Раго́йшыла ’няўдаліца’ (ашм., Сл. ПЗБ), ’скаціна (пра чалавека) (там жа). Утворана па мадэлі дуры́ла. Лічыцца запазычаннем з літоўскай мовы, параўн. літ. ragúotasрагаты’, raduõlis ’пірог’ (Лаўчутэ, Балтизмы, 72), але гэта версія гучыць непераканальна. Складальнікі беларускага слоўніка звязваюць запазычанне з літ. rãgas ’рог’ (Сл. ПЗБ, 4, 238). Параўн. таксама раго́йш (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сту́ібень, сту́ібінь ‘не надта разумны; дурань’ (полац., Нар. лекс.), сту́іб, сту́ібень ‘няўклюдны, нязграбны, рагаты’ (“няйнакш некалі так называлі ідалаў ад стода”, Барад.). Відаць, сюды ж стаўбе́нь ‘ёлупень’ (Яўс.), ‘стоўб; маўчун’ (Мат. Маг. 2), ‘нейкі слуп (або ідал?)’ (мсцісл., З нар. сл.), магчыма, другасна збліжаныя з стоўб, гл. Няясна; гл. туебень.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Рага́ль — пра вала або лася з вялікімі рагамі (Др.-Падб., Сержп.). Адпрыметнікавы назоўнік з суфіксам ‑аль ад рага́ты (гл.), як наса́ль ад наса́ты. Пра словаўтваральную мадэль гл. Сцяцко, Афікс. наз., 94. Да рог (гл.), параўн. роголе́ ’вялікія рогі’ (ТС). Сюды ж рага́лік ’жук-алень’ (глыб., міёр., ЖНС), паколькі жук мае моцна развітыя верхнія сківіцы, якія па форме нагадваюць рогі аленя, і рага́лік ’маленькая булачка ў выглядзе рога’ (ТСБМ), раго́лік ’варэнік’, ’коржык з бульбы і мукі’ (Ян.). Перанос назвы па форме.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

вага́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Мерна гайдацца з боку ў бок або зверху ўніз. Маятнік вагаўся важна, без звыклага цікання. Карпаў. Чайная была амаль пустая, толькі ў кутку, дзе вагалася, зачапіўшыся за рагаты фікус, доўгая фіранка, сядзела некалькі наведвальнікаў. Савіцкі. Дзверы віселі на адной завесе, падлога вагалася. Асіпенка.

2. перан. Быць у нерашучасці, адчуваць няўпэўненасць; сумнявацца. [Лабановіч] пэўны час вагаецца, але даволі хутка знаходзіць выхад у збліжэнні з перадавым сялянствам. Пшыркоў. [Георгій], відаць, вагаўся — хацелася ўбачыць бацьку, асабліва цяпер, калі ён стаяў побач, за дзвярыма, калі быў чуваць яго голас. Мележ.

3. перан. Быць няўстойлівым, хісткім, непастаянным; мяняцца. Вышыня сцябла розных сартоў кукурузы вагаецца ў межах ад 0,5 да 4,5 метра і вышэй.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Разла́ты (разла́тый) ’сукаваты’ (Юрч. СНЛ), параўн. балг. разлат (ръзлат) ’роўны, расшыраны’, ’неглыбокі (пра пасудзіну)’, рус. дыял. разла́тый ’які расшыраецца, паступова павялічваецца ў шырыню’. Мяркулава (Очерки, 29) звязвае апошняе слова з укр. лататий ’шырокі’, рус. лата́тый горошекрагаты гарошак, які тырчыць у розныя бакі’ і далей з ла́та, ла́тка ’кусок матэрыі, латка’. Аднак для этымалогіі слова істотнае значэнне мае дзеяслоўная ізалекса, параўн. рус. разла́тить ’шырока растапырыць’ (разан.) і серб.-харв. razlatiti ’расшырыць, шырока адкрыць’, вытворнае ад latiti ’схапіць, сціснуць’ (Цыхун, БЛ, 5, 49). Апошняе да *latiti, роднаснае *latati і, нарэшце, *lětati (ЭССЯ, 14, 48–49), гл. лятаць, лата3. Пра адносіны *latiti і *lātāti гл. спец. Рыкаў, Зб. Лекаву, 325–327; пра сувязь *latiti і letěti гл. Немец, Slavia, 66, 319–324. Адносна ст.-слав. разлатыи гл. Геродас, Slavia, 49, 397–398.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Раго́з ’балотная расліна, пухоўка Typha L., трыснёг’ (ТСБМ, Кіс.), рого́з, рого́ж ’балотная расліна з вузкімі лістамі’ (ТС); раго́ж, раго́жа, рого́жа, руго́жа, рогожа́ ’трыснёг’ (ЛА, 1; Арх. ГУ), рага́за ’чарот’ (Ян.), ’плюшчай’ (ЛА, 1), рус. рого́з, дыял. ра́гоза ’трава асака’, ’мачала’, укр. рогі́з, рогоза́, польск. rogozie ’трыснёг’, ’чарот’, в.-луж. rogož, rohodź ’трыснёг’, ’чарот’, н.-луж. rogož ’чарот’, серб. ро̀гоз, харв. rògoz ’асака’, балг. рого́з ’высокая балотная трава, з якой плятуць посцілкі і інш.’, макед. рогоз ’трыснёг’, ст.-слав. рогозъ ’папірус’. Агульнаславянская назва пухоўкі, чароту і трыснягу. Узводзяць да прасл. *rogozъ, якое, хутчэй за ўсё, вытворнае ад *rogъ ’рог’ (Брукнер, 461; Фасмер, 3, 490; Шустэр–Шэўц, 2, 1231–1232). Ва ўсіх слав. мовах слова мае яшчэ і значэнне ’луб’, ’грубая тканіна’, як і слова раго́жа, параўн. літ. regzti ’плясці’. Магчыма, звязана з словам рагаза́, якое мае значэнне ’рагаты сук’, ’штосьці калючае’, параўн. бел. раго́зіна ’сукаватая палка’ (Сцяшк.). Уяўленне аб рагазе́ як аб развілцы, рагаціне пацвярджае яго этымалагічныя сувязі з рог1, гл. (Мяркулава, Очерки, 48–50).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

КІНАКАМЕ́ДЫЯ,

жанр кінамастацтва, творы якога адлюстроўваюць камед. характары і сітуацыі, выклікаюць смех гледачоў; адносяцца да эстэт. катэгорыі камічнага. Бывае эксцэнтрычная, лірычная, сатыр., фантаст., абсурдная, парадыйная, кінавадэвіль, кінафарс, трагікамедыя і інш.

Першыя К. — «Паліты палівальшчык» (1895, Францыя, рэж. Л.​Люм’ер). Распрацоўка жанру К. звязана з дзейнасцю франц. (М.​Ліндэр, Р.​Клер, Фернандэль, Бурвіль, Ж.​Таці, П.​Этэкс, Л дэ Фюнес, П.​Рышар), амер. (М.​Сенет, Б.​Кітан, Г.​Лойд, браты Маркс, М.​Брукс, В.​Ален і асабліва Ч.​Чаплін, які аб’яднаў эксцэнтрыку з лірыка-рамант. і трагікамічнымі элементамі), італьян. (П.​Джэрмі, В. Дэ Сіка, Тато, А.​Сордзі, М.​Мастраяні, А.​Чэлентана) камед. школ. Для сав. К. характэрна ўзмацненне сац. функцый. Вял. ўклад у яе развіццё зрабілі рэж. Я.​Пратазанаў, Б.​Барвет, Р.​Аляксандраў, І.​Пыр’еў, А.​Мядзведкін, Э.​Разанаў, Л.​Гайдай, Г.​Данелія, акцёры І.​Ільінскі, В.​Марэцкая, Э.​Гарын, Л.​Арлова, М Кручкоў, М.​Жараў, Ф.​Ранеўская, С.​Марцінсон, Р.​Плят, М.​Пугаўкін, Г.​Віцын, Л.​Гурчанка, Р.​Быкаў, Ю.​Нікулін, Я.​Лявонаў, А.​Міронаў, А.​Папанаў, Л.​Кураўлёў, Л.​Ахеджакава і інш.

У бел. кіно канца 1920—30-х г. створаны быт. і сатыр. К.: «Джэнтльмен і певень» (1929, рэж. У.​Балюзак), «Паручнік Кіжэ» (1934, рэж. А.​Файнцымер), «Дзяўчына спяшаецца на спатканне» (1936, рэж. М.​Вернер); лірычныя К.: «Шукальнікі шчасця» (1936) і «Маё каханне» (1940, абедзве рэж. У.​Корш-Саблін), «Маска» і «Мянтуз» (1938, рэж. С.​Сплашноў), «Мядзведзь» (1938) і «Чалавек у футарале» (1939, рэж. І.​Аненскі; апошнія 4 паводле А.​Чэхава). Экранізаваны камед. спектаклі па творах бел. драматургаў: Я.​Купалы «Паўлінка» (1952) і В.​Вольскага «Несцерка» (1955; рэж. А.​Зархі), К.​Крапівы «Пяюць жаваранкі» (1953, рэж. Корш-Саблін і К.​Саннікаў) і «Хто смяецца апошнім (1954, рэж. Корш-Саблін), А.​Макаёнка «Лявоніха на арбіце» («Рагаты бастыён», 1975, рэж. П.​Васілеўскі), М.​Матукоўскага «Амністыя» («Траянскі конь», 1980) і «Мудрамер» (1988; рэж. В.​Панамароў) і інш. Шмат створана дзіцячых эксцэнтрычных, муз., прыгодніцкіх К.: «Па сакрэту ўсяму свету» (1976, маст. кіраўнік І.​Дабралюбаў, рэж. Ю.​Аксачанка, У.​Папоў, Дз.​Міхлееў, В.​Канеўскі), «Капітан схлусі-галава» (1979, рэж. М.​Лук’янаў), «Ціхія троечнікі» (1980, рэж. В.​Нікіфараў), «Як я быў вундэркіндам» (1983, рэж. Я.​Маркоўскі), «Не забудзьце выключыць тэлевізар» (1987, рэж. Лук’янаў), серыя кароткаметражных фільмаў «Кешка і іншыя» (1991—93, рэж. Б.​Берднер) і інш. Сярод бел. К. апошніх дзесяцігоддзяў: «Белыя росы» (1983, рэж. Дабралюбаў), «Не разумею» (рэж.

Н.​Шылок) і «Філіял» (рэж. Маркоўскі), 1988; «Чырвоны востраў» (1991, рэж. А.​Фянько), «Хачу ў Амерыку» (1992, рэж. С.​Ніканенка), «Кааператыў «Палітбюро» (1993) і «Гульня ўяўлення» (1995, рэж. М.​Пташук).

Літ.:

Юренев Р.Н. Советская кинокомедия. М., 1964;

Комики мирового экрана. М., 1966;

История белорусского кино. Кн. 1—2. Мн., 1969—70;

Волков А.А. Эксцентрическая кинокомедия. М., 1977;

Кушниров М.А. На экране — кинокомедия. М., 1983;

Трауберг Л.З. Мир наизнанку: Соц.-критич. мотивы в американской кинокомической 1910—1930-х гг. М., 1984.

Л.​М.​Зайцава.

т. 8, с. 264

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́РКТЫКА,

паўночная палярная вобласць Зямлі, якая ўключае паўн. ўскраіны Еўразіі і Паўн. Амерыкі (акрамя паўд. часткі Грэнландыі і п-ва Лабрадор), амаль увесь Паўн. Ледавіты акіян з астравамі (акрамя Усх. і Паўд. Нарвежскага мора) і прылеглыя часткі Атлантычнага і Ціхага акіянаў. Паўд. мяжа на сушы суадносіцца з паўд. мяжой зоны тундры (ізатэрма 10 °C самага цёплага месяца — ліп. ці жніўня). Пл. 27 млн. км² (часам мяжой Арктыкі лічаць лінію Паўн. палярнага круга, тады пл. Арктыкі 21 млн. км²). У Паўн. Амерыцы найб. плошчы займаюць невысокія (выш. 400—700 м) узгоркавыя пласкагор’і (Арктычнае плато і інш.). Самыя высокія горы на У Грэнландыі (3700 м, г. Гунб’ёрн), Бафінавай Зямлі і в-ве Элсміра. У рэльефе сушы Еўразіі пераважаюць раўніны. Месцамі ўчасткі гор (горы Быранга на п-ве Таймыр). Многія астравы ўкрыты ледавікамі; пл. ледавікоў Арктыкі 2 млн. км². Карысныя выкапні: каменны і буры вугаль, лігніт, каменная соль, руды каляровых металаў. У мацерыковай ч. многа рэк, якія замярзаюць на 8—10 месяцаў, невял. азёры (воз. Таймыр). У Паўн. Ледавітым ак. вылучаюць шэльф (глыб. 200—300 м), заняты ўскраіннымі морамі (Бафіна, Бофарта, Чукоцкім, Усх.-Сібірскім, Лапцевых, Карскім, Баранцавым, Грэнландскім) і а-вамі мацерыковага паходжання (Канадскі Арктычны Архіпелаг, Новасібірскія а-вы, Паўн. Зямля, Новая Зямля, Зямля Франца-Іосіфа, архіпелаг Шпіцберген і інш.), і дно — глыбакаводную частку, абмежаваную з Пд краем шэльфа Еўразіі і Паўн. Амерыкі. Пл. каля 5,3 млн. км², найб. глыб. 5527 м (упадзіна Літке). Падводныя хр. Ламаносава, Гакеля і Мендзялеева падзяляюць дно на падводныя катлавіны Канадскую, Макарава, Амундсена, Нансена і інш. Працяглая палярная ноч, нізкія значэнні радыяц. балансу (пры адмоўных сярэдніх т-рах студз. ад -30 да -34 °C, ліп. каля 0 °C), фарміраванне Арктычнага антыцыклону, інтэнсіўная цыкланічная дзейнасць спрыяюць існаванню дрэйфуючага ледавіковага покрыва шматгадовых (пакавых) ільдоў. Ледавітасць марскіх акваторый Арктыкі каля 11 млн. км² зімой і каля 8 млн. км² летам. Цыркуляцыя водаў і льдоў вызначаецца водаабменам з Атлантычным і Ціхім акіянамі. Салёнасць 30—32‰. Скорасць дрэйфу лёду і пастаянных цячэнняў 2—4 км за суткі. Панаванне арктычных паветраных масаў, арктычнага клімату, наяўнасць шматгадовай мерзлаты абумовілі існаванне ландшафтаў ледзяных пустыняў, хмызняковай тундры (карлікавая бяроза, вярба, багун) і арктычных пустыняў зоны на прымітыўных арктычных глебах. Жывёльны свет: белы мядзведзь, пясец, паўн. алень, аўцабык; з птушак — белая сава, тундравая курапатка, рагаты жаваранак, «птушыныя кірмашы» (гагі, гусі, казаркі, тундравы лебедзь). У водах Арктыкі 70 відаў фітапланктону і каля 80 розных формаў зоапланктону. У морах — маржы і цюлені. Прамысловыя рыбы: селядзец, траска, пікша, марскі акунь і інш.

У 1937 у раёне полюса была арганізавана першая сав. дрэйфуючая ст. «Паўночны полюс» пад кіраўніцтвам І.​Дз.​Папаніна. Вялікая роля ў асваенні Арктыкі належыць Паўн. марскому шляху. У сучасным міжнар. праве замацаваны падзел Арктыкі на 5 сектараў у адпаведнасці з паўн. граніцамі Расіі, ЗША (Аляска), Канады, Даніі (Грэнландыя) і Нарвегіі, бакавыя межы — мерыдыяны, вяршыня — Паўн. полюс. Усе землі і астравы ў межах кожнага сектара ўваходзяць у склад тэр. прылеглых дзяржаў.

Літ.:

Арикайнен Л.И. Сквозь льды Арктики. М., 1982;

Яго ж. Во льдах Североамериканской Арктики. Л., 1989.

В.​Ю.​Панасюк.

Да арт. Арктыка. Арктычны ландшафт.
Да арт. Арктыка. Белая сава.
Да арт. Арктыка. Статак маржоў у Чукоцкім моры.

т. 1, с. 480

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАКАЁНАК (Андрэй Ягоравіч) (12.11.1920, в. Борхаў Рагачоўскага р-на Гомельскай вобл. — 16.11.1982),

бел. драматург. Нар. пісьменнік Беларусі (1977). Скончыў Рэсп. парт. школу пры ЦК КП(б)Б (1949). У Вял. Айч. вайну цяжка паранены. У 1944—47 на камсамольскай і парт. рабоце. З 1949 у час. «Вожык», у Саюзе пісьменнікаў Беларусі. У 1966—77 гал. рэдактар час. «Нёман». Друкаваўся з 1946. Пісаў гумарэскі, фельетоны, нарысы. Першая п’еса — аднаактовая драма «Добра, калі добра канчаецца» (1946). Аднаактоўкі «Перад сустрэчай», «Жыццё патрабуе» (1950), «Аксеніна цялушка» і «Крымінальная справа» (1951), «Першае пытанне» (1952) вызначаліся актуальнасцю праблематыкі. Шматактовыя драмы «Ворагі», «Узыходы шчасця» (абедзве 1947), «Выйгрыш» (1948) пры жыцці аўтара не друкаваліся і не ставіліся. У 1952 на сцэне Бел. т-ра імя Я.​Купалы пастаўлена яго паліт. драма «На досвітку» пра пасляваен. Францыю. У сатыр. камедыі «Выбачайце, калі ласка!» (паст. тамсама ў 1954) бескампрамісна крытыкуюцца заганныя метады кіраўніцтва нар. гаспадаркай, паказуха, фармалізм, казённае адміністраванне. Камедыі «Каб людзі не журыліся» (паст. тамсама ў 1959) і «Лявоніха на арбіце» (паст. тамсама ў 1961; Літ. прэмія імя Я.​Купалы 1962) прысвечаны жыццю пасляваен. вёскі. Сац.-паліт. накіраванасцю вызначаюцца наватарскія п’есы «Зацюканы апостал» (паст. тамсама ў 1971) і «Трыбунал» (паст. Бел. т-рам Я.​Коласа, 1970), якія засведчылі значную эвалюцыю ў выяўл. манеры аўтара. Сатыр. камедыя-памфлет «Зацюканы апостал», насычаная прыёмамі сцэнічнай умоўнасці, часам з падкрэсленым ігнараваннем праўдападобнасці, вызначаецца своеасаблівасцю маст. тыпізацыі, гранічнай абагульненасцю персанажаў, не трацячы пры гэтым маст. канкрэтнасці. У трагікамедыі «Трыбунал», блізкай да традыцый нар. драмы, М. спалучыў нізкае з узвышаным, фарсавае з трагедыйным. Упершыню ў бел. драматургіі высокая героіка ўвасоблена ў камедыйным жанры. У пошуках новых жанравых і структурна-кампазіцыйных форм М. прыйшоў да камедыі-рэпартажу «Таблетку пад язык» (паст. т-рам імя Я.​Купалы ў 1973; разам з «Трыбуналам» Дзярж. прэмія Беларусі імя Я.​Коласа 1974), да складанай у жанравых адносінах камедыі «Кашмар» (паст. тамсама пад назвай «Святая прастата» ў 1976), якая падкупляе клопатам пра ўсталяванне разумных сац,паліт. узаемаадносін, гуманіст. пафасам. У канцы 1970 — пач. 1980-х г. на сцэне з’явіліся трагікамедыя «Пагарэльцы» (нап. 1966, апубл. 1980, паст. тамсама ў 1981) і камедыя «Верачка» [аўтарскае вызначэнне: сентыментальны фельетон, паст. Брэсцкім і Магілёўскім («Не сумуй, Верачка») абл. т-рамі ў 1979], якія адкрылі новыя грані драматургічнага таленту М. У «Пагарэльцах», прысвечаных выкрыццю прыстасавальніцтва, апалітычнасці, шкурніцтва, аўтар адмовіўся ад традыц. сюжэтна-кампазіцыйнай структуры твора, даў толькі «пралог і эпілог адной трагікамічнай гісторыі».

Камедыя «Верачка» напісана ў больш звыклых, хоць і не кананічных жанравых формах; у эмацыянальным ладзе яе дамінуе мяккая, сцішаная танальнасць. Лірычныя моманты ёсць і ў п’есах «Лявоніха на арбіце», «Таблетку пад язык», «Кашмар», але прысутнічаюць там пераважна ў аўтарскіх рэмарках-пралогах. Апошні закончаны твор М. — трагікамедыя «Дыхайце эканомна» (апубл. 1983) — п’еса-прытча, у якой аб’ектам аўтарскага асэнсавання стала найважнейшая агульначалавечая праблема захавання Зямлі ад тэрмаядзернай катастрофы. Аўтар кінааповесці «Твой хлеб» (1956), сцэнарыяў фільмаў «Шчасце трэба берагчы» (1958), «Кандрат Крапіва» (1961), «Рагаты бастыён» (1975), тэлефільма «Пасля кірмашу» (1973). Імя М. прысвоена Гродзенскай цэнтр. гар. б-цы і Журавіцкай СШ Рагачоўскага р-на, у якой створаны музей М.

Тв.:

Зб. тв. Т. 1—5. Мн., 1987—90;

Выбр. тв Т. 1—2. Мн., 1980.

Літ.:

Вишневская И. Комедия на орбите. М., 1979;

Сохар Ю.М. На пульсе жыцця: Андрэй Макаёнак і бел. тэатр. Мн., 1979;

Усікаў Я.К. Андрэй Макаёнак. Мн., 1984.

С.​С.​Лаўшук.

А.Я.Макаёнак.

т. 9, с. 526

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

сагну́ць, ‑гну, ‑гнеш, ‑гне; ‑гнём, ‑гняце; зак., каго-што.

1. Зрабіць гнутым, надаць выгляд дугі, вугла. Сагнуць дрот. □ І ўпершыню мой валасаты прашчур Падняўся і сагнуў рагаты сук. Грахоўскі. Даўней грыўню мог [Сямён Ямкавы] сагнуць пальцамі. Чорны. // Зрабіць што‑н. шляхам згінання. Сагнуць дугу. □ Распарыў [Янка] палазы ў печы. Сагнуў, габлюе цэлы дзень. Корбан. // Нахіліць да зямлі. Пытае шумны маладняк У дрэў старых: вятры якія Іх вецце абарвалі так, Ствалы сагнулі векавыя? Танк. Калі тонкага дрэва не сагнеш, то тоўстага не адужаеш. Прыказка.

2. Нахіляючыся, выгнуць спіну. Ніжэй сагнулі спіны жнейкі, шыбчэй зашорхалі сярпы. Бядуля.

3. Зрабіць згорбленым, згорбіць. Гэта быў чалавек вышэй сярэдняга росту, гады не высушылі і не сагнулі яго дзябёлую постаць, трымаўся ён проста і хадзіў яшчэ шпарка і ўпэўнена, хоць і абапіраўся на кій. Шамякін. / у безас. ужыв. Вярнуўся Змітрок у Добры Дуб. Дзеці абадраныя, Хрысціна хваравітая, і самога ледзьве не сагнула. Гроднеў.

4. Скласці пад вуглом у суставе (пра канечнасці). — Дык у мяне ж рука — во! — сагнуў у локці руку Сашка. — Праўда ж, моцны я? Даніленка.

5. Пашкодзіць, зрабіць пагнутым. [Бацька] — Каб ты бачыў, сынок, сашнік сагнуў як ёсць, у камень недзе ўправіўшы. Чорны.

6. перан. Зламаць стойкасць, сілу, зрабіць каго‑н. пакорным. Нястача і гора сагнулі яго. □ Нашых плеч не сагнулі Ні замець, Ні снег, Ні скавыш. Глебка. Непакорных, гордых не магло Нішто ў змаганні з ворагам асіліць, Зламаць, сагнуць. Танк. Не, не стопчуць красы тваёй брудныя боты. Не, народа майго аніхто не сагне! Панчанка.

•••

Сагнуць (скруціць) у бараноў (казіны) рог; сагнуць у дугу; сагнуць у крук; сагнуць у абаранак — уціскам, строгасцю прымусіць каго‑н. пакарыцца, падпарадкавацца.

Сагнуць у тры пагібелі — падвергнуць жорсткай эксплуатацыі, уціску; прымусіць пакарыцца.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)