залі́ць¹, -лью́, -лье́ш, -лье́; -льём, -льяце́, -лью́ць і -лію́, -ліе́ш, -ліе́; -ліём, -ліяце́, -лію́ць; -ліў, -ліла́, -ліло́; залі́; -літы; зак., што.

1. Пакрыць скрозь вадой або іншай вадкасцю.

Рака заліла паплавы.

Сонечнае святло заліло пакоі (перан.: вельмі асвяціла). Калоны дэманстрантаў залілі вуліцы (перан.).

2. Абліць, запэцкаць вадкім.

З. сшытак чарнілам.

3. Затушыць вадой.

З. агонь.

4. Напоўніць, пакрыць чым-н. вадкім, здольным зацвярдзець.

З. вуліцу асфальтам.

З. каток.

5. Наліць, напоўніць чым-н.

З. гаручае ў бак.

|| незак. заліва́ць, -а́ю, -а́еш, -а́е.

|| наз. залі́ўка, -і, ДМ -ўцы, ж. (да 4 і 5 знач.) і заліва́нне, -я, н.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

палі́ць², -лію́, -лье́ш, -лье́; -льём, -льяце́, -лью́ць і -лію́, -ліе́ш, -ліе́; -ліём, -ліяце́, -лію́ць; -ліў, -ліла́, -ло́; -лі; -літы; зак.

1. Пачаць ліць¹.

Паліў буйны дождж.

2. каго-што. Намачыць, арасіць.

П. грады.

П. сябе вадой.

|| незак. паліва́ць, -а́ю, -а́еш, -а́е (да 2 знач.).

|| звар. палі́цца, -лію́ся, -лье́шся, -лье́цца; -льёмся, -льяце́ся, -лію́цца і -лію́ся, -ліе́шся, -ліе́цца; -ліёмся, -ліяце́ся, -лію́цца; -ліўся, -ліла́ся, -ло́ся (да 2 знач.); незак. паліва́цца, -а́юся, -а́ешся, -а́ецца.

|| наз. паліва́нне, -я, н. (да 2 знач.), палі́ўка, -і, ДМ -ўцы, ж. (да 2 знач.).

Паліўка вуліц.

|| прым. палі́вачны, -ая, -ае (спец.) і паліва́льны, -ая, -ае (спец.).

Палівачныя машыны.

Палівальная ўстаноўка.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

разлі́ць, разалью́, разалье́ш, разалье́; разальём, разальяце́, разалью́ць і разлію́, разліе́ш, разліе́; разліём, разліяце́, разлію́ць; разліў, -ліла́; -ло́; разлі; -літы; зак., што.

1. Выліць часткова або поўнасцю; расплюхаць.

Р. малако.

2. Пераліць якую-н. вадкасць з адной пасудзіны ў некалькі іншых.

Р. віно ў шклянкі.

3. безас. Прымусіць выйсці з берагоў.

Рэчку разліло вельмі шырока.

4. (1 і 2 ас. не ўжыв.), перан. Распаўсюдзіць ва ўсе бакі, па ўсёй прасторы чаго-н., у межах чаго-н.

Сонца разліло святло па зямлі.

Вадой не разліць (не разальеш) каго — пра неразлучных сяброў.

|| незак. разліва́ць, -а́ю, -а́еш, -а́е.

|| наз. разлі́ў, -ліву, м. (да 2 знач.), разлі́ўка, -і, ДМ -ліўцы, ж. (да 2 знач.), разліва́нне, -я, н. і разліццё, -я́, н. (да 2 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

Лі́цца ’цячы струменем’, ’распаўсюджвацца, выходзіць (аб дыме), разносіцца’, ’залівацца тлушчам’, ліць ’выліваць’, ’безупынна цячы’, ’выплаўляць’, ’распаўсюджваць’, ’ісці (пра вялікі дождж)’, лаг. лі́цца, тураў. ліць вуліўкі ’несці яйкі без шкарлупы’ (ТСБМ, Нас., Бяльк., Касп., Шат., Яруш., Сцяшк., КЭС, ТС), літыя боты ’боты з тоўстай гумы’ (лід., Сцяшк. Сл.; Ян.), літы ’выраблены ліццём’ (ТС). Укр. лити, рус. лить, ст.-польск. lić, суч. lać, н.-луж. laś, в.-луж. leć (lije), чэш. líti, славац. liať, славен. líti (líjem), серб.-харв. ли̏ти, балг. лия ’лить’, макед. излева ’выліваць, адліваць’, ст.-слав. излити ’выліць’. Прасл. liti (lьjǫ і пазней lějǫ), роднаснымі да якога з’яўляюцца: літ. lýti, lỹja ’ісці (аб дажджы)’, líeti, лат. liêt ’ліць’, lît ’струменіць’, ст.-грэч. ἄλεισον ’посуд на віно’, лац. lītus ’востраў’, кімр. lli ’мора’, lliant ’цячэнне’, гоц. leiþu ’фруктовы сок, сідр’, алб. lisë, lysë ’ручэй’, і.-е. *lē̆i ’ліць, капаць’ (Бернекер, 709, 710; Фасмер, 2, 504; Слаўскі, 4, 248; Махэк₂, 336; Бязлай, 2, 145).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ПО́СУД МАСТА́ЦКІ,

прадметы бытавога, гаспадарчага, утылітарна-маст. і дэкар. прызначэння для прадуктаў харчавання, вадкасцей і інш., форма і дэкор якіх вызначаюцца эмацыянальна-вобразнай асновай. Адносна матэрыялу бывае метал. (чыгунны, медны, сярэбраны і інш.), керамічны (гліняны, фарфоравы, фаянсавы), драўляны, саламяны, шкляны, лубяны, пластмасавы і інш.; паводле вырабу — каваны, літы, штампаваны, бандарны, выдзеўбаны, такарны, плецены і інш.; аздабляецца размалёўкай, гравіраваннем, чаканкай, чарненнем, эмалямі, лепкай, разьбой і інш. Як і інш. творы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва эстэт. прывабнасцю стварае колерава-пластычныя акцэнты ў інтэр’еры. У вобразным ладзе П.м. выяўляецца яго непасрэднае прызначэнне і эстэт. ўяўленні эпохі, часам грамадскія ідэі і з’явы. Асн. яго маст. прынцып — арганічнае спалучэнне дэкар. і утылітарных функцый, цесная ўзаемасувязь формы і дэкору. Вядомы ўсім народам свету, вызначаецца характэрнымі нац. асаблівасцямі.

На Беларусі з часоў неаліту вядомы гліняны посуд ручной лепкі, часта з геам. арнаментам. У 10—13 ст. пачаўся масавы рамесніцкі выраб сталовага і літургічнага П.м. У 15—16 ст. з утварэннем рамесніцкіх цэхаў пашырыліся злотніцтва і медніцтва. Геам. дэкор дапоўніўся рэльефнымі расл. і зааморфнымі матывамі. У 17 ст. пад уплывам барока П.м. набыў складаныя формы, аздобленыя рэльефнай чаканкай, літым або разьбяным арнаментам з густа пераплеценых расл. парасткаў, клетак, пладоў. Для храмаў і палацаў выраблялі разнастайныя чашы, блюды, паціры, кубкі, якія аздаблялі эмалямі, фініфцю, каштоўнымі камянямі, чарненнем, гравіраваннем і інш. Керамічныя вырабы ўпрыгожвалі ангобным геам. і расл. дэкорам, зялёнай, белай, карычневай палівамі (гл. Кераміка). Развівалася ліццё мастацкае з волава і бронзы. Высокамаст. посуд выраблялі бел. майстры, якія працавалі ў Аружэйнай палаце Маскоўскага Крамля. Найб. развіцця П.м. дасягнуў у 18 ст. На буйных шкляных мануфактурах у Налібаках (Стаўбцоўскі р-н Мінскай вобл.), Урэччы (Любанскі р-н Мінскай вобл.), Новай Мышы (Баранавіцкі р-н Брэсцкай вобл.) і інш. выраблялі шкляны і хрусталёвы П.м., аздоблены расл., заа- і антрапаморфнымі выявамі, гербамі і інш. (гл. Урэцка-Налібоцкае шкло). Фаянсавы посуд мануфактур у Целяханах (Івацэвіцкі р-н Брэсцкай вобл.) і Свержані (Стаўбцоўскі р-н мінскай вобл.) дэкарыравалі паліхромнай размалёўкай, рэльефнымі выявамі кветак, пладоў, гірляндаў, маскаронаў (гл. Целяханскія фаянсавыя вырабы, Свержанская фаянсавая мануфактура). У Бакштах (Іўеўскі р-н Гродзенскай вобл.), Вішневе і Рудні (Смаргонскі р-н Гродзенскай вобл.) адлівалі алавяны посуд. У Гродне, Давыд-Гарадку, Магілёве, Пінску, Слуцку выраблялі залаты, сярэбраны, латунны, пазалочаны і пасярэбраны П.м. з рэльефным чаканным дэкорам расл. характару. З 2-й пал. 18 ст. пад уплывам класіцызму формы і аздабленне П.м. сталі больш ураўнаважаныя, дэкарыраваныя ўчасткі чаргаваліся з гладкімі, пашырыліся ант. матывы, ваен. атрыбутыка, маскароны. У 19 ст. пачаўся масавы прамысл. выраб П.м. штампоўкай, адліўкай і выдзіманнем у формы. У канцы 19 — пач. 20 ст. формы і дэкор П.м. часта мелі эклектычны характар, адлюстроўвалі ўплыў ампіру і мадэрну. У нар. побыце пераважаў самаробны П.м. з дрэва, гліны, саломы, лазы, бяросты (карцы, сальніцы, талеркі і інш.) простых канструктыўных форм, часта падкрэсленых нескладаным геам. ці зааморфным дэкорам, які захоўваў стараж. сімвалічную ролю. У 2-й пал. 19 ст. прыёмы і сродкі аздаблення традыц. нар. П.м. ўзбагаціліся, пашырыўся яго асартымент (гліняныя вазы, цукарніцы, масленіцы, сальніцы з размалёўкай і ляпнінаю, фігурныя пасудзіны для вадкасцей, драўляныя талеркі з разьбой, берасцяныя вырабы з цісненнем і інш.). Нар. майстры імкнуліся паўтараць формы і дэкор прамысл. вырабаў, але інтэрпрэтавалі іх у адпаведнасці з мясц. традыцыямі і ўласнымі густамі. У 1920-я г. П.м. амаль не вырабляўся. Шкляны і хрусталёвы П.м. (пераважна для выставак) выпускалі шклозаводы ў Барысаве, Бярозаўцы Лідскага р-на Гродзенскай вобл. (гл. Барысаўскае шкло, Нёманскае шкло). У характары вырабаў выяўляліся рэмінісцэнцыі маст. стыляў 19 ст. Недахоп П.м. часткова кампенсавалі вырабы традыц. ганчарных цэнтраў, у многіх з іх былі створаны арцелі (гл. Ганчарства). У 1940—50-я г. выставачны П.м. вызначаўся арнаментальным багаццем, перавагай дэкору над формай, пампезнасцю і электрычнасцю. У 1951 пачаў працаваць Мінскі фаянсава-фарфоравы з-д (гл. Мінскі фарфоравы завод) прадукцыя якога ў значнай ступені стваралася па ўзорах з-даў Расіі і Украіны. У канцы 1950-х г. задачы масавасці і функцыяналізму выклікалі выпрацоўку адточаных і выразных форм пры мінімуме дэкору, прастату і лаканізм абрысаў П.м. У 1960—80-х г. мастакі пры стварэнні ўзораў П.м. звярталіся да асн. прынцыпаў нар. дэкар.-прыкладнога мастацтва: спалучэння мэтазгоднасці і функцыянальнасці з умелым выкарыстаннем магчымасцей матэрыялу, яго колеру і фактуры. З’яўляюцца больш індывід. творчыя вырашэнні, вырабы пазбавіліся залішняга лаканізму. Сучасны П.м. вызначаецца разнастайнасцю форм, багаццем дэкар. вырашэнняў. Керамічны, драўляны разьбяны і размаляваны, плецены з саломы і лазы П.м. ў характэрным нац. стылі вырабляюць прадпрыемствы і майстры народных мастацкіх промыслаў.

Літ.:

Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва Беларусі XII—XVIII стст.: [Альбом]. Мн., 1984;

Яніцкая М.М. Беларускае мастацкае шкло (XVI—XVIII стст.). Мн., 1977;

Яе ж. Беларускае мастацкае шкло XIX — пачатак XX ст. Мн., 1984;

Жук В.И. Современная белорусская керамика: Тенденции развития. Мн., 1984;

Здановіч Н.І. Трусаў А.А., Беларуская паліваная кераміка XI—XVIII стст. Мн., 1993;

Сахута Я.М. Народнае мастацтва Беларусі. Мн., 1997.

Я.​М.​Сахута.

Да арт. Посуд мастацкі. Давыд-гарадоцкі залатар. Пацір. 1740.
Да арт. Посуд мастацкі. Л.​Мягкова. Фрагмент набору «Універсальны». Шклозавод «Нёман». 1980.
Да арт. Посуд мастацкі. У.​Угрыновіч. Дэкаратыўная кампазіцыя «Подых зялёнага ветру». 1988.

т. 12, с. 518

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)