААН (у т. л. Рэспубліка Беларусь), якія выбіраюцца Ген. Асамблеяй. Савет вядзе даследаванні і складае даклады па міжнар. пытаннях з адпаведнымі рэкамендацыямі; арганізоўвае абмеркаванні міжнар.эканам. і сац. праблем, распрацоўвае рэкамендацыі для дзяржаў-членаў; кантралюе і ацэньвае агульную стратэгію і першачарговыя задачы ў эканам. і сац. галінах; забяспечвае ўзгадненне і практычнае аператыўнае ажыццяўленне дырэктыўных рашэнняў і рэкамендацый; каардынуе агульную дзейнасць арг-цый сістэмы ААН; праводзіць усебаковыя агляды палітыкі ў галіне аператыўнай дзейнасці. У склад Савета ўваходзяць: 6 функцыянальных камісій і падкамісій (сац. развіцця, па кантролі за наркатычнымі сродкамі, па навуцы, тэхніцы, па статыстыцы, транснацыянальных карпарацыях); 5 рэгіянальных камісій (гл.Эканамічныя камісіі ААН); 2 пастаянныя падкамітэты (для праграм і каардынацыі; па непасрэдных арганізацыях); 7 экспертных органаў (камітэт па развіцці планавання; спец. група экспертаў па міжнар. супрацоўніцтве ў галіне падаткаабкладання; камітэты па транспарціроўцы грузаў, па эканам., сац. і культ. правах, па нац. рэсурсах і інш.).