ПРЫБЫ́ТКІ,

вёска ў Гомельскім р-не, на р. Вуць, каля аўтадарогі Гомель—Церахоўка. Цэнтр сельсавета. За 22 км на ПдУ ад Гомеля, 5 км ад чыг. ст. Зябраўка. 549 ж., 250 двароў (2000). Клуб, б-ка, бальніца, цырульня. Царква Раства Прасвятой Багародзіцы. Брацкая магіла сав. лётчыкаў. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну.

Паводле пісьмовых крыніц вядома з 1640 як сяло (9 дымоў) у Гомельскім старостве ВКЛ. Адносілася да Гомельскага замка, якім валодаў кн. Чартарыйскі. З 1772 у Рас. імперыі. У 1773 пабудавана правасл. царква Раства Багародзіцы. У пач. 19 ст. цэнтр маёнтка, які належаў М.​А.​Бардоўскаму. У 1853 у П. 267 рэвізскіх душ, нар. вучылішча (з 1856), у 1864—64 рэвізскія душы мужч. полу, сукнавальня і крупадзёрка, што належалі М.​Бетулінскай, у 1877 засн. маслабойня. У 1886 у П. 581 ж., 98 двароў, царкоўнапрыходская школа, млын, хлебазапасны магазін, у 1909—989 ж., 160 двароў, у Насовіцкай вол. Гомельскага пав., у 1926—878 ж., 179 двароў, школа 1-й ступені, цэнтр сельсавета Насовіцкага раёна Гомельскай акр., з 26.7.1930 — Гомельскага р-на. У Вял. Айч. вайну ў вер. 1943 ням. фашысты спалілі 143 двары, загубілі 17 жыхароў.

В.​В.​Віталёва.

т. 13, с. 56

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВА́ЙСКАЯ, Войская,

вёска ў Беларусі, у Камянецкім р-не Брэсцкай вобл. Цэнтр сельсавета і калект. сялянскага аб’яднання «Колас». За 13 км на З ад г. Камянец, 59 км ад Брэста, 19 км ад чыг. ст. Высока-Літоўск. 938 ж., 295 двароў (1996). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Малітоўны дом евангельскіх хрысціян-баптыстаў. Помнік архітэктуры — царква Раства Багародзіцы (1751—75). Каля вёскі курганны могільнік дрыгавічоў (10—12 ст.).

т. 3, с. 460

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАХО́ДНЕ-АЎСТРАЛІ́ЙСКАЯ КАТЛАВІ́НА,

паніжэнне дна ва ўсх. ч. Індыйскага ак. Акаймоўваецца на Пд Заходне-Аўстралійскім хр., на З Усходне-Індыйскім хр., на Пн падводнымі гарамі паміж а-вамі Какосавымі і Раства, на У мацерыковым схілам Аўстраліі. Пераважае расчлянёны пагоркавы рэльеф. Каля Аўстраліі буйныя горныя масівы, магчыма, рэшткі стараж. мацерыковых структур. Глыб. да 5000—6500 м, на асобных падняццях памяншаецца да 1555 м. Грунты — чырв. гліны, радыялярыевыя і фарамініферавыя глеі. Шырока развіты жалеза-марганцавыя канкрэцыі.

т. 7, с. 12

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПСКО́ЎСКАЯ ШКО́ЛА ЖЫ́ВАПІСУ,

адна са школ стараж.-рус. мастацтва. Склалася ў г. Пскоў; росквіту дасягнула ў 14—15 ст. Творы вылучаюцца павышанай экспрэсіяй вобразаў, падкрэсленасцю блікаў, выразнасцю мазка: фрэскі сабора Раства Багародзіцы Снетагорскага манастыра (1313) і царква Успення ў Мялётаве (1465), абразы «Сабор Маці Божай» і «Параскева Пятніца, Варвара і Ульяна» (2-я пал. 14 ст.). На мяжы 15—16 ст. заняпала.

Пскоўская школа жывапісу. Параскева Пятніца, Варвара і Ульяна. 2-я пал. 14 ст.

т. 13, с. 107

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРЭ́ЧЧА,

вёска ў Пінскім р-не Брэсцкай вобл., на правым беразе р. Ясельда.

Цэнтр сельсавета і калгаса. За 35 км на ПнЗ ад горада і чыг. ст. Пінск, 205 км ад Брэста. 640 ж., 277 двароў (2000). Крухмальны з-д, лясніцтва. Базавая школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, аптэка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Помнікі архітэктуры: царква Раства Багародзіцы (1912), Парэцкі парк. У 19 ст. ў вёсцы дзейнічалі Парэцкая суконная фабрыка і Парэцкі цукровы завод.

т. 12, с. 158

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРСЕ́НІЙ (Старац; ? — 1681),

разьбяр па дрэве; майстар беларускай рэзі. Манах Куцеінскага Богаяўленскага манастыра (пад Оршай). Пасля 1655 працаваў у майстэрні Іверскага манастыра на Валдаі; магчыма, удзельнічаў у стварэнні разных дзвярэй сабора гэтага манастыра. Пазней выконваў работы для Васкрасенскага сабора Новаіерусалімскага манастыра (г. Істра Маскоўскай вобл.). У 1667 узначальваў майстэрню разьбяроў у Аружэйнай палаце Крамля. Кіраваў работай па аздабленні драўлянай разьбой палаца ў Каломенскім (зараз у межах Масквы). Стварыў «іарданскую сень» на 4 калонах для Суздаля (1668, цяпер — у саборы Раства Багародзіцы ў Суздалі).

Літ.:

Абецедарский Л.С. Белорусы в Москве XVII в.: Из истории рус.-бел. связей. Мн., 1957.

т. 1, с. 503

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛАЧА́НЫ,

вёска ў Маладзечанскім р-не Мінскай вобл., на аўтадарозе Маладзечна—Валожын; чыг. станцыя на лініі Маладзечна—Ліда. Цэнтр сельсавета і калект. гаспадаркі добраахвотнага аб’яднання сялян «Палачаны». За 15 км на ПдЗ ад г. Маладзечна, 88 км ад Мінска. 1047 ж., 424 двары (2000). Асфальтабетонны з-д, акц. т-ва Маладзечна-лес». Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Помнік камсамольцам. Помнікі архітэктуры — царква Раства Прасвятой Багародзіцы (2-я пал. 19 ст.), касцёл Роха (канец 18 ст.). За 1,5 км на Пн ад вёскі гіст. помнік — каменны крыж.

т. 11, с. 541

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАГАЛЮ́БАВА,

гарадскі пасёлак у Расіі, ва Уладзімірскай вобл., каля вусця р. Нерль. Былая рэзідэнцыя Андрэя Багалюбскага. Пабудавана ў 1158—65. У 1177 рэзідэнцыя разрабавана разанскім князем Глебам, у 1230-я г. разбурана татарамі. Часткова захаваліся земляныя валы, равы, ніжнія часткі сцен і слупоў белакаменных умацаванняў, рэшткі замка, цокальная частка храма Раства Багародзіцы (1158—65), на якой пастаўлена барочная ярусная царква (1751). Гал. сабор, надбрамная званіца і келлі пабудаваны ў 19 ст. Цяпер Багалюбава ў складзе Уладзіміра-Суздальскага гіст.-маст. і арх. музея-запаведніка. За 1,5 км ад Багалюбава — Пакроваў на Нерлі царква.

Літ.:

Воронин Н. Владимир. Боголюбово. Суздаль. Юрьев-Польской. 5 изд. М., 1983.

т. 2, с. 197

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛЯ́ДЫ (ад лац. Calendae календы — назва першага дня кожнага месяца ў рымлян),

народнае зімовае свята дахрысц. паходжання, звязана з першым павелічэннем самага кароткага дня. У гадавым крузе нар. агр. абрадаў і святкаванняў займала 1-е месца. З усталяваннем хрысціянства прымеркаваны да рэліг. свят Раства Хрыстова і Вадохрышча. На Беларусі хрысц. рытуал святкавання К. цесна пераплецены з народнай святочнай традыцыяй. К. працягваюцца з 24 снеж. да 6 студз. (ст. ст.) Для К. характэрны тры абрадавыя вячэры (куцці); посная (вялікая) спраўляецца перад 1-м святочным днём; багатая (тоўстая, шчодрая) з мяснымі стравамі — у вечар перад Новым годам; посная (галодная, вадзяная) — перад Вадохрышчам. Наладжвалася калядаванне, варажба, шматлікія забавы, гульні; спявалі калядныя песні.

А.​У.​Верашчагіна.

т. 7, с. 497

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІ́ПЕЦК,

горад у Расіі, цэнтр Ліпецкай вобл., на р. Варонеж. 477 тыс. ж. (1997). Вядомы з 13 ст.; у 1284 разбураны татарамі; з 1779 губернскі горад (адбудаваны на месцы с. Ліпецкія Заводы). Чыг. станцыя. Вузел аўтадарог. Аэрапорт. Прам-сць: чорная металургія (найбуйнейшы ў Расіі Наваліпецкі металургічны камбінат, трубны з-д), машынабудаванне і металаапрацоўка (трактары, станкі, пускавыя рухавікі і інш.), буд. матэрыялаў, хім. (з-ды азотна-тукавы, гумава-пластмасавых вырабаў), харчасмакавая, швейная, мэблевая. 2 ВНУ. 2 тэатры. Краязнаўчы музей і Дом-музей Г.​В.​Пляханава. Сабор Раства Хрыстова (18—19 ст.). Бальнеалагічны і гразевы курорт.

Літ.:

Колтаков В.​М.​Памятные места Липецка: Справ.-путеводитель. Воронеж, 1980;

Липецк: (Справ.-путеводитель). [Воронеж], 1967.

т. 9, с. 274

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)