РЭДУ́КЦЫЯ (ад лац. reductio вяртанне, адсоўванне назад),
спрашчэнне, звядзенне складанага працэсу да больш простага, даступнага аналізу або вырашэнню; змяншэнне, аслабленне чаго-н. Р. ў логіцы і матэматыцы — пераўтварэнне якой-н. задачы ў больш зручны стан, які лягчэй паддаецца аналізу і рашэнню. Р. ў мовазнаўстве — паслабленне і змяненне гучання гукаў. Р. ў тэхніцы — зніжэнне ціску вадкасцей, газаў у рухавіках, інш. устаноўках з дапамогай спец. прылад. Р. ў хіміі — аднаўленчы працэс, адваротны акісленню. Р. ў эканоміцы — зніжэнне валютнага курсу, вартасці каштоўных папер, кошту тавару.
т. 13, с. 553
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭДУ́КЦЫЯ ў біялогіі,
недаразвіццё, памяншэнне памераў або поўнае знікненне органа (структуры); спрашчэнне будовы органа ці сістэмы органаў і часта страта ўласцівай ім функцыі. Адбываецца ў выніку спынення ці парушэння функцыян. і морфагенет. сувязей, што вызначаюць нармальнае развіццё органа. Адрозніваюць філагенетычную Р. — поўнае знікненне або недаразвіццё органа, нармальна развітага ў продкаў, і антагенетычную Р. — недаразвіццё або знікненне органа на пачатковых стадыях індывід. развіцця. Р. тканак і органаў — вынік страты іх значэння для арганізма ў змененых умовах існавання. Напр., страта жабраў, плаўнікоў, органаў бакавой лініі ў земнаводных пры пераходзе да наземнага спосабу жыцця або знікненне валасянога покрыва, задніх канечнасцей у кітападобных пры пераходзе да жыцця ў водным асяроддзі (у заалогіі); аднаўленне ультраструктур або біяхім. канстант клеткі пасля яе абарачальнага пашкоджання (у цыталогіі); памяншэнне ўдвая колькасці саматычных храмасом у меёзе (у генетыцы). Гл. таксама Дэгенерацыя, Інвалюцыя, Правізарныя органы, Рудыментарныя органы.
А.С.Леанцюк.
т. 13, с. 554
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭДУ́КЦЫЯ (гіст.),
адабранне каралеўскай уладай некат. еўрап. дзяржаў у 16—17 ст. былых каронных зямель, якія па розных прычынах перайшлі ў рукі феад. арыстакратыі. Найб. значэнне і памеры Р. набыла ў Швецыі ў 2-й пал. 17 ст., дзе яна мела на мэце ўмацаванне каралеўскага абсалютызму. Пры Каралю Карле X [1654—60] на рыксдагу 1655 прынята пастанова аб частковай Р. Пры карле XI [1660—97] праведзена т.зв. вял. Р., распачатая ў 1680 і ў асн. завершаная да 1700. У выніку гэтай Р. памеры буйнога дваранскага землеўладання ў Швецыі і падуладных ёй землях (у т. л. ў Ліфляндыі, што ў 1629 перайшла ад ВКЛ да Швецыі) скараціліся прыблізна ўдвая. У Польшчы рашэнне аб Р. («экзекуцыі», «рэвіндацыі») каралеўскіх маёнткаў, што былі раздадзены магнатам пасля 1504, было прынята на сейме 1562—63 па патрабаванні шляхты. Р. ў Польшчы была этапам барацьбы ўнутры класа феадалаў за пераразмеркаванне зямельнай уласнасці.
т. 13, с. 554
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Рэдукцыя гукаў (у мовазнаўстве) 9/244
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
РЭДУ́КЦЫЯ ПРА́ЦЫ,
працэс звядзення складанай працы да простай, якая не патрабуе спец. прафес. навучання, прадугледжвае звычайныя ўмовы вытв-сці, сярэднія фіз. і разумовыя здольнасці чалавека. Аб’ектыўная аснова для Р.п. — затраты часу работніка на атрыманне кваліфікацыі пры найб. эфектыўных формах падрыхтоўкі ў іх аптымальным спалучэнні, а таксама затрат на навучанне работніка для выканання складанай працы. Р.п. ўключае таксама працэс звядзення больш інтэнсіўнай і цяжкай працы да неабходнага ўзроўню інтэнсіўнасці і цяжкасці. Для звядзення відаў працы рознай складанасці да адзінай меры карыстаюцца каэф. рэдукцыі. Ёсць некалькі метадаў яго вылічэння: параўнанне затрат на навучанне работнікаў розных кваліфікацый, суадносіны заработных плат работнікаў розных кваліфікацыйных груп, параўнанне складанасці і цяжкасці працы і інш. Р.п. ўлічваецца пры распрацоўцы тарыфных сетак, фарміраванні цэн, разліку поўных затрат працы на выраб прадукцыі ў адной краіне, пры міжнар. супастаўленнях і інш. эканам. разліках.
т. 13, с. 554
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТРАПАГЕ́ННАЯ РЭДУ́КЦЫЯ БІЯСФЕ́РЫ,
неабарачальны працэс памяншэння відавой разнастайнасці біясферы, абумоўлены пераўтваральнай дзейнасцю чалавека. Адбываецца пры урбанізацыі, забруджванні асяроддзя, знішчэнні лясоў, узорванні стэпаў, залішняй здабычы прамысл. жывёл, некантраляваным збіранні ядомых і лек. раслін, пры зарэгуляванні рэк, неарганізаваным турызме і г.д. Па падліках Міжнар. саюза аховы прыроды і прыродных рэсурсаў кожны год на Зямлі знікае па аднаму віду раслін або жывёл. У сувязі з гэтым распрацаваны і прыняты міжнар. канвенцыі і дагаворы па ахове генетычнага фонду жывёльнага і расліннага свету, пашыраюцца сеткі біясферных запаведнікаў, нац. паркаў і інш.
т. 1, с. 390
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНВАЛЮ́ЦЫЯ (ад лац. involutio выгін, завіток, згортванне),
1) рэдукцыя або страта ў эвалюцыі асобных органаў, спрашчэнне будовы і функцыі якога-н. органа ў працэсе анта- і філагенезу, напр., розныя ступені рэдукцыі кішэчніка ў некат. паразітычных чарвей, членістаногіх, рэдукцыя адростка сляпой кішкі ў драпежных жывёл.
2) Адваротнае развіццё органаў, тканак, клетак, напр. І. маткі ў пасляродавы перыяд, узроставая І. вілачкавай залозы, эпіфіза.
3) Атрафія органаў пры паталогіі і старэнні, напр. узроставае згасанне палавой актыўнасці, якое суправаджаецца зменамі марфал. структуры палавых органаў, зніжэннем іх функцый, атрафіяй палавых залоз.
4) Выраджэнне мікраарганізмаў, калі яны пад уплывам неспрыяльных фактараў (ядаў, радыяцыі і інш.) набываюць нязвыклую для іх форму.
5) Адна з перабудоў зародка. Тэрмін «І.» часам выкарыстоўваюць як сінонім інвагінацыі (форма гаструляцыі).
т. 7, с. 219
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІПАМАРФО́З (ад гіпа... + марф... + ...оз),
1) спрашчэнне арганізацыі (страта спецыялізацыі) арганізмаў у працэсе эвалюцыі. Звычайна абумоўлівае захаванне тых адносін арганізма з асяроддзем, якія характэрны для лічынкі ці маладой асобіны (напр., неатэнія хвастатых амфібій).
2) Рэдукцыя органа або яго часткі ў працэсе эвалюцыі, што прыводзіць да прагрэсіўных змен арганізма (напр., страта продкам сучаснага каня 2-га і 4-га пальцаў).
т. 5, с. 253
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТЫГАБІЁНТЫ (ад грэч. Styx падземная рака + біёнт),
жывёлы, што жывуць выключна ў падземных водах. Да іх належаць віды вышэйшых (амфіподы, ізаподы) і ніжэйшых (астракоды, калеподы), ракападобных, некат. малюскі, рыбы. Для іх характэрны рэгрэсіўныя прыкметы (дэпігментацыя покрыва, рэдукцыя органаў зроку, гіпертрафія канечнасцей). Адрозніваюць ад стыгафілаў (жывёл, здольных існаваць і ў паверхневых водах) і стыгаксенаў (жывёл, што выпадкова трапілі ў падземныя воды і адаптаваліся да іх). Гл. таксама Траглабіёнты.
т. 15, с. 225
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЗІЦЫ́ЙНЫЯ ЗМЯНЕ́ННІ ГУ́КАЎ,
фанетычныя змяненні гукаў, якія залежаць ад месца гука адносна пачатку ці канца слова або націску ў слове. Супрацьстаяць камбінаторным змяненням гукаў. Вызначаюць наступныя П.з.г.: узнікненне пратэз (прыстаўных гукаў) на пачатку слова («леў — ільва», «вуліца»), аглушэнне звонкіх зычных на канцы слова («род» [рот]), рэдукцыю ненаціскных галосных («малако» [мълʌко]). У бел. мове пашырана ўзнікненне пратэтычных гукаў, змена звонкіх зычных на канцы слова, колькасная рэдукцыя ненаціскных галосных. Пазіцыйныя змяненні зычных з’яўляюцца асновай амафонаў.
Літ.:
Крывіцкі А.А., Падлужны А.І. Фанетыка беларускай мовы. Мн., 1984.
А.В.Зінкевіч.
т. 11, с. 518
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)