трагі́чны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да трагедыі (у 1 знач.), уласцівы ёй. Трагічны жанр. Трагічны сюжэт. Трагічная п’еса. // Які ляжыць у аснове трагедыі, які адлюстроўвае яе сутнасць. Трагічны канфлікт. / у знач. наз. трагі́чнае, ‑ага, н. Трагічнае не існуе адасоблена ад жыцця.

2. Уласцівы выканаўцам трагедыі, які здольны перадаваць моцныя пачуцці. Трагічны талент. // Разлічаны на эфект; тэатральны. Трагічны жэст. □ — Бяда, Максім Іванавіч! — трагічным голасам усклікнула [Волька], спрытна саскокваючы з воза. Васілевіч. [Акцёр] разводзіў рукамі і, пакорліва апусціўшы галаву, дэкламаваў трагічным голасам завучаныя фразы. Бядуля.

3. Страшны, катастрафічны. Трагічная гібель судна. Трагічны выпадак. Трагічныя падзеі. // Поўны гора, няшчасця. Трагічнае становішча. □ У яркіх мастацкіх вобразах і малюнках раскрывае народная песня і радасць, і гора, і трагічныя моманты чалавечага жыцця. Саламевіч. Але .. [Кручкоўскі] быў пасабачы верны свайму пану шэфу і не мог не ўспомніць аб ім у такі трагічны час. Якімовіч. // Які выражае цяжкі душэўны стан, пакуты; які сведчыць аб пакутах. Трагічны выраз твару.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

sorrow1 [ˈsɒrəʊ] n.

1. (at/for/over) сму́так, скру́ха, журба́, журбо́та, сум;

public/national sorrow усенаро́дны сму́так;

a look of sorrow су́мны по́зірк;

cause a great deal of sorrow to smb. прыно́сіць вялі́кае го́ра каму́-н.;

feel sorrow for smb. сумава́ць па кім-н.;

in sorrow and in joy у го́ры і ра́дасці;

I say this more in sorrow than in anger. Я гавару гэта не таму, што злуюся, а таму, што гэта мяне засмучае;

He has had many sorrows in his life. Ён хлябнуў гора за сваё жыццё.

2. жа́ласлівасць, спачува́нне;

express sorrow at/for smth. выка́заць спачува́нне нако́нт чаго́-н.;

to my sorrow на жаль

3. pl. sorrows паку́ты;

the road of sorrows крыжо́вы шлях, хаджэ́нне па паку́тах

Англійска-беларускі слоўнік (Т. Суша, 2013, актуальны правапіс)

БАХ (Bach) Іаган Себасцьян

(21.3.1685, г. Айзенах, Германія — 28.7.1750),

нямецкі кампазітар, арганіст, клавесініст. Адзін з найб. вядомых прадстаўнікоў сусв. гуманіст. культуры. З сям’і патомных музыкантаў. Служыў арганістам і капельмайстрам у невял. правінцыяльных гарадах, потым у Веймары, Кётэне і Лейпцыгу. Творчасць Баха, музыканта-універсала, вылучаецца ўсёабдымнасцю муз. жанраў (акрамя оперы). Яна абагульніла дасягненні муз. мастацтва некалькіх стагоддзяў на мяжы барока і класіцызму. У сваёй творчасці Бах спалучыў традыцыі пратэстанцкага харала з традыцыямі аўстр., італьян. і франц. муз. школ. Музыка Баха адметная адзінствам поліфанічнага і гамафоннага, вак. і інструментальнага мыслення, глыбокім узаемапранікненнем розных жанраў і стыляў. Вядучы жанр яго вак.-інстр. творчасці — духоўная кантата (5 гадавых цыклаў; усяго каля 300). Свецкія кантаты (усяго 24) падрыхтавалі зінгшпільням. разнавіднасць камічнай оперы. Выпрацаваныя ў кантатах драматургічныя прынцыпы ўвасоблены ў месах, магніфікатах, «Страсцях» («Пакутах»), іх кульмінацыя — «Высокая» меса сі-мінор, «Страсці па Іаану» і «Страсці па Матфею». У яго інстр. творчасці цэнтр. месца належыць арганнай музыцы. Спалучыўшы вопыт арганнай імправізацыі, разнастайныя варыяцыйныя і поліфанічныя прыёмы папярэднікаў (Дз.Букстэхудэ, І.Пахельбеля і інш.), Бах пераасэнсаваў і абнавіў жанры такаты, фантазіі, пасакаллі, харальнай прэлюдыі. Сярод яго клавірных твораў найб. значэнне мае «Добра тэмпераваны клавір» у 2 тамах (1722, 1744; у кожным — 24 прэлюдыі і фугі ва ўсіх мажорных і мінорных танальнасцях) — першая ў гісторыі музыкі спроба маст. выкарыстання тэмпераванага строю (гл. Тэмперацыя). Створаныя ў фугах клавіра ўзоры кантрапунктычнага майстэрства прадоўжаны і закончаны ў «Мастацтве фугі» (1740—50). Музыка Баха для клавіра, скрыпкі, віяланчэлі, флейты, габоя, інстр. ансамбля, аркестра (санаты, сюіты, партыты, канцэрты) значна пашырыла выразныя і тэхн. магчымасці інструментаў, выявіла глыбокае веданне інструментаў і універсалізм у іх трактоўцы. Шэсць Брандэнбургскіх канцэртаў для розных інстр. складаў, якія ўвасобілі жанравыя і кампазіц. прынцыпы concerto grosso, — важны этап на шляху да класічнай сімфоніі. Творчасць Баха паўплывала на ўсё наступнае развіццё еўрап. муз. культуры.

Літ.:

Форкель И.Н. О жизни, искусстве и о произведениях И.С.Баха: Пер. с нем. 2 изд. М., 1987;

Русская книга о Бахе: [Сб. ст.]. 2 изд. М., 1986;

Schulze H.J. Studien zur Bach-Überlieferung im 18. Jahrhundert. Leipzig;

Dresden, 1984;

Schwendowius B., W. J.S.Bach: Life, time, influence. New Haven;

London, 1984.

т. 2, с. 356

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)