КАМЕ́ЛЬЧЫК (Міхаіл Сцяпанавіч) (н. 8.6.1921, в. Бушмін Талачынскага р-на Віцебскай вобл.),

Герой Сав. Саюза (1946). Засл. работнік культ. РСФСР (1983). Скончыў Аршанскі аэраклуб (1939), Адэскую ваен. авіяц. школу пілотаў імя П.​Асіпенка (1941), Краснадарскую вышэйшую афіцэрскую школу штурманаў (1953), Смаленскі пед. ін-т (1967). У Вял. Айч. вайну з 1941 на Паўн.-Зах., 1-м Бел. франтах. Удзельнік вызвалення Ноўгарада, Пскова, Пінска, Любліна, Варшавы, Познані, баёў на Одэры, штурму Берліна. Камандзір звяна штурмавога авіяпалка ст. лейтэнант К. зрабіў 100 баявых вылетаў, правёў 10 групавых паветр. баёў. Да 1958 у Сав. Арміі, падпалкоўнік. Ганаровы грамадзянін г. Познань і Лодзінскага ваяводства (Польшча).

т. 7, с. 511

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРАЧУ́Н (Уладзімір Рыгоравіч) (14.3.1914, в. Кухцічы Уздзенскага р-на Мінскай вобл. — 25.6.1998),

Герой Сав. Саюза (1946). Скончыў Мінскі трансп.-эканам. тэхнікум (1933), Сталінградскае ваен. авіяц. вучылішча лётчыкаў (1939).

У Чырв. Арміі з 1936. У Вял. Айч. вайну з крас. 1943 на Паўд., 4-м Укр., 3, 1 і 2-м Прыбалт., Ленінградскім франтах. Камандзір авіяэскадрыллі штурмавікоў, капітан. К. зрабіў 133 баявыя вылеты на разведку і бамбардзіроўку войск праціўніка, знішчыў 27 танкаў, 112 аўтамашын з грузам і жывой сілай, 3 самалёты на аэрадромах і 2 у паветр. баі, шмат інш. тэхнікі і жывой сілы праціўніка. Да 1957 у Сав. Арміі, падпалкоўнік.

У.Р.Карачун.

т. 8, с. 61

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЯНКЕ́ВІЧ (Аляксандр Алаізавіч) (псеўд. Ляндэр ; 1823, Гродзенская губ. — ?),

адзін з кіраўнікоў паўстання 1863—64 у Беларусі, Літве і Польшчы. У 1840—61 у арміі, падпалкоўнік. Пасля адстаўкі жыў у сваім фальварку Панюкі Гродзенскага пав. 2.5.1863 падняў паўстанне ў Гродзенскім пав. Пасля аб’яднання з ваўкавыскімі паўстанцамі — вайсковы нач. Гродзенскага і Ваўкавыскага пав. 3.6.1863 каля в. Мілавіды (Баранавіцкі р-н) на чале аб’яднаных сіл гродзенскіх, ваўкавыскіх, слонімскіх і навагрудскіх паўстанцаў нанёс паражэнне урадавым войскам. 1.8.1863 разам з лідскімі паўстанцамі перайшоў Нёман і дзейнічаў у Аўгустоўскай губ. Паўстанцкія ўлады надалі яму званне палкоўніка. У вер. 1863 выехаў за мяжу. Завочна прыгавораны да пакарання смерцю.

Г.​В.​Кісялёў, Р.​Ч.​Лянькевіч.

т. 9, с. 425

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЖЭ́ШКІ, Арэшкі,

шляхецкі род герба «Побуг» у ВКЛ. Найб. вядомыя:

Людвік, падкаморы пінскі, удзельнік Барскай канфедэрацыі. Антоні (1743—71), сын Людвіка. Маршалак пінскі, удзельнік Барскай канфедэрацыі. Леапольд (каля 1720—79), стольнік (1748), пісар гродскі (1750) і суддзя земскі пінскі, падпалкоўнік войска літ. (1754).

Верагодна, да гэтай лініі Ажэшак адносіліся:

Антоні (1800—77), удзельнік паўстання 1830—31, адзін з арганізатараў паўстанцкіх атрадаў у Пінскім пав. У 1831 арыштаваны, жыў пад наглядам паліцыі. У 1838 арыштаваны за сувязь з Ш.Канарскім і Саюзам польскага народа. Сасланы ў Томск на 20 гадоў. Пётр, уладальнік маёнтка Людвінова Кобрынскага пав. У 1858 ажаніўся з будучай польскай пісьменніцай Паўлоўскай (гл. Ажэшка Эліза). Фларыян, гл. Ажэшка Ф.Ф.

т. 1, с. 149

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

размясці́цца, ‑мяшчуся, ‑месцішся, ‑месціцца; зак.

Знайсці для сябе месца; стаць або рассесціся на месцах. Падпалкоўнік загадаў батальёнам размясціцца ў прыбярэжным лесе. Мележ. Нарэшце стол быў накрыты, усе размясціліся, і гаворка сціхла. Ваданосаў. // Уладкавацца на жыхарства, спыніцца па прыбыцці ў якім‑н. месцы, памяшканні. Землякі размясціліся ў адным пакоі з Кастусём. С. Александровіч. // Заняць сабой якое‑н. месца, прастору. Між засценкамі Малінаўкай і Жывіцамі на невялікім пагорку размясціўся стары могільнік. Чарнышэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ЗВА́ННІ ВО́ІНСКІЯ,

званні, якія персанальна прысвойваюцца ваеннаслужачым і ваеннаабавязаным запасу ўзбр. сіл у адпаведнасці з іх службовым становішчам, заслугамі, ваен. і спец. падрыхтоўкай, выслугай гадоў, прыналежнасцю да віду ўзбр. сіл, роду войск ці віду службы. З.в. вызначаюць старшынство ва ўзаемаадносінах паміж ваеннаслужачымі, тэрміны ваен. службы і знаходжанне ў запасе, права на матэрыяльнае і грашовае забеспячэнне і льготы. Ва Узбр. Сілах Рэспублікі Беларусь ваеннаслужачыя і ваеннаабавязаныя ў залежнасці ад прысвоеных З.в. падзяляюцца на наступныя склады: салдаты; сяржанты і старшыны; прапаршчыкі; афіцэры. Афіцэрскі склад падзяляецца на малодшых, старшых і вышэйшых афіцэраў. Кожнаму ваеннаслужачаму і ваеннаабавязанаму прысвойваецца адпаведнае З.в. (гл. табл.). Прысваенне і пазбаўленне З.в. праводзіцца ў адпаведнасці з законамі Рэспублікі Беларусь. Пры пэўных абставінах З.в. можа быць адноўлена.

Званні воінскія
Салдаты
радавы (курсант)
яфрэйтар
Сяржанты і старшыны
малодшы сяржант
сяржант
старшы сяржант
старшына
Прапаршчыкі
прапаршчык
старшы прапаршчык
Малодшыя афіцэры
малодшы лейтэнант
лейтэнант
старшы лейтэнант
капітан
Старшыя афіцэры
маёр
падпалкоўнік
палкоўнік
Вышэйшыя афіцэры
генерал-маёр
генерал-лейтэнант
генерал-палкоўнік

Г.​А.​Маслыка.

т. 7, с. 34

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУРАЎЁЎ-АПО́СТАЛ (Сяргей Іванавіч) (3.11.1795, С.-Пецярбург — 25.7.1826),

дзекабрыст. Брат М.І.Мураўёва-Апостала. Скончыў Пецярбургскі ін-т інжынераў шляхоў зносін (1811). З 1811 на ваен. службе. Удзельнік вайны 1812, замежных паходаў 1813—14. Адзін з заснавальнікаў «Саюза выратавання» (1816) і «Саюза працвітання» (1818). Пасля паўстання (1820) і расфарміравання (16.5.1822) Сямёнаўскага палка, дзе ён служыў, у Чарнігаўскім пяхотным палку, які пэўны час кватараваў у Бабруйску; падпалкоўнік. З 1822 чл. Паўд. т-ва дзекабрыстаў. Удзельнічаў у распрацоўцы першага рэальнага плана паўстання (гл. Бабруйскі план дзекабрыстаў 1823), які не быў здзейснены. У час паўстання Чарнігаўскага палка (10—15.1.1826) цяжка паранены, арыштаваны і дастаўлены ў Гал. штаб 1-й арміі ў Магілёў, дзе 14 і 15.1.1826 адбыліся яго першыя допыты. Асуджаны Вярх. судом і павешаны ў ліку пяці кіраўнікоў паўстання дзекабрыстаў.

Літ.:

Медведская Л.А. С.​И.​Муравьев-Апостол. М., 1970;

Букчин С.В. К мечам рванулись наши руки. 2 изд. Мн., 1985;

Декабристы: Биогр. справ. М., 1988.

М.​А.​Тарасава.

С.І.Мураўёў-Апостал.

т. 11, с. 31

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

пучо́к, ‑чка, м.

1. Памянш. да пук ​1; невялікая звязка чаго‑н. Сцёпа парваў пралесак, навязаў іх у пучкі. Баранавых. Па ўсіх шчылінах закураных сцен тырчаць пучкі сушаных траў і кветак. Бядуля.

2. Тое, што і пук ​1 (у 2 знач.); невялікі пук. Фурманка наблізілася, і Паходня ўключыў ліхтарык, накіраваўшы на яе блакітны пучок святла. Хадкевіч. У кабінеце сядзеў стомлены, сіваваты падпалкоўнік медыцынскай службы. Пад вачамі ў яго — сіняватыя кругі, на пераносіцы — пучок маршчынак. Асіпенка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ГЕ́РМАН (Юрый Паўлавіч) (4.4.1910, Рыга — 16.1.1967),

рускі пісьменнік. Аўтар раманаў «Рафаэль з цырульні», «Уступ» (абодва 1931), «Нашы знаёмыя» (1934—36; аднайменны фільм, 1969), «Адзін год» (1960; на аснове аповесцей 1930-х г.), гіст. рамана пра эпоху Пятра I «Расія маладая» (1952), рамана-трылогіі «Справа, якой ты служыш» (1957), «Дарагі мой чалавек» (1961), «Я адказваю за ўсё» (1964), прысвечанага духоўнаму фарміраванню сучасніка, чалавека высокай ідэйнай і грамадскай актыўнасці, аповесцей «Бедны Генрых» (1934), «Падпалкоўнік медыцынскай службы» (1949—56), «Пачатак», «Буцэфал» (абедзве апубл. 1968), кінасцэнарыяў «Сямёра смелых» (1936, з С.​А.​Герасімавым), «Пірагоў» (1947, Дзярж. прэмія СССР 1948), «Справа Румянцава» (1956, з Г.​Я.​Хейфіцам), «Верце мне, людзі» (1964), п’ес, апавяданняў, у т. л. для дзяцей. Адметныя рысы яго таленту — майстэрства сюжэтнай будовы, цікавасць да актуальных праблем, імкненне праз быт. падрабязнасці раскрыць сур’ёзныя жыццёвыя праблемы ў паўсядзённых іх праяўленнях.

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—6. Л., 1975—77.

Літ.:

Файнберг Р.И. Юрий Герман. Л., 1970;

Левин Л.И. Дни нашей жизни: Кн. о Ю. Германе и его друзьях. М., 1981.

т. 5, с. 176

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

прадста́віцца, ‑стаўлюся, ‑ставішся, ‑ставіцца; зак.

1. Назваць сябе, знаёмячыся з кім‑н.; адрэкамендавацца. Лёня прадставіўся старшаму: — Падпалкоўнік дзяржаўнай бяспекі Бурцаў... Новікаў. — Пахвальна, пахвальна, — застаўся задаволены яе адказам дзядок і прадставіўся Рыце: — А я вось калгасны аграном. Васілевіч.

2. З’явіцца, паўстаць, паказацца. Вачам прадставілася непрыглядная мешаніна [нагрувашчаных] адна на другую рэчаў. Гартны.

3. Уявіцца, паказацца. Саўкавы словы, яго паводзіны і намер прадставіліся цяпер у іншым асвятленні. Колас.

4. (са словамі «выпадак», «магчымасць» і пад.). Узнікнуць, з’явіцца. Тут зноў прадставіўся Сцёпку выпадак паказаць сваю вучонасць. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)