МЫ́ЕЎКІ, чайкі трохпальцыя (Rissa),

род птушак сям. чаек. 2 віды: М. звычайная (R. tridactyla) і М. чырвананогая, або гаварушка (R. brevirostris). Пашыраны ў паўн. ч. Атлантычнага і Ціхага акіянаў. Чародкамі вандруюць па морах. У перыяд размнажэння ўтвараюць паселішчы на скалах і астравах. Разам з кайрамі М. складаюць асн. насельніцтва птушыных кірмашоў.

Даўж. да 40 см, маса да 400 г. Спіна і крылы зверху блакітнавата-шэрыя, махавыя пёры чорныя, з белымі плямамі на вяршынях. астатняе апярэнне белае. Кормяцца дробнай рыбай і беспазваночнымі. Нясуць 2—3 яйцы.

Э.​Р.​Самусенка.

Мыеўка звычайная.

т. 11, с. 48

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́ПАЎЗЕНЬ звычайны

(Sitta europaea),

птушка атр. вераб’інападобных. Пашыраны ў лясной зоне Еўразіі, Паўн.-Зах. Афрыцы. Жыве ў лісцевых і мяшаных лясах, парках, старых садах, трапляецца ў населеных пунктах. Гнёзды ў дуплах. Трымаецца паасобку або парамі. На Беларусі гняздоўны, часткова аселы і вандроўны від.

Даўж. да 16 см, маса да 26 г. Шчыльны склад цела і моцныя лапы з учэпістымі кіпцюрамі прыстасаваны для перамяшчэння па ствалах і галінах дрэў. Корміцца насякомымі, лічынкамі, павукамі, насеннем. Адкладвае да 8 яец, двойчы за лета.

Э.​Р.​Самусенка.

Попаўзень звычайны.

т. 12, с. 509

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РА́БЧЫК (Tetrastes bonasia),

птушка сям. цецеруковых атр. курападобных. Пашыраны ў лясной зоне Еўропы і Азіі. Аселая птушка, селіцца парамі ў вільготных лясах, асабліва па далінах рэк. Гняздуецца на зямлі. На Беларусі найб. трапляецца ў паўн. раёнах. Нар. назва арабак.

Даўж. да 40 см, маса да 580 г. Апярэнне рабое (адсюль назва), рыжавата-шэрае з пярэсцінамі. У самцоў на галаве чубок. Крылы кароткія, тупыя. Ніжняя ч. цэўкі і пальцы неапераныя. Манагам. Адкладвае 6—10, зрэдку да 15 яец. Расліннаедны. Аб’ект палявання.

Э.​Р.​Самусенка.

Рабчык: 1 — самка; 2 — самец.

т. 13, с. 190

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЗУА́РЫ,

птушкі атр казуарападобных. 2 сям.: уласна К. (3 віды) і эму. Пашыраны ў лясах Аўстраліі і блізкіх да яе астравоў. Бегаюць хутка, да 40 км/гадз, добра плаваюць.

Выш. да 1,8 м, маса да 90 кг. Пер’е рассуканае, чорнае. Дзюба сціснутая з бакоў; на галаве ў К. шлеманоснага (Casuarius casuarius) рагавы выраст, які засцерагае ад шыпоў і калючак у час бегу. Крылы рудыментарныя. Ногі трохпальцыя, моцныя, унутр. палец з вострым кіпцюром для абароны. Манагамы. Нясуць 3—8 яец. Наседжвае самец. Кормяцца пладамі, насеннем, насякомымі. Ахоўваюцца.

Э.​Р.​Самусенка.

Казуары: 1 — аранжавашыі; 2 — шлеманосны.

т. 7, с. 434

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЙМА́НЫ,

агульная назва 3 родаў кракадзілаў сям. алігатараў. 5 відаў Пашыраны ў Цэнтр. і Паўд. Амерыцы. Жывуць пераважна ў ціхай вадзе, невял. рэчках і балотах.

Адкладваюць да 10 яец. Ад уласна алігатараў адрозніваюцца наяўнасцю касцявога брушнога панцыра і адсутнасцю касцявой перагародкі ў нюхальнай поласці. Самы вял. К. чорны (Melanosuchus niger), даўж. да 5 м, жыве ў бас. р. Амазонка. Адкладвае да 50 яец. Гладкалобыя К. (Paleosuchus) дробныя, даўж да 1,5 м. Жывуць у вадаёмах з быстрай плынню. 3 віды і ўсе падвіды акулярных К. (Caiman) і К. чорны занесены ў Чырв. кнігу МСАП.

Э.​Р.​Самусенка.

т. 7, с. 440

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛА́Н, камчацкі бабёр,

марская выдра (Enhydra lutris),

млекакормячае сям. куніцавых. Адзін від роду, 2 падвіды. Пашыраны ў паўн. ч. Ціхага ак. (узбярэжжы Паўн. Амерыкі і Азіі). Жыве ў прыбярэжнай зоне, каля скал.

Даўж. да 1,5 м, маса да 40 кг. Футра густое, шаўкавістае, цёмна-бурае ці амаль чорнае. Ногі кароткія, заднія накшталт ластаў. Самка раз у 2 гады нараджае 1—2 дзіцяняці Па сушы перамяшчаецца з цяжкасцю, выдатна плавае і нырае, пад вадой можа быць да 45 мін. Корміцца марскімі вожыкамі, малюскамі, крабамі, рыбай. У Расіі промысел забаронены, ахоўваецца.

З.​Р.​Самусенка.

Калан.

т. 7, с. 449

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАСА́ТКА (Orcinus orca),

адзіны від роду марскіх млекакормячых сям. дэльфінаў. Пашырана ўсюды, часцей трапляецца ва ўмераных і палярных шыротах.

Даўж. да 10 м, маса да 8 т. Цела чорна-белае, кантрастнае, буйнаплямістае. Грудныя плаўнікі тупыя і шырокія, спінны плаўнік высокі (да 1,7 м у самцоў і да 1 м у самак). Зубы масіўныя, па 10—13 пар уверсе і ўнізе. Нараджае 1 дзіця раз у 3 гады. Драпежнік, корміцца рыбай, галаваногімі малюскамі, нападае на марскіх млекакормячых (дэльфіны, цюлені і інш.). Можа развіваць скорасць да 55 км/гадз. У няволі лёгка прыручаецца і абучаецца.

Э.​Р.​Самусенка.

Касатка.

т. 8, с. 139

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУ́КША, ронжа (Perisoreus infaustus, або Cractes infaustus),

птушка сям. крумкачовых атр. вераб’інападобных. Пашырана ў Еўразіі і Паўн. Амерыцы. Жыве ў хваёвых лясах. На Беларусі трапляецца на Пн восенню і зімой, рэдкі залётны від.

Даўж. да 31 см, маса да 150 г. Апярэнне густое, пушыстае. Верх галавы цёмна-карычневы. Шыя, спіна светла-шэрыя, брушка рыжаватае, хвост з цёмнай палоскай. Корміцца насякомымі, павукамі. дробнымі грызунамі, ягадамі, насеннем хваёвых дрэў. Гнёзды на дрэвах. Нясе 3—5 яец. У Канадзе трапляецца блізкі від К. канадская (P. canadensis), адрозніваецца ад ронжы колерам апярэння.

Э.​Р.​Самусенка.

Кукша.

т. 8, с. 570

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРА́Л,

2 геаграфічныя расы (падвіды) аленя высакароднага: М. алтайскі (Cervus elaphus sibiricus) і М. цянь-шанскі (C. e. songaricus). Пашыраны ў Цэнтр. Азіі (Алтай, Цянь-Шань, Паўд. Сібір, Кітай, Манголія). Жывуць у рэдкалессі, на ўзвышшах, у гарах.

Даўж. да 3 м, выш. ў карку да 1,6 м, маса да 500 кг. Ствол рагоў моцны, тоўсты, ад яго адыходзіць да 7 адросткаў, 4-ы самы вялікі. Расліннаедныя (трава, лісце, кара дрэў, плады, ягады. грыбы, лішайнікі). Нараджаюць 1 дзіцяня. Гадуюць на фермах. Маладыя неакасцянелыя рогі (панты) М. выкарыстоўваюць пры вырабе лек. прэпарату пантакрыну.

Э.​Р.​Самусенка.

Марал..

т. 10, с. 103

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«МІНСКСЕЛЬБУДПРАЕ́КТ» Засн ў 1987 у Мінску як праектна-вышукальны ін-т па сельскім буд-ве «Мінсксельбудпраект». З 1996 праектна-вышукальнае прадпрыемства «Мінсксельбудпраект». Асн. кірункі дзейнасці: выкананне праектна-вышукальных работ. для буд-ва аб’ектаў жыллёва-грамадз. прызначэння ў сельскіх населеных пунктах; распрацоўка комплекснай праектна-каштарыснай дакументацыі на буд-ва, расшырэнне, рэканструкцыю і тэхн. пераўзбраенне вытв. аб’ектаў с.-г. прызначэння; распрацоўка дакументацыі на буд-ва прадпрыемстваў, будынкаў і збудаванняў; правядзенне інж. вышукаў і распрацоўка праектна-каштарыснай дакументацыі для буд-ва аб’ектаў с.-г. і жыллёва-грамадз. прызначэння, буд-ва і рамонту ўнутрыгасп. аўтадарог.

І.​А.​Самусенка.

т. 10, с. 458

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)