тэорыя ўзбуджэння мышачных і нервовых клетак. Асн. яе палажэнні сфармуляваны ням. нейрафізіёлагам Ю.Бернштэйнам (1902). Паводле гэтай тэорыі пры раздражненні ўзбудлівай клеткі ў яе вонкавай мембране адбываецца малекулярная перабудова, што вядзе да змены пранікальнасці мембраны і з’яўлення трансмембранных іонных токаў. Крыніца энергіі гэтых токаў — нераўнамернае размеркаванне асн. неарган. іонаў (іонны градыент) паміж цытаплазмай і пазаклетачным асяроддзем, якое абумоўлівае ўзнікненне рознасці эл. патэнцыялаў. Гл. таксама Біяэлектрычныя патэнцыялы, Іонная тэорыя ўзбуджэння.
Літ.:
Ходоров Б.И. Проблема возбудимости. Л., 1969;
Скулачев В.П. Энергетика биологических мембран. М., 1989.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІКРАФІЛЬТРА́ЦЫЯ, мембранная фільтрацыя,
метад раздзялення вадкіх і газападобных дысперсных сістэм з памерамі часцінак 0,02—10 мкм; адзін з мембранных метадаў раздзялення. Займае прамежкавае становішча паміж ультрафільтрацыяй і фільтраваннем. Пры М. ў якасці мембран выкарыстоўваюць пераважна палімерныя высакапорыстыя плёнкі. Рухальная сіла працэсу — градыент ціску; ажыццяўляюць М. пад ціскам 0,01—0,1 МПа. Пры М., у адрозненне ад інш. барамембранных працэсаў, на паверхні мембраны магчыма ўтварэнне цвёрдай фазы (асадку солей). Выкарыстоўваюць пераважна для стэрылізацыі паветра і раствораў, тонкай ачысткі тэхнал. асяроддзяў.
Літ.:
Брок Т.Д. Мембранная фильтрация: Пер. с англ.М., 1987.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБАЛО́НКАклеткі, клетачная сценка,
структурнае ўтварэнне на перыферыі клеткі, якое забяспечвае ёй трываласць, форму, засцерагае пратапласт ад вонкавых уздзеянняў і ўдзельнічае ў абмене рэчываў. Абалонка клетак раслін знаходзіцца за межамі клетачнай мембраны. Яе аснову (каркас) складаюць упарадкаваныя, паслойна перакрыжаваныя мікрафібрылы з малекул цэлюлозы, апушчаныя ў аморфную масу (матрыкс) з геміцэлюлозы і пекцінавых рэчываў.
Звычайна адрозніваюць абалонкі першасныя і другасныя. Першасныя (тонкія, з неўпарадкаваным размяшчэннем фібрылаў) больш уласцівы маладым клеткам (у іх найбольш пекцінаў і геміцэлюлозы, яны могуць расці). Знутры на першасную абалонку адкладваецца цвёрдая і пругкая (за кошт павышанай колькасці цэлюлозы) другасная абалонка. Яна мае паслойную будову і вызначае таўшчыню клетачнай сценкі, у большасці выпадкаў мае поры, праз якія праходзяць плазмадэсмы. У большасці раслін у абалонцы адбываюцца хім. працэсы, якія вядуць да іх адраўнення, акаркавення, кутынізацыі, аслізнення, мінералізацыі, утварэння камедзяў. Абалонка клетак жывёл — спецыялізаваны слой на іх паверхні, які складаецца з плазматычнай мембраны (плазмалемы) і ўласна абалонкі. Плазмалема ёсць ва ўсіх клетках, пабудавана з бялкоў і ліпідаў, актыўна ўдзельнічае ў абмене рэчываў, можа ўтвараць нарасці (мікраварсінкі) і ўцягванні. Уласна абалонка ёсць не ва ўсіх жывёльных клетках. Яна можа ўтварацца самой клеткай і за кошт сакрэтаў клетак, складаецца пераважна з вугляводаў і іх злучэнняў з бялкамі, здольная выконваць ролю вонкавага шкілета клеткі (пелікула прасцейшых, хіцінавая кутыкула членістаногіх), аховы ад вонкавых уздзеянняў (шматслойная абалонка яйцаклетак, абалонка цыстаў) і інш. функцыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛУТАТЫЁН, γ-L-глутаміл-L-цыстэінгліцын,
C10H17O6N3S, унутрыклетачны трыпептыд, складзены з астаткаў трох амінакіслот — глутамінавай, цыстэіну і гліцыну. Ёсць у высокіх канцэнтрацыях практычна ва ўсіх жывых клетках. Мае важнае значэнне для акісляльна-аднаўленчых рэакцый у сувязі са здольнасцю сульфгідрыльнай групы (-SH) цыстэіну акісляцца з утварэннем дысульфіднага мастка. Асн. функцыя глутатыёну — захаванне SH-групы бялкоў у адноўленым стане. Выконвае спецыфічную ролю пры разбурэнні таксічнага перакісу вадароду, аднаўленні акісленай формы аскарбінавай к-ты. Служыць кафактарам асобных ферментаў, асабліва пратэінаў, адыгрывае пэўную ролю ў транспарце амінакіслот праз клетачныя мембраны. Глутатыён атрымліваюць з дражджэй і сінтэтычна; выкарыстоўваюць пры біяхім. даследаваннях, кансерваванні крыві.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЯГЕ́ЛЬ (ад бія... + лац. gelo застываю),
1) студзінападобная або цвёрдая структураваная калоідная сістэма біял. паходжання з вадкім дысперсійным асяроддзем; разнавіднасць геляў. Утворана часцінкамі дысперснай фазы, злучанымі адна з адной у прасторавую сетку (каркас), якая ўтрымлівае ў сваіх ячэйках дысперсійнае асяроддзе і пазбаўляе ўсю сістэму цякучасці. Біягелі шырока прадстаўлены ў жывёльных і раслінных арганізмах (напр., мышачная, нервовая, злучальная тканкі, шклопадобнае цела вока, біял.мембраны — складаныя біягелі). Біягелі з’яўляюцца таксама халадцы жэлаціну, агару, пекціну, прадукты харчавання — сыракваша, кісель, жэле, мармелад і інш. 2) У храматаграфіі — камерцыйная назва носьбітаў для гель-фільтрацыі. Біягелі маркі A замяняе агар, маркі P — сінт. гель поліакрыламід.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫЯ́ЛІЗ (ад грэч. dialysis раскладанне, аддзяленне),
метад раздзялення раствораных рэчываў, малекулярныя масы якіх значна розняцца.
Засн. на рознасці скарасцей дыфузіі такіх рэчываў праз мембрану, якая аддзяляе канцэнтраваны і разбаўлены растворы: раствораныя рэчывы з рознай скорасцю дыфундзіруюць у бок разбаўленага раствору. Раздзяленне раствору на кампаненты з дапамогай Д. ўпершыню праведзена англ. хімікам Т.Грэмам (1854). Для Д. звычайна выкарыстоўваюць плоскія мембраны на аснове цэлюлозы (цэлафан, купрафан) ці полыя валокны з полісульфону. Выкарыстоўваюць у вытв-сці штучных валокнаў (аддзяленне шчолачы ад геміцэлюлозы) і шэрагу біяхім. прэпаратаў, у медыцыне для лячэння атручэння, нырачнай недастатковасці і інш. хвароб. Гл. таксама Мембранныя метады раздзялення, Гемадыяліз.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНО́МЕТР (ад грэч. manos рэдкі, няшчыльны + ...метр),
прылада для вымярэння ціску газаў ці вадкасцей. М. для вымярэння атм. ціску наз.барометрам, для вымярэння ціску газаў, ніжэйшага за атмасферны, — вакуумметрам.
Адрозніваюць М. вадкасныя. механічныя, электрычныя, іанізацыйныя і інш. У вадкасных ціск вымяраецца вышынёю слупка вадкасці (ртуці, вады, спірту), які ўраўнаважвае гэты ціск, у механічных — значэннем пругкай дэфармацыі спружыны або мембраны ці вагою грузу, у электрычных — зменаю эл. параметраў (эрс, току, супраціўлення, індуктыўнасці), прапарцыянальнай ціску. Эл. М. зручныя для вымярэння ціску на адлегласці. Дзеянне іанізацыйных М. заснавана на выкарыстанні ўплыву ціску газаў на іх іанізацыю. Для вымярэння рознасці ціскаў карыстаюцца дыферэнцыяльным манометрам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРАТГАРМО́Н, паратырын,
бялкова-пептыдны гармон парашчытападобных залоз чалавека і млекакормячых. Складаецца з 84 амінакіслотных астаткаў. Разам з кальцытанінам і вітамінам D рэгулюе абмен кальцыю і фосфару ў арганізме, паляпшае іх перанос праз біял.мембраны. Канцэнтрацыя П. ў крыві ад 0,1 да 0,5 мг/мл. Стымулюе ўтварэнне ў нырках кальцытрыёлу, які ўзмацняе ўсмоктванне кальцыю і фасфатаў у кішэчніку. Гамеастаз кальцыю і фосфару падтрымліваецца адэкватным паступленнем іх у арганізм, а таксама вітаміну D, нармальнай мінералізацыяй гал. назапашвальніка фасфатаў і кальцыю — шкілета. Лішак П. ў арганізме прыводзіць да разбурэння касцявой тканкі, недахоп — да зніжэння колькасці кальцыю ў крыві. Прэпараты П. выкарыстоўваюць у медыцыне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫ́МУШАНЫЯ ВАГА́ННІ,
ваганні, якія ўзнікаюць у сістэме пад дзеяннем пераменнай знешняй сілы. Напр., ваганні мех. канструкцый пад дзеяннем пераменнай нагрузкі, мембраны тэлефона пад дзеяннем магн. поля і інш. Уласцівасці вымушаных ваганняў залежаць ад характару знешняй сілы і ўласцівасцей самой сістэмы.
Пад дзеяннем знешняй сілы ў сістэме адначасова ўзнікаюць уласныя ваганні і вымушаныя ваганні. Праз пэўны час уласныя ваганні затухаюць і ў сістэме ўсталёўваюцца вымушаныя ваганні. Амплітуда іх большае з павелічэннем амплітуды знешняй сілы і з памяншэннем трэння (супраціўлення) у сістэме пры мех. (электрычных) ваганнях і рознасці паміж частатой змены знешняй сілы і частатой уласных ваганняў. Пры супадзенні частаты знешняй сілы і частаты ўласных ваганняў настае рэзананс.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАСКО́РЫН (Барыс Мікалаевіч) (н. 24.6. 1915, г. Брэст),
расійскі хімік-тэхнолаг. Акад.Рас.АН (1976, чл.-кар. 1966). Скончыў Кіеўскі ун-т (1938). З 1938 працаваў у н.-д. ін-тах хім. прам-сці. З 1952 ва Усерас.НДІхім. тэхналогіі. Навук. працы па фізікахіміі сарбцыйных, экстракцыйных і мембранных працэсаў, радыяхіміі і распрацоўцы экалагічна чыстых тэхналогій. Даследаваў механізм сарбцыйнага і экстракцыйнага атрымання рэдкіх металаў са складаных неарган. сістэм. Распрацаваў прынцыпы выбару і вырабу сарбентаў і экстрагентаў, асновы сарбцыйнай і экстракцыйнай тэхналогіі. Ленінская прэмія СССР 1958, Дзярж. прэмія СССР 1978.
Тв.:
Ионообменные мембраны и их применение. М., 1961 (у сааўт.);
Безотходное производство в металлургии. М., 1988 (разам з У.І.Чалавым).