ГРАБЕНБА́ЎЭРЫ (Grabenbauer),

музыканты 18 — пач. 19 ст.

Дамінік (? — раней 25.2.1804), клавесініст і педагог. У 1757—72 працаваў пры двары гетмана Браніцкага ў Беластоку (Польшча), даваў прыватныя ўрокі музыкі. Часта выязджаў у Слонім, з 1778, верагодна, жыў у ім стала (1.1.1779 заключыў з М.​К.​Агінскім кантракт на 8 гадоў, паводле якога абавязваўся навучаць прыгонных ігры на клавікордах). Працаваў да 1804 у муз. школе пры Слонімскай капэле Агінскага. Ева (1760, Беласток — ?), спявачка і педагог. Дачка Дамініка. З 1.1.1779 працавала ў Слонімскім тэатры Агінскага. Паводле кантракта павінна была вучыць прыгонных спевам, а таксама выступаць у операх і камедыях. У 1780 спявала ў оперы «Тэлемак». У сак. 1785 пакінула Слонім разам з мужам, прыдворным спеваком М.​Лазарыні.

Г.​І.​Барышаў.

т. 5, с. 378

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЖАЗ-РО́К (англ. jazz-rock),

адзін з кірункаў джаза, стыль прафес. музыкі. Выкрышталізаваўся ў канцы 1960-х г. у выніку спалучэння некат. формаў сучаснага джаза і джазавых аранжыровак з элементамі рокавай рытмікі і інструментоўкі. З 1970-х г. у выніку запазычання ім элементаў экзатычных муз. культур і ўскладнення рытмікі і формы адбылося яго пераўтварэнне ў якасна новую разнавіднасць — ф’южн (ад англ. сумесь, сплаў). Найб. росквіту Дж.-р. дасягнуў у творчасці амер. груп «Чыкага», «Прагноз надвор’я», англ. «Калізей», музыкантаў М.Дэйвіса, О.Коўлмена, Дж.​Мак-Лафліна, Дж.​Дзюка, Ж.​Л.​Панці, Ч.​Корыя, Х.​Хэнкака і інш. Многія бел. музыканты ў той ці іншай ступені выкарыстоўваюць у сваёй творчасці элементы джаз-рока (групы Б.​Бернштэйна, «Яблычная гарбата» і інш).

Дз.​А.​Падбярззскі.

т. 6, с. 84

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

арке́стр

(фр. orchestre, ад гр. orchestra = пляцоўка перад сцэнай для хору ў старажытнагрэчаскім іэатры)

1) група музыкантаў, аб’яднаных для сумеснага выканання на розных інструментах музычных твораў, а таксама сукупнасць музычных інструментаў для гэтага;

2) месца ў тэатры перад сцэнай, дзе размяшчаюцца музыканты.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ЗО́НА ў музыцы,

колькасная характарыстыка ступеневых якасцей музычных гукаў. Вызначае адносіны паміж элементамі муз. гуку як фіз. з’явы (частата, інтэнсіўнасць, склад гуку, працягласць) і яго муз. якасцямі (вышыня, гучнасць, тэмбр, працягласць) як адбіткамі ў свядомасці чалавека гэтых фіз. уласцівасцей гуку. Ступеневая якасць, напр., гуку а​1 не пераходзіць у суседнія якасці ў дастаткова шырокай зоне — прыкладна ад 430 да 450 герц; З. абсалютнага слыху прыблізна 80 цэнтаў; інтэрвальнага, адноснага слыху — каля 60—70 цэнтаў. Унутры З. музыканты адрозніваюць вял. колькасць інтанацыйных адценняў. Паняцце З. пашыраецца і на ўспрыняцце тэмпу і рытму, дынамічны і тэмбравы слых. Вучэнне пра З. (распрацавана муз. акустыкам М.​Гарбузавым) адкрыла новыя магчымасці для вывучэння маст. інтэрпрэтацыі муз. твораў.

Літ.:

Н.​А.​Гарбузов — музыкант, исследователь, педагог. М., 1980. С. 11—48, 80—270.

т. 7, с. 105

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНТЭРПРЭТА́ЦЫЯ ў музыцы,

гукавая рэалізацыя нотнага тэксту ў працэсе выканання. Залежыць ад сістэмы эстэт. прынцыпаў пэўнага кірунку муз. мастацтва і асаблівасцей нац. школы, да якіх належыць выканаўца. Артыст (спявак, дырыжор, інструменталіст) сродкамі выканальніцкага майстэрства на аснове індывід. падыходу і ўласнай творчай канцэпцыі раскрывае сэнс муз. твора, закладзены аўтарам.

Мастацтва І. вядома з сярэдзіны 18 ст., калі музыканты, акрамя ўласных твораў, пачалі выконваць творы інш. аўтараў. Значэнне яго павялічылася ў 19 ст. з развіццём канцэртнай дзейнасці, узнікненнем розных стыляў муз. выканальніцтва і звязаных з імі псіхал., тэхнал. і ідэйна-маст. праблем. Тэорыя муз. І. з’яўляецца адной з галін музыказнаўства. Вывучаюць І. на падставе даследавання мемуарнай і эпісталярнай л-ры, узораў гуказапісу, аналізу транскрыпцый і апрацовак муз. твораў вядомымі выканаўцамі.

Літ.:

Корыхалова Н.П. Интерпретация музыки. Л., 1979.

Э.​А.​Алейнікава.

т. 7, с. 289

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́НДА (Benda),

чэшскія музыканты, браты. Нарадзіліся ў г. Старэ-Бенаткі, Чэхія.

Іржы (Георг) Антанін (30.6.1722—6.11.1795), кампазітар, скрыпач, дырыжор. З 1742 скрыпач прыдворнай капэлы ў Берліне, з 1750 у г. Гоце, прыдворны капельмайстар (1770—78). Выступаў з выкананнем сваіх твораў у Гамбургу, Вене, Парыжы, Берліне. Стварыў узоры меладрамы: «Арыядна на Наксосе» і «Медэя» (1775), «Пігмаліён» (паводле Ж.​Ж.​Русо, 1779). Аўтар зінгшпіляў «Вясковы кірмаш» (1775), «Дрывасек, або Тры жаданні» (1778) і інш., кантат, сімфоній, канцэртаў з аркестрам, санат, культавых харавых твораў.

Францішак (Франц; 22.11.1709—7.3.1786), скрыпач і кампазітар. З 1726 канцэртаваў па Зах. Еўропе. З 1733 у Берліне, прыдворны скрыпач, канцэртмайстар Каралеўскага аркестра. Аўтар сімфоній, канцэртаў для скрыпкі з аркестрам і для клавесіна, санат для скрыпкі з basso continuo, трыо-санат, скрыпічных п’ес. Напісаў «Аўтабіяграфію» (рус. пер. у час. «Музыкальный и театральный вестник», 1856, № 41, 42, 44).

т. 3, с. 96

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

арке́стр

(фр. orchestre, ад гр. orchestra = пляцоўка перад сцэнай для хору)

1) група музыкантаў, аб’яднаных для сумеснага выканання на розных інструментах музычных твораў, а таксама сукупнасць музычных інструментаў для гэтага;

2) месца ў тэатры перад сцэнай, дзе размяшчаюцца музыканты.

Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)

ГАСЕ́К ((Gossec) Франсуа Жазеф) (17.1.1734, Верньі, прав. Эно, Бельгія — 16.2.1829),

французскі кампазітар, педагог, муз. дзеяч; заснавальнік франц. сімфоніі. Чл. Ін-та Францыі (1795). Вучыўся ў пеўчай школе кафедральнага сабора ў Антверпене. З 1751 у Парыжы. Стварыў там муз. т-вы «Канцэрты аматараў», «Духоўныя канцэрты», кіраваў хорам у т-ры «Парыжская опера», арганізаваў Каралеўскую школу спеваў і дэкламацыі, на базе якой у 1795 адкрыта кансерваторыя (яе праф. і інспектар). У сваіх сімфоніях самабытна пераўтварыў дасягненні «мангеймскай школы». Узбагаціў камерна-інстр. жанр, пісаў камічныя оперы (каля 20), муз. трагедыі, балеты, араторыі, месы і інш. У час Франц. рэвалюцыі 1789—95 арганізатар і дырыжор масавых рэв. свят, пачынальнік манум. вак.-аркестравага стылю і новых муз. жанраў: рэв. масавай песні, музыкі гераічных і жалобных шэсцяў, буйных кантатна-аратарыяльных твораў для выканання на вольным паветры.

Літ.:

Радиге А. Французские музыканты эпохи Великой французской революции: Пер. с фр. М., 1934.

т. 5, с. 82

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКАЕ МУЗЫ́ЧНА-ЛІТАРАТУ́РНАЕ ТАВАРЫ́СТВА.

Існавала ў 1-й пал. 1880-х г. ў Мінску. Арганізатар А.​Сакалоў, старшыня К.​Дзіберг. Аб’ядноўвала аматараў музыкі і л-ры. Статут (зацверджаны 24.9.1880) прадугледжваў пашырэнне муз. адукацыі, адкрыццё муз. школ, развіццё муз. мастацтва, падтрымку кампазітараў і выканаўцаў і інш. Т-ва ўключала літ., хар., арк. і драм. секцыі. Наладжвала канцэрты, у якіх сімф. аркестр выконваў творы І.​Гайдна, Л.​Бетховена, Дж.​Расіні, Ф.​Абера і інш., муз. вечарыны, лекцыі. Грашовыя сродкі складаліся з узносаў правадзейных членаў т-ва і членаў-наведвальнікаў. У рабоце т-ва ўдзельнічалі музыканты: скрыпачы М.​Ельскі, В.​Нядзведскі, Л.​Ступель, піяністы А.​Марбург, К.​Пелегрыні і інш. Дзейнасць т-ва асвятлялася ў «Минских губернских ведомостях», у польскім перыяд. друку, у т. л. ў час. «Echo Muzyczne» («Музычнае рэха»).

Літ.:

Капілаў А.Л. Музычнае таварыства ў Мінску // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. 1980. № 4.

А.​Л.​Капілаў.

т. 10, с. 413

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРЫ́ЖСКАЯ КАНСЕРВАТО́РЫЯ музыкі і дэкламацыі, вышэйшая музычная ўстанова Францыі. Створана ў 1793 у Парыжы як Нац. муз. ін-т у выніку зліцця Каралеўскай школы спеваў і дэкламацыі (засн. ў 1784) і муз. школы Нац. гвардыі (з 1792); з 1795 сучасная назва. Заснавальнік і першы кіраўнік Б.​Сарэт. Пры П.к. адкрыты ў 1812 тэатр, у 1823 Пачатковая школа спеваў, у 1828 «Таварыства канцэртаў Парыжскай кансерваторыі» (дзейнічае).

Прымае навучэнцаў амаль без узроставых абмежаванняў. Студэнты, якія паспяхова закончылі курс кампазіцыі, адзначаюцца (з 1803) нац. дзярж. Рымскімі прэміямі. У 19—20 ст. П.к. ўзначальвалі кампазітары Л.Керубіні, Д.Ф.Абер. А.​Тама, К.​Дэльвенкур, М.​Дзюпрэ, Р.​Лушор і інш., сярод выкладчыкаў музыканты Ф.​Паэр, Ж.​Ф.​Лесюэр, Ф.​Галеві, Р.Крэйцэр, А.​Адан, П.​Дзюка, А.​Карто, Д.Міё. Мае б-ку (засн. ў 1801), у якой адзін з найбольшых у Францыі збораў нот і кніг па музыцы, Музей муз. інструментаў (з 1861).

т. 12, с. 153

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)