адпаласава́ць, ‑сую, ‑суеш, ‑суе; зак.

Разм.

1. чаго. Адрэзаць, адарваць паласу якога‑н. матэрыялу і пад.

2. перан.; каго. Моцна набіць каго‑н. (рэменем, плёткай), пакінуўшы на целе рубцы, палосы. Вясковыя хлапчукі-падшывальцы грамадою ішлі за бацюшкам, напамінаючы яму, як ён спяваў і скакаў з Купрыяніхаю і як яго чуць Купрыян не адпаласаваў на прыгуменні. Чарот.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

тымпані́я

(ад гр. tympanon = барабан, бубен)

захворванне жвачных жывёл, пры якім збіраецца многа газаў у рубцы, кішэчніку; узнікае пры залішнім паяданні кармоў, што лёгка паддаюцца браджэнню (напр. канюшыны, зялёнай масы бабовых).

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

Парша́ ’заразная хвароба, звычайна на скуры галавы пад валасамі, пры якой з’яўляюцца струпы і рубцы’ (ТСБМ), па́ршы, па́рхі ’перхаць’ (Сл. ПЗБ). Рус. парш, парша́, парх ’тс’, укр. парх. З польск. parch, parszywy, з прычыны наяўнасці ‑ар‑ (Праабражэнскі, 2, 19; Фасмер, 3, 210). Аднак дэрываты паршы́вы, паршы́вец маглі, як адзначае Фасмер (там жа), утварыцца не ад парш, а ад слова з другой ступенню вакалізму (гл. по́ршы) у выніку акання. У ст.-бел. парша фіксуецца ў канцы XVI ст. (Булыка, Лекс. запазыч., 130).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Рубе́ц1 ’падоўжанае паглыбленне, зробленае кім-небудзь на гладкай паверхні’, ’след на целе пасля загоенай раны або ад пабояў’, ’шво пры сшыванні двух кавалкаў тканіны, скуры і пад.’, ’руб’ (ТСБМ), ’выступ, край’ (ТС), рубцава́ты ’з рубцамі’, рубцава́цца ’гаіцца, утвараючы рубцы (пра раны, язвы і пад.)’ (ТСБМ). Укр. рубе́ць, рус. рубе́ц ’рубец’, серб.-харв. ру̑б ’рубец (на адзенні)’, славен. rob ’тс’, польск. rąbek ’рубчык’. Стараж.-рус. рубьць ’рубец’. Гл. руб.

Рубе́ц2 ’самы вялікі аддзел страўніка жвачных жывёл; ежа, прыгатаваная з гэтай часткі страўніка’ (ТСБМ). Да папярэдняга слова, у аснове значэння — знешняе падабенства.

Рубе́ц3 ’спінка ложка’ (вілейск., Нар. сл.). Да руб (гл.), значэнне ’кант; цвёрды край прадмета’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

зарасці́, ‑расту, ‑расцеш, ‑расце; ‑расцём, ‑расцяце; пр. зарос, ‑расла, ‑ло; зак.

1. чым і без дап. Пакрыцца, парасці якой‑н. расліннасцю. За апошнія гады дзялянка зарасла маладым бярэзнікам, які быў ужо вышэй рослага чалавека. Шуцько. // Пакрыцца валасамі, поўсцю і пад. Твар .. [камандзіра брыгады] асунуўся, пацямнеў, зарос за час блакады густой барадою. Шамякін. [Андрэй] амаль не падобны быў сам на сябе: твар густа зарос, скроні ўпалі і быццам бы пасівелі. Кулакоўскі.

2. Разм. Зажыць, зарубцавацца (пра рану). І ў чалавека раны зарастуць, Але рубцы навечна застануцца. Свірка.

•••

Зарасці (парасці) быллём — адысці ў нябыт, забыцца. Ліха тое сёння Адышло далёка, Зарасла быллём. Колас.

Зарасці граззю — без догляду вельмі забрудзіцца.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

спаласава́ць, ‑сую, ‑суеш, ‑суе; зак.

1. што. Спярэсціць палосамі што‑н., парэзаць на палосы. Спаласаваць матэрыял. □ На захадзе над лесам вострыя чырвоныя пісягі спаласавалі небакрай — там зайшло сонца. Пташнікаў. // перан. Перасячы што‑н. у розных кірунках; пакінуць след у выглядзе палос. Двор удоўж і ўпоперак спаласавалі сляды лыж і санак. Хомчанка. Такое ўражанне было ад глыбокіх, не па гадах, маршчын, што спаласавалі лоб, ляглі пад вачамі. Ваданосаў.

2. каго. Пабіць моцна (пугай, бізуном), пакінуўшы на целе рубцы, шрамы, палосы. Так спаласавалі хлопца папругамі, што месца жывога не пакінулі. Лынькоў. [Рыгор:] А ці памятаеш, пане Рытвінскі, як ты мяне спаласаваў бізуном, што на мне ніводнага жывога месца не асталося. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

рубе́ц 1, ‑бца, м.

1. Падоўжнае паглыбленне, зробленае чым‑н. на гладкай паверхні. Хлопцы скінулі ўраз Рукзакі і сарочкі, І ўпіліся ў сосны Стальныя разцы. На ствалах засталіся Рубцы ад падсочкі. Свірка.

2. След на целе пасля зажыўшай раны або ад пабояў. Галіна заўважыла ў .. [Колі] на грудзях чырвоны рубец — след асколка. Шамякін. [Бенька] падышоў і сеў на ўслончык. Пад расшпіленым каўняром кашулі відзён быў шырокі пакручасты рубец. Скрыган.

3. Шво, якое атрымліваецца пры сшыванні двух кавалкаў тканіны, скуры і пад. І насыпка, і навалачка лопнулі паўз рубец. Місько. [Пасведчанне] трэба было зашыць у складку ці нейкі рубец адзежыны. Васілевіч.

4. Разм. Тое, што і руб. Пракоп адышоў ад лямпы, сеў на лаве, абапёрся аб рубец лавы абедзвюма рукамі. Баранавых.

•••

Да рубца — зусім, поўнасцю (падрацца).

Сухога рубца няма на кім гл. няма.

рубе́ц 2, ‑бца, м.

Самы вялікі аддзел (частка) страўніка жвачных жывёл. // Ежа, прыгатаваная з гэтай часткі страўніка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

засячы́ 1 і засе́кчы 1, ‑сяку, ‑сячэш, ‑сячэ; ‑сячом, ‑сечаце; пр. засек, ‑ла; каго-што.

1. Зрабіць зарубку, адзнаку сякерай, нажом і інш.; адзначыць засечкай. Засячы дрэва. Засячы бервяно.

2. Зачапіўшы на хаду адной нагой за другую, параніць. Конь засек нагу.

3. Выявіўшы месцазнаходжанне чаго‑н., нанесці на план, карту і пад. Засячы курс карабля. Засячы агнявыя пункты ворага. // Разм. Убачыць, заўважыць таго (тое), што ўтойваецца, хаваецца. Калі [Даніла] поўз ад ручая цераз пустку, яго, няпэўна, засеклі, бо кулі ціўкалі навокал, ссякалі лазу. Шамякін.

•••

Засячы час — адзначыць час пачатку, канца чаго‑н. і пад.

засячы́ 2 і засе́кчы 2, ‑сяку, ‑сячэш, ‑сячэ; ‑сячом, ‑сечаце; пр. засек, ‑ла; зак., каго.

1. Збіць розгамі, бізуном і пад. да смерці, да страты прытомнасці. — Ды хутчэй жа ты! — злуецца лёкай, — а то пан цябе розгамі засячэ... Якімовіч.

2. Забіць (сякерай, шабляй і пад.). — Мяне чуць не засеклі дзянікінцы шаблямі, і рубцы чырванеюць яшчэ і цяпер на спіне. Пестрак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

перасячы́ і перасе́кчы, ‑сяку, ‑сячэш, ‑сячэ; ‑сячом, ‑сечаце, ‑сякуць; пр. перасек, ‑ла; заг. перасячы; зак., што.

1. Рассячы папалам, на часткі. Перасячы жэрдку сякерай. □ Бізуном бервяна не перасячэш. Прыказка.

2. Перайсці, пераехаць што‑н. упоперак. Перасячы вуліцу. Перасячы экватар. □ З краю ў край Перасек я краіну. Смагаровіч. Выбраўшыся з лесу, партызаны перасеклі вялікае гарыстае поле і зноў апынуліся ў бары. Сіняўскі.

3. Прайсці, пралегчы па паверхні чаго‑н. Чыгунка перасекла вобласць з усходу на захад. / Пра маршчыны, рубцы і пад. Лоб .. [жанчыны] ўздоўж перасекла глыбокая зморшчына, якая неяк адразу змяніла выраз яе ажыўленага твару. Васілевіч. // Размясціцца, прайсці ў папярочным напрамку. Дарогу, па якой ішлі партызаны, павінна была перасекчы гравійная шаша. Краўчанка. Нейкі белаваты струмень, нібы рака, перасек .. [хлопцам] дарогу і пачаў адносіць човен убок. Маўр.

4. перан. Перарэзаць, перагарадзіць каму‑, чаму‑н. (дарогу, шлях і пад.). Прыгнуўшыся, Раманчык пабег берагам рачулкі, што ўпадала ў Нёман, каб перасекчы шлях парушальніку. Пальчэўскі. І вось савецкі мірны чалавек Дарогу сухавеям перасек. Астрэйка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

распіса́ць, ‑пішу, ‑пішаш, ‑піша; зак., каго-што.

1. Перапісаць асобна часткі чаго‑н. Распісаць тэкст на картачкі. Распісаць ролі.

2. Размеркаваць каго‑, што‑н. паміж кім‑, чым‑н., зрабіўшы аб гэтым адпаведны запіс. Распісаць рацыён. Распісаць маршрут па ўчастках.

3. Разм. Зарэгістраваць чый‑н. шлюб. Старшыня сельсавета распісаў маладых.

4. Размаляваць фарбамі, узорамі, накрыць роспісам (у 2 знач.). Распісаць столь. Распісаць вазу. / у перан. ужыв. За гулам людзей не чуваць ні свісту ветру на вуліцы, ні таго марозу, які паспеў распісаць на розныя ўзоры шыбы вокнаў. Сергіевіч. Дарожны вецер і гарачае жнівеньскае сонца яшчэ больш распісалі загарам .. [Сцёпкаў] і без таго загарэлы твар. Колас. // перан. Разм. Збіць, пакінуўшы на целе рубцы, сінякі. Мікіта расказваў, як белапалякі распісалі бізунамі яго старую спіну. Каваль.

5. перан. Разм. Расказаць, апісаць што‑н. занадта падрабязна, у дэталях. Рэдактар.. распісаў добры пачын дабрадзееўцаў на цэлую паласу сваёй газеты. Шамякін. Яго, лепшага брыгадзіра, знялі з пасады, зняславілі на ўвесь калгас ды яшчэ ў раённай газеце распісалі. Б. Стральцоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)