Ка́паць ’падаць кроплямі’, ’крапаць’, ’ліць кроплямі’ (ТСБМ; гродз., віл., Сл. паўн.-пах.). Укр. ка́пати, рус. ка́пать, ц.-рус. капати, польск. kapać, н.-луж. kapaś, в.-луж. kapać, чэш. kapati, kapat, kvapati, славац. kvápať, kapať, славен. kápati, серб.-харв. ка̏пати, макед. капе, балг. капя, ка́пʼъ, капа, ст.-слав. капати ’капаць’. Прасл. kapati. Сцвярджэнне таго, што kapati/kap‑kap! (Фасмер, 184) не з’яўляецца рашэннем праблемы. Трубачоў (Эт. сл., 9, 145) прапануе звярнуць увагу на аманімію kapati ’падаць кроплямі’ і ц.-слав. капати ’капаць, рыць’ і атаясаміць гэтыя дзеясловы, — параўн. першаснае значэнне ў прасл. kapati ’біць’, ’удараць’ (з дуратыўным значэннем), якое з kopali ’капаць, рыць’. БЕР (2, 612) рэканструюе для апошняга дзеяслова прасл. форму ў выглядзе kapāti.

Капа́ць, кыпа́ць ’ускопваць, рыхліць зямлю’, ’выкопваць, даставаць што-небудзь’ (ТСБМ, Янк. 1., Бяльк., Сцяшк., Яруш., Янк. Мат.), ’разграбаць (аб курах)’ (Інстр. III). Укр. копати, рус. копать, польск., kopać, н.-луж. kopaś, в.-луж. kopać, чэш. kopati, славац. kopať, славен. kopáti, серб.-харв. ко̀пати, макед. копам, купа́ям, балг. копая, ст.-слав. копати ’тс’. Прасл. kopati (Трубачоў, Эт. сл., 11, 18–20). Роднаснае да літ. kapóti ’рубаць’, лат. kapât ’тс’, ст.-прус. en‑kopts ’закапаны’, далей — з арм. kopʼem ’высякаць, вырэзваць’; н.-перс. kāvad, kāfad ’капаць’, ’расколваць’, ст.-грэч. κόπτω ’сячы’ і σκάπτω ’капаць’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тру́сіць1 ‘дрыжаць ад страху, хвалявання’, ‘баяцца’ (ТСБМ, Др.-Падб., Жд. 1): тру́сіць трасца ‘трасца трасе’ (лун., стол., калінк., добр., лельч., ЛА, 3), трусі́ць ‘калаціць, трэсці ад тэмпературы’ (пух., Сл. ПЗБ), ‘калаціць, аббіваць, абтрасаць’ (Ян., Мат. Гом.; петрык., Шатал., Пятк. 2), ст.-бел. трусити ‘тузаць, штурхаць; хутка рухаць уверх і ўніз, туды і назад’ (ГСБМ). Сюды ж тру́скі ‘дрогкі, няроўны, трасучы’ (Байк. і Некр., Растарг., Сцяшк. Сл.), тру́скій ‘тс’ (Янк. 3.; брагін., Шатал.), трускі́й ‘выбіты (пра дарогу)’ (Мат. Маг.), тру́ска ‘дрогка, трасучыся’ (Нас., Янк. 3., Ян.). Параўн. укр. труси́ти ‘калаціць, трэсці’, труси́тися ‘трэсціся, дрыжаць’, рус. труси́ть ‘трэсці’, труси́ться ‘трэсціся, баяцца’, н.-луж. tšusyś ‘трэсці’. Да прасл. *trǫsiti, якое з’яўляецца каўзатывам да прасл. *tręsti ‘трэсці’ (Фасмер, 4, 102; Чарных, 2, 268; Махэк₂, 653; ЕСУМ, 5, 658), якому адпавядае лат. traušâtiês ‘баяцца’, што да і.-е. *tres‑ ‘трэсціся (са страху)’, гл. Бязлай, 4, 221; ESJSt, 16, 983. Сюды ж: трусі́ць чало на верацяно ‘трэсці чало (=кужаль) — для кудзелі’ (петрык., Шатал.), трусі́ць ‘трэсці, шукаючы што-небудзь’ (петрык., Шатал.; ТС), трусі́ць ко́міна ‘ачышчаць яго ад сажы’ (ТС, Мат. Гом.), трусі́ць рыбу ‘выбіраць рыбу з сеткі’ (калінк., Арх. ГУ), трусі́ць жолу́д ‘збіваць жалуды на корм’ (ТС).

Тру́сіць2 ‘рассыпаць, патроху сыпаць тонкім слоем’ (ТСБМ, Нас., Др.-Падб., Байк. і Некр., Федар. 7, Гарэц.), ‘імжаць’ (Бяльк.) трусі́ць ‘церусіць’ (карэліц., Нар. сл.), ‘сыпаць, церушыць’, ‘крапаць’, ‘пасыпаць соллю’ (Шымк. Собр., Сцяцк. Сл.; зэльв., Нар. словатв.), трусі́цца ‘растрасацца, рассыпацца (пра сена)’ (Бяльк:, Байк. і Некр.), ‘церушыцца, растрасацца’, ‘падаць маленькімі кроплямі, ісці паціху (пра дождж)’ (ТСБМ, Бяльк.; зэльв., Нар. словатв., Сцяшк. Сл.; іўеў., ЛА, 2), ‘сыпацца, натрасацца’ (смарг., лід., Сл. ПЗБ), ‘сыпацца патроху’ (Нас.). Параўн. укр. труси́ти ‘рассяваць’, рус. труси́ть ‘сыпаць’, в.-луж. trusyć ‘пасыпаць, рассыпаць, рассяваць’, чэш. trousiti ‘рассыпаць’, славац. trúsiť ‘сыпаць, рассыпаць’, славен. trósiti ‘рассыпаць, раскідваць’, балг. дыял. тръ́са ‘растрасаць, раскідваць віламі салому пры малацьбе’. Прасл. *trǫsiti — форма ітэратыва да прасл. *tręsti ‘трэсці’ (Фасмер, 4, 110; Махэк₂, 653; Бязлай, 4, 233; ЕСУМ, 5, 658). Шустар-Шэўц (1539–1540) узводзіць сучасныя славянскія формы да прасл. *trǫs(k)‑/*trus(k)‑, параўн. трушыць, трухнуць, гл.

Трусі́ць3 ‘разбіваць, раскідваць гной’ (беласт., Сл. ПЗБ). Хутчэй за ўсё, да трусіць1 ‘калаціць’, параўн., аднак, літ. trę̃šti ‘ўгнойваць’, што звязана з trèsti ‘гніць’ (Смачынскі, 688). Магчыма, балтызм пры другаснай ад’ідэацыі трусі́ць2 ‘расцярушваць, растрасаць’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)