Іно́гды ’іншы раз, часам’ (Байк. і Некр., Нас., Бяльк.), і́нагды (Шат.), іно́ды (Касп.), і́нады ’калі-н’. (палес., З нар. сл., 264). Рус. иногда́, дыял. и́ногды́, иноды, иноди́, укр. дыял. и́ногді, и́ноді, ст.-польск. inegdy, inedy, н.-луж. hynga, чэш. jindy ’ў другі раз’, славац. уст. inogda ’часам’, indy ’ў другі раз’, славен. ȋnda ’тс’, серб.-харв. уст. indą, inagda, inogda ’тс’. Ст.-слав. иногда, инъгда ’калісьці, некалі’, ’у другі раз’, ст.-рус. иногда ’калісьці, некалі’, ’аднойчы’, ’у другі раз’, ’часам’, иногды ’часам’, ’перш’. Ст.-бел. иногды ’раней, перш’ (Скарына); форма инекгды (канец XV ст.) запазычана са ст.-польск. inegdy (Булыка, Лекс. запазыч., 200). Прасл. *jьnogъda ўтворана ад *jьnъ (гл. іншы) з фармантам ‑gъda. Адносна апошняй часткі складання няма адзінага тлумачэння. Верагодней за ўсё, з энклітык ‑gъ > і ‑da (Трубачоў, Эт. сл., 8, 231–232; Слаўскі, 1, 458). Фасмер (2, 134) бачыць тут абагульненае *kъda. Інакш разглядае Мейе (MSL, 13, 29): рэдукцыя формы р. скл. прасл. *godъ.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Се1, сё ‘вось’: Се і хлеба нетуці; Сё прыду (Ласт.); ‘гэта, гэтак’: се дзеўка роўная з ею; се кажуць міншчане (Ян.), у спалучэннях асё, асёж ‘вось, глянь’: Асё маці мая; Дзе нож? — Асё‑ж ляжыць (Ласт.), о се ж ‘вось тут’, до се ‘дасюль’ (ТС), ст.-бел. се ‘вось гэта’: чиѧ молодица се (Альтбаўэр), ‘вось, так, цяпер’ (Ст.-бел. лексікон), параўн. укр. се ‘гэта’, старое рус. сё, стараж.-рус. се, ст.-чэш. se, палаб. , ст.-польск. sie, серб.-харв. се, балг. дыял. со, ст.-слав. се ‘тс’. Прасл. *se ‘гэта’ роднаснае літ. še ‘вось табе на’, лат. še ‘тс’ (Буга, Rinkt., 2, 481). Гл. сей, ся.

Се2 ‘калі’ (умоўны злучнік): “ой, се моя сестра, то прашу я да хаты, а се сивая зазулька, то ляти ў луги кавати” (беласт., у запісах Раманава, гл. Карскі 2–3, 497), у спалучэннях себ ‘калі б’, се хоч ‘калі’, не се ‘быццам; здаецца’ (Список слов… Гродн. и Минск. губ., рукапіс). Паводле Патабні (Из записок, 1–2, 294), аналагічны злучнік, вядомы ў паўночна-заходніх украінскіх гаворках, паходзіць з се, осе (“из се, осе, асе, как указания на недавнее или наличное, произошло се… если”), гл. се1. Інакш укр. се, се‑б, ся‑б ‘калі’ разглядае ЕСУМ (5, 200) (рэдукцыя если б, што малаверагодна).

Се3 ‘сябе’: ты сʼе́ ў абʼиду нʼи давай (Сцяшк. Сл.), звычайна ў спалучэнні з прыназоўнікамі: цягня да се́ (Скарбы), śmièrci na sie spadziewàŭsie; starỳ maładùju żuònku bierè nie dzieła sie (Федар. 4), сам за се заступіцца ні можа (шчуч., Нар. лекс.), параўн. укр. за ся, ст.-рус. на ся, польск. дыял. na się, в.-луж. na so, н.-луж na se, палаб. püd są, серб.-харв. пода̄ се, славен. zase, ст.-слав. на сѧ. Прасл. *sę ‘сябе’, націскная (неэнклітычная) форма В. скл. адз. л. (ESSJ SG, 2, 599), роднасная ст.-прус. sien ‘сябе’, лат. ‘тс’, гоц. sik ‘тс’ (Фасмер, 3, 823). Беларуская форма звычайна разглядаецца як другасная, узнікшая ў выніку сцягвання сябе > се, паколькі нармальным усходнеславянскім рэфлексам *sę з’яўляецца ся, параўн. -ся (гл.); аднак нельга выключыць уплыў се1 (гл.) або энклітычнай формы зваротнага займенніка *se, да якой узводзяць беларускія і ўкраінскія зваротныя формы се, сё (ESSJ SG, 2, 599; ESJSt, 13, 812). Гл. таксама свой, сябе.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)