Сячы́ ’раздзяляць на часткі; рубаць, ссякаць’, ’хвастаць, сцябаць, кусаць (пра насякомых)’, ’валіць, спілоўваць лес’ (ТСБМ, Нас., Ласт., Некр. і Байк., Касп., Стан., Сержп. Прымхі, Сл. ПЗБ, Сцяшк., Бяльк.; слуц., мін., маладз., ЛА, 5) сеч ’тс’ (Бяльк., Шымк. Собр., Рам. 5; маг., ЛА, 5; ЛА, 1), се́кчы ’рубаць’ (ЛА, 1), се́кці ’здрабняць; рубаць (дровы)’ (ТС, ЛА, 5, ЛА, 1, Сл. ПЗБ, Некр. і Байк., Ян.), ст.-бел. сѣчи ’рубаць, біць’ (Альтбаўэр). Укр. сі́кти, рус. сечь, стараж.-рус. сѣчи, польск. siec, н.-луж. sec, палаб. sect, чэш. síci, серб.-харв. cије̏ћи, славен. sẹ́či, балг. сека́, макед. сека, ст.-слав. сѣщи, сѣкѫ. Прасл. *sěkti — першапачаткова атэматычны дзеяслоў, роднасны ст.-літ. į́sektiнасячы’, išsekti ’высячы’, лац. secō ’абразаю’, ірл. ésgid ’ён адсякае’, ст.-в.-ням. seganse ’каса’ і г. д. ад і.-е. *sek‑ ’аддзяляць вострай прыладай’ (Бязлай, 3, 221–222; Міклашыч, 290; Фасмер, 3, 593 з літ-рай; Махэк₂, 540; Шустар-Шэўц, 1393–1394; Борысь, 545; ЕСУМ, 5, 252).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

зе́лле, ‑я, н.

Разм.

1. Дзікарослыя травы; пустазелле. Вал асунуўся, зарос травою, зеллем, кустамі лазы і каліны. Колас. Загон у часе добрым будзе зжаты, у тарпу не трапіць зелле. Дубоўка.

2. Травы як корм для жывёлы; храп’е. Збіраць зелле ў агародзе. Насячы зелля. □ Чарнушчыха .. раптам ухапілася мяшаць свінням зелле. Мележ.

3. Лекавыя травы, а таксама настой на гэтых травах, які выкарыстоўваецца ў народнай медыцыне; зёлкі. Варыць зелле. Лячыцца зеллем. □ Густа стаялі паўз сцены столікі, шафачкі,.. збаночкі з сухім зеллем. Чорны. // Усё тое, што лечыць, чым лечаць; лякарства. Ірка любіць пчол: яны збіраюць мёд. А позні мёд — зелле. Пташнікаў. Прыйшлі сёстры, каб раздаць зелле і зрабіць перавязкі. Галавач. // Жарт. Пра тытунь, гарэлку і пад. — А каб цябе, з тваім курывам. Задыміў усю хату зеллем гэтым праклятым, — бурчыць Макарыха. Асіпенка. — Можа ў сельпо зойдзем, паўлітэрку возьмем? Не хочаце? Ну, як сабе хочаце. Гэтага зелля ў маёй кабеты няма. Грамовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

бі́цца, б’юся, б’ешся, б’ецца; б’ёмся, б’яцеся; заг. біся; незак.

1. Біць адзін аднаго. Старэйшы сын Сухавеяў Ваця трымаў у страху ўсю ваколіцу, біўся на вечарынках, прыставаў да дзяўчат. С. Александровіч. Не раз біліся маладыя Драздзюкі і Дзятлюкі за Мэру. Бядуля. Неяк спатрэбілася дзеду насячы роўных жардзінак, каб на іх садзіліся пеўні і сядзелі сабе, а не біліся з-за месца. Даніленка. // Хвастаць чым‑н. гнуткім. Трапечуцца дрэвы, кусты ў дзікім тлуме, Размахваюць, б’юцца галінай. Колас.

2. Весці бой; змагацца; ваяваць. Сержант расказаў, што да вайны служыў у Брэсце, што пад Баранавічамі, калі дывізія білася ў акружэнні, яго раніла ў нагу. Мележ. Б’юцца князі між сабою за ўладу і багацці, пустошаць сваімі войскамі суседнія землі, паляць і руйнуюць гарады, пішчаць людзей. В. Вольскі.

3. Ударацца, стукацца аб што‑н. або ў што‑н. [Мікалай] з усіх бакоў натыкаўся на дрэвы, біўся аб іх галавою, адпаўзаў. Шамякін. // Парывіста, моцна ўдарацца аб што‑н. (пра хвалі, дождж, вецер і пад.). А хвалі Анегі шумелі і біліся ў гневе аб скалы. Машара. Позні дождж Бесперапынна ў шыбы б’ецца. Танк. Вецер скуголіў, свістаў, біўся ў сцяну, у вокны. Шамякін. Б’ецца завея аб шыбы марозныя. Купала. // Рэзка, моцна дзейнічаць на пачуцці; імкнуцца пранікнуць куды‑н. (пра святло, гукі і пад.). Гукі біліся аб густую сцяну бору і, не прабіваючы яе, адляталі назад працяглым рэхам. Шамякін. / Пра пачуцці. У сэрца б’юцца ўспаміны хваляю — Ды не ўзбегчы ёй на стромы бераг... Барадулін.

4. Калаціцца, кідацца. [Марыся] білася ў знямозе, драла на сабе вопратку. Баранавых. Бабка ўсхапілася, убачыўшы, як натужліва б’ецца бусел на твані, часта-часта захрысціла худыя грудзі. Дуброўскі. // Трапятацца, дрыжаць. Пад казырком ссунутай на патыліцу шапкі Злобіча білася на ветры пасма чорных валасоў. М. Ткачоў. // перан. Мітусіцца (пра думкі, пачуцці і пад.). «Людзі павінны ведаць, што гаворыць Масква!» — білася ў галаве [Ганны] думка. Ус. // Імкнучыся вырвацца, трапятацца дзе‑н., ударацца аб што‑н. [Віктар] нешта трымаў, а гэтае нешта білася і вырывалася. Маўр. Трапеча, б’ецца шэры камячок у пастцы кіпцюроў. Пысін. Зялёны жук уляцеў у акно, нудна гудзеў і біўся ў шыбу. Хомчанка.

5. без дап. Быць у пастаянным рытмічным руху; пульсаваць (пра сэрца, кроў). Гукамер прыклаў [доктар] да вуха, Да грудзей прылёг, паслухаў, Праяснілася чало: Сэрца біцца пачало... Крапіва.

6. перан.; над чым, з кім-чым і без дап. Прыкладаць намаганні, каб дасягнуць чаго‑н.; дамагацца з усіх сіл ажыццяўлення чаго‑н. Колькі ні біўся, колькі ні намагаўся новы шэф, яму ніяк не ўдавалася наладзіць як след паравозную службу. Лынькоў. // Разм. Жыць у цяжкіх умовах, празмерна працуючы. Але як ні б’ецца.. [Сымон] на бацькавай палосцы — усё без хлеба, усё ў нястачы жыць даводзіцца. Якімовіч.

7. Выцякаць імклівым струменем. Мішурын трымаўся за правую руку вышэй локця, стараючыся заціснуць кроў, што білася з раны. Чорны. // Выбівацца (пра бурныя праявы энергіі, пачуццяў і пад.). У іх [вершах] б’ецца гарачае пачуццё да роднай зямлі, да яе нязломнай сілы, да пакут і радасцей. Грахоўскі.

8. Прабівацца праз што‑н. Праз лісце білася наверх парыжэлая трава. Чорны.

9. Раздзяляцца, дзяліцца. Рубанаўка б’ецца на пасёлкі. Галавач.

10. Разбівацца (пра шкло, пасуду).

11. Зал. да біць (у 2, 10 знач.).

•••

Біцца аб заклад — тое, што і ісці ў заклад (гл. ісці).

Біцца галавой аб сцяну — рабіць марныя намаганні дамагчыся чаго‑н.

Біцца за пусты мех — настойліва даводзіць відавочнае, вядомае, за што няма патрэбы спрачацца.

Біцца як рыба аб лёд — гараваць, бедаваць, дарэмна дабіваючыся лепшага; жыць у бядзе.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)