Існавала ў 1630—54. Працягвала традыцыі Віленскай школы гравюры. Развіццё звязана з дзейнасцю друкароў Куцеінскай друкарні, гал. ролю ў яе фарміраванні адыграў С.Собаль. Кніжная гравюра (дрэварыт) стылістычна блізкая да бел.нар. лубка. Выданні мелі дэкар. тытульныя лісты, дзе часта змяшчаліся выявы людзей, былі багата ўпрыгожаны застаўкамі, канцоўкамі, ініцыяламі з выявамі птушак, звяроў, фігур чалавека, а таксама ілюстрацыямі і гербамі. Выкарыстоўваўся літы наборны арнамент. У тонка выкананых малюнках прыкметны ўплыў мясц. флоры і фауны. Характэрная асаблівасць школы — свецкі, жанравы характар адлюстраваных сцэн.Найб. яскрава яе рысы выявіліся ў кнігах, выдадзеных Собалем, «Брашна духоўнае», «Буквар», «Часаслоў», а таксама кнігах «Дзідаскалія...» С.Косава, «Гісторыя пра Варлаама Іасафа», «Брашна духоўнае», «Трэфалагіён», «Дыоптра», «Новы запавет», «Лексікон славенарускі» П.Бярынды і інш. Традыцыі К.ш.г. прадаўжала Магілёўская школа гравюры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРО́З (Уладзімір Вікенцьевіч) (н. 11.6.1953, г.Косава Івацэвіцкага р-на Брэсцкай вобл.),
бел. паэт, кінадраматург. Скончыў БПІ (1975), Літ.ін-т імя Горкага (1983). Працаваў у ін-це «Мінскпраект», з 1988 на кінастудыі «Летапіс» «Беларусьфільма». З 1998 у час. «Бярозка». Друкуецца з 1978. У зб-ках «Голас», «Рэй» (абодва 1993) лірычны роздум пра бел. шлях, любоў да роднага краю, тэма кахання. Аўтар сцэнарыяў дакумент. фільмаў пра гісторыю і культуру Беларусі «Кірыла Тураўскі» (1990), «Іван Насовіч» (1991), «Леў Сапега, канцлер», «Рэха збройнага чыну» (абодва 1992), «Браты Ермаловічы», «Успамін пра Міколу Равенскага» (абодва 1993, за апошні Дзярж. прэмія Беларусі 1994), «За брамай забытых мелодый», «Крыж ля дарогі» (абодва 1994), «Сымон Будны. Паэма» (1995), «Крэва» (1996), «Зорка Афанасія» (1997), «Згадкі страчанага раю» (1998) і інш. Адзін з укладальнікаў і аўтараў кн. «Памяць. Івацэвіцкі раён» (1997).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Тэ́ньдэ, тэ́ньдыка ‘там, недалёка’ (столін., Бел. дыял. 1, Клундук). Магчыма, запазычанне з польск.tędy ‘той дарогай, праз тое месца’, якое да прасл.*tǫdy, варыянты *tǫdě, *tǫde ад указальнага займенніка *tъ, які ў заходніх славян выступае ў форме м. р. *tъnъ (< *tъ і *nъ, гл. той, ён), гл. Борысь, 630–631. Фанетычна, словаўтваральна і семантычна адаптаванае на заходнепалескай глебе. Параўн., аднак, серб.косава-мятох.тонде ‘там’, для якога прапануецца спалучэнне ўказальнага займенніка з онде ‘там’ (ESSJ SG, 2, 683). Утварэнне з часціцай *te па ўзоры вэнь, вэньдзека ‘вунь’ (гл.)?
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
АРНА́Т (лац. ornatus),
верхняе літургічнае адзенне рымска-каталіцкага духавенства. Складаецца з 2 палотнішчаў, закругленых унізе і змацаваных плечавымі швамі. Апранаецца паверх інш. адзення. Да эпохі барока арнаты мелі выгляд палярыны; яе перад аздабляўся вертыкальна нашытым пасам, тыльны бок — нашытым крыжам. Барочны арнат меў фігурныя краі пярэдняга палотнішча, якое набыло абрыс віяланчэлі. На Беларусі захаваліся арнаты 17—19 ст., пашытыя з парчовых і шаўковых тканін, атласу, аксаміту адпаведнага канкрэтнай літургіі колеру (зялёнага, фіялетавага, белага, чырвонага, сіняга) і аздобленыя аплікацыяй або гафтам, тасьмой і карункамі з залатымі ці сярэбранымі ніткамі, часта жэмчугам і каштоўнымі камянямі. Выяўлены арнаты, зробленыя са слуцкіх паясоў (у касцёлах вёсак Чарнаўчыцы Брэсцкага і Новая Мыш Баранавіцкага, г.п. Ружаны Пружанскага, г.Косава Івацэвіцкага р-наў). Калекцыі арнатаў 17—18 ст. зберагаюцца ў Нац. музеі Беларусі і Нац.маст. музеі Беларусі; значная калекцыя арнатаў 18—19 ст. — у Музеі стараж.-бел. культуры ІМЭФАН Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЯСНЯ́НСКІ ЛА́ГЕР СМЕ́РЦІ (шталаг № 337). Створаны ням.-фаш. захопнікамі ў вер. 1941 каля чыг. ст. Лясная Баранавіцкага р-на Брэсцкай вобл. для масавай загубы сав. ваеннапалонных, з канца жн. 1943 — насельніцтва прыфрантавой паласы ў Вял.Айч. вайну. Лагер быў абгароджаны калючым дротам. Тут пастаянна трымалі каля 5,5 тыс.чал., баракі былі перапоўнены, таму большасць вязняў і зімой заставалася пад адкрытым небам. Пры непасільнай фізічнай працы выдавалі на 1 чал. на дзень 125 г хлеба з апілкамі і 1,5 л баланды. Рэгулярна праводзіліся масавыя расстрэлы; у жн. 1942 з-за адмовы вязняў ісці ў фаш. фарміраванні за суткі знішчана 720 чал. У 1942 лагер меў філіял (баранавіцкая турма) і 6 аддзяленняў (у Івацэвічах, Стоўбцах, г.п. Гарадзея і вёсках Пагарэльцы Нясвіжскага, Даманава і г.Косава Івацэвіцкага р-наў). За час існавання (да лета 1944) у лагеры, філіяле і аддзяленнях загублена 88 407 чал. Ахвярам фаш. генацыду на чыг. ст. Лясная пастаўлены помнік.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУСЛО́ЎСКІЯ,
шляхецкі род герба «Шэліга» ў ВКЛ. Валодалі землямі ў Слонімскім пав., з сярэдзіны 17 ст. мелі маёнтак Пескі. Найб. вядомыя:
Войцех (ахрышчаны 21.6.1762, Пескі — 3.3.1833), сын Францішка. Дэпутат Трыбунала ВКЛ, пасол на Чатырохгадовы сойм 1788—92, у 1797—1816 маршалак Слонімскага пав., правадз. стацкі саветнік (1810), з 1831 старшыня Віленскага т-ва дабрачыннасці. Вызначыўся як актыўны прадпрымальнік, будаваў дарогі, млыны, бровары, прадпрыемствы па вырабе паперы, жалеза, сукна, шкіпінару, смалы і інш.Адам Тытус (ахрышчаны 25.12.1803, Пескі — 5.3.1854), сын Войцеха. Удзельнік паўстання 1830—31. Францішак Ксаверы (ахрышчаны 22.9.1806, Пескі — 9.1.1874), сын Войцеха. У 1830-х г. маршалак Слонімскага пав. Узначальваў Варшаўскае т-ва дабрачыннасці. У 1869 ад рымскага папы атрымаў графскі тытул. Вандалін (1814—84), сын Войцеха. Уладальнік Косава, дзе пабудаваў палац. Калекцыянер, аматар мастацтваў. Уладзіслаў (8.10.1871—10.4.1964), сын Францішка. З 1918 чл.К-та абароны крэсаў у Варшаве. Садзейнічаў адкрыццю ў 1924 у Альбярціне езуіцкай Усх. місіі па распаўсюджанні уніяцтва, выданні рэліг. л-ры на бел. мове.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САВЕ́РЧАНКА (Іван Васілевіч) (н. 2.4.1962, в. Маліноўка Касцюковіцкага р-на Магілёўскай вобл.),
бел. літаратуразнавец, гісторык. Д-рфілал.н. (2000). Скончыў Магілёўскі пед.ін-т (1983). З 1988 працуе ў Ін-це л-ры Нац.АН Беларусі. Даследуе гісторыю і тэорыю л-ры, гісторыю і філас. думку Беларусі, культурнае ўзаемадзеянне еўрапейскіх народаў перыяду Рэнесансу, Рэфармацыі і барока, праблемы дзяржаўнасці і адукацыі. Аўтар прац: «Старажытная паэзія Беларусі, XVI — першая палова XVII ст.», «Астафей Валовіч», «Канцлер Вялікага Княства: Леў Сапега» (усе 1992), «Сымон Будны: Гуманіст і рэфарматар» (1993), «Апостал яднання і веры: Язэп Руцкі» (1994), «Хрысціянскі катэхізіс у кніжна-пісьмовай культуры ўсходніх славян эпохі Адраджэння і барока» (1998) і інш., навукова-папулярных артыкулаў пра Ф.Скарыну, Міколу Гусоўскага, І.Пацея, А.Рымшу, С.Косава, Кірылу Тураўскага, М.Сматрыцкага, М.Радзівіла Чорнага і інш. Працы С. вылучаюцца багаццем фактычнага матэрыялу, грунтоўнасцю навук. аналізу.
Тв.:
Aurea mediocritas: Кніжна-пісьмовая культура Беларусі: Адраджэнне і ранняе барока. Мн., 1998.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУЦЕ́ІНСКАЯ ДРУКА́РНЯ,
цэнтр бел. кірылічнага кнігадрукавання ў 17 ст. Дзейнічала ў 1630—54 пры Аршанскім Куцеінскім Богаяўленскім манастыры. Засн. С.Собалем, які да 1632 яе ўзначальваў. Пасля ад’езду Собаля 4 гады не працавала. Потым друкарню ўзначаліў ігумен І.Труцэвіч. Карысталася падтрымкай магілёўскага і аршанскага мяшчанства. Выдавала навуч.-асветніцкую, царк.-палемічную і свецкую л-ру на царк.-слав. і старабел. мовах. У ёй выдадзены «Брашна духоўнае» (1630), «Малітваслоў», «Буквар» (абодва 1631), «Часаслоў», «Новы запавет і Псалтыр», часткова дадрукаваны кіеўскі «Апостал» (усе 1632). З 1636 выдала яшчэ 14 кніг: «На ойча наш выклад» Іаана Златавуста» (1636), «Гісторыя пра Варлаама і Іасафа» і «Дзідаскалія...» С.Косава (абедзве 1637), «Псалтыр» (1642), «Актоіх Іаана Дамаскіна» (1646), «Трэфалагіён» (1647), «Дыоптра» (1651), «Лексікон...» П.Бярынды (1653) і інш. Усяго ў ёй выдадзена 20 кніг. Выданні вылучаліся своеасаблівым графічным афармленнем (гл.Куцеінская школа гравюры). Яны распаўсюджваліся на Беларусі, Украіне, у Літве, Расіі. У 1655 друкарскае абсталяванне перавезена ў Іверскі Валдайскі манастыр пад Ноўгарадам, у 1655 — у Васкрасенскі манастыр пад Масквой, у 1676 — на Друкарскі двор (Масква).
Літ.:
Зернова А.С., Горбунов Т.С. Книгопечатание в Белоруссии XVI—XVII вв. // 400 лет русского книгопечатания, 1564—1964. М., 1964. Т. 1.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІТВІ́НЫ.
ліцвіны, назва жыхароў Вялікага княства Літоўскага, пераважна зах. беларусаў і ўсх. літоўцаў у 14—18 ст. Упершыню сустракаецца ў польск. гіст. крыніцах 14 ст. У бел.-літ. летапісах і інш. дакументах 14—16 ст. назва Л. звязвалася ў этнагенетычным аспекце з легендарнымі рымскімі перасяленцамі на чале з кн. Палемонам, а тэрытарыяльна — з землямі першапачатковай лакалізацыі тапоніма Літва — на З ад Мінска ў міжрэччы Нёмана і Віліі, дзе існавала змешанае балта-слав. насельніцтва (гл. ў арт.Літва летапісная). У канфесіянальным аспекце нярэдка звязвалася з каталіцтвам. У 16—18 ст. назва Л. набыла гучанне палітоніма — дзярж.паліт. вызначэння ўсяго насельніцтва ВКЛ, аднак адрознівалася ад саманазвы менавіта літоўцаў (аўкштайты і жэмайты), усх. беларусаў правасл. веры (русіны, руськія) і палешукоў. Жыхароў Белай Русі называлі Л.-беларусцамі (гл.Беларусцы). У 19 — пач. 20 ст. арэал існавання назвы Л. звузіўся. У наш час ужываецца як экзаэтнонім у палякаў для вызначэння літоўцаў, а таксама як лакальны этнікон невял. груп бел. насельніцтва (у раёне Бярозы, Івацэвіч, Косава, Пружан, Навагрудка, Воранава, Гродна, Паставаў, Браслава і інш.), некат. раёнаў бел.-ўкр. Палесся (раёны Століна, Ракітнага, Кастопаля, Сарнаў, Оўруча) і часткова беларускамоўнага насельніцтва паўн. Чарнігаўшчыны і Кіеўшчыны, зах. Браншчыны і Смаленшчыны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРПО́ВІЧ (Лявонцій) (свецкае імя Лонгін, Логвін; 1580, г. Пінск Брэсцкай вобл. — вер. 1620),
бел. праваслаўны дзеяч, пісьменнік. Адзін з пачынальнікаў айч. сістэматычнага багаслоўя. Вучыўся, верагодна, у Віленскай брацкай школе. Не пазней 1610 пастрыгся ў манахі, потым прыняў сан святара. Заснавальнік і першы архімандрыт Віленскага брацкага Святадухаўскага манастыра. Рэктар брацкай школы, рэфармаванай пры яго ўдзеле на ўзор класічнай 2-ступеннай. Узначальваў навуч. і выдавецкую дзейнасць віленскага праваслаўнага брацтва. Выступаў у абарону праваслаўя, супраць Брэсцкай уніі 1596. Быў духоўным настаўнікам царк. дзеячаў М.Сматрыцкага, Іосіфа Бабрыковіча, Сільвестра Косава і інш. За выданне антыуніяцкай кн. М.Сматрыцкага «Трэнас» у 1610 зняволены на 2 гады. Аўтар твораў «Казанне двое...» («Казанне на Праабражэнне» і «Казанне на Успенне Багародзіцы», Еўе, 1615), «Казанне на пахаванне князя В.В.Галіцына» (Вільня, 1619; захавалася ў аўтарскім перакладзе на польск. мову) і «Казанне ў нядзелю перад Раством Хрыстовым» (верагодна, 1619; захавалася ў рукапісным зб-ку). Аўтар шматлікіх глыбока эмацыянальных пропаведзяў, прадмовы да кн. Фікарыя Святагорца «Вертаград душэўны» (1620) і інш. Памяці К. прысвечаны «Казанне на чэснае пахаванне... Лявонція Карповіча» М.Сматрыцкага і паэма «Лямант на смерць Лявонція Карповіча» (1620).
Літ.:
Молчанов Н. Леонтий Карпович, церковный вития православной юго-западной Руси в XVII ст. и два его слова // Православное обозрение. М., 1880. Т. 3;
Левшун Л.В. Некоторые принципы использования текстов Священного Писания в «Казанье на Преображенье» Леонтия Карповича // Начало: Сб. работ молодых ученых. М., 1990.