ДАРАШЭ́ВІЧ (Улас Міхайлавіч) (17.1.1865, Масква — 22.2.1922),
рускі журналіст, публіцыст, тэатр. крытык. Друкавацца пачаў ананімна з 1881 у газ. «Московский листок» (гумарыстычныя сцэнкі, рэпарцёрскія нататкі). З 1893 супрацоўнік газ. «Одесский листок». У 1902—18 рэдагаваў газ. «Русское слово». Майстар вострых, папулярных фельетонаў («кароль фельетона»), у якіх выкрываў царскіх міністраў, суд. сістэму, правінцыяльныя норавы. Аўтар рэаліст. нарысаў пра сахалінскую катаргу («Сахалін», ч. 1—2, 1903), тэатр. нарысаў і рэцэнзій пра артыстаў Ф.Шаляпіна, М.Ярмолаву, М.Савіну і інш. (кн. «Старая тэатральная Масква», 1923), нарысаў мемуарнага і літ.-крытычнага характару пра А.Чэхава, Л.Талстога, М.Горкага, У.Караленку, В.Верасаева і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САХАЛІ́НСКАЯ ВО́БЛАСЦЬ.
Размешчана на крайнім У Расійскай Федэрацыі, на а-вах Сахалін, Курыльскіх, Манерон, Цюленевы і інш. Абмываецца Ахоцкім і Японскім морамі. Утворана 20.10.1932. Пл. 87,1 тыс.км². Нас. 599 тыс.чал. (2000), гарадскога 86%. Цэнтр — Южна-Сахалінск. Найб. гарады: Холмск, Карсакаў, Аха, Паранайск. Прыроду гл. ў арт.Сахалін і Курыльскія астравы.
У гаспадарцы вядучае месца належыць прам-сці (60% сукупнага прадукту). Гал. галіна прам-сці — рыбная (32% валавой прадукцыі) прадстаўлена здабычай і перапрацоўкай рыбы (ласось, селядзец, сайра, камбала, мінтай, скумбрыя, траска і інш.), крабаў, крэветак, малюскаў, кальмара, водарасцей; улоў рыбы і морапрадуктаў 507 тыс.т, выраблена 367,3 тыс.тхарч. рыбных прадуктаў (1999). Паліўна-энергет. комплекс уключае здабычу нафты (1,7 млн.т, 1999; запасы — 36,5 млн.т), газу (1,8 млрд.м³; 56,5 млрд.м³), каменнага і бурага вугалю (2,5 млн.т; 20 млрд.т), торфу, вытв-сць электраэнергіі (2,5 млрд.кВт∙гадз). Асн. цэнтры здабычы нафты і газу — Аха, Тунгор; вугалю — Паранайск, Вуглягорск, Шахцёрск, торфу — Тым-Паранайская нізіна. Сахалінская ДРЭС, Южна-Сахалінская ЦЭЦ-1, Ахінская ЦЭЦ; на в-ве Кунашыр першая геатэрмальная эл. станцыя. Развіты лесанарыхтоўка, дрэваапрацоўчая і цэлюлозна-папяровая прам-сць (вытв-сць кардону, цэлюлозы, паперы, дзелавой драўніны, піламатэрыялаў), машынабудаванне і металаапрацоўка (рамонт абсталявання, вытв-сць металавырабаў, суднабудаванне і суднарамонт), лёгкая і харч.прам-сць. Вытв-сцьбуд. матэрыялаў. Пад пасяўнымі пл. 41,6 тыс.га. Пераважае ачаговая прыгарадная сельская гаспадарка. Вырошчваюць кармавыя культуры, бульбу, агародніну. Малочнамясная жывёлагадоўля. Гадуюць буйн. раг. жывёлу, свіней, авечак, коз. Птушкагадоўля. Зверагадоўля, на Пн — аленегадоўля. Паляўнічы промысел. Рыбагадоўля (пераважна ласасёвыя). Збор ягад і раслін. Даўж. чыгункі 957 км, аўтадарог з цвёрдым пакрыццём 1808 км. Паромная чыг. пераправа Холмск—Ваніна і Карсакаў—Ваканай (Японія). Марскі транспарт. Гал. парты: Холмск, Карсакаў, Невельск, Вуглягорск, Аляксандраўск-Сахалінскі, Маскальво. Аэрапорт у г. Южна-Сахалінск. Нафта- і газаправод Аха—Камсамольск-на-Амуры. Бальнеалагічныя курорты: Сінягорскія мінер. воды (г. Южна-Сахалінск) і Гарачы Пляж (в-аў Кунашыр).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎГУСЦІНО́ВІЧ (Тамаш) (Фама) Мацвеевіч (1809, Віленская губ. — 1891),
лекар, батанік, падарожнік. Скончыў Свіслацкую гімназію, вучыўся на мед. ф-це Віленскага ун-та, пасля яго закрыцця — у Кіеўскай медыка-хірург. акадэміі (1830—35). Працаваў вайск. лекарам, штаб-лекарам у Бранску (1835—43), лекарам і інспектарам на Украіне і ў Палтаўскай губ. (1845—53). Удзельнічаў у навук. экспедыцыях Рас.геагр.т-ва на Урал (1870), у Забайкалле, Прыморскі край і на Сахалін (1871 — 72), у Табольскую губ. на р. Об і Іркуцкую губ. на р. Лена (1874), на Чукотку (1875—76). Навук. даследаванні прысвечаны флоры Беларусі, Украіны, Паўн.-Усх. Сібіры і Д.Усходу. Аўтар альбома хірург. інструментаў (1835). У гонар Аўгусціновіча названы від асакі Carex augustinoviczii Meinsh.
Тв.:
О дикорастущих врачебных растениях Полтавской губернии. Киев, 1853;
Три года в Северо-Восточной Сибири за Полярным кругом // Древняя и новая Россия. 1880. Т. 18, № 12.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАСІ́ЙСКА-АМЕРЫКА́НСКАЯ КАМПА́НІЯ,
гандлёвае аб’яднанне ў Расіі ў 1799—1868. Засн. з мэтай асваення рас. уладанняў у Амерыцы, Курыльскіх і інш. астравоў. Напачатку праўленне кампаніі размяшчалася ў Іркуцку, з 1800 — у Пецярбургу. Кампанія атрымала ў манапольнае карыстанне ўсе промыслы і карысныя выкапні гэтых тэрыторый, права арганізоўваць экспедыцыі, займаць новаадкрытыя землі і гандляваць з суседнімі краінамі. Кампанія стварыла ў «Рускай Амерыцы» пастаянныя паселішчы, суднабудаўнічыя верфі, майстэрні і інш., у 1804—40 пры ўдзеле рас. ўрада арганізавала 25 экспедыцый, у т. л. 15 кругасветных (І.Ф.Крузенштэрна і Ю.Ф.Лісянскага і інш.), вяла геагр. і этнагр. даследаванні на Алясцы, удзельнічала ў засяленні в-ва Сахалін і Прыамур’я, садзейнічала пашырэнню ў шэрагу раёнаў агародніцтва, хлебаробства і жывёлагадоўлі. Дзейнасць кампаніі ўскладнялася моцнай канкурэнцыяй брыт. і амер. прадпрымальнікаў. У сувязі з продажам амер. уладанняў Расіі ЗША Р.-а.к. ў 1868 скасавана.
Літ.:
История Русской Америки, 1732—1867. Т. 1—3. М., 1997—99.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САН-ФРАНЦЫ́СКІ МІ́РНЫ ДАГАВО́Р 1951,
дагавор з Японіяй пасля 2-й сусв. вайны. Падпісаны 8 вер. на міжнар. мірнай канферэнцыі (праходзіла 4—8.9.1951; склікана ЗША і Вялікабрытаніяй) у г.Сан-Францыска (ЗША) прадстаўнікамі 49 з 52 дзяржаў-удзельніц. Не падпісалі дагавор СССР (дэлегацыю ўзначальваў А.А.Грамыка), Польшча і Чэхаславакія, прадстаўнікі Кіт.Нар. Рэспублікі і Тайваня не былі запрошаны, Індыя і Бірма адмовіліся ад удзелу ў канферэнцыі. Падрыхтаваны ўрадамі ЗША і Вялікабрытаніі на працягу лют. 1946—жн. 1951. Складаўся з 7 раздзелаў (27 артыкулаў). Спыніў стан вайны паміж Японіяй і ўдзельнікамі дагавора. Японія прызнавала незалежнасць Карэі і рашэнні Савета Бяспекі ААН пра былыя падмандатныя яп.тэр., адмаўлялася ад прэтэнзій на Курыльскія а-вы, Паўд.Сахалін, в-аў Тайвань, а-вы Пэнхуледао, Спратлі і Парасельскія. Дэклараваў спыненне амер.акупац. рэжыму ў Японіі, але амер. войскі заставаліся ў краіне на няпэўны тэрмін. 8 вер. ў Сан-Францыска дзярж. сакратар ЗША Д.Ачэсан і прэм’ер-міністр Японіі Ёсіда Сігэру падпісалі таксама двухбаковы «дагавор бяспекі» (гл. ў арт.Амерыкана-японскія дагаворы 1951, 1960). Абодва дагаворы набылі сілу 28.4.1952. С.-ф.м.д. 1951 не вырашыў праблему тэр. размежавання паміж Японіяй і СССР і пытанні нармалізацыі адносін Японіі з Кіт.Нар. Рэспублікай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́ТАРГА (ад познагрэч. katergon галера),
асобы від пакарання за крымін. і паліт. злачынствы, што спалучаў пазбаўленне волі з асоба строгім рэжымам, у т. л. закоўванне ў кайданы і цялесныя пакаранні, і прыцягненнем зняволеных да цяжкай фіз. працы. Узнікла ў сярэднія вякі ў шэрагу еўрап. краін спачатку як адпраўка засуджаных грабцамі на галеры (адсюль назва), потым з’явіліся спец. катаржныя турмы. У Расіі вядома з пач. 18 ст.; з канца 18 ст. пасля падзелаў Рэчы Паспалітай на К. пачалі ссылаць дзярж. злачынцаў і з Беларусі. Праца катаржан у Расіі выкарыстоўвалася пры буд-ве крэпасцей, марскіх партоў, караблёў, дарог і на рудніках; гал. месцамі адбыцця К. былі Нерчынскія руднікі і в-аўСахалін. На тэр. Беларусі з 1820-х г. існавала катаржная турма ў Бабруйскай крэпасці. У 18 ст. сярод катаржан былі ўдзельнікі Пугачоўскага паўстання, у 19 ст. — дзекабрысты, петрашэўцы, удзельнікі паўстання 1863—64 у Польшчы, Беларусі і Літве, пазней удзельнікі народніцкага руху. У канцы 19 — пач. 20 ст. ў Расіі ўзнікла сістэма цэнтр. катаржных турмаў, сярод якіх найб. жорсткім рэжымам утрымання зняволеных вызначаліся Арлоўскі і Аляксандраўскі «цэнтралы», Акатуйская турма; значную колькасць катаржан разам з рэвалюцыйна настроенымі інтэлігентамі складалі рабочыя, сяляне і салдаты — удзельнікі масавых рэв. выступленняў, у т. л. рэвалюцыі 1905—07. Ліквідавана у Расіі ў сак. 1917.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЯКСА́НДР II (29.4.1818 — 13.3.1881),
расійскі імператар [1855—81]. З дынастыі Раманавых. Сын Мікалая I. На трон сеў у час няўдалай для Расіі Крымскай вайны 1853—56. Крызіс феад.-прыгонніцкага ладу і ўздым сял. хваляванняў прымусілі яго ажыццявіць сялянскую рэформу 1861 і адмяніць прыгоннае права. У сувязі з паўстаннем 1863—64 на Беларусі і ў Літве зроблены ўступкі на карысць сялян: спынены іх часоваабавязаныя адносіны з памешчыкамі, паменшаны выкупныя плацяжы, часткова вернуты адрэзкі. У 1860—70-я г. праведзены земская, судовая, гарадская, ваенная, школьная і цэнзурная рэформы. Для барацьбы з нац.-вызв. рухам утвораны Заходні камітэт 1862—65. Падзеі 1863—64 прымусілі ўрад Аляксандра II умацоўваць сац. базу самадзяржаўя на Беларусі, у Літве і Правабярэжнай Украіне. Не прызнаючы права на самастойнае існаванне бел. народа і яго мовы, на Беларусі ён ажыццяўляў палітыку актыўнай русіфікацыі, прымусовага пераводу бел. насельніцтва каталіцкага веравызнання ў праваслаўе. У час царавання Аляксандра II завершана далучэнне да Расіі Казахстана, паўн.-зах. Каўказа, Чэчні, Горнага Дагестана, далучана большая ч. Сярэдняй Азіі, Сахалін. Пераможная руска-турэцкая вайна 1877—78 садзейнічала вызваленню балканскіх народаў ад турэцкага прыгнёту, да Расіі далучаны Паўд. Бесарабія, гарады Карс і Батум. У знешняй палітыцы змагаўся за адмену дыскрымінацыйнага Парыжскага мірнага дагавора 1856. Забіты нарадавольцам І.Я.Грынявіцкім у Пецярбургу.
Літ.:
Захарова Л.Г. Александр II // Российские самодержцы, 1801—1917. М., 1993.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРАСНАЯ́РСК,
горад у Расіі, цэнтр Краснаярскага края, на берагах р. Енісей. 874 тыс.ж. (1997). Чыг. вузел. Аэрапорт. Рачны порт. Буйны прамысл. цэнтр Усх. Сібіры. Асн. галіны прам-сці: машынабуд. і металаапр. (збожжаўборачныя камбайны, лясное машынабудаванне, суднабудаванне, радыётэхніка, тэлевізары і інш.), хім. (хімвалакно, хімбытпрылады, сінт. каўчук, шыны, медпрэпараты, гумава-тэхн. вырабы і інш.), металургічная (алюмініевая, каляровых і каштоўных металаў і інш.), дрэваапр. (цэлюлозна-папяровы камбінат), буд. матэрыялаў, лёгкая і харчовая. ГЭС. Навук. цэнтр Сіб. аддзялення Рас.АН, Сіб.-Далёкаўсходняе аддзяленне Рас. Акадэміі мастацтваў. 13 ВНУ, у т. л. 2 ун-ты і Сіб. аэракасм. акадэмія. 5 т-раў, у т. л. оперы і балета. 4 канцэртныя залы. Філармонія. Цырк. Музеі: краязнаўчы, культ.-гіст. цэнтр, музей-сядзіба В.І.Сурыкава, маст. імя В.І.Сурыкава, карцінная галерэя. Каля К. — запаведнік «Сталбы».
Засн. ў 1628 як астрог Красны Яр ваяводам А.Дубенскім для абароны ад набегаў татар. У пач. 18 ст. цэнтр рамёстваў (цяслярскага, кавальскага, медзеплавільнага, гарбарнага і інш.). Развіццё паскорылася пасля буд-ва (1735—41) Маскоўскага тракту (Ачынск—Канск). З 1822 цэнтр Енісейскай губ. У 19 ст. цэнтр сібірскага казацтва, месца ссылкі дзекабрыстаў, народнікаў, сацыял-дэмакратаў, перасыльны пункт асуджаных у Туруханскі край, Іркуцкую вобл., Якуцію, на Сахалін. У канцы 19 ст. праз К. прайшла Транссібірская чыгунка. З 1934 цэнтр Краснаярскага краю. У 1941—42 у К. эвакуіравана шмат заводаў з зах. раёнаў СССР, у т. л. з Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САВЕ́ЦКА-ЯПО́НСКАЯ ВАЙНА́ 1945,
ваенныя дзеянні 9.8—2:9.1945 савецкіх узбр. сіл па разгроме войск Японіі на Д.Усходзе ў час 2-й сусв. вайны; працяг Вялікай Айчыннай вайны Савецкага Саюза 1941—45. Пасля нападу фаш. Германіі на СССР Японія, нягледзячы на наяўнасць дагавора аб нейтралітэце (падпісаны 13.4.1941) дапамагала Германіі (на граніцы з Сав. Саюзам мела вял. групоўку войск, што вымушала СССР трымаць на Д.Усходзе значныя вайск. сілы, парушала граніцу, перашкаджала сав. суднаходству). Пасля разгрому фаш. Германіі ў маі 1945 яе саюзніца Японія працягвала вайну супраць Кітая, ЗША, Вялікабрытаніі і інш. 5.4.1945 Сав. Саюз дэнансаваў сав.-яп. дагавор аб нейтралітэце і, выконваючы саюзніцкія абавязацельствы ў адпаведнасці з рашэннямі Крымскай канферэнцыі 1945 і Патсдамскай канферэнцыі 1945, пасля адмовы Японіі выканаць патрабаванні саюзнікаў СССР па антыфаш. кааліцыі аб безумоўнай капітуляцыі 8.8.1945 абвясціў вайну Японіі. У ноч на 9 жн. войскі Забайкальскага (Маршал Сав. Саюза Р.Я.Маліноўскі), 1-га (Маршал Сав. Саюза К.А.Мерацкоў) і 2-га (ген. арміі М.А.Пуркаеў) Далёкаўсходніх франтоў, караблі Ціхаакіянскага флоту (адмірал І.С.Юмашаў) і Амурскай ваен. флатыліі (контр-адм. А.В.Антонаў), а з 10 жн. таксама войскі Манг. Нар.-Рэв. Арміі (Маршал Х.Чайбалсан) пад агульным кіраўніцтвам Маршала Сав. Саюза А.М.Васілеўскага пачалі наступленне. Сав. войскі налічвалі больш за 1,5 млн.чал., 26 тыс. гармат і мінамётаў, больш за 5500 танкаў і самаходна-артыл. установак, каля 3800 самалётаў, Ціхаакіянскі флот і Амурская флатылія — каля 600 караблёў і падводных лодак і больш за 1500 самалётаў. Ім процістаялі яп. сілы ў Маньчжурыі, Карэі, на Паўд. Сахаліне і Курыльскіх а-вах (1,2 млн.чал., каля 1200 танкаў, 5400 гармат і каля 1800 самалётаў). Сав. войскі атакавалі праціўніка па ўсёй граніцы з Маньчжурыяй і ўзбярэжжы Паўн. Карэі. Да 14 жн. Забайкальскі і 1-ы Далёкаўсходні франты прасунуліся ўглыб на 150—450 км, у Маньчжурыі расчлянілі Квантунскую армію японцаў, штаб якой адмаўляўся ад капітуляцыі. 19 жн.яп. войскі пачалі капітуляцыю (гл.Маньчжурская аперацыя 1945), але сав. войскі працягвалі наступленне: вызвалены 11—25 жн.Паўд.Сахалін, 18 жн.—1 вер. Курыльскія а-вы (гл.Паўднёва-Сахалінская аперацыя 1945, Курыльская дэсантная аперацыя 1945). 2.9.1945 Японія падпісала акт аб капітуляцыі. Страты сав. боку: 36 456 чал., у т. л. незваротныя (забітыя, памерлыя ад ран) 12 031 чал.; з яп. боку 803 269, у т. л. незваротныя 83 717. Скончылася 2-я сусв. вайна. СССР вярнуў Паўд.Сахалін, яму адышлі і Курыльскія а-вы. За баявыя подзвігі ў С.-я.в. 87 воінам прысвоена званне Герояў Сав. Саюза, сярод якіх беларусы М.У.Барташоў, Г.С.Здановіч, В.А.Кот, М.А.Ласкуноў, Ц.А.Пачтароў.
Літ.:
История Великой Отечественной войны Советского Союза, 1941—1945 гг.Т. 5. М., 1963;
Финал: Ист.-мемуарный очерк о разгроме империалистической Японии в 1945 году. 2 изд. М., 1969;
Яковлев Н.Н. 3 сентября 1945. М., 1971;
История второй мировой войны, 1939—1945. Т. 11. М., 1980;
По дорогам Китая, 1937—1945: Воспоминания. М., 1989. С. 281—361;
Хаттори Т. Япония в войне, 1941—1945: Пер. с яп. [2 изд.] СПб., 2000.
Ю.В.Бажэнаў, В.А.Юшкевіч.
Да арт.Савецка-японская вайна 1945. Жыхары кітайскага г. Далянь (Дальні) вітаюць савецкіх воінаў. Жнівень 1945.
1. Залезці куды‑н. (унутр, углыб чаго‑н., пад што ці на што‑н.). Забрацца ў кузаў машыны. Забрацца пад коўдру. Забрацца на вяршыню гары. □ Барсук вярнуўся з палявання. І толькі ў кару сваю забраўся ён, Як тут жа куляй выкаціўся вон...Корбан.Міколка забраўся спаць на свой тапчан.Лынькоў.// Употай прабрацца куды‑н. Аднойчы адвячоркам летнім забраўся [Юрась] у Цітавы агуркі.Маеўскі.// Пранікнуць (пра холад, вецер і пад.). З завеяю ліхой Забярэцца ў дом мароз, Прабярэ цябе наскрозь.Танк.
2. Зайсці, заехаць куды‑н. далёка. Забрацца на край свету. □ Маці тупала ля печы — рыхтавала снеданне. Раз’ехаліся, разляцеліся яе дзеці. Адна з.. дачок.. аж на Сахалін забралася.Даніленка.
3.Разм. Зайсці, заехаць куды‑н. на доўгі час. Забраўся на цэлы дзень у бібліятэку.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)