пазабіва́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.

1. Забіць, знішчыць усіх, многіх. Пазабіваць ваўкоў.

2. Забіць, увагнаць куды‑н. усё, многае.

3. Прыбіўшы або прымацаваўшы што‑н., закрыць наглуха ўсё, многае. Пазабіваўшы крыж-накрыж дошкамі вокны і дзверы ў хаце, я падаўся ў Мінск. Сачанка.

4. Засмеціць, закупорыць усё, многае. Дзьмуў вецер, каляіны і канавы пазамятала, пазабівала і дарогі ў нізкіх месцах, машыны не хадзілі. Гаўрылкін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

забі́ць¹, -б’ю́, -б’е́ш, -б’е́; -б’ём, -б’яце́, -б’ю́ць; -бі; -бі́ты; зак.

1. каго (што). Пазбавіць жыцця або змучыць пабоямі.

З. з ружжа.

Пагражаць з.

З. да паўсмерці.

2. перан., каго (што). Запалохаць, пазбавіць здольнасці супраціўляцца.

З. чалавека маральна.

3. каго (што). Зарэзаць, закалоць на бойні ці на прамысловым паляванні (спец.).

З. свінню на сала.

З. звера.

4. што. Убіць глыбока, да канца; увагнаць.

З. цвік у сцяну.

5. што. Ударамі, рэзкімі штуршкамі загнаць куды-н.

З. гол (загнаць мяч у вароты). З. шар у лузу (на більярдзе).

6. што. Закрыць наглуха, прыбіўшы дошкі і пад.

З. вокны дошкамі.

7. што. Напоўніць да канца чым-н.; закупорыць.

Пясок забіў трубу.

8. зак. да забіваць (у 3 знач.).

Забіць галаву каму чым (разм.) — абцяжарыць памяць чым-н. непатрэбным.

Хоць забі (разм.) — пра немагчымасць што-н. зрабіць.

|| незак. забіва́ць, -а́ю, -а́еш, -а́е.

|| наз. забо́й, -ю, м. (да 3 знач.).

З. жывёлы.

|| прым. забо́йны, -ая, -ае (паводле 3 знач.; спец.).

З. цэх.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

ла́ўка 1, ‑і, ДМ лаўцы; Р мн. лавак; ж.

1. Прыстасаванне для сядзення на некалькі чалавек у выглядзе нешырокай дошкі на слупках або ножках у парку, на вуліцы і г. д. На вуліцы, каля плота, лаўка, на якой вечарамі збіраецца ўся канцавая моладзь. Краўчанка. Маладыя людзі зрабілі круг па скверыку і селі на лаўку. Дамашэвіч.

2. Невялікая лава ​1 ў памяшканні. Маці змахнула трапкачом лаўку і сказала: — Сядайце, чаго ж вы ў парозе сталі... Сачанка. На лаўках па баках і пасярэдзіне залы сядзелі і ляжалі пасажыры. Колас. Маша ўвайшла ў хату, паклала сякеру пад лаўку і пачала моўчкі распранацца. Мележ.

3. Прыстасаванне ў вагоне для сядзення або ляжання пасажыраў. [Паходня] без асаблівых прыгод на гэты раз заняў месца ў вагоне на ніжняй лаўцы. Хадкевіч.

4. Разм. Школьная парта. [Павел і Віктар] былі па росту абодва нізенькія хлапчукі, і настаўніца пасадзіла іх на пярэднюю лаўку. Гроднеў.

ла́ўка 2, ‑і, ДМ лаўцы; Р мн. лавак; ж.

Разм. Невялікая гандлёвая ўстанова; невялікі магазін. У Тураве не гандлявала ні адна лаўка, ва ўсіх хатах былі наглуха пазачыняны аканіцы, на вуліцах — ні жывой душы. Сачанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

умацава́ць, ‑цую, ‑цуеш, ‑цуе; зак., што.

1. Зрабіць што‑н. больш устойлівым. Умацаваць плаціну. Умацаваць дамбы. □ Каб не нарабіць са сваёй стрэльбай якой-небудзь шкоды, дзед абкруціў анучкай куркі ды зверху ўмацаваў яшчэ наглуха дротам. Лынькоў. Новая дарога ляжала моцная, роўная, як стол. Тарфяны попел схапіў, умацаваў пясок, атрымаўся рыхлы асфальт. Новікаў. Ластаўкі з усіх бакоў абляпілі бляшанку зямлёй. Відаць, яны не надта давяралі нашай пасудзіне і рашылі ўмацаваць яе. Ляўданскі. // перан. Надаць сілу, стойкасць (думкам, пачуццям і пад.). Зорын.. [Нагорнаму] давяраў, а выпадак з Радзецкім яшчэ больш умацаваў гэтае давер’е. Гурскі. Няўдачы загартавалі мастака, умацавалі яго веру ў сябе. «ЛіМ».

2. Разм. Прымацаваць што‑н. на чым‑н. грунтоўна, надзейна. Высланыя наперад радысты ўмацавалі дынамік на страсе камандзірскай зямлянкі. Шамякін. Мы з Сяргеем грунтоўна ўмацавалі за плячыма рацыю. Няхай.

3. Зрабіць больш здаровым. Умацаваць нервы.

4. Зрабіць больш моцнымі асновы чаго‑н. Умацаваць абарону краіны сацыялізма. □ Дзякуючы льнаводству.. [калгасы] ўмацавалі сваю эканоміку. «Звязда». // Узняць на больш высокую ступень арганізаванасць, дысцыпліну. Умацаваць дысцыпліну.

5. Стварыць абарончыя збудаванні дзе‑н., забяспечыць сродкамі абароны. Умацаваць подступы да горада.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шко́да 1, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.

1. Пашкоджанне, урон, страта. Ваганаў так сумеў паставіць свае гарматы і так спрытна мяняў іх месцы, што агонь праціўніка не рабіў ніякае шкоды. Колас. Атрад сарваў планы немцаў на ўчастку фронту, многа зрабіў ворагу шкоды. Чорны. І каб не нарабіць са сваёй стрэльбай якой шкоды, дзед абкруціў анучай куркі ды зверху ўмацаваў яшчэ наглуха дротам. Лынькоў. // Дрэнны, небяспечны ўчынак, дзеянне; тое, што небяспечна дрэннымі вынікамі. [Міна Міхайлавіч:] — Думаю я, такі гэта цуд, што працаваць на карысць жыцця ў чалавека сілы патройваюцца, а на шкоду і рукі не падымаюцца. Во як... Краўчанка.

2. Страта, прычыненая жывёлай; патрава. Ходзіць певень па гароду, У гародзе робіць шкоду. Муравейка. Паплаўнічы лавіў выпадкам перабегшую ў лес карову і накладаў штраф за шкоду. Гартны. // Месца на полі, у лузе, у лесе і г. д., дзе жывёла можа зрабіць патраву. Хлопчык так задумаўся, што не заўважыў, як Красуля і цялушка-пярэзімак убіліся ў шкоду. С. Александровіч. Я памог прагнаць статак [цялят] каля шкоды. Місько.

шко́да 2, безас. у знач. вык.

Тое, што і шкада. [Галена:] — Шкода таго часу і сілы, што я патраціла за тыя часы, пакуль мяне.. дапытвалі з-за.. брахні. Чорны. [Маці:] — Багатаму шкода карабля, а беднаму — кашаля! Мележ. Не так шкода, як невыгода. З нар.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

забі́ць 1, ‑б’ю, ‑б’еш, ‑б’е; ‑б’ём, ‑б’яце; заг. забі; зак., каго-што.

1. Пазбавіць жыцця, знішчыць. Князь забіў на ловах пару вялікіх прыгожых ласёў. Гарэцкі. Партызаны забілі здрадніка, укінуўшы ноччу ў яго дом гранату. Краўчанка. / у безас. ужыв. Бомбай многіх забіла. // Прыбіць, змучыць пабоямі. Забіць да паўсмерці. // Зарэзаць, закалоць. Забіць свінню на сала.

2. Б’ючы, стукаючы па якім‑н. прадмеце, прымусіць яго ўвайсці ў што‑н.; увагнаць. Забіць цвік у сцяну. Забіць калок у зямлю. □ [Вася] падняўся і забіў лязо сякеры ў разрэз. Шамякін. // Ударамі, рэзкімі штуршкамі загнаць што‑н. куды‑н. Забіць мяч у вароты праціўніка. Забіць шар у лузу.

3. Закрыць наглуха, прымацаваўшы, прыбіўшы дошкі і пад. Забіць аполкамі дзверы і вокны хаты.

4. Закрыць, заткнуць (адтуліну, шчыліну), туга засунуўшы ў яе што‑н. Надзеў [Талаш] праз плячо паляўнічую раменную торбу на шырокім пасе, дастаў ладункі з порахам, засыпаў у стрэльбу добрую порцыю пораху, туга забіў яго клакам. Колас. // Забрудзіць, закупорыць. Пясок забіў трубу.

5. Разм. Запоўніць, заняць сабой (пра мноства каго‑, чаго‑н.). Бясконцыя раннія завірухі так забілі снегам дарогі, што дабрацца куды цяпер можна было толькі хіба на кані ці на трактары. Шашкоў.

6. Перамагчы, заглушыць. Уяўлялася, што самы густы і напорны вецер не заб’е .. [ у гэтым кутку] паху грыбоў. Чорны. // перан. Запалохаць, пазбавіць здольнасці супраціўляцца. Забіць чалавека маральна.

7. Зак. да забіваць (у 3 знач.).

•••

Забіць асінавы кол — канчаткова пазбавіцца ад каго‑, чаго‑н., скончыць з кім‑, чым‑н. (ад забабоннага звычаю забіваць кол у магілу ведзьмара, каб абясшкодзіць яго).

Забіць галаву каму чым — абцяжарыць памяць чым‑н. непатрэбным, пустым.

Забіць двух зайцоў — выканаць адначасова дзве розныя справы, дасягнуць дзвюх розных мэт.

Забіць (загнаць) клін — раз’яднаць, выклікаць варожасць аднаго да другога.

І камара не заб’е — пра ціхага баязлівага чалавека.

Хоць забі — пра немагчымасць што‑н. зрабіць.

(Яго) і калом не заб’еш — пра чалавека з моцным здароўем, вялікай фізічнай сілай.

забі́ць 2, ‑б’ю, ‑б’еш, ‑б’е; ‑б’ём, ‑б’яце; зак.

Пачаць біць (у 1, 7 і 8 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)