ЭФІО́ПСКАЕ ПІСЬМО́,

складовае пісьмо, якое ўзнікла на аснове кансанантна-фанемаграфічнага пісьма паўд.-аравійскіх плямён, што пад націскам араб. заваёўнікаў перасяліліся ў Афрыку і ўтварылі Аксумскае царства. Ран. ўзоры Э.п. захаваліся ў выглядзе стараж. надпісаў. Напачатку галосныя ў Э.п. не абазначаліся, але паступова пад грэч. уплывам кансанантна-фанемаграфічныя знакі ператварыліся ў складовыя. Канчаткова сістэма Э.п. склалася ў 13 ст., захоўваецца і цяпер. У Э.п. 26 асн. знакаў, кожны з якіх мае 7 графічных варыянтаў, што адпавядаюць спалучэнням зычнага гука з адным з 7 галосных (ă, ā, ě, ē, u, i, o). Напрамак радка — злева направа (напачатку было наадварот). Словы аддзяляюцца двукроп’ем. З пач. 2-га тыс. н.э. Э.п. абслугоўвае амхарскую мову Эфіопіі, цяпер таксама мовы тыгрэ і тыгрынья.

Літ.:

Крачковский И.Ю. Введение в эфиопскую филологию. М., 1955;

Павленко Н.А. История письма. Мн., 1987.

А.​Я.​Міхневіч.

Табліца знакаў эфіопскага пісьма.

т. 18, кн. 1, с. 193

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

чака́ншчык м.

1. (надпісаў і г. д.) Ziselíerer m -s, -s; Ziseleur [-´lø:r] m -s, -e;

2. (манет і г. д.) Mǘnzenpräger m -s, -, Münzer m -s, -

Беларуска-нямецкі слоўнік (М. Кур'янка, 2010, актуальны правапіс) 

АЛІ́МПІЯ (Olympia),

старажытнагрэчаскі горад на ПнЗ п-ва Пелапанес, на р. Алфей. Рэліг. цэнтр стараж. грэкаў, месца культу Зеўса і правядзення Алімпійскіх гульняў. Буйны цэнтр мастацтваў (7—4 ст. да н.э.). У канцы 7 ст. да н.э. пабудаваны храм Геры і 12 скарбніц на шляху да храма. Гал. Частка арх. ансамбля — храм Зеўса (468—456 да н.э., арх. Лібан), дзе знаходзілася вялізная статуя Зеўса з золата і слановай косці (скульпт. Фідый), залічаная грэкамі да аднаго з 7 дзівосаў свету.

Сярод арх. помнікаў: будынак савета (булеўтэрый, 6 ст. да н.э., перабудаваны ў 5 ст. да н.э.), храм Маці багоў (1-я пал. 4 ст. да н.э.), свяцілішча Пелапса, гімнасій і інш. З усталяваннем хрысціянства Алімпія заняпала, у 426 н.э. спалена па загадзе рым. імператара Феадосія II. У час раскопак (вядуцца з 1829) выяўлена больш за 130 статуй, каля 13 тыс. бронзавых прадметаў, да 10 тыс. надпісаў на бронзавых таблічках і інш.

Да арт. Алімпія. Рэшткі храма Геры.

т. 1, с. 260

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАСО́ВІЧ Каятан Андрэевіч (14.5.1814, г. Полацк Віцебскай вобл. — 7.2.1883),

бел. і рускі вучоны-ўсходазнавец; адзін з першых санскрытолагаў Расіі. Скончыў Віцебскую гімназію (1832), Маскоўскі ун-т (1836). Чл. Рускага геагр. т-ва (1849). З 1850 рэдактар навук. прад Публічнай б-кі ў Пецярбургу. З 1864 праф. Харкаўскага, з 1865 — Пецярбургскага ун-таў. Пераклаў на рус. мову і выдаў стараж.-інд. драмы «Сунд і Упесунд» (1844), «Сказанне пра Дгруву» (1848), «Васантазена» (1849) і інш., урыўкі з эпасу «Махабхарата», «Яўрэйскую граматыку» Г.Ф.​В.​Гезеніуса і «Яўрэйскую хрэстаматыю» (1874—75), выдаў «Грэчаска-рускі слоўнік» (з І.​Касовічам, 1847), збор стараж.-перс. клінападобных надпісаў (1872), склаў 1-ы ў Расіі «Санскрыта-рускі слоўнік» (1854, выд. не закончана). Верагодна, аўтар публікацыі бел. нар. песні з каментарыем, у якім падкрэслівалася своеасаблівасць бел. мовы (газ. «Молва», 1835, № 21, подпіс «Белорусс К.К.»).

Літ.:

Бас І. Эцюды пра вучоных // Маладосць. 1971. № 8;

Булахов М.Г. Восточнославянские языковеды: Биобиблиогр. словарь. Мн., 1976. Т. 1.

т. 8, с. 150

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МО́МЗЕН,

(Mommsen) Тэадор (30.11.1817, г. Гардынг, Германія — 1.11.1903), нямецкі гісторык антычнасці. Вучыўся ў Кільскім ун-це (1838—43) і Італіі (1844—47). Удзельнік рэвалюцыі 1848—49 у Германіі. Праф. рым. права ва ун-тах Лейпцыга (1848—50), Цюрыха (з 1852), Брэслаў (з 1854), з 1858 праф. стараж. гісторыі ў Берлінскім ун-це. Дэп. прускага ландтага (1863—66, 1873—79) і рэйхстага (1881—84). Выступаў супраць кансерватыўнай палітыкі О.Бісмарка і антысемітызму Г. фон Трайчке. Гал. працы: «Рымская гісторыя» (т. 1—3, 1854—55, т. 5, 1885; у цэнтры ўвагі праслаўленне Юлія Цэзара і рым. ваен. манархіі як моцнай нац. дзяржавы на шырокай нар. аснове), «Рымскае дзяржаўнае права» (т. 1—3, 1871—88), «Рымскае крымінальнае права» (1899). Выдаваў стараж. крыніцы, у т. л. збор лац. надпісаў «Corpus Inscriptionum Latinarum» (з 1863). Нобелеўская прэмія па л-ры 1902.

Літ.:

Чухно Т.А. Теодор Моммзен в исторической литературе // Вопросы всеобщей истории и историографии. Томск, 1982.

А.​Г.​Зельскі.

Т.Момзен.

т. 10, с. 516

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РА́ДЛАЎ Васіль Васілевіч (Фрыдрых Вільгельм 5.1.1837, Берлін — 12.5.1918),

расійскі ўсходазнавец-цюрколаг, этнограф і археолаг, прадстаўнік казанскай лінгвістычнай школы. Акад. Пецярбургскай АН (1884). Скончыў Берлінскі ун-т (1858). З 1858 у Расіі. У 1885—90 дырэктар Азіяцкага музея, з 1894 Музея антрапалогіі і этнаграфіі АН. Адзін з ініцыятараў стварэння і старшыня Рус. к-та па вывучэнні Сярэдняй і Усх. Азіі (1903—18). У 1860—70 у экспедыцыях па Алтаі, Сібіры, Казахстане і Сярэдняй Азіі сабраў матэрыял па мовах, фальклоры, этнаграфіі і археалогіі цюркскіх народаў. У 1891 кіраваў Архонскай экспедыцыяй АН (Манголія), у 1898 арганізаваў Турфанскую экспедыцыю (Цэнтр. Азія). Дэшыфраваў (адначасова з В.​Томсенам) мову архона-енісейскіх надпісаў. Адзін з заснавальнікаў параўнальна-гіст. вывучэння цюркскіх моў. Аўтар фундаментальнай працы «Спроба слоўніка цюркскіх гаворак» (т. 1—4, 1882—1909), а таксама «Параўнальная граматыка паўночных цюркскіх моў» (т. 1, 1882), «Старажытнацюркскія надпісы Манголіі» (1894—95), «Уступныя думкі да апісання марфалогіі цюркскіх моў» (1911) і інш.

Літ.:

Тюркологический сборник, 1971. М., 1972.

т. 13, с. 223

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МСЦІСЛА́ЎСКАЕ ШКЛО,

шкляныя вырабы 16—19 ст. з г. Мсціслаў Магілёўскай вобл. Выраблялі сталовы посуд, пасудзіны для вадкасцей, аконнае шкло. Посуд адметны складаным S-падобным профілем, размалёўкай каляровымі эмалямі, пластычным аздабленнем донцаў хвалістымі паддонамі, сценак — рыфленнем і накладнымі пячаткамі з нізкарэльефнымі выявамі гербаў, клеймаў гутнікаў, асобных літар і надпісаў. Шырока выкарыстоўваліся кальцавыя паддоны ў выглядзе гладкай шкляной дужкі. Асобныя формы і пластычны дэкор посуду блізкія да аздоб мсціслаўскай керамікі. У 16—18 ст. М.ш. фармавалі адвольна, у 19 ст. — прасаваннем і выдзіманнем у формы. Посуд 17 ст. сціпла дэкарыраваны шклянымі жгутамі, пячаткамі і інш., часам каляровымі эмалямі. У 18—19 ст. выраблялі збаны, куфлі, чаркі, бутлі, пляшкі, шкляніцы, кубкі, бакалы. Некат. вырабы аздаблялі шліфоўкай, гравіроўкай, шклянымі жгутамі і вял. стужкамі, тулавы размалёўвалі геам.-раслінным арнаментам, выкананым рознакаляровымі эмалямі. Аконнае шкло ў 17 ст. выдзімалі ў выглядзе круглых шыбак-дыскаў, у 18—19 ст. — прамавугольных шыбак.

Літ.:

Яніцкая М.М. Сташкевіч А.Б. Мсціслаўскае шкло XVI—XIX стст. // Помнікі культуры: Новыя адкрыцці. Мн., 1985.

А.​Б.​Сташкевіч, А.​А.​Трусаў, М.​М.​Яніцкая.

т. 10, с. 538

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЮДО́ВІК XIV (Louis; 5.9.1638, Сен-Жэрмен-ан-Ле, каля Парыжа — 1.9.1715),

кароль Францыі [1643—1715]. 3 дынастыі Бурбонаў. Сын Людовіка XIII [1610—43] і Ганны Аўстрыйскай (рэгентка ў 1643—51). Да 1661 дзяржавай фактычна правіў кардынал Дж.Мазарыні. У гэты час атрымана перамога над Фрондай, пазбаўлена паліт. значэння арыстакратыя, прыцягнуты да супрацоўніцтва здольныя прадстаўнікі мяшчанства і дробнага дваранства, што прывяло да апагею франц. абсалютызму ў перыяд самаст. праўлення Л. XIV, якому прыпісвалі вядомы выраз «Дзяржава — гэта я». Яго эканам. палітыка (падтрымка гандлю і рамёстваў, засн. мануфактур, упарадкаванне фінансаў) спрыяла і росквіту навукі, культуры, мастацтва (засн. акадэміі надпісаў, навук, музыкі і архітэктуры). Стварэнне моцнай арміі і флоту дазволіла весці шматлікія войны і павялічыць тэр. Францыі (у 1681 далучаны г. Страсбург, у 1678 — прав. Франш-Кантэ). Аднак экспансіянісцкая знешняя палітыка Л. XIV, рэліг. нецярпімасць (жорсткія праследаванні кальвіністаў, адмена ў 1685 Нанцкага эдыкта 1598), канфлікты з папствам прывялі да стварэння ў 1686 антыфранц. каал шыі, т.зв. Аўгсбургскай лігі. Войны з Лігай 1689—97 і няўдалая для Францыі вайна за Іспанскую спадчыну 1701—14 падарвалі эканоміку краіны. У канцы праўлення Л. XIV дзярж. доўг у 16 разоў перавышаў гадавы даход дзяржавы.

Літ.:

Малеттке К. Людовик XIV, 1643—1715 // Французские короли и императоры: Пер. с нем. Ростов н/Д, 1997.

т. 9, с. 403

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́ЙЯ ПІСЬМО́,

арыгінальнае пісьменства народа майя. Існавала з першых ст. н.э. да забароны ў 16 ст. ісп. царквой (кнігі майя былі знішчаны). Захаваліся 4 рукапісы: дрэздэнскі («Дрэздэнскі кодэкс», знойдзены ў Вене ў 1739), мадрыдскі («Кодэкс Тро-Картэзіянус», урыўкі з 2 манускрыптаў, знойдзеных у 2-й пал. 19 ст. ў Мадрыдзе), парыжскі («Кодэкс Перэсіянус», 2 урыўкі, знойдзеныя ў Парыжы ў 1859), рукапіс Гралье (апубл. 1973) і значная колькасць надпісаў на камянях руін гарадоў майя (на многіх сляды наўмысных пашкоджанняў). Кнігі майя ўяўляюць сабой паласу паперы, вырабленую з расл. валакна і натуральнага клейкага рэчыва і пакрытую з абодвух бакоў белай вапнай. Іерагліфічныя знакі выводзілі пэндзлікамі. Побач з пісьмёнамі размяшчаліся рознакаляровыя малюнкі. Да манускрыпта дадавалася драўляная ці скураная вокладка. Надпісы на камянях і ў рукапісах значна адрозніваліся. У М.п. ўжываліся фанет. знакі (алфавітныя і складовыя), ідэяграфічныя (абазначаюць цэлыя словы) і ключавыя (тлумачаць значэнні слоў, але не чытаюцца). Майя ведалі каля 800 знакаў. Мова іерагліфічных тэкстаў значна адрозніваецца (вымаўленне, слоўнік, граматыка) ад жывой мовы майя 16—17 ст. Іерагліфічныя тэксты і надпісы майя перакладзены не цалкам (каля 85%). Першыя спробы расшыфроўкі — сярэдзіна 19 ст. У сярэдзіне 1950—60-х г. вял. ўклад у дэшыфроўку М.п. зрабіў рас. вучоны Ю.​Кнарозаў.

Літ.:

Кнорозов Ю.В. Система письма древних майя. М.; Л., 1955;

Яго ж. Иероглифические рукописи майя. Л., 1975;

Александровский Г. Майя. Иероглифы и пирамиды // Наука и жизнь. 1997. № 11.

Пісьмо Майя. Старонка дрэздэнскага рукапісу.

т. 9, с. 525

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРСАВА ПО́ЛЕ ў С.-Пецярбургу,

плошча, адзін з найб. манум. ансамбляў горада. У пач. 18 ст. на месцы М.п. быў «Вялікі луг» для правядзення ўрачыстасцей, у т. л. ваен. парадаў. З 2-й пал. 18 ст. плошча мела назву «Царыцынскі луг», з 1818 М.п. (па аналогіі з М.п. у ант. Рыме). На М.п. помнікі П.​А.​Румянцаву («Румянцаўскі абеліск»; 1798—99, арх. В.​Ф.​Брэна, з 1818 — на Васільеўскім востраве) і А.​В.​Сувораву (1799—1801, скульпт. М.​І.​Казлоўскі). У крас. 1917 у цэнтры М.п. ў брацкай магіле пахавана 180 удзельнікаў Лют. рэвалюцыі, у чэрвені яно стала цэнтрам дэманстрацыі рабочых і салдат. У 1919 тут пахаваны ўдзельнікі грамадз. вайны. У 1917—19 на месцы пахаванняў пастаўлены помнік «Змагарам рэвалюцыі» (арх. Л.​У.​Руднеў, аўтар надпісаў А.​В.​Луначарскі). У ансамбль М.п. ўваходзяць; Мармуровы палац (1768—85, арх. А.​Рынальдзі, перабудаваны ў 1844—51, арх. А.​П.​Брулоў, класіцызм), Інжынерны замак (да 1823 Міхайлаўскі замак; 1797—1800, арх. Брэна, В.​І.​Бажэнаў, класіцызм) з коннай статуяй Пятра I перад ім (1743—44, скульпт. Б.​К.​Растрэлі; у замку ў 1801 забіты імператар Павел I), б. Паўлаўскія казармы (1817—20, арх. В.​П.​Стасаў, ампір), а таксама прылеглыя да яго Летні сад і Міхайлаўскі сад. У 1920—23 на тэр. М.п. разбіты партэрны сад (арх. І.​А.​Фамін), у 1957 запалены Вечны агонь. Уключана ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.

Літ.:

Слобожан И.И. Марсово поле. Л., 1963.

т. 10, с. 130

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)