БЕРНАРДО́НІ (Bernardoni, Bernardonus) Джавані (Ян) Марыя (1541?, г.Кома, Італія — 1605), італьянскі архітэктар і матэматык; прадстаўнік барока. З 1564 манах ордэна езуітаў. Будаваў езуіцкія храмы ў Рыме і Неапалі пад кіраўніцтвам Дж.Трыстана. У 1583 запрошаны ў Рэч Паспалітую, збудаваў шэраг фарных і езуіцкіх касцёлаў у Любліне, Познані, Калішы, Гданьску, Кракаве. У 1586—99 прыдворны архітэктар кн. М.Радзівіла (Сіроткі) у Нясвіжы. Удзельнічаў у першым этапе буд-ваНясвіжскага палацава-паркавага комплексу, інш.грамадз. пабудоў горада (ратуш, семінарый, палаца ў прадмесці Альба), пабудаваў комплекс Нясвіжскага касцёла езуітаў і калегіума (абодва 1587—94), касцёлы ў Гродне і Клецку. Распачаў у ВКЛ і Рэчы Паспалітай характэрную для Новага часу арх.-буд. практыку на аснове праектных чарцяжоў (гл.«Бернардоні альбом»).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАХО́ДНІЯ А́ЛЬПЫ,
частка горнай сістэмы Альпаў на тэр. Італіі, Францыі і Швейцарыі. Размешчаны на З ад умоўнай лініі, якая злучае азёры Бодэнскае і Кома. Утвараюць выпуклую на ПнЗ дугу даўж. каля 500 км, шыр. да 130 км. Вылучаюць Прыморскія, Коцкія, Грайскія, Савойскія, Бернскія, Пенінскія, Лепанцінскія Альпы, масівы Веркор, Пельву і інш. У З.А. самыя высокія хрыбты і масівы Альпаў і ўсёй Зах. Еўропы, выш. да 4807 м (г. Манблан), шэраг вяршынь вышэй за 4000 м (Монтэ-Роза, Матэргорн, Юнгфрау), дзе пашыраны горналедавіковыя формы рэльефу. Восевая зона ЗА. складзена пераважна з крышт. парод, перыферыйныя хрыбты — з асадкавых парод. Ад Усх. Альпаў адрозніваюцца меншай шырынёй, больш выяўленым дугападобным распасціраннем, стромкасцю схілаў, глыбокай тэктанічнай і рачной расчлянёнасцю, выразнай вышыннай пояснасцю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАКСУ́ТАВА ТЭЛЕСКО́П,
люстрана-лінзавы тэлескоп, пабудаваны па схемах меніскавых сістэм. Вынайдзены ў 1941 Дз.Дз.Максутавым.
У М.т. звычайна выпраўлены аберацыі: сферычная, храматычная і кома (гл.Аберацыі аптычных сістэм). Увядзенне ў люстраныя тэлескопы меніска (роўна таўшчыннай выпукла-ўвагнутай лінзы) з простымі ў вырабе сферычнымі паверхнямі дало магчымасць павялічыць іх адносную адтуліну да 1:3 і поле зроку да 5°, спрасціць канструкцыю паўторных люстэркаў для тэлескопаў схем Касегрэна і Грэгары, герметызаваць трубу і засцерагчы паверхню гал. люстэрка, а таксама выкарыстаць схему М.т. ў фатаграфічных аб’ектывах. Найбольшыя ў свеце М.т. з меніскамі дыям. па 700 мм (люстэркі дыям. каля 1000 мм) пабудаваны ў СССР і ўстаноўлены ў Абастуманскай астрафіз. абсерваторыі (Грузія) і Паўд.астр. абсерваторыі ЗША (Чылі) Розныя варыянты М.т. пашыраны сярод аматараў астраноміі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЫ́РАЧНАЯ НЕДАСТАТКО́ВАСЦЬ,
паталагічны стан, пры якім ныркі часткова ці цалкам страчваюць здольнасць падтрымліваць пастаянства хім. саставу ўнутр. асяроддзя арганізма. У выніку парушаюцца водна-электралітны баланс, кіслотна-шчолачная раўнавага, затрымліваецца выдаленне з арганізма прадуктаў азоцістага абмену. Устойлівая Н.н. (на 70% і больш) вядзе да самаатручэння. Бывае вострая і хранічная. Прычыны вострай Н.н. — шок, цяжкае абязводжванне арганізма і страта солей, атручэнне ртуццю, некат. лек. прэпаратамі і інш. Пры вострай Н.н. рэзка скарачаецца выдаленне мачы, узнікае смага, задышка, ірвота, мышачныя сутаргі. Хранічная Н.н. абумоўлена хранічнымі захворваннямі нырак і іх пашкоджаннямі пры хваробах абмену рэчываў (напр., цукр. дыябеце), некат. хваробах крыві і інш. У хворых на хранічную Н.н. скура шэра-жоўтага колеру, павышаны артэрыяльны ціск, у цяжкіх выпадках вял. ацёкі, кома. Лячэнне: дыета, тэрапеўт., ачышчэнне крыві (напр., гемадыяліз), у канчатковай стадыі хранічнай Н.н. — перасадка ныркі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́ЛЬПЫ (ням. Alpen, франц. Alpes, італьян. Alpi ад кельцкага alp высокая гара),
найвышэйшая горная сістэма Зах. Еўропы на тэр. Францыі, Італіі, Швейцарыі, Аўстрыі, Ліхтэнштэйна, Германіі і Славеніі. Даўж. каля 1200 км, шыр. да 260 км, найб.выш.г. Манблан (4807 м). Альпы — складаная сістэма горных масіваў і хрыбтоў, што працягнуліся дугой ад Міжземнага м. да Сярэднедунайскай раўніны. Папярочная даліна між азёрамі Бодэнскім і Кома падзяляе Альпы на больш вышынныя Зах. Альпы і больш нізкія і шырокія Усходнія. У Заходніх вылучаюць Прыморскія, Коцкія, масіў Пельву, Грайскія, Савойскія (з масівам Манблан), Бернскія і інш. Горны ланцуг Усходніх Альпаў прадстаўлены Рэтыйскімі, Эцтальскімі, Цылертальскімі Альпамі, Высокім і Нізкім Таўэрнам. Альпы належаць да маладых складкавых структур альпійскага арагенезу (гл.Альпійская складкавасць). Характэрны зубчатыя грабяні, глыбокае расчляненне, вял. пашырэнне ледавіковых формаў рэльефу (гл.Альпійскі рэльеф). Восевая зона сфарміравана стараж. крышталічнымі (гнейсы, слюдзяныя сланцы), магматычнымі (граніты) і метамарфічнымі (кварцава-філітавыя сланцы) пародамі. Перадгор’і Альпаў складзены з вапнякоў, мергеляў, даламітаў, філітаў і маладых маласавых фармацый. Карысныя выкапні: жалезныя, медныя, уранавыя руды, магнезіты, баксіты, каменная соль, у невял. колькасці каменны і буры вугаль.
Альпы — важны кліматападзел Еўропы. На паўн. і зах. перадгор’ях клімат умераны, вільготны, на паўднёвых — субтрапічны міжземнаморскі. Ва ўнутр. раёнах гор выразная вертыкальная занальнасць (т-ра паніжаецца праз кожныя 100 м на 0,3—0,7 °C), фёнавыя вятры выклікаюць кароткія рэзкія пацяпленні. Ападкаў на наветраных зах. і паўн.-зах. схілах 1500—2000 мм за год (месцамі 4000 мм), ва ўнутр. горных далінах 500—800 мм. Снегавая лінія на выш. ад 2500 м на ПнЗ да 3500 м у найб. сухіх унутр. і ўсх. раёнах. Характэрна сучаснае зледзяненне (каля 1200 ледавікоў агульнай пл. 3 тыс.км). З ледавікоў пачынаюцца рэкі Рона, Рэйн, По, Адыджэ, Ін, Драва і інш. Азёры ледавіковага і тэктанічна-ледавіковага паходжання: Жэнеўскае, Бодэнскае, Лага-Маджорэ, Кома (глыб. да 410 м). Для Альпаў характэрна вышынная пояснасць (вылучаюць 5 ландшафтных паясоў).
Пояс перадгор’яў і горных схілаў да выш. 800 м. Клімат умераны, цёплы, на паўд. схілах з міжземнаморскімі рысамі; букавыя і дубовыя лясы значна высечаныя; сады, вінаграднікі, палі збожжавых на горных бурых глебах. Пояс гор (на выш. 800—1800 м) з умераным і ўмерана вільготным кліматам заняты шыракалістымі (дуб, бук, клён, граб) лясамі, якія змяняюцца хваёвымі (елка, піхта, еўрап. кедр, лістоўніца) на горных бурых лясных ападзоленых глебах. Пашы і агароды да 1100—1400 м. На выш. 1800—2300 мсубальпійскі пояс з халодным кліматам, моцнымі вятрамі, доўгатэрміновым снегавым покрывам, пераважна высакагорнай хмызняковай расліннасцю (рададэндран, ядловец, кедравы сланік і інш.) і субальпійскімі лугамі. Вышэй (да граніцы вечнага снегу) альпійскі пояс з суровым халодным кліматам і альпійскімі лугамі і нівальны пояс (вечных снягоў і ледавікоў); ландшафты халодных высакагорных камяністых ледавіковых і снежных пустыняў.
Альпы — адзін з важнейшых рэкрэацыйных раёнаў Еўропы. Цэнтр альпінізму, турызму, гарналыжнага спорту.
Літ.:
Благоволин Н.С., Серебрянный Л.Р. Рельеф Европы // Рельеф Земли. М., 1967;
Ерамов Р.А. Физическая география Зарубежной Европы. М., 1973;
Жучкевич В.А., Лавринович М.В. Физическая география материков и океанов. Ч. 1. Евразия. Мн., 1986.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАМБА́РДЫЯ (Lombardia),
гістарычная і адм. вобласць на Пн Італіі, самая вял. па плошчы і колькасці насельніцтва ў краіне. Уключае 9 правінцый: Бергама, Брэшыя, Варэсе, Крэмона, Кома, Мантуя, Мілан, Павія, Сондрыо. Пл. 23,8 тыс.км². Hac. каля 9 млн.чал. (1995). Адм. і прамысл. цэнтр — г.Мілан. На Пн Ламбардскія Альпы (выш. да 4049 м) і Перадальпы, астатняя ч. Паданская раўніна. Клімат пераходны ад міжземнаморскага да ўмеранага, у гарах умераны. Ападкаў каля 1000 мм за год. Найб. эканамічна развітая вобласць Італіі. Прам-сць сканцэнтравана ў асн. у Мілане і яго прыгарадах: маш.-буд. (радыёэлектронная, электратэхн., выпуск энергасілавога абсталявання, станкоў, прылад, аўтамабіляў, самалётаў і інш.), хім. (мінер. ўгнаенні, фарбавальнікі, сінт. каўчук, пластмасы і інш), тэкст., швейная, харчовая. Асноўны с.-г. раён краіны. Апрацоўваецца каля 1,5 млн.га, у т. л. каля 60% пад ворывам, каля 30% пад лугамі і пашай, 10% пад садамі і вінаграднікамі. Вырошчваюць кукурузу, пшаніцу, рыс, кармавыя культуры, агародніну. Жывёлагадоўля пераважна малочнага кірунку. Транспарт аўтамабільны і чыгуначны. Развіты турызм. Шматлікія курорты, цэнтры зімовых і водных відаў спорту.
Стараж. назва Л. — Інсубрыя (ад назвы кельцкага племя інсубраў). У 2 ст. да н.э. заваявана Рымам. У 5—7 ст.н.э. на Л. нападалі остготы, Візантыя, лангабарды (адсюль назва Л.). З 8 ст. ў складзе імперыі Каралінгаў. З 10 ст. ў «Свяшчэннай Рымскай імперыі», у 11—13 ст. існавалі самакіравальныя гар. камуны, у 14—15 ст. усталяваліся тыранічныя рэжымы. Пазней належала ісп. і аўстр.Габсбургам, напалеонаўскай Францыі, з 1815 пад аўстр. панаваннем, уваходзіла ў склад Ламбарда-Венецыянскага каралеўства. З 1859 у складзе Італіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЕЎРО́ПА,
частка свету, зах.ч. мацерыка Еўразія. Пл. каля 10 млн.км², у т. л.пл. астравоў каля 730 тыс.км². Крайнія пункты кантынентальнай Е.: на Пн — мыс Нордкін, 71°08 паўн. ш., на Пд — мыс Маракі, 36°паўн. ш., на З — мыс Рока, 9°34 зах. д., на У — Палярны Урал (паблізу Байдарацкай губы), 67°30 усх. д. Мяжу з Азіяй умоўна праводзяць па ўсх. падножжы Урала, рэках Эмба, Каспійскім м., рэках Кума і Маныч, Азоўскім, Чорным і Мармуровым морах, прал. Басфор і Дарданелы. Абмываецца морамі Паўн. Ледавітага і Атлантычнага ак.: на Пн і ПнЗ Карскім, Баранцавым, Белым і Нарвежскім, на З — Балтыйскім і Паўночным, на Пд — Міжземным, Мармуровым, Чорным і Азоўскім, на ПдУ бяссцёкавым возерам Каспійскім морам. Берагі моцна парэзаныя, асабліва на З і Пд. Даўж. берагавой лініі каля 38 тыс.км. На долю паўастравоў прыпадае каля 1/4 тэрыторыі, самыя вялікія Кольскі, Скандынаўскі, Пірэнейскі, Апенінскі, Балканскі. Найб. а-вы: Новая Зямля, Ісландыя, Вялікабрытанія, Ірландыя, Корсіка, Сардзінія, Сіцылія, Крыт. Найб. аддаленасць ад мораў каля 1600 км.
Рэльеф. Па сярэдняй (каля 300 м) і максімальнай вышыні (г. Манблан — 4807 м) Е. саступае інш. часткам свету, акрамя Аўстраліі. У будове паверхні пераважаюць раўніны. Горы займаюць каля 17% тэр. Палавіну плошчы займае Усходне-Еўрапейская (Руская) раўніна і яе працяг на З — Сярэднееўрапейская раўніна. На раўнінах ёсць узвышшы да 300—400 м над узр. м. (Сярэднярускае, Прыволжскае, Валынскае, Падольскае, Валдайскае і інш.) і нізіны да 150—200 м (Прычарнаморская, Прыдняпроўская, Прыкаспійская і інш.). Для паўн.ч. характэрны ледавікова-акумуляцыйныя і водна-ледавіковыя формы рэльефу. У цэнтр. і паўд.ч. Рускай раўніны пераважаюць эразійнарасчлянёныя паверхні (яры, лагчыны і інш.). На Пд — маладыя марскія акумуляцыйныя нізіны — Прычарнаморская і Прыкаспійская. Найб. значныя горы: Альпы, Карпаты, Пірэнеі, Апеніны, Скандынаўскія, горы Балканскага п-ва (Радопы, Рыла, Пірын). Уздоўж усх. граніцы — Уральскія горы. Да Е. зрэдку адносяць Каўказ. Дзеючыя вулканы ёсць у Ісландыі (Гекла, Лакі, Аск’я) і Міжземнамор’і (Этна, Везувій, на Ліпарскіх а-вах і а-вах Тыра).
Геалагічная будова. У фундаменце Е. ляжыць Еўрап. платформа, якая займае ўсю Усх. Е. і паўн.-зах.ч.Зах. Е.
На большай ч. платформы дакембрыйскі крышт. фундамент перакрыты гарызантальна залягаючымі асадкавымі пародамі магутнасцю ад 1—2 да 5 км. З З і ПнЗ платформу акаймоўваюць каледонскія структуры (Скандынаўскія горы, Паўн.-Шатландскае нагор’е, Паўд.-Шатландскае ўзв., горы Уэльса). На УЕўрап. платформа абмежавана Уральскімі гарамі герцынскага ўзросту. Шырока прадстаўлены герцыніды ў Зах. Е.: Пд Брытанскіх а-воў, Цэнтр. Французскі масіў, Вагезы, Шварцвальд, Рэйнскія Сланцавыя горы, Чэшскі масіў з Судэтамі, Руднымі гарамі, Шумавай, Чэшскі Лес і Калецка-Сандамірскі краж. З Пд герцыніды акаймоўваюцца маладым альпійскім поясам (Альпы, Карпаты, Стара-Планіна). На Пд Е. альпійскія структуры прадстаўлены Андалускімі, Пірэнейскімі, Апенінскімі гарамі, Дынарскім нагор’ем, Паўн.-Албанскімі Альпамі, хр. Пінд, горнымі ўтварэннямі на астравах. Перадгорныя прагіны займаюць Паданская і Ніжнедунайская раўніны. Значную ролю ў геалаг. гісторыі Е. мелі чацвярцічныя зледзяненні. Асноўнымі цэнтрамі фарміравання ледавіковага покрыва былі Фенаскандыя і Шатландыя. Ледавікі пакінулі ледавікова-экзарцыйныя і ледавікова-акумуляцыйныя формы рэльефу. Чацвярцічныя зледзяненні адзначаліся і ў гарах на Пд.
Карысныя выкапні. У Е. буйныя радовішчы нафты і прыроднага газу (шэльф Паўночнага м., перадгор’і Каўказа, Волга-Уральская нафтагазаносная вобл., Прыкаспійская нізіна), каменнага вугалю (в-аў Вялікабрытанія, Рурскі, Верхнесілезскі, Данецкі, Пячорскі басейны), жал. (Скандынаўскі і Кольскі п-вы, Латарынгія, Курская магнітная анамалія, Крывы Рог, Керч), марганцавых (Нікапаль), алюмініевых (Кольскі п-аў, Венгрыя, Грэцыя), поліметал. (Германія, Іспанія, Балгарыя, Польшча), нікелевых, кобальтавых, медных руд. Германія, Беларусь і Францыя багатыя калійнымі солямі. Ёсць кухонная соль, разнастайныя буд. матэрыялы і інш.
Клімат. Е. знаходзіцца ў 4 кліматычных паясах: арктычным. субарктычным, умераным і субтрапічным. Розная аддаленасць ад акіянаў і ўплыў рэльефу абумоўліваюць ваганні кліматычных умоў. Цыркуляцыя паветр. мас вызначаецца цэнтрамі атм. ціску: Ісландскім мінімумам, Азорскім і Азіяцкім максімумамі, арктычным поясам высокага ціску.
Найб. тэрыторыі ляжаць ва ўмераным поясе, для якога характэрны заходні перанос паветра. З-за ўплыву цёплых атл.паветр. мас большая ч.Зах. Е. мае акіянічны клімат. У студз. тут дадатныя т-ры паветра (да 6 °C). Пры руху на У павялічваецца кантынентальнасць, паветра выхалоджваецца, ва Усх. Е. часта пранікае арктычнае паветра. Гэта выклікае паніжэнне т-р да -10, -24 °C. Ва Усх. Е. ўтвараецца ўстойлівае снегавое покрыва на 4—8 месяцаў. Летам тэрмічны рэжым у асноўным адпавядае занальнаму размеркаванню сонечнага цяпла. На Пн Е. т-ра самага цёплага месяца (ліпень—жнівень) 5 °C. Самыя высокія т-ры адзначаюцца ў Міжземнамор’і (26—28 °C). Колькасць ападкаў ад 1000—1500 мм на З да 400 мм на У. Найменш іх выпадае ў Прыкаспійскай нізіне — 150—200 мм. Найб. колькасць ападкаў на З выпадае ўвосень і ў пачатку зімы, на У улетку, у Паўд. Е. — зімой.
Унутраныя воды. Па велічыні слоя сцёку (каля 300 мм) Е. займае 2-е месца пасля Паўд. Амерыкі, але з-за малых памераў сушы аб’ём сцёку невялікі (каля 2950 км² за год). Е. багатая паверхневымі водамі. Большасць рэк належыць да бас. Атлантычнага ак. або яго мораў (Нява, Зах. Дзвіна, Нёман, Вісла, Одра, Эльба, Рэйн, Сена, Луара, Гарона, Дуэра, Таха, Эбра, Рона, По, Дунай, Дняпро, Дон). Самая доўгая р. Волга ўпадае ў Каспійскае м. Да бас.Паўн. Ледавітага ак. адносяцца Пячора і Паўн. Дзвіна. Большасць рэк мае павольнае цячэнне, малыя нахілы рэчышчаў, моцнае меандраванне. Для іх рэжыму характэрны веснавы максімум, летне-асенні і зімовы мінімумы, зімовы ледастаў. Не замярзаюць толькі рэкі на крайнім 3 і Пд. Большасць рэк суднаходныя, многія з іх злучаны паміж сабой каналамі. Рэкі Паўд. Е. з’яўляюцца важнай крыніцай арашэння. Многія рэкі выкарыстоўваюцца ў гідраэнергет. мэтах. Буйныя вадасховішчы на Волзе, Дняпры, Доне. Шмат азёр у раёнах чацвярцічнага зледзянення. Найбольшыя з іх — Ладажскае (пл. 18,4 тыс.км²), Анежскае (9,9 тыс.км²), Венерн, Ветэрн, Меларэн, Ельмарэн, Інары, Імандра — маюць ледавікова-тэктанічнае паходжанне. Шмат запрудных ледавіковых азёр: Сайма, Мюрыц, Снярдвы, Мамры. Каля падножжа Альпаў падпруджаныя стараж. марэнамі далінных ледавікоў азёры Жэнеўскае, Фірвальдштэцкае, Кома, Гарда, Лага-Маджорэ. Ёсць тэктанічныя, вулканічныя і карставыя азёры. У лясной зоне шмат балот. Агульная пл. сучасных ледавікоў каля 100 тыс.км², у т. л. на астравах Арктыкі (каля 75 тыс.км²), у Ісландыі (11,8 тыс.км²), Скандынаўскіх гарах (5 тыс.км²), Альпах (3,2 тыс.км²).
Глебы і расліннасць. На раўнінах Усх. Е. добра акрэслена шыротная занальнасць глеб і расліннасці; у гарах вышынная пояснасць. На астравах Паўн. Ледавітага ак. — арктычныя пустыні з мохава-лішайнікавай расліннасцю на маламагутных арктычных глебах. На ПнУсх.-Еўрап. раўніны і Фенаскандыі — тундравая зона з мохава-лішайнікавым і хмызняковым покрывам, якая на Пд пераходзіць у лесатундру; глебы тундравыя, глеевыя, часткова ападзоленыя. На Пд да Ладажскага воз. і Паўн. Увалаў, а таксама на большай ч. Фенаскандыі — ялова-піхтавыя, хваёвыя і лістоўнічныя таежныя лясы на падзолістых моцна забалочаных глебах. Мяшаныя (хвойна-шыракалістыя) лясы займаюць Пн Вялікабрытаніі, Пд Скандынавіі, У Сярэднееўрап. раўніны, а на Рус. раўніне дасягаюць 52—54 паўн. ш., паступова выкліньваюцца да Урала. Занальным тыпам глебы з’яўляюцца дзярнова-падзолістыя. Ва ўмовах акіянічнага ўмеранага клімату ў Зах. Еўропе пашыраны шыракалістыя лясы (бук, граб, каштан, на У — дуб). Пераважаюць бурыя лясныя глебы. На ўзбярэжжах развіваюцца верасоўнікі. У гарах вышынная пояснасць. У Альпах дубова-букавыя лясы перадгор’яў зменьваюцца хвойна-шыракалістымі лясамі сярэднягор’яў (да выш. 1700—2100 м). Вышэй субальпійскія і альпійскія лугі. Зоны лесастэпаў і стэпаў прымеркаваны да ўмоў умеранага кантынентальнага клімату на Прыдунайскіх раўнінах і на ПдРус. раўніны. Пераважаюць разнатраўна-злакавыя і злакавыя стэпы на чарназёмных і каштанавых глебах. На Пд Ніжняга Паволжа пашыраны паўпустыні з перавагай ксерафітных хмызнякоў, салянак, палыноў. У міжземнаморскім клімаце атрымала развіццё зона вечназялёных субтрапічных ксерафітных лясоў (каменны і коркавы дуб, італьян. хвоя і інш.) і ксерафітныя фармацыі з вечназялёных і лістападных хмызняковых; у гарах шыракалістыя і мяшаныя лясы.
Жывёльны свет. Тэр. Е. ўваходзіць у склад Арктычнай (у межах арктычнай, тундравай і лесатундравай зон), Еўрап.-Сіб. (з лясной, лесастэпавай і стэпавай зонамі) і Міжземнаморскай падабласцей Палеаарктычнай біягеагр. вобласці. Самы бедны відамі жывёльны свет на паўн. акіянічных узбярэжжах і ў зоне тундры (пясец, гарнастай, паўн. алень, лемінгі, з птушак — палярная сава і курапатка, гусі, качкі і інш.). На ўзбярэжжах трапляецца белы мядзведзь, у морах маржы, цюлені, розныя віды рыб. Для лясной зоны характэрны лось, дзік, ліс, воўк, буры мядзведзь, бабёр, заяц, з птушак — рабчыкі, глушцы, курапаткі. На У у лясах водзяцца собаль, расамаха, вавёрка, бурундук, лясная пяструшка. У зах.-еўрап. лясах — высакародны алень, казуля, дзік, заяц. У лесастэпах і стэпах Е. пераважаюць суслікі, суркі, тушканчыкі, палёўкі, хамякі. на У трапляюцца сайгакі. У міжземнаморскай зоне — дзікабраз, вівера-генета, шматлікія птушкі (блакітная сарока, каменны дрозд, фламінга, белагаловы сіп, сіваваронка), паўзуны і земнаводныя (яшчаркі, хамелеоны, чарапахі, вужы, гадзюкі і інш.), насякомыя. У гарах захаваліся горныя каалы, серны, муфлоны.
Насельніцтва. У Е. жыве больш за 700 млн.чал. Шчыльнасць нас. вагаецца ад 5 чал. у Паўн. Е. да 250—300 чал. у Цэнтр. Е. У некат. краінах (Нідэрланды, Бельгія) шчыльнасць перавышае 300 чал. на 1 км². У Е. самы высокі (73%) працэнт гар. насельніцтва (Бельгія — 97%, Ісландыя — 91, Вялікабрытанія і Нідэрланды — па 89, Германія — 86, Швецыя — 83%). Найб. нізкі працэнт гар. насельніцтва на ПдУ (Албанія — 37%, Югаславія — 47, Малдова — 50, Харватыя — 51%). У Е. 59 гарадоў з нас. больш за 1 млн.ж., Мінск знаходзіцца прыкладна на 30-м месцы. Найб. гарады Е.: Лондан, Парыж, Масква, Санкт-Пецярбург, Берлін. Для большасці краін Е. ў канцы 20 ст. характэрны нізкі прырост насельніцтва — каля 0,1—0,3% за год. У некат. краінах (Венгрыя, Украіна, Германія, Беларусь) натуральны прырост адмоўны. Насельніцтва Е. належыць да вял. еўрапеоіднай расы, большасць народаў гаворыць на мовах індаеўрап. сям’і. Славянская група моў гэтай сям’і падзяляецца на 3 падгрупы: усх. (беларусы, рускія, украінцы), зах. (палякі, чэхі, славакі, лужыцкія сербы), паўд. (балгары, сербы, харваты, славенцы, македонцы, баснійцы, чарнагорцы). Блізкія да славян мовай і культурай народы балт. моўнай групы — літоўцы і латышы. Паўн.-Зах. і Цэнтр. Е. насяляюць народы герм. моўнай групы, якая падзяляецца на паўн. (шведы, датчане, фарэрцы, нарвежцы, ісландцы) і зах. (немцы, аўстрыйцы, германа-швейцарцы, эльзасцы і латарынгцы, люксембуржцы, галандцы, фламандцы, фрызы, англічане, шатландцы, ольстэрцы) падгрупы. У Зах. і Паўд.-зах. Е. жывуць народы раманскай моўнай групы (італьянцы, французы, іспанцы, партугальцы, каталонцы, галісійцы, валоны, франка-швейцарцы, італа-швейцарцы, карсіканцы, рэтараманскія народы — фрыулы, ладзіны, раманшы). У раманскую групу таксама ўваходзяць блізкія да славян культурай малдаване, румыны, арамуны (влахі). Да кельцкай моўнай групы адносяцца ірландцы, уэльсцы (валійцы), гэлы, брэтонцы; асобныя моўныя групы складаюць албанцы і грэкі; цыганы належаць да інд. моўнай групы. На тэр. Е. жывуць народы уральскай сям’і: да фінскай групы гэтай сям’і адносяцца фіны, карэлы, эстонцы, лівы, іжорцы, вепсы, саамы, комі і комі-пермякі, удмурты, марыйцы, мардва, да угорскай — венгры, мансі, да самадыйскай — ненцы. У цюркскую моўную групу алтайскай сям’і моў уваходзяць чувашы, татары, башкіры, туркі, гагаузы, у мангольскую — калмыкі. Адасобленае становішча займаюць баскі, якія жывуць на ўзбярэжжы Біскайскага зал. ў Францыі і Іспаніі. Да семіта-хаміцкай моўнай сям’і належаць мальтыйцы. Яўрэі карыстаюцца мовамі тых народаў, сярод якіх жывуць. і мовамі ідыш і іўрыт. Е. — радзіма 2 асноўных галін хрысціянства — праваслаўя і каталіцтва, а таксама шматлікіх пратэстанцкіх цэркваў і плыней, якія ўзніклі ў 16—17 ст. Большасць веруючага насельніцтва Е. вызнае хрысціянства: праваслаўе (усх. і паўд. славяне, усх.-раманскія народы, грэкі, мардва, удмурты і інш.), каталіцызм (амаль усе раманскія народы, зах. славяне, ч.паўд. славян, літоўцы, ірландцы, аўстрыйцы, фламандцы. венгры, ч. немцаў і інш.), пратэстанцтва (палавіна немцаў, галандцы, англічане, шатландцы, уэльсцы, датчане, шведы, нарвежцы, фіны). Частка насельніцтва Е. (туркі, татары, башкіры, казахі, ч. баснійцаў, большасць албанцаў, выхадцы з мусульманскіх краін) вызнае іслам. Невял. групы насельніцтва вызнаюць іудаізм (яўрэі), будызм (калмыкі) і інш.
Палітычны падзел. На тэр. Е. размешчаны дзяржавы: Албанія, Андора, Аўстрыя, Балгарыя, Беларусь, Бельгія, Боснія і Герцагавіна (складаецца з 2 самаст.ч.), Ватыкан, Вялікабрытанія, Венгрыя, Германія, Грэцыя, Данія, Ірландыя, Ісландыя, Іспанія, Італія, Казахстан (еўрап. частка), Латвія, Літва, Ліхтэнштэйн, Люксембург, Македонія, Малдова, Мальта, Манака, Нарвегія, Нідэрланды, Партугалія, Польшча, Расія (еўрап. частка), Румынія, Сан-Марына, Славакія, Славенія, Турцыя (еўрап. частка), Украіна, Фінляндыя, Францыя, Харватыя, Чэхія, Швейцарыя, Швецыя, Эстонія, Югаславія; Гібралтар — уладанне Вялікабрытаніі, Фарэрскія а-вы — аўтаномная ч. Даніі. Пра кожную дзяржаву і ўладанне гл. асобны артыкул.
М.В.Лаўрыновіч.
Да арт, Еўропа. Мінскае ўзвышша ў наваколлі Мінска.Да арт.Еўропа. Тыповы ландшафт на Скандынаўскім паўвостраве.Да арт.Еўропа. Краявід у цэнтральнай частцы вострава Сіцылія.Да арт.Еўропа. Даліна Рэйна ў Германіі.Да арт.Еўропа. Ландшафт у Падмаскоўі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІТА́ЛІЯ (Italia),
Італьянская Рэспубліка (Repubblica Italiana), дзяржава на Пд Еўропы, у цэнтр.ч. Міжземнамор’я. Займае паўд. схілы Альпаў, Паданскую раўніну, Апенінскі п-аў, а-вы Сіцылія, Сардзінія і шэраг дробных астравоў. Мяжуе на З з Францыяй, на Пн з Швейцарыяй, Аўстрыяй, на У са Славеніяй. Абмываецца Лігурыйскім, Тырэнскім, Іанічным і Адрыятычным морамі. Пл. 301,2 тыс.км². Нас, 57534,1 тыс.чал. (1997). Сталіца — г.Рым. У межах І. 2 дзяржавы — Ватыкан і Сан-Марына. Падзяляецца на 20 адм. абласцей: П’емонт, Вале-д’Аоста, Ламбардыя, Трэнціна-Альта-Адыджэ, Венецыя, Фрыулі-Венецыя-Джулія, Лігурыя, Эмілія-Раманья, Таскана, Умбрыя, Марке, Лацыо, Абруцы, Малізе, Кампанія, Апулія, Базіліката, Калабрыя, а-вы Сіцылія і Сардзінія. Вобласці аб’ядноўваюць 94 правінцыі. Дзярж. мова — італьянская. Нац. свята — Дзень абвяшчэння Рэспублікі (першая нядзеля чэрвеня).
Дзяржаўны лад. І. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1947. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, які выбіраецца на сумесным пасяджэнні палат парламента з удзелам дэлегатаў ад усіх абласцей. Вышэйшы орган заканад. улады — двухпалатны парламент, складаецца з палаты дэпутатаў (630 дэпутатаў, выбіраюцца насельніцтвам на 5 гадоў) і сената (315 сенатараў, з якіх 310 выбірае насельніцтва, а 5 назначае прэзідэнт); агульны тэрмін іх паўнамоцтваў 6 гадоў. Выканаўчая ўлада належыць ураду — Савету міністраў, які назначаецца прэзідэнтам і нясе адказнасць перад парламентам. 5 абласцей маюць спец.аўт. статус; інш. вобласці, правінцыі і камуны маюць выбарныя органы мясц. самакіравання (правінцыяльныя і камунальныя саветы), апрача таго, цэнтр. ўлада назначае ў вобласці камісараў, а ў правінцыі — прэфектаў. Канстытуцыйны нагляд ажыццяўляе Канстытуцыйны суд.
Прырода. Горы і ўзвышшы займаюць каля 80% тэр. краіны. На Пн — Альпы з высакагорным расчлянёным рэльефам; найб.выш. да 4807 м (г. Манблан). На ПнУ горы складзены з вапнякоў, развіты карст. Большую ч. Апенінскага п-ва займаюць горы Апеніны (выш. да 2914 м, г. Корна). На Пд — дзеючыя (Этна, Везувій, Стромбалі) і патухлыя вулканы, лававыя плато. Характэрна высокая сейсмічнасць. Нізіны пашыраны ўздоўж марскіх узбярэжжаў і па далінах рэк. Найб. — Паданская раўніна, складзеная з алювіяльных наносаў, месцамі забалочаная. Горны рэльеф пераважае і на астравах. Карысныя выкапні: буры і каменны вугаль (Сардзінія, Таскана), нафта і прыродны газ (Паданская раўніна, в-аў Сіцылія, шэльф Адрыятычнага м.), жал. (Аоста, в-аў Эльба), поліметал. (в-аў Сардзінія, Усх. Альпы), марганцавыя (Лігурыя), сурмяныя (Сардзінія) руды, пірыты (Таскана), баксіты (Апулія), сера, каменная і калійная солі (Сіцылія). Па запасах ртутнай руды І. займае адно з першых месцаў у свеце (Таскана). Буд. матэрыялы (мармур, граніт, туф). Клімат на б.ч. тэрыторыі субтрапічны міжземнаморскі, на Паданскай раўніне пераходны ад субтрапічнага да ўмеранага. Лета гарачае і сухое. Сярэдняя т-рачэрв. ад 20 да 28 °C, пры гарачым паветры з Афрыкі (сірока) павышаецца да 35—40 °C. Зіма мяккая, сярэдняя т-растудз. на Паданскай раўніне каля 0 °C, на Апенінскім п-ве і астравах да 12 °C, у Альпах да -15—20 °C. Ападкаў на наветраных схілах гор больш за 3000 мм, ва ўнутр. раёнах і на ўсх. схілах 600—1000 мм, на Пд каля 500 мм за год. Вяршыні гор укрыты ледавікамі і снежнікамі. Рачная сетка густая толькі ў Альпах і на Паданскай раўніне. Рэкі Паўн. І. (По, Адыджэ, П’яве) багаты гідраэнергіяй, выкарыстоўваюцца для арашэння. На Апенінскім п-ве рэкі невял. і малаводныя. У Альпах шмат азёр, пераважна ледавіковага паходжання (Гарда, Лага-Маджорэ, Кома). Глебы ў Альпах горна-лугавыя і горна-лясныя, на Паданскай раўніне бурыя лясныя і алювіяльныя, на плато перадгор’яў Апенінаў і в-ве Сардзінія перагнойна-карбанатныя, у прыморскай зоне Апенінскага п-ва і в-ва Сіцылія карычневыя. У раслінным покрыве пераважаюць культ. ландшафты. Пад лесам і хмызняком каля 25% тэрыторыі, пераважна ў гарах. У складзе жывёльнага свету мядзведзь, воўк, ліс, казуля. Мноства птушак, паўзуноў. Нац. паркі: Стэльвіо, Гран-Парадыза, Абруца, Калабрыя, Чырчэа і інш., шмат рэзерватаў і заказнікаў.
Насельніцтва. Па колькасці жыхароў І. займае 5-е месца ў Еўропе. 94% італьянцаў, жывуць фрыулы, цірольцы, французы, албанцы, славенцы, грэкі і інш. У І. каля 920 тыс.чал. замежных працоўных з краін Усх. Еўропы, Афрыкі, Філіпін. Большасць вернікаў — католікі, ёсць пратэстанты, іудзеі. Сярэдняя шчыльн. насельніцтва 191 чал. на 1 км, у высокаурбанізаваных абласцях на Пн (Ламбардыя, Лігурыя) і прамысл. зонах Неапаля, Рыма да 400 чал. на 1 км, у горных і с.-г. раёнах і на в-ве Сардзінія каля 40—70 чал. на 1 км². Гар. насельніцтва 67%. Найб. гарады (тыс.чал.): Мілан — 4251, Неапаль — 3012, Рым — 2688, Турын — 1294 (1997), Палерма — 695, Генуя — 660, Балоння — 395, Фларэнцыя — 393, Бары — 339, Катанія — 327, Венецыя — 306 (1993). У прам-сці заняты 32%, у сельскай гаспадарцы — 10% працаздольнага насельніцтва.
Гісторыя. Тэр. І. заселена ў эпоху палеаліту. Найб.стараж. з вядомых тут плямён былі лігурны, сіканы, этрускі. У 2—1-м тыс. да н.э. на б.ч. Апенінскага п-ва рассяліліся плямёны італікаў, сярод якіх найб. развітымі былі лаціны. У 753 да н.э. (паводле традыцыі) лаціны і сабіны заснавалі г.Рым, які заваяваў увесь паўвостраў, і да 5 ст.н.э. І. ўваходзіла ў склад рабаўладальніцкай Рымскай імперыі (гл.Рым Старажытны). У 4—5 ст. пачалося нашэсце ў І. германскіх і інш. варварскіх плямён (гл.Вялікае перасяленне народаў). У 410 Рым захапілі вестготы, у 455 яго разграмілі вандалы. У 476 перастала існаваць Зах.Рым. імперыя і засн. варварскае каралеўства на чале з Адаакрам (476—493).
У 493—554 існавала і каралеўства остготаў на чале з Тэадорыхам. 3535 пачалася экспансія Візантыі, войскі якой у 554 заваявалі большую частку І. У 568 Пд І. захапілі лангабарды. За частку І., што заставалася пад уладай Візантыі, змагаліся лангабарды і франкі. У 756 землі ў Сярэдняй І. захапіў франкскі кароль Піпін Кароткі, які перадаў уладу над імі папу Стэфану II; у выніку ўзнікла тэакратычная дзяржава пап (гл.Папская вобласць). У 774 каралеўства лангабардаў заваяваў Карл Вялікі, у 781 узнікла італьян. каралеўства на чале з яго сынам Піпінам. У выніку заваёўніцкіх паходаў герм. караля Агона I тэр. І. ўключана ў заснаваную ім у 962 «Свяшчэнную Рымскую імперыю». З 9 ст. пачалося запрыгоньванне італьян. сялян, адначасова адбывалася станаўленне гарадоў, многія з якіх у 11—12 ст. сталі самакіравальнымі камунамі. У 12—13 ст. пры падтрымцы гарадоў узніклі і сельскія камуны. Росквіту прыморскіх гарадоў як гал.гандл. пасрэднікаў паміж Еўропай і Усходам спрыялі крыжовыя паходы. У 14—16 ст. зарадзіліся раннекапіталіст. адносіны (амаль не закранулі сельскую гаспадарку), якія сталі вытокам культуры Адраджэння. Перамяшчэнне гандл. шляхоў з Міжземнага м. ў Атлантычны ак. і інш. прычыны выклікалі ў 16 ст.эканам. заняпад разрозненых італьян. дзяржаў. За панаванне ў аслабленай І. вялі барацьбу Францыя і Іспанія (гл.Італьянскія войны). Паўд. 1., Сіцыліяй, Сардзініяй, Міланскім герцагствам авалодала Іспанія. У залежнасць ад яе трапілі і астатнія італьян. дзяржавы (акрамя Венецыі, Савойскага герцагства з П’емонтам і Папскай вобл.).
У 1-й пал. 18 ст. на тэр. І. ваявалі паміж сабой Францыя, Аўстрыя і Іспанія, у выніку чаго Паўн. і Сярэдняя І. апынулася пад уладай Аўстрыі, Паўд. І. засталася ў залежнасці ад Іспаніі. У 2-й пал. 18 ст. дзякуючы рэформам у духу асветнага абсалютызму палепшылася эканам. становішча ў шэрагу італьян. дзяржаў, асабліва на Пн краіны. У канцы 18 ст. пачалася эпоха Рысарджымента (працягвалася да 1870), узнікла сетка тайных антыаўстр., антыманархічных і інш. арг-цый і клубаў. Ва ўмовах заваявання І. французамі (гл.Італьянскі паход Банапарта 1796—97) і іх панавання тут (да 1814) актывізаваўся нац.-вызв. рух (карбанарыі, паўстанне 1813—14 на Пн краіны і ў Мілане). У выніку Італьянскага паходу Сувораеа 1799 і Міжземнаморскага паходу Ушакова 1798—1800 ад французаў фактычна вызвалена Паўн. І. Пасля падзення імперыі Напалеона I Венскі кангрэс 1814—15 замацаваў паліт. раздробленасць і аўстр. панаванне амаль на ўсёй тэр. І. Пасля паражэння рэвалюцый 1820—21 і 1831 рух карбанарыяў пайшоў на спад, узнікла падп.арг-цыя «Маладая Італія» (засн. Дж.Мадзіні). У 1840-я г. ў Паўн. І. пачаўся прамысл. пераварот (завяршыўся ў апошняй трэці 19 ст.). Аб’яднанню краіны пасля паражэння рэвалюцыі 1848—49 у Італіі садзейнічалі аўстра-італа-французская вайна 1859, рэвалюцыя 1859—60 у Італіі, дзейнасць Дж.Гарыбальдзі і К.Б.Кавура. У 1861 Сардзінскае каралеўства (П’емонт), вакол якога ішло аб’яднанне зямель І., канстытуіравалася ў адзінае Італьян. каралеўства на чале з каралём Віктарам Эмануілам II. У выніку аўстра-італьян. вайны 1866 да каралеўства далучана Венецыя, у 1870 — Папская вобл. і Рым. У аб’яднанай І. ўстанавілася канстытуцыйная манархія, захавалася эканам. адсталасць пераважна агр. Поўдня. І. заключыла Траісты саюз 1882 з Германіяй і Аўстра-Венгрыяй. З канца 19 ст. яна стала на шлях калан. захопаў (акупацыя Самалі ў 1889 і Эрытрэі ў 1890, спроба заняволіць Эфіопію ў час італа-эфіопскай вайны 1895—96, захоп Лівіі ў час італа-турэцкай вайны 1911—12).
У 1900—14 паскорылася эканам. развіццё краіны. У пач. 1-й сусв. вайны яна захоўвала нейтралітэт, але пасля падпісання пагаднення з краінамі Антанты 23.5.1915 абвясціла вайну Аўстра-Венгрыі, а 27.8.1916 — і Германіі. За час вайны забіта каля 700 тыс. італьянцаў, страчана 60% гандл. суднаў, значна заняпала гаспадарка (асабліва ў спустошанай у выніку баявых дзеянняў паўн.-ўсх.ч. краіны). У гэтых умовах актывізаваўся прафс., сял. і рэв. рух. Сац.-паліт. крызіс і ўсплёск шавінізму ў краіне пасля адмовы краін Антанты поўнасцю задаволіць яе тэр. прэтэнзіі на Парыжскай мірнай канферэнцыі 1919—20 спрыялі прыходу да ўлады фашыстаў на чале з Б.Мусаліні (гл.Паход на Рым 1922). Да 1928 у краіне ўсталявалася адзінаўладная дыктатура фаш. партыі пры захаванні манархіі (кароль Віктар Эмануіл III). Латэранскія дагаворы 1929 урэгулявалі працяглы канфлікт (з 1870) за ўладу паміж рым. папамі і італьян. каралеўскімі ўрадамі, забяспечылі фашыстам падтрымку Ватыкана. Сусв.эканам. крызіс 1929—33 падштурхнуў італьян. фашыстаў да стварэння ў краіне сістэмы карпарацый (гл.Патэрналізм), што паспрыяла больш устойліваму яе сац.-эканам. развіццю і прывяло да ўзмацнення татальнага кантролю над італьян. грамадствам з боку фаш. дзяржавы (у 1939 ліквідавана і выбарнасць парламента). Агрэсіўная знешняя палітыка ўрада Мусаліні (1922—43), у т. л. захоп Эфіопіі (гл.Італа-эфіопская вайна 1935—36), утварэнне «восі Берлін—Рым» (1936), выхад краіны з Лігі Нацый і далучэнне яе да «Антыкамінтэрнаўскага пакта» (1937), дапамога франкістам у час грамадз. вайны ў Іспаніі 1936—39, акупацыя Албаніі (крас. 1939), абумовіла ўступленне І. 10.6.1940 у 2-ю сусв. вайну на баку дзяржаў гітлераўскай кааліцыі. Італьян. войскі ўдзельнічалі ў італа-грэчаскай вайне 1940—41, балканскай кампаніі 1941, баях на сав.-герм. фронце (1941—43) і ў Паўн. Афрыцы (выцеснены і разгромлены да мая 1943). У выніку ўсеагульнай антыфаш. забастоўкі ў Паўн. І. (сак. 1943) і высадкі англа-амер. войск у Сіцыліі (чэрв. 1943) Мусаліні пазбаўлены ўлады і арыштаваны. Урад на чале з маршалам П.Бадольё 3.9.1943 тайна капітуляваў перад англа-амер. камандаваннем. У адказ ням.фаш. войскі акупіравалі значную частку яе тэрыторыі і стварылі на Пн І. марыянетачную «рэспубліку Сало» на чале з выкрадзеным Мусаліні. У выніку актывізацыі італьян. Руху Супраціўлення (гарыбальдзійскія брыгады, антыфаш. паўстанне ў Паўн. І. ў крас. 1945) і дзеянняў англа-амер. войск у ходзе італьянскай кампаніі 1943—45 краіна вызвалена ад ням.-фаш. войск (капітулявалі 29.4.1945). У выніку рэферэндуму 2.6.1946 ліквідавана манархія, І. абвешчана рэспублікай (яе канстытуцыя прынята 22.12.1947). 10.2.1947 падпісаны мірны дагавор з краінамі антыгітлераўскай кааліцыі (гл.Парыжскія мірныя дагаворы 1947). У 1946—81 і 1984—93 на чале ўлады знаходзілася пераважна Хрысціянска-дэмакратычная партыя (адзін з лідэраў Дж.Андрэоці), якая ў 1948—53 мела абсалютную большасць месцаў у парламенце. Пасляваеннаму аднаўленню эканомікі (завяршылася ў 1950-я г.) садзейнічала дапамога паводле Маршала плана (з 1948). З канца 1960-х г. у І. ўзмацніліся эканам. цяжкасці (структурны крызіс), у 1970-я г. актывізавалася тэрарыст. дзейнасць «чырвоных брыгад» (забойства А.Мора і інш.). У выніку парламенцкіх выбараў у сак. 1994 да ўлады прыйшлі прадстаўнікі правакансерватыўных сіл (Ліга Поўначы, неафашысты) на чале з лідэрам руху «Уперад, Італія» С.Берлусконі, што стала пачаткам устанаўлення ў І. Другой Рэспублікі. На парламенцкіх выбарах у крас. 1996 перамог левацэнтрысцкі блок «Аліўкавае дрэва» (гал. роля ў ім належыць Дэмакр. партыі левых сіл, засн. ў 1991), які ўтварыў урад на чале з Р.Продзі. Прэзідэнт краіны — О.Скальфара (з 1992). І. — чл.НАТО і Савета Еўропы (з 1949), ААН і Зах.-Еўрап. саюза (з 1955), Арг-цыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе, Еўрап. Саюза (з 1993). Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў крас. 1992.
Палітычныя партыі і прафсаюзы. Дэмакр. партыя левых сіл, Італьян.нар. партыя (пераемніца Хрысц.-дэмакр. партыі), Аб’яднаныя хрысц. дэмакраты, рух «Уперад, Італія», Ліга Поўначы — Федэратыўная Італія, Італьян. федэралісцкая Ліга, нац. альянс і інш.Найб.прафс. аб’яднанні — Усеагульная італьян. канфедэрацыя працы, Італьян. канфедэрацыя прафсаюзаў працоўных, Італьян. саюз працы.
Гаспадарка. І. — высокаразвітая індустр.-агр. краіна. Па долі ў сусв.нац. прадукце (3,9%) і сусв. экспарце (6,3%) займае 6-е месца ў свеце (1995). Валавы ўнутр. прадукт (ВУП) на душу насельніцтва складае 18,7 тыс.дол. ЗША (1995). Доля прам-сці ў ВУП — 35,6%, сельскай гаспадаркі — 3,9%, сферы паслуг — 60,5%. На сусв. рынку вядома як пастаўшчык прадукцыі машынабудавання, хім., нафтаперапр., тэкст., абутковай, харч., паліграф., шкляна-фаянсавай прам-сці і як буйны раён турызму. Большая ч. прамысловасці сканцэнтравана на поўначы. Уласныя паліўна-энергет. рэсурсы забяспечваюць толькі 17% патрэб гаспадаркі. Здабыча нафты каля 5 млн.т, прыроднага газу 20 млрд.м³ (1996). Штогод І. імпартуе каля 80 млн.т нафты і каля 40 млрд.м³ газу з Саудаўскай Аравіі, Алжыра, Лівіі, Расіі, 15,9 млн.т вугалю з ЗША Здабываюць буры вугаль, ртуць, свінцова-цынкавыя і медныя руды, баксіты, серу і калійныя солі, мармур, граніт, асфальт. Вытв-сць электраэнергіі 225,2 млрд.кВтгадз (1995), пераважна на ЦЭЦ (буйнейшая ў г. Спецыя). Чорная металургія працуе ў асноўным на імпартнай сыравіне. Выплаўка (млн.т, 1994) сталі — 27,8, чыгуну — 11,7. Буйнейшыя прадпрыемствы поўнага цыкла ў Таранта (самы вял. ў І.), Генуі, Неапалі. Перапрацоўчыя і пракатныя з-ды ў цэнтрах машынабудавання (Мілан, Турын, Трыест, Тэрні і інш.), электраметалургія ў гарадах Бальцана, Бергама, Тэрні, Брэшыя. У каляровай металургіі вытв-сць алюмінію (каля альпійскіх ГЭС), свінцу (Сардзінія), магнію (Бальцана). Па выплаўцы ртуці (800 т, 1995) І. займае адно з першых месцаў у свеце (Грасета, Сіена). У машынабудаванні (32% прадукцыі прам-сці) вылучаюцца аўтамабіле-, трактара- і суднабудаванне, электратэхн. і радыёэлектронная прам-сць, станкабудаванне, вытв-сць пішучых і вылічальных машын, ваен. тэхнікі, абсталявання для розных галін прам-сці. Выпуск аўтамабіляў у 1995 склаў 1,6 млн.шт., у т. л. 1,4 млн. шт.
легкавых (адзін з буйнейшых вытворцаў у Еўропе — канцэрн ФІАТ, штаб-кватэра ў Турыне); з-ды ў Мілане, Бальцана, каля Неапаля. Прадпрыемствы ФІАТ выпускаюць таксама трактары, лакаматывы, вагоны, суднавыя і авіяц. рухавікі, металургічнае абсталяванне. Машынабудаванне І. спецыялізуецца таксама на вытв-сці матацыклаў, матаролераў, мапедаў, веласіпедаў, спарт. аўтамабіляў (Мадэна). Гал. цэнтры суднабудавання: Неапаль, Генуя, Трыест, Спецыя, Палерма, Венецыя, Таранта. Авіяц. з-ды ў прыгарадах Турына, Неапаля, Брындызі. Электратэхн. і радыёэлектронная прам-сць прадстаўлена з-дамі ў Турыне, Рыме, Неапалі, Венецыі, Мілане, Палерма і інш.Вытв-сць халадзільнікаў (4,8 млн.шт., 4-е месца ў свеце), пральных машын (6,2 млн.шт., 3-е месца ў свеце, 1994). Развіты прыладабудаванне, дакладная механіка і оптыка. І. займае адно з вядучых месцаў у свеце па вытв-сці пішучых і выліч. машын, касавых апаратаў, канторскага абсталявання (фірма «Алівеці», г. Іўрэа), 4—5-е месца па вытв-сці і экспарце станкоў, кавальска-прэсавага абсталявання. С.-г. машынабудаванне прадстаўлена ў Рэджа-нель-Эміліі, Мадэне, Турыне, Балонні, Палерма, Фоджы, Вічэнцы. І. буйны вытворца на сусв. рынку машын і абсталявання для перапрацоўкі пластмасы, гумавай, тэкст., абутковай, харч., паліграф. прам-сці. На ім партнай (нафта, прыродны газ, фасфарыты) і часткова мясц. (прыродны газ, пірыты, калійная соль) сыравіне працуе нафтаперапр., нафтахім. і хім.прам-сць. Нафтаперапр. з-ды размешчаны ў буйных партах (Генуя, Неапаль, Венецыя, Трыест) і на в-ве Сіцылія (Аўгуста, Сіракузы, Джэла). У хім. і нафтахім. прам-сці важнае месца займае вытв-сцьсінт. каўчуку (305 тыс.т), хім. валокнаў (630 тыс.т), пластмасы, мінер. угнаенняў (1 млн.т, 1995), лакаў, фарбаў, азотнай і сернай к-т, соды, ядахімікатаў. Развіта фармацэўтычная вытв-сць. Гал. канцэрны ў хім. і нафтахім. прам-сці: «Мантэдысан», «ЭНІ», «Пірэлі». І. — адзін з найбуйнейшых у свеце пастаўшчыкоў адзення і абутку. З галін лёгкай прам-сці развіты тэкст., шарсцяная, баваўняная, шаўковая, швейная, трыкат. і абутковая вытв-сць. Асн. галіны харч. прам-сці: мукамольная, макаронная, алейная, вінаробная, сыраварная, кандытарская. кансервавая. цукр., рысаачышчальная, тытунёвая. Штогод у краіне вырабляецца каля 430 тыс.т аліўкавага алею (2-е месца ў свеце пасля Іспаніі) і каля 6 млн.т вінаматэрыялаў (1 е месца ў свеце). 1 традыцыйны вытворца эсенцый і эфірнага алею з кветак і садавіны. Развіта паліграф.прам-сць (Мілан — буйнейшы выдавецкі цэнтр). Вытв-сць буд матэрыялаў, вырабаў са шкла, муз. інструментаў. Асн. галіна сельскай гаспадаркі — раслінаводства (58% таварнай с.-г. прадукцыі). Пад ворнымі землямі 32% тэр. краіны, 12% займаюць сады і вінаграднікі, каля 20% — паша і сенажаці. Гал. збожжавыя культуры (млн.т, 1996): пшаніца — 8,2 (Эмілія-Раманья, Апулія, Сіцылія), кукуруза — 8,7 (Ламбардыя, Венецыя), рыс — 1,4 (1-е месца ў Еўропе, на арашальных землях Паданскай раўніны). Пасевы ячменю. аўса, з тэхн. культур — цукр. буракоў (збор 18 млн, т, 1995), тытуню (118 тыс.т). Вырошчваюць агародніну — да 15 млн.т, у т. л. 5 млн.т памідораў, б.ч. якіх кансервуецца і ідзе на экспарт. І. займае 1-е месца ў свеце па зборы вінаграду (8,4 млн. т. 1995), з іх каля 90% перапрацоўваецца на віно. Збор (млн.т, 1995) цытрусавых — 3,3, садавіны (яблык, груш, персікаў) — 5, аліўкаў — 3,1 (адно з першых месцаў у свеце). Пасадкі грэцкіх арэхаў. Кветкаводства. Жывёлагадоўля малочнага і малочна-мяснога кірунку. Гадуюць (млн. галоў, 1996): авечак — 10,5, свіней — 8, буйн. раг. жывёлу — 7, коз — 1,5. Вытв-сць (млн т, 1995): мяса — 3,97, сыру — 0,88 (4-е месца ў свеце). Улоў рыбы ў 1995—609,8 тыс. т. Промысел малюскаў, ракападобных. Гадоўля вустрыц. Аўтамабільны транспарт забяспечвае больш за 90% пасажырскіх і каля 80% грузавых унутр. перавозак. Даўж. аўтадарог 478 тыс.км, у т. л. аўтастрад 6,3 тыс.км (2-е месца ў Еўропе пасля Германіі). Аўтапарк 32,9 млн. машын, у т. л. 30,1 млн. легкавых (1994). Даўж. чыгункі 19 тыс.км, найб. густая ў Паўн. І. Больш за 50% чыгункі электрыфікавана. Гал.чыг. вузел — Мілан (22 чыг. лініі). Марскі транспарт перавозіць 90% імпартных і каля 70% экспартных грузаў Гандл. флот налічвае 704 судны (1995), агульны танаж 6,3 млн. брута-рэг. т. Буйныя парты (грузаабарот, млн.т): Генуя — 42,8, Трыест — 38,3. 31 аэрапорт, з іх 6 міжнародных. Развіты трубаправодны транспарт. Даўж. нафтаправодаў 1703 км, прадуктаправодаў 2148 км, газаправодаў 19 400 км. Штогод краіну наведвае каля 50 млн.чал. Абслугоўванне турыстаў забяспечвае працай больш за 1 млн.чал. і дае даход 23,9 млрд.дол. ЗША (1994). Экспарт (190,8 млрд.дол. ЗША, 1994): аўтамашыны, станкі, халадзільнікі, тэкстыль і швейныя вырабы, абутак, харч. прадукты і інш. Імпарт (168,7 млрд.дол. ЗША); нафта, газ, вугаль, жал. руда, каляровыя металы, бавоўна, воўна, каўчук, машыны і абсталяванне, пшаніца і інш. Асноўныя гандл. партнёры: краіны ЕС (больш за 50% тавараабароту), ЗША, Расія і інш.Гандл. абарот І. з Рэспублікай Беларусь у 1996 склаў 168,4 млн.дол. ЗША. І. набывае ў Беларусі трыкат. і швейныя вырабы, скуру буйн. раг. жывёлы, жал. і стальны дрот, трактары, сінт. ніткі; пастаўляе машыны і абсталяванне, тканіны, адзенне, абутак, халадзільнікі, харч. прадукты і інш. Грашовая адзінка — італьян. ліра.
Узброеныя сілы. Уключаюць рэгулярныя ўзбр. сілы (складаюцца з сухап. войск, ВПС, ВМС) і ваенізаваныя фарміраванні. Агульная колькасць (1997) рэгулярных узбр. сіл 325,2 тыс.чал., ваенізаваных фарміраванняў 255,7 тыс. (у т. л. войскі карабінераў 113,2 тыс., МУС 79 тыс.), рэзерву 484 тыс.чал.Вярх. галоўнакамандуючы — прэзідэнт. Камплектуюцца паводле прызыву. У сухап. войсках 188,3 тыс.чал., на ўзбраенні 1325 танкаў, больш за 1 тыс. бронетранспарцёраў, каля 2 тыс. гармат палявой артылерыі (у т. л. 286 самаходных), каля 2 тыс. мінамётаў, 336 верталётаў і інш. У ВПС 63,6 тыс.чал. асабовага складу, 286 баявых самалётаў. У ВМС 44 тыс.чал., 8 падводных лодак, 47 баявых караблёў (у т. л. 1 авіяносец і 1 крэйсер), 44 катэры (з іх 33 дэсантныя), 18 баявых самалётаў і 74 баявыя верталёты марской авіяцыі.
Ахова здароўя. З 1980 існуе дзярж. сістэма службы здароўя, якая гарантуе бясплатнае мед. абслугоўванне ўсім катэгорыям насельніцтва. Бярэцца мінімальная плата за лякарствы, аналітычнае абследаванне і знаходжанне ў шпіталі. Усім працуючым выплачваецца уніфікаваная мед. страхоўка. Паралельна існуе развітая сістэма прыватнага мед. абслугоўвання. Сярэдняя працягласць жыцця мужчын 75, жанчын 81,6 года. Смяротнасць 10 на 1 тыс.чал. Забеспячэнне бальнічнымі ложкамі — 1 на 147 чал., урачамі — 1 на 193 чал. Узровень нараджальнасці 10 на 1 тыс.чал. Натуральны прырост 0. Дзіцячая смяротнасць 7 на 1 тыс. нованароджаных (1997).
Асвета, навуковыя ўстановы. Сучасная сістэма адукацыі І. ўключае дашкольныя ўстановы (для дзяцей 3—6 гадоў), пач., няпоўную і поўную сярэднюю школы, прафес. і прафес.-тэхн. школы, ВНУ. Існуюць навуч. ўстановы дзярж., прыватныя і канфесійныя. Дзярж. школы падпарадкаваны Мін-ву адукацыі, якое кантралюе і прыватныя. Навуч. планы і праграмы школ носяць рэкамендацыйны характар. Пач. школа 5-гадовая, бясплатная, мае 2 цыклы — ніжэйшы (1—2-і кл.) і вышэйшы (3—5-ы кл.). На базе пач. школы працуе 3-гадовая няпоўная сярэдняя школа для дзяцей 11—14 гадоў. Поўная сярэдняя школа — гэта 5-гадовыя класічныя і рэальныя (прыродазнаўча-навук.) ліцэі. Прафес. адукацыю даюць 2-гадовыя тэхн. вучылішчы і галіновыя ін-ты (тэрмін навучання 2—5 гадоў), сярэднюю тэхнічную — 5-гадовыя галіновыя тэхн. ін-ты. У сістэме вышэйшай адукацыі асн. тып ВНУ — ун-т (дзярж. і прыватныя, тэрмін навучання 4—6 гадоў). Існуюць таксама ін-ты, вышэйшыя маст. школы, акадэміі і кансерваторыі. У 1996/97 навуч.г. ў І. 58 ун-таў, 4 ін-ты; больш за 1 млн. студэнтаў. Буйнейшыя дзярж. ун-ты: Рымскі універсітэт (з 1303), Балонскі універсітэт (з 11 ст.), Падуанскі універсітэт (з 1222). Неапалітанскі (з 1224), у Мілане (з 1863), Бары (з 1924), Фларэнцыі (з 1321), Генуі (з 1471), Палерма (з 1779), Турыне (з 1404) і інш.Найб.дзярж.ВНУ: політэхн. ін-ты ў Турыне і Мілане, Ін-т усходазнаўства ў Неапалі, пед.ін-т (універсітэцкага тыпу) у Пізе, кансерваторыя «Санта-Чэчылія» ў Рыме. Буйнейшыя б-кі: Нац.цэнтр. ў Фларэнцыі; Нац.цэнтр. (з 1876), б-кі ун-та (з 1661) і Нац. акадэміі дэі Лінчэі (з 1730) у Рыме; Нац. (з 1804) і б-ка ун-та ў Неапалі; Нац. (з 1720) у Турыне; Нац. (з 1763) і б-ка Амбразіяна (з 1609) у Мілане; Нац. і б-кі ун-таў у Балонні, Бары, Мадэне, Налерма, Пізе і інш. Буйнейшыя музеі: Нац. і Музей Вілы Джулія (з 1889), галерэя Баргезе (з 1616), Нац. галерэя ант. мастацтва (з 1895), Нац. галерэя сучаснага мастацтва (з 1883) — усе ў Рыме; нац.археал. музеі ў Неапалі, Палерма, нац. музеі і карцінныя галерэі ў Фларэнцыі, Месіне, Неапалі, Палерма, Равене, Таранта, галерэя Уфіцы ў Фларэнцыі і інш.Асн.дзярж. ўстанова, якая арганізуе і кіруе н.-д. работамі ва ўсіх галінах прыродазнаўчых і тэхн. навук (акрамя праблем атамнай энергіі) — Нац. Савет даследаванняў (з 1923; падпарадкоўвае каля 200 цэнтраў, ін-таў і лабараторый, кантралюе і міжнар.навук. сувязі). Навук. даследаванні каардынуе і Нац. акадэмія дэі Лінчэі. Даследаванні па атамнай энергіі ўзначальвае Нац.к-т па атамнай энергіі (з 1960); у яго веданні Цэнтр ядзерных даследаванняў у Касача і Нац. лабараторыі ў Фраскаці (з 1953). Буйнейшы цэнтр фундаментальных даследаванняў — Нац.ін-т ядзернай фізікі, які аб’ядноўвае работу ўсіх н.-д. устаноў І. ў гэтай галіне. Фундаментальныя даследаванні вядуцца таксама ў н.-д. ін-тах пры ун-тах. Даследаванні праводзяць ін-ты і ўстановы галіновых мін-ваў. Значныя работы, пераважна прыкладнога характару, вядуцца ў н.-д. ўстановах пры фірмах і кампаніях, у т. л. «ФІАТ». У І. дзейнічаюць некаторыя міжнар даследчыя цэнтры, у т. л. Цэнтр ядзерных даследаванняў у Іспры, Ін-т генетыкі і біяфізікі ў Неапалі і інш.
Друк, радыё, тэлебачанне. Сярод найб. уплывовых газ. «La Repubblica» («Рэспубліка», з 1976), «Stampa» («Друк», з 1866), «Comere della Sera» («Вячэрні веснік», з 1876), «Messaggero» («Веснік», з 1878), «Linita» («Адзінства», з 1924), вячэрняя газ. «Paese Sera» («Краіна вячэрняя», з 1949) і інш.Інфарм. агенцтвы: Аджэнцыя Нацыянале Стампа Асачата (з 1945), Аджэнцыя Джарналістыка Італія (з 1950), Інтэр-Прэс Сервіс (з 1964). Радыёперадачы трансліруюцца па 3 праграмах, Радыё Рома вядзе перадачы на замежжа на 27 мовах. Тэлебачанне з 1954. Дзейнічаюць 3 агульнанац. каналы (РАІ 1, РАІ 2, РАІ 3). Ёсць 7 агульнанац. камерцыйных сетак, 5 лакальных камерцыйных станцый (буйнейшыя — Канал 5 і Італія 1). Радыёвяшчанне і тэлебачанне падпарадкаваны італьян. акцыянернай радыё- і тэлевізійнай службе РАІ-ТБ. Кантралююцца дзяржавай.
Літаратура. Першыя помнікі на італьянскай мове адносяцца да 10 ст. Аднак да 16 ст.літ. творы пісаліся і на лац. мове. У І. пазней, чым у інш. раманскіх краінах, нац. мова стала літаратурнай. Феноменам італьян. л-ры 13 ст. былі сіцылійская паэт. школа і паэзія «новага салодкага стылю», якая ўзвышана апявала каханне і раскрывала псіхалогію закаханага (Г.Гвініцэлі і Г.Кавальканці). Стваральнікам адзінай італьян.літ. мовы стаў Дантэ. Яго «Боская камедыя» выйшла за межы свайго часу, увабраўшы ў сябе асн. рысы светапогляду эпохі, і стала рэліг., філас., гіст. і міфалагічнай энцыклапедыяй сярэдневякоўя. Рост цікавасці да ант. мастацтва і культуры, стварэнне новых гуманіст. вобразаў — асн. рысы л-ры Адраджэння (14—16 ст.). Паварот да чалавека, яго пачуццяў і зямнога (а не замагільнага) жыцця асабліва яскрава выявіўся ў творчасці Ф.Петраркі (зб. «Канцаньерэ») і Дж.Бакачыо («Дэкамерон»), а пазней Я.Пасаванці, Дж.Вілані, Ф.Сакеці і інш. Адраджэнне ідэалаў антычнасці і цікавасць да ўнутр. свету чалавека ўвасоблены ў творах Дж.Пантана, А.Паліцыяна (драма «Сказанне пра Арфея»), удзельнікаў платонаўскай акадэміі ў Фларэнцыі (Л.Пульчы, Дж.Піка дэла Мірандала. М.Фічына). У Венецыі на родным дыялекце пісаў вершы Л.Джустыніяні, у Ферары — М.Баярда (паэма «Закаханы Раланд»), у Неапалі да нар. творчасці звяртаўся Я.Санадзара. У 1-й пал. 16 ст., калі адзінай літ. мовай стала італьянская, развіваўся рэнесансавы класіцызм, які платонаўскаму ідэалізму проціпастаўляў рэаліст. адносіны да рэчаіснасці (П.Бемба, Мікеланджэла, Дж.Страпарола, Б.Чэліні). Найб. вядомыя прадстаўнікі позняга Адраджэння — Л.Арыёста, у творах якога (эпічная паэма «Неўтаймаваны Раланд») адлюстраваўся крызіс рэнесансавага светапогляду, і Т.Таса (паэма «Заваяваны Іерусалім»); развіваўся і тэатр (П.Арэціна, Н.Макіявелі, Б.Гварыні). У сярэдзіне 16 ст. ў л-ры І. паявіліся рысы барока. Дасягнула росквіту метафарычная паэзія Дж.Марына, развівалася проза (Дж.Бруна, Т.Кампанела, Г.Галілей), трагедыя (Ф. дэла Вале, К. дэ Даторы). Рэакцыяй на складаную барочную канцэпцыю стала стварэнне літ. акадэміі Аркадыя (засн. ў Рыме ў 1690), асн. мэтай якой была спроба спрасціць мову, зрабіць літ. твор больш зразумелым чытачу. У 18 ст. значнага развіцця дасягнулі тэатр (К.Гоцы, К.Гальдоні, П.Метастазіо) і паэзія (Дж.Парыні). На мяжы 18 і 19 ст. у італьян. л-ры паявіліся рысы рамантызму (творчасць У.Фоскала), што пазней адлюстраваліся ў прозе А.Мандзоні (гіст. раман «Заручоныя») і паэзіі Дж.Леапардзі.
У 2-й пал. 19 ст., калі адбылося аб’яднанне І. (1870), вызначальным стаў рэаліст. кірунак у л-ры — верызм, які апіраўся на паэтыку «чалавечага дакумента»: Дж.Верга (раман «Сям’я Малаволья»), раманіст Л.Капуана, навеліст і паэт Р.Фучыні, аўтар псіхал. раманаў Г.Дэледа. Пад уплывам франц. і інш.еўрап. л-р развіваліся сімвалізм і імпрэсіянізм (Г.Д’Анунцыо, Дж.Паскалі, «паэты змяркання» Г.Гацана і С.Карацыні). У пач. 20 ст. Ф.Т.Марынеці абвясціў пра нараджэнне футурызму, які паўплываў на многія еўрап. л-ры. Ад спроб стварэння «чыстых», ідэальных форм (Дз.Кампана, К.Збарбара, У.Саба, К.Рэбара) паэзія перайшла да «герметызму», стала больш складанай і абстрактнай (С.Квазімада, М.Луцы, А.Гата). У рэчышчы «плыні свядомасці» развівалася псіхааналіт. проза І.Свева (раман «Самапазнанне Дзена»), У 1920—40-я г. адной з вядучых літ. форм стаў раман («Сёстры Метэрасі» А.Палацэскі, «Людзі ў часе» і «Вада» М.Бантэмпелі, «Людзі і нелюдзі», «Жанчыны з Месіны» Э.Вітарыні, «Дон Жуан на Сіцыліі», «Прыгожы Антоній» В.Бранкаці, «Усведамленне болю» К.Э.Гады, аповесці Ч.Павезе), жанравая накіраванасць якога вельмі разнастайная: ад каталіцкага гуманізму, антыфашызму да экзістэнцыялізму і рамана-гратэску. Пасля 2-й сусв. вайны ў л-ру прыйшло новае пакаленне празаікаў, якое пераасэнсоўвала падзеі нядаўняй вайны (аповесць «Хрыстос прыпыніўся ў Эбалі» К.Леві, раманы «Гісторыя» Э.Марантэ, «Фауста і Ганна» К.Касолы), цікавілася мінулым і сучаснасцю (раманы «Леапард» Т. ды Лампедуза, «Чачара» А.Маравіі, «Жорсткае жыццё» П.Пазаліні), успрымала свет праз прызму фантастычнага і сюррэальнага (трылогія «Нашы продкі» І.Кальвіна, навелы Дз.Буцаці). Міжнар. прызнанне атрымала італьян. паэзія (творчасць Дж.Унгарэці, Э.Манталё). Л-ра канца 20 ст. ахоплівае шырокі спектр жанраў і тэм: ад рэаліст. рамана («Блакітная планета» і «Грэчаскі агонь» Л.Малербы, «Рыцар і смерць» Л.Шашы, «Сцвярджае Перэйра» А.Габукі) да постмадэрнісцкага рамана-лабірынта («Імя ружы», «Востраў папярэдняга дня» У.Эка) і сатыр. «антыспажывецкіх» апавяданняў С.Бені, ад філас. асэнсавання лёсу чалавека (паэзія С.Пены, А.Дзандзота, Д.Белеца) да парадоксаў яго зямнога існавання (драматургія Д.Фо).
На бел. мове асобнымі выданнямі выйшлі: «Запіскі цырульніка» Дж.Джэрманета (1932), «Спартак» Р.Джаваньёлі (1938), «Неапаль без сонца» (1955) і «Прыгоды Чыпаліна» (1957) Дж.Радары, «Праўдзівая гісторыя» Л.Стурані (1957), «Вожыкава дрэва» А.Грамшы (1958), «Прыгоды К’ядзіна» М.Арджылі і Г.Парка (1959), «Юнацтва становіцца ў строй» В.Берціні (1960), «Лішнія» Д.Арфелі (1965), зб.апавяд. «Золата Фарчэлы» (1968), «Казкі нашых дзён» Арджылі (1971), зб. паэзіі «Ад вежаў Ферары» (1974), «На арбіце зямлі» А.Северыні (1980), «Санеты» Ф.Петраркі (1996), «Боская камедыя» Дантэ (1997). Асобныя творы Мантале, Пазаліні, Арфелі, Дантэ, Дж.Кардучы, Квазімада, Маравія, А.Негры, Павезе, Петраркі, Радары, Северыні і інш. на бел. мову пераклалі М.Аўрамчык, Ю.Гаўрук, У.Караткевіч, А.Мінкін, Т.Рунец, Я.Семяжон, У.Скарынкін, А.Шаўня, А.Якімовіч, Р.Барадулін, М.Танк і інш.
Архітэктура І. моцна паўплывала на фарміраванне еўрап. архітэктуры, на тыпы збудаванняў (цэрквы базілікальныя і цэнтрычнай кампазіцыі, палацы і грамадскія будынкі), на выразныя сродкі (ордэры), на горадабудаўніцтва (прамавугольная, трохпрамянёвая планіроўка) і паркі (партэры, фантаны, каскады). У эпоху бронзы на в-ве Сардзінія склаўся своеасаблівы тып мегалітычных збудаванняў, т.зв. нураге — круглыя каменныя вежы з псеўдакупальным пакрыццём. Стараж.-грэч., этрускія і мясц.маст. традыцыі леглі ў аснову мастацтва Стараж.Рыма, якое развівалася на тэр. І. з 5 ст. да н.э. да 5 ст.н.э. Пасля падзення Рыма (476) і сцвярджэння хрысціянства на аснове познагатычных традыцый Візантыі і культур варварскіх народаў (готаў, лангабардаў, франкаў і інш.) фарміруецца сярэдневяковае мастацтва І. У 4—6 ст. узводзілі велічныя базілікі (Сан-Джавані ін Латэрана і Сан-Паала фуоры ле Мура ў Рыме), цэнтрычныя культавыя будынкі (царква Сан-Вітале ў Равене). У 8—10 ст. вядучай была архітэктура Ламбардыі (паўд. вежа царквы Сант-Амброджа ў Мілане). У 11—13 ст.раманскі стыль набыў у І. разнастайныя мясц. рысы. У Таскане ўзводзілі пабудовы т.зв. інкрустацыйнага стылю з паліхромнай мармуровай абліцоўкай вонкавых сцен і інтэр’ераў (царква Сан-Міньята аль Монтэ ў Фларэнцыі). Вытанчанасцю і багаццем дэкору вылучаецца комплекс у Пізе (баптыстэрый, сабор і вежа-кампаніла). У раманскіх пабудовах Сіцыліі спалучаліся формы візант., араб. і нармандскага дойлідства (саборы ў Чэфалу, пачаты ў 1131, і Манрэалі). Своеасаблівы варыянт візант. крыжова-купальнага храма — 5-купальны сабор св. Марка ў Венецыі з шыкоўна аздобленым інтэр’ерам. Аблічча большасці гарадоў І. склалася ў 11—13 ст., у перыяд іх інтэнсіўнага развіцця. У гэты час будавалі падпарадкаваныя рэльефу мясцовасці гар. ўмацаванні, падобныя на крэпасці каменныя дамы-вежы (Балоння, Сан-Джыміньяна), будынкі ратуш і сабораў з кампаніламі (Бергама, Брэшыя). Скучаная забудова сярэдневяковых гарадоў мела рэгулярную (Фларэнцыя, Верона) або нерэгулярную планіроўку і групавалася вакол цэнтр. плошчы. Гатычны стыль, часткова ўспрыняты італьян. архітэктурай, быў пашыраны ў канцы 13—14 ст. Асобныя дэкар. матывы готыкі надаюць раманскім па духу пабудовам дынамічнасць і вастрыню: сабор Санта-Марыя дэль Фёрэ (пачаты ў 1296, арх. Арнольфа ды Камбіо), царква Санта-Марыя Навела ў Фларэнцыі (каля 1278 — каля 1360), сабор у Арвіета (1290—1569), Палацца Публіка ў Сіене (1297—1310), Венецыянскі Палац дожаў. У архітэктуры Ранняга Адраджэння (15 ст.) у аснове рытмічнай і структурнай арганізацыі будынкаў пераасэнсаваная ант. ордэрная сістэма: капэла Пацы ў Фларэнцыі (1429—43, арх. Ф.Брунелескі), царква Сант-Андрэа ў Мантуі (1472—94, арх. Л.Б.Альберці). Першыя спробы рэнесансавага горадабудаўніцтва — ансамбль у г. Піенца (паводле планаў арх. Б.Раселіна з 1459). Для архітэктуры Высокага Адраджэння (канец 15—1-я пал. 16 ст.) характэрны велічнасць прапорцый, пошукі дасканалай кампазіцыі цэнтрычнай пабудовы, разнастайнасць прасторавых вырашэнняў, пластычнасць арх. дэталей: сабор св. Пятра ў Рыме (1506—1614; задуманы і пачаты Д.Брамантэ; праект неаднаразова перапрацоўваўся; працягвалі работы Дж.Віньёла, П.Лігорыо, К.Мадэрна і інш.; у інтэр’еры творы Л.Берніні, Мікеланджэла), пабудовы Рафаэля, А. да Сангала Старэйшага, Я.Сансавіна. У перыяд Позняга Адраджэння (2-я пал. 16 ст.) класічныя схемы ўвасабляў А.Паладыо (віла «Ратонда» ў Вічэнцы); маньерыстычныя тэндэнцыі выяўляюцца ў работах Джуліо Рамана, Дж.Вазары, Віньёлы, Г.Алесі. Цікавасць гэтых архітэктараў да прасторавага развіцця кампазіцыі, дынамічнай сувязі будынкаў з гар. і ландшафтным асяроддзем атрымала развіццё ў архітэктуры барока (16—2-я трэць 17 ст.). Пабудовам Берніні, Дж. дэла Порты, Мадэрны, П’етра да Картоны, Б.Лангены ў Рыме, Венецыі, Турыне ўласцівы грандыёзная маштабнасць, дынамізм форм і прастораў, складаныя планы, фасады, канструкцыі купалоў (плошча св. Пятра, 1657—63, арх. Берніні). Барочныя прынцыпы істотна паўплывалі на горадабудаўнічыя ансамблі 17—18 ст. У пач. 19 ст. развіваецца класіцызм (Л.Ванвітэлі, А.Галілеі). Многія гарады канструяваліся ў класіцыстычным духу. З развіццём прам-сці ў архітэктуры ўзніклі тэндэнцыі эклектызму. У пач. 20 ст. склаўся стыль сецэсія (мадэрн) з уласцівымі яму мудрагелістымі кампазіцыямі і вычварным дэкорам (арх. Э.Базіле, Р.Д’Аронка), пашырылася утапічная, але не пазбаўленая рацыянальных горадабудаўнічых ідэй, «футурыстычная архітэктура» (1910-я г., арх. А.Сант-Элія). У 1920—40-я г. панаваў неакласіцызм з характэрнымі для яго рысамі стылізатарства і халоднай параднасці (М.П’ячэнціні). У змаганні з афіц. кірункам аформілася плынь рацыяналізму (пабудовы Дж.Мікелучы, Дж.Тэраньі). Архітэктары 1950—90-х г. (Дж.Понці, П.Л.Нерві, Э.Мантуоры, Э.Віторыо, У.Лучыкенці) ствараюць арыгінальныя канструкцыі, выкарыстоўваючы сучасныя буд. матэрыялы і сцвярджаючы эстэт. прынцыпы функцыян. архітэктуры. У творах групы БПР (назва ад першых літар прозвішчаў яе членаў) сучасныя арх. формы спалучаюцца з нац. традыцыямі.
Выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Найб.стараж. помнікі на тэр. І. адносяцца да эпох палеаліту і энеаліту (наскальныя размалёўкі, каменныя статуэткі, керамічныя пасудзіны з прадрапаным ці прамаляваным геам. узорам). У эпоху бронзы адчувальны ўплывы крыта-мікенскай культуры (гл.Эгейскае мастацтва), на Пн развівалася культура тэрамар. Да 9—5 ст. да н.э. адносяцца помнікі культуры Вілановы (усх.ч. цэнтральнай І.), да 8—2 ст. да н.э. — культуры этрускаў. Захаваліся рэшткі скульптуры, вырабаў маст. рамёстваў з грэч.гандл. паселішчаў, што існавалі ва ўзбярэжных раёнах І. ў 8—6 ст. да н.э.Стараж.-грэч., этрускія і мясц.маст. традыцыі леглі ў аснову мастацтва Стараж. Рыма. З 4 ст.н.э. ў І. пачало фарміравацца сярэдневяковае мастацтва, заснаванае на познаант. традыцыях (скульпт. разьба капітэлей калон, алтарных перагародак, мазаікі ў храмах), а таксама пад уздзеяннем Візантыі і варварскіх народаў, што захапілі І. У 6 ст. святлоценявая мадэліроўка і маляўнічасць ранніх мазаік змянілася плоскай лінеарнай трактоўкай форм, адасобленасцю колеравых спалучэнняў (мазаікі ў царкве Сан-Вітале ў Равене). У 8—10 ст. пашырыліся плоскарэльефная арнаментальная разьба, ювелірнае мастацтва, маст. інкрустацыя. У 11—13 ст. развіваўся раманскі стыль з рэгіянальнымі асаблівасцямі. Творы вылучаліся пэўнай плоскаснасцю трактоўкі, падпарадкаваннем выявы геам. кампазіцыйнай схеме (рэльефы сабораў у Мадэне, каля 1106, майстар Віліджэльма; Сан-Дзена Маджорэ ў Вероне, 12 ст.). У фрэсках і мазаіках візант. прататыпы спалучаліся з жыццёвасцю матываў (фрэскі ніжняй царквы Сан-Клементэ ў Рыме, каля 1100; мазаікі сабораў у Чэфалу, 2-я пал. 12 ст.). Іканапіс набыў больш рэаліст. рысы ў алтарных абразах Чымабуэ. У сярэдзіне 13 ст. ў Таскане пачало складвацца мастацтва Протарэнесансу, якому ўласцівы імкненне да мадэліроўкі форм, жыццёвы драматызм вобразаў (творчасць скульпт. Нікало і Джавані Пізана, Арнольфа ды Камбіо, жывапісцаў П.Каваліні і Джота ды Бандоне). У алтарным і манум. жывапісе Сіены 13—14 ст. протарэнесансавыя рысы спалучаліся з рысамі італа-візант. мастацтва і франц. гатычнай мініяцюры (Дуча ды Буанінсенья, С.Марціні, П. і А. Ларэнцэці, Джавані ды Паала, Андрэа ды Бартала), у балонскіх майстроў гатычная характарнасць вобразаў — з канкрэтнымі жыццёвымі дэталямі (фрэскі Кампасанта ў Пізе, творы Альтык’ера і Аванца ў Падуі). Мастацтва італьян. Адраджэння вызначыла пераломны момант у развіцці еўрап. культуры. Мастакі авалодалі прыёмамі аб’ёмна-прасторавай мадэліроўкі форм, перспектыўнай пабудовы рэльефнай кампазіцыі, заканамернасцямі структуры і пластыкі цела чалавека, імкнуліся да ўвасаблення рэнесансавага ідэалу дасканалай, гарманічна развітой асобы. Скульптура Ранняга Адраджэння развівалася ў творчасці Л.Лберці, Данатэла, Якопа дэла Кверчы, А. дэль Верок’ё і інш., жывапіс — у рамках мясц.маст. школ (гл.Венецыянская школа жывапісу, Умбрыйская школа жывапісу, Фларэнційская школа жывапісу і інш.), графіка — у А. дэль Палаёла і інш. Страчаныя дасягненні жывапісу Джота ды Бандоне развіваліся ў творчасці Мазачыо. Манум. вобразы з дасканалай мадэліроўкай формы і лінейнай перспектывы стваралі А. дэль Кастаньё, А.Мантэнья, Антанела да Месіна, П’етра дэла Франчэска, В.Карпача. Творы П.Учэла, Б.Гацолі вылучаліся каларыстычнасцю і яркай дэкаратыўнасцю, Анджэліка, Ф.Ліпі, С.Батычэлі — паэтычнасцю і вытанчанай лірычнай сузіральнасцю. Пашырыліся гравюра, медальернае тэатр.-дэкар. і дэкар.-прыкладное мастацтва (у т. л.венецыянскае шкло). Мастацтва Высокага Адраджэння вызначалася сцвярджэннем гуманіст. ідэалаў, узвышана-дасканалымі вобразамі чалавека як цэнтра светабудовы, яркімі творчымі індывідуальнасцямі (творчасць Леанарда да Вінчы, Мікеланджэла, Рафаэля, Джарджоне, Тыцыяна). З 2-й пал. 16 ст. паралельна з мастацтвам Позняга Адраджэння (творчасць Мікеланджэла, Тыцыяна, Я.Тынтарэта, П.Веранезе, Я.Басана) развівалася мастацтва маньерызму, адметнае драм. кантрастнасцю, суб’ектыўнай вытанчанасцю форм (жывапісцы Я.Панторма, Ф.Парміджаніна, А.Бранзіна, скульпт. Б.Чэліні, Джамбалонья). Мастацтва італьян. барока (17—18 ст.) складалася з разнастайных тэндэнцый: мастакі балонскай школы (браты Карачы, Г.Рэні) сфармулявалі прынцыпы акадэмізму, якому супрацьстаяла творчасць Караваджа, што папярэднічала станаўленню рэалізму ў еўрап. мастацтве 17 ст. (гл. таксама Караваджызм). Росквіт скульптуры барока звязаны з творчасцю Л.Берніні, манум. жывапісу — П’етра да Картоны, А.Поца і інш. Развіваліся быт. жывапіс (Д.Феці, Б.Строцы, Дж.М.Крэспі), драм. паводле трактоўкі станковая карціна (С.Роза, А.Маньяска), пейзаж (А.Каналета, Б.Белота, Ф.вардзі), графіка (Дж.Піранезі). У пач. 19 ст. мастацтва І. развівалася ў рэчышчы класіцызму, але без уласцівага яму грамадзянскага пафасу, з часам набыло акад. характар (скульпт. А.Канова). З сярэдзіны 19 ст. пашырыліся рамантызм (Ф.Аес, браты Індуна), рэаліст. тэндэнцыі (Т.Сіньярыні, Дж.Фаторы, С.Лега), уплывы імпрэсіянізму (жывапісец Дж. Дэ Нітыс і скульпт. М.Роса), верызм (скульпт. В.Вела), пуантылізм (Дж.Сеганціні). З пач. 20 ст. развівалася творчасць жывапісцаў т.зв. парыжскай школы (А.Мадыльяні і інш.), прадстаўнікоў футурызму (У.Бачоні, К.Кара, Дж.Северыні), метафізічнага жывапісу (Дж.Марандзі, Ф.Казараці, Дж. Дэ Кірыка). У сярэдзіне — 2-й пал. 20 ст. мастацтва І. развівалася ў рэчышчы рэалізму (Р.Гутуза, А.Піцыната, Э.Грэка, Дж.Манцу, Ф.Месіна), абстракцыянізму (Р.Біролі, Э.Марлоці, М.Рэджані, А.Буры, А.Салдаці).
Музыка. Вытокі італьян. музыкі ў муз. культуры Стараж. Рыма. З 4 ст. ў Рыме развіваліся літургічныя спевы, склалася практыка антыфоннага спявання гімнаў. У канцы 6 ст. аформілася хрысц.літургія, у 8—9 ст. склаўся грыгарыянскі харал, апісаны ў працах Гвіда д’Арэца (11 ст.). Да канца 13 ст. музыка І. была манадыйнай (гл.Манодыя); яна ўключала культавую музыку, а таксама лауду, балату і інш. свецкія жанры, якія распаўсюджвалі ў І. франц. труверы. У канцы 13 — пач. 14 ст. з пераходам да шматгалосся пачаўся ўздым італьян. музыкі (эпоха Арс нова) з цэнтрамі ў Фларэнцыі, Венецыі, Падуі. Гал. жанры шматгалосся — мадрыгал, кача, балата. Сярод кампазітараў таго часу — Джавані да Фірэнцэ, Якопа да Балонья (першы ўвёў трохгалоссе), Ф.Ландзіна, тэарэтык Маркета Падуанскі. Сярод муз. інструментаў — лютня, арфа, фідэль, флейта, габой, труба, арганы. У 15 ст. шматгалоссе зацвердзілася ў рым.-каталіцкім богаслужэнні, чаму вельмі садзейнічалі прадстаўнікі нідэрландскай школы, што служылі ў папскай капэле (у Сіксцінскай капэле і хар. капэле сабора св. Пятра ў Рыме працавалі лепшыя майстры царк. спеваў розных краін). У 16 ст. музыка І. стала вядучай у Еўропе. У ёй вылучыліся венецыянская школа і рымская. Кампазітары рым. школы стварылі высокаразвітое поліфанічнае мастацтва, вяршыняй якога стала творчасць Дж.Палестрыны Заснавальнік венецыянскай школы — А.Віларт, які 35 гадоў узначальваў капэлу сабора Сан-Марка (з 1527). Росквіт школы звязаны з творчасцю А. і Дж.Габрыэлі. Узніклі новыя формы інстр. музыкі, узбагаціўся склад інструментаў, пабольшала роля смычковых, сфарміраваўся класічны тып віёлы; прафес. інструментам стала скрыпка. Характэрныя жанры інструм. музыкі — рычэркар, фантазія, канцона, капрыча. Прынцып кантраставання розных інстр. груп, характэрны для музыкі барока, атры.маў паслядоўнае ўвасабленне ў жанры канцэрта. Найб. яркае выяўленне ідэй рэнесансу — мадрыгал (творчасць Л.Марэнцыо, Х.Мантэвердзі, К.Джэзуальда ды Венозы). Сярод тагачасных тэарэтыкаў — Дж.Царліна, Н.Вічэнціна. Багаты пласт музыкі І. — нар. песні і танцы (сальтарэла, фарлана, тарантэла, сіцыліяна і інш.). Агульныя кірункі развіцця познарэнесансавага муз. мастацтва яскрава ўвасоблены ў музыцы італьян. барока, з якім звязана ўзнікненне жанру оперы. Пачатак яму паклалі прадстаўнікі т.зв. фларэнційскай камераты кампазітар Я.Перы і паэт А.Рынучыні, стваральнікі першых опер «Дафна» (1598) і «Эўрыдыка» (1600), а таксама Дж.Качыні, Мантэвердзі. У 1637 у Венецыі адкрыты першы публічны оперны т-р «Сан-Касіяна». Своеасаблівую афарбоўку набыла опера ў Рыме, дзе побач з ант. міфалагічнымі сюжэтамі выкарыстоўвалася рэліг. тэматыка. У Рыме паявіліся і першыя ўзоры камічнай оперы. З канца 17 ст. вядучая роля ў развіцці оперы перайшла да прадстаўнікоў неапалітанскай опернай школы (Ф.Правенцале і асабліва А.Скарлаці). У цеснай сувязі з операй развіваліся новыя жанры нелітургічнага рэліг. мастацтва — араторыя (Дж.Карысімі, А.Страдэла) і камерная кантата (Карысімі, Л.Росі). Сярод аўтараў царк. музыкі — Г.Алегры, П.Агастыні, А.Беневолі, духоўных канцэртаў — А.Банк’еры, Л.Віядана, Мантэвердзі, Ф.Кавалі, Дж.Легрэнцы. У галіне інстр. музыкі развіваліся жанры фугі (Дж.Фрэскабальдзі), трыо-санаты ў творчасці прадстаўнікоў балонскай школы (М.Кацаці, Дж.Віталі, Дж.Басані) і асабліва А.Карэлі, concerto grosso (Дж.Тарэлі, Карэлі, П.Лакатэлі, Ф.Джэмініяні, Дж.Соміс). Як педагог вылучыўся кампазітар і тэарэтык Дж.Б.Марціні. Значную ролю ў развіцці скрыпічнай музыкі адыгралі дынастыі майстроў — сем’і Амаці, Страдывары, Гварнеры. Папулярнасці італьян. оперы спрыяў высокі ўзровень вак.-выканальніцкай культуры. Сярод майстроў мастацтва бельканта 18 ст. спевакі-кастраты А.Бернакі, Кафарэлі, Ф.Бернардзі, Фарынелі, спявачкі Ф.Бардоні, Ф.Куцоні Сандоні, К.Габрыэлі, В.Тэзі. Гал. оперныя цэнтры таго часу — Неапаль і Венецыя. Вял. ўклад у фарміраванне оперы-серыя зрабілі паэты-лібрэтысты А.Дзена і П.Метастазіо. У сярэдзіне 18 ст. ўзнікла тэндэнцыя да цеснай сувязі музыкі з драм. дзеяннем (Н.Іамелі, Т.Траэта, Дж.Сарці, А.Сакіні і А.Сальеры). Новы дэмакр. жанр оперы-буфа сфарміраваўся ў творчасці Л.Вінчы і Л.Леа. Першы яе класічны ўзор — «Служанка-пані» Дж.Б.Пергалезі. На развіццё оперы-буфа паўплываў аўтар оперных лібрэта К.Гальдоні (на многія яго лібрэта пісаў музыку Б.Галупі). Найвышэйшы этап яе развіцця — творчасць Н.Пічыні, Дж.Паізіела, Д.Чымарозы. У галіне інстр. музыкі 18 ст. вылучыліся кампазітары Дж.Тарціні (санаты, канцэрты), А.Вівальдзі (concerto grosso), Дж.Б.Самарціні (сімфоніі, concerto grosso, трыо-санаты), Л.Бакерыні (квартэты), Д.Скарлаці (клавірныя творы). У скрыпічным мастацтве новую эпоху адкрыў Н.Паганіні. Уздым муз. культуры І. ў 19 ст. звязаны з творчасцю Дж.Расіні, які абнавіў нац. тып оперы-буфа («Севільскі цырульнік», 1816), у героіка-драм. операх пераадольваў штампы оперы-серыя, асаблівае значэнне надаваў хар. сцэнам («Вільгельм Тэль», 1829). Рамантычныя тэндэнцыі ярка выявіліся ў операх В.Беліні і Т.Даніцэці. Найвялікшы ўклад у італьян. і сусв.муз.т-р зрабіў Дж.Вердзі, які стварыў оперы вял.псіхал. глыбіні і вострых драм. канфліктаў («Рыгалета», 1851; «Трубадур» і «Травіята», 1853), адметныя адзінствам дзеяння, большай роляй аркестра, індывідуалізацыяй муз. характарыстык («Дон Карлас», 1867; «Аіда», 1870), поўным зліццём музыкі з драм. дзеяннем («Атэла», 1886). У канцы 19 ст. ўзніклі оперы, прасякнутыя ідэямі верызму; «Сельскі гонар» П.Масканьі (1890), «Паяцы» Р.Леанкавала (1892), творы У.Джардана, Ф.Чылеа. Буйнейшы оперны кампазітар пасля Вердзі — Дж.Пучыні, аўтар опер у традыцыях італьян. бельканта («Багема», 1895; «Тоска», 1899; «Мадам Батэрфляй», 1903; «Турандот», 1924, і інш.). Дасягненні опернага мастацтва І. ў 19 — пач. 20 ст. звязаны з росквітам выканальніцкай культуры. Сярод вядомых спевакоў таго часу А.Каталані, сёстры Грызі, Дж.Паста, А.Бозіо, Б. і К.Маркізіо, А.Паці, Дж.Марыо, Дж.Б.Рубіні, М.Батыстыні, А.Мазіні, Дж.Ансельмі, Ф.Таманьё, Э.Тамберлік, у пач. 20 ст. — спявачкі А.Барбі, Дж.Белінчоні, А.Галі-Курчы, Т.Даль Монтэ, Э.Каруза, Ц.Скіпа, Ціта Руфа і інш. З канца 19 ст. развіваецца пераважна інстр. музыка. Вял. ўклад у яе зрабіў Ф.Бузоні. У стылі неакласіцызму працавалі кампазітары І.Піцэці, Дж.Ф.Маліп’ера, А.К.азела, А.Рэспігі. На мяжы 1940—50-х г. у італьян. музыцы ўзмацнілася ўздзеянне новай венскай школы. Творчасць Л.Далапікала, Л.Берыо, С.Бусоці, Ф.Маліп’ера, Л.Нона звязана з выкарыстаннем серыялізму, санорыкі, алеаторыкі. У жанры оперы поспеху дасягнуў Дж.К.Меноці. Сярод прадстаўнікоў муз. мастацтва І. 2-й пал. 20 ст.: спявачкі Дж.Сіміяната, Р.Скота, А.Стэла, Р.Тэбальдзі, М.Фрэні, спевакі Дж.Бекі, Ц.Гобі, М.Дэль Монака, Ф.Карэлі, Л.Павароці, Дж.Ды Стафана; дырыжоры А.Тасканіні, К.Абада, П.Арджэнта, В. Дэ Сабата, Г.Кангэлі, Т.Серафін, Р.Фазана, В.Ферэра, К.Цэкі; піяністы А.Бенедэці Мікеладжэлі, М.Паліні; скрыпачка Дж. Дэ Віта; віяланчэліст Э.Майнардзі; музыказнаўцы Г.Барблан, А.Банавентура, К.Гаці, А. Дэла Кортэ, Л.Торкі, Ф.Тарэфранка і інш. У І. працуюць: т-ры «Сан-Карла» ў Неапалі (з 1737), «Ла Скала» ў Мілане (з 1778), «Фенічэ» ў Венецыі (з 1792), Рымскі оперны т-р (з 1880), аркестры т-раў «Ла Скала» (з 1982 і Філарманічны аркестр «Ла Скала»), «Фенічэ», Нац. акадэміі «Санта-Чэчылія», Італьян. радыё і тэлебачання і інш.; кансерваторыі: «Санта Чэчылія» ў Рыме, у Балонні, Венецыі, Мілане, Фларэнцыі. Праводзяцца шматлікія муз. фестывалі і конкурсы.
Тэатр. Тэатр. мастацтва І. паходзіць ад нар. абрадаў і гульняў, масленічных карнавалаў, паказаў мімаў. У сярэдневякоўі ўзніклі літургічная драма і містэрыя, у якіх прасочваліся камед.-сатыр. матывы. Элементы тэатр. мастацтва ўключалі науды (плошчавыя відовішчы) 13 ст., венецыянскія карнавалы 13—16 ст. У эпоху Адраджэння пачалося развіццё новай тэатр. культуры: распрацоўваліся тэорыя гуманіст. драмы, прынцыпы дэкарацыйнага афармлення, з’явіліся новыя жанры, будаваліся спец.тэатр. памяшканні. У сярэдзіне 16 ст. на аснове нар. творчасці ўзнікла імправізацыйная камедыя дэль артэ. Літ. драма развівалася пераважна аматарскімі трупамі (творчасць Л.Арыёста, П.Арэціна, Дж.Бруна і інш.). У 17—18 ст.т-р І. страціў самабытнасць, камедыя дэль арта ператварылася ў забаўляльнае відовішча. У 18 ст. пад уплывам ідэй Асветніцтва драматург К.Гальдоні ажыццявіў рэформу нац.т-ра, у якой апіраўся на дэмакр. традыцыі гуманіст. і імправізацыйнай камедыі, адмовіўся ад традыц. тыпаў камедыі дэль артэ і замяніў іх рэаліст. вобразамі. Супраць рэформы Гальдоні ў 1760—70-я г. выступіў драматург К.Гоцы, які на аснове традыцый камедыі дэль артэ стварыў новы тэатр. жанр ф’яба (жанр казкі). У канцы 18 ст. пашырыўся жанр гераічнай трагедыі. У пач. 19 ст. сфарміравалася драматургія італьян. рамантызму. Развівалася новая рэаліст. школа акцёрскага мастацтва трагікаў Г.Модэны і яго паслядоўнікаў (А.Рысторы, Э.Росі, Т.Сальвіні), якія сцвярджалі ідэі грамадз. мастацтва. Пасля 1870 у рэпертуары т-раў пераважалі меладрама і быт. камедыя. Рэаліст. рысы засталіся ў драматургіі і т-рах, што выкарыстоўвалі нар. дыялекты (п’есы Дж.Галіны, акцёры Э.Навелі, Дж.Гоцы, Дж.Граса). Гэта прывяло да росквіту т.зв. дыялектнага т-ра, садзейнічала сцвярджэнню эстэтыкі верызму. У пач. 20 ст. развіваліся мадэрнісцкія тэндэнцыі, на т-р гратэску паўплываў футурызм (творчасць Л.Пірандэла, акцёры Э.Дузе, Э.Законі, Э. і І.Граматыка, Р.Ругеры і інш.). У 1920—30-я г. ствараліся эксперыментальныя т-ры (т-р «Незалежных», «Канвена» і інш.). У 1935 створана Акадэмія драм. мастацтва. У час фаш. дыктатуры т-р заняпаў, дзейнічалі пераважна вандроўныя трупы. У пасляваенны час пачаў сцвярджацца прагрэс. кірунак у тэатр. мастацтве: т-р «Сан-Фердынанда» ў Неапалі, «Пікала-тэатр» у Мілане, трупы Р.Марэлі і П.Стопы, рэж. Л.Вісконці, А.Коста, рэж. і драматург Л.Скуарцына, акцёр В.Гасман; узніклі стацыянарныя т-ры «стабіле», якія з 1960-х г. знаходзяцца на дзярж. субсідыі. Сярод вядомых тэатр. дзеячаў: Л.Ранконі, Дж.Стрэлер, Скуарцына і інш. Тэндэнцыі авангарду ўласцівы творчасці драматургаў Д.Фо, М.Рычы, Ф.Мале, М.Перліні і інш.
Кіно. Нацыянальная кінавытворчасць зарадзілася ў 1904—05. Найб. дасягненне нямога кіно 1910-х г. — касцюмна-гіст. фільмы («Куды ідзеш?» Э.Гуацоні, 1912; «Апошнія дні Пампеі» М.Казерыні, 1913; «Кабірыя» Дж.Пастроне, 1914), салонныя драмы 1 камедыі. На развіццё кіно І. паўплывалі творчасць і непасрэдны ўдзел у стварэнні фільмаў пісьменніка Г.Д’Анунцыо. Уплывы верызму ўласцівы творам Н.Маргольё («Згубленыя ў цемры», 1914; «Тэрэза Ракэн», 1915) і інш. Сфарміраваўся т.зв. «дывізм» — сістэма «зорак» кіно (Ф.Берціні, Л.Барэлі, Л.Кавальеры і інш.). У гады 1-й сусв. вайны пачаўся крызіс італьян. кіно, які паглыбіўся з прыходам да ўлады фашыстаў. Адкрыта фаш. фільмаў ставілася няшмат (напр., «Сцыпіён Афрыканскі» К.Галоне, 1937), дамінавалі салонныя меладрамы (т.зв. кінематограф «белых тэлефонаў»), са з’яўленнем гукавога кіно здымаліся і муз. фільмы (кінаоперы і інш.). У 1930-я г. пад Рымам пабудаваны кінагарадок «Чыначэта», у Рыме адкрыты Эксперым. кінацэнтр, які падрыхтаваў шэраг майстроў і кіназнаўцаў, што пазней набылі сусв. вядомасць (Д.Вісконці, Дж.Дэ Сантыс, М.Антаніёні, Г.Арыстарка і інш.). Прадстаўнікі кірунку «каліграфізм» у асноўным экранізавалі творы сусв. класікі («Стрэл» Р.Кастэлані паводле А.Пушкіна, 1941, і інш.). У фільмах А.Блазеці «Прагулка ў аблоках» (1942), В.Дэ Сікі «Дзеці глядзяць на нас» (1943), Вісконці «Апантанасць» (1943) зроблена спроба адысці ад канонаў афіцыёзнага кіно. Пасля 2-й сусв. вайны ва ўмовах дэмакр. ўздыму ўзнік неарэалізм, творы якога вызначаліся эпічнай шырынёй адлюстравання нар. жыцця, культам паўсядзённасці, лаканізмам выяўл. вырашэння, чорна-белай выявай; сярод гал. тэм: супраціўленне фашызму («Рым — адкрыты горад», 1945, і «Пайза», 1946, Р.Раселіні), сац. несправядлівасць («У імя закону» П.Джэрмі, 1945, «Горкі рыс», 1949, і «Няма міру пад алівамі», 1950, Дэ Сантыса; «Умберга Д.» Дэ Сікі, 1951), трагедыя беспрацоўя («Выкрадальнікі веласіпедаў» Дэ Сікі, 1948; «Зямля дрыжыць» Вісконці, 1948; «Рым, 11 гадзін» Дэ Сантыса, 1952). З сац. стабілізацыяй у грамадстве ў сярэдзіне 1950-х г. неарэалізм заняпаў, а пашырыўся т.зв. «ружовы» (фальклорна-эратычны) неарэалізм («Два грошы надзеі» Кастэлані, 1952; «Хлеб, каханне і фантазія» Л.Каменчыні, 1953, і інш.). Сярод вядомых акцёраў таго часу Л.Базе, Р.Валоне, М.Джыроці, Дж.Лалабрыджыда, Г.Маньяні, Тато, А.Фабрыцы, Э.Дэ Філіпа і інш. Канец 1950 — пач. 1960-х г. — росквіт творчасці вял. майстроў «аўтарскага кіно»: Вісконці («Рока і яго браты», 1960; «Леапард», 1962; «Туманныя зоркі Вялікай Мядзведзіцы», 1965; «Пагібель багоў», 1969), Ф.Феліні («Дарога», 1954, «Ночы Кабірыі», 1957; «Салодкае жыццё», 1959; «81/2», 1963; «Сатырыкон», 1969), Антаніёні («Прыгода», 1959; «Ноч», 1960; «Зацьменне», 1961; «Чырвоная пустыня», 1964; «Фотапавелічэнне», 1967), П.Пазаліні («Акатоне», 1961; «Маці Рома», 1962; «Евангелле ад Матфея», 1964; «Цар Эдып», 1967). З’явілася другая хваля антыфаш. фільмаў («Генерал Дэла Раверэ» Раселіні, 1959; «Чатыры дні Неапаля» Н.Лоя, 1963; «Чачара», 1960, і «Сад Фінці-Канціні», 1970, Дэ Сікі). Сац.-паліт. праблемы адлюстроўваліся ў фільмах «Сальваторэ Джуліяна» Ф.Розі (1961), «Дзень славы» Д.Даміяні (1967) і інш. У гэты час сфарміраваўся жанр «камедыі па-італьянску» («Учора, сёння, заўтра», 1963, і «Шлюб па-італьянску», 1964, Дэ Сікі; «Развод па-італьянску», 1961, «Спакушаная і пакінутая», 1964, «Серафіна», 1968, Джэрмі). У 2-й пал. 1960-х г. на хвалі ўздыму маладзёжнага руху ўзнікла «кіно кантэстацыі», маніфестам якога стаў фільм М.Белокіо «Кулакі ў кішэні» (1965). У рэчышчы гэтай плыні зроблены некат. фільмы Пазаліні, братоў Тавіяні, М.Ферэры. Гал. жанры камерцыйнага кіно — псеўдагіст. стужкі на ант. тэмы, меладрамы, эратычныя камедыі, вестэрны па-італьянску («спагеці-вестэрны»). У апошнім жанры працаваў С.Леоне («Добры, дрэнны, злы», 1966; «Аднойчы на Далёкім Захадзе», 1968), які пазней працаваў у Галівудзе («Аднойчы ў Амерыцы», 1984). Сярод вядомых акцёраў гэтага часу: Дж.М.Валантэ, М.Віці, В.Гасман, Х.Кардынале, С.Ларэн, Дж.Мазіна, Н.Манфрэдзі, М.Мастраяні, С.Сандрэлі, А.Сордзі, У.Таньяцы і інш.
Гал. кірункам кіно І. 1970-х г. стала паліт. («новае») кіно. Асн. яго тэмы — выкрыццё фашызму ў мінулым і сучаснасці («Яснавяльможныя трупы» Розі, 1976; «Я баюся» Даміяні, 1977, і інш.), праблемы моладзі («Плошча Сан-Бабіла, 20 гадзін: бессэнсоўнае забойства» К.Лідзані, 1976; «Дарагі тата» Дз.Рызі, 1979) і інш. З канца 1970-х г. у кіно І. пачаліся спад вытворчасці і маст. крызіс у сувязі з экспансіяй Галівуда ў еўрап. пракат, канкурэнцыяй тэлебачання, развіццём відэапракату і інш. Шмат фільмаў ставіцца ў каапрадукцыі, пераважна з Францыяй. Найб. значныя творы апошніх дзесяцігоддзяў: «Амаркорд» (1973), «Казанова» (1976), «Рэпетыцыя аркестра» (1979), «І карабель плыве» (1983), «Інтэрв’ю» (1987) Феліні; «Дэкамерон» (1971), «Кентэрберыйскія апавяданні» (1972), «Кветка 1001-й ночы» (1974), «Сало, або 120 дзён Садома» (1975) Пазаліні; «Смерць у Венецыі» (1971), «Сямейны партрэт у інтэр’еры» (1974) Вісконці; «Прафесія — рэпарцёр» (1975), «Ідэнтыфікацыя жанчыны» (1981), «Там, за аблокамі» (1995) Антаніёні; «Канфарміст» (1970), «Апошняе танга ў Парыжы» (1972), «XX стагоддзе» (1976), «Апошні імператар» (1987), «Маленькі Буда» (1993) Б.Берталучы. Набылі вядомасць рэжысёры Э.Скола («Тэраса», 1979; «Баль», 1983; «Сям’я», 1986), браты Тавіяні («Ноч святога Ларэнца», «Добрай раніцы, Вавілон», 1986), Ферэра («Прашу прыстанішча», 1979; «Дом усмешак», 1991), Н.Марэці («Залатыя мары», 1981; «Меса закончана», 1986; «Дарагі дзённік», 1994), Дж.Тарнаторэ («Новы кінатэатр «Парадыза», 1989; «Чыстая фармальнасць», 1994) і інш. Сярод акцёраў 1970—90-х г.: В.Галіна, Дж.Джаніні, Д.Джардана, Дж.Джэма, А.Муці, Ф.Нера, М.Плачыда, А.Чэлентана і інш.
Беларусы ў Італіі. Пасля 2-й сусв. вайны ў І. апынулася шмат беларусаў, пераважна жыхароў Зах. Беларусі, якія ў складзе Андэрса арміі ўдзельнічалі ў Італьянскай кампаніі 1943—45 (у 1944 у бітве пад Монтэ-Касіна загінула некалькі соцень беларусаў). Тут знайшлі прытулак і беларусы, вывезеныя на прымусовую працу, эмігранты, якіх не прыняла пад сваю апеку Міжнар.арг-цыя па справах бежанцаў, каталіцкія святары, якія вучыліся ў Папскім ін-це ўсх. навук, студэнты з Беларусі, што вучыліся мастацтву і спевам. Жылі беларусы пераважна ў Рыме і яго прыгарадах. Арганізатарам і кіраўніком бел. калоніі быў П.Татарыновіч. У 1949 тут засн.Бел.хрысц. аб’яднанне, у 1953 — Бел.акад. каталіцкае аб’яднанне «Рунь» і аддзел Цэнтралі бел. студэнцкіх арг-цый на чужыне. Беларусы мелі прадстаўніцтвы ў Высокай радзе для эміграцыі, якая дзейнічала пры Кансісторскай Кангрэгацыі ў Рыме. Яны вялі культ.-асв. работу: святкавалі нац. святы, юбілеі бел. пісьменнікаў і дзеячаў культуры, удзельнічалі ў міжнар. канферэнцыі арг-цыі «Інтэрнацыянал свабоды» (1953), Кангрэсе эмігрантаў (1962, Рым). Ініцыятарамі асн. мерапрыемстваў бел. эміграцыі былі Татарыновіч, Л.Гарошка, П.Конюх, Я.Садоўскі. У 1949 Татарыновіч заснаваў і вёў бел. секцыю на радыё Ватыкана, удзельнічаў у выданні і рэдагаваў час. «Зьніч» (1950—75, выйшла 120 нумароў).
Літ.:
История Италии. Т. 1—3. М., 1970—71;
Рутенбург В.И. Истоки Рисорджименто: Италия в XVII—XVIII вв. Л., 1980;
Кин Ц.И. Италия конца XIX в.: судьбы людей и теорий. М., 1978;
Любин В.П. Италия накануне вступления в первую мировую войну: (На пути к краху либерального государства). М., 1982;
Лопухов Б.Р. История фашистского режима в Италии. М., 1977;
Яго ж. Эволюция буржуазной власти в Италии, первая половина XX в. М., 1986;
Сафронов В.Г. Итальянские войска на советско-германском фронте, 1941—1943. М., 1990;
Комолова Н.П. Движение Сопротивления и политическая борьба в Италии, 1943—1947 гг.М., 1972;
Лисовский Ю.П. Италия от фашизма к демократии: Трудные пути послевоеиной перестройки. М., 1990;
Маджистер С. Политика Ватикана и Италия, 1943—1978: Пер. с итал. М., 1982;
Холодковский К.Г. Италия: массы и политика Эволюция соц.-полит. сознания трудящихся в 1945—1985 гг.М., 1989;
Культура и общество Италии накануне нового времени. М., 1993;
Спессо Р. Итальянская экономика с послевоенных лет до наших дней: Пер. с итал. М., 1984;
Буркхардт Я. Культура Италии в эпоху Возрождения. Опыт: Пер. с нем. М., 1996;
Муратов П.П. Образы Италии. Т. 1—3. М., 1993—94;
Де Санктис Ф. История итальянской литературы: Пер. с итал. Т. 1—2. М., 1963—64;
Кацнельсон Р.А. Современная архитектура Италии. 2 изд. М., 1983;
Лазарев В.Н. Происхождение итальянского Возрождения. Т. 1—3. М., 1956—79;
Melani V. Italian contemporery art. Pistoia, 1973;
Крунтяева Т.С. Итальянская комическая опера XVIII в. Л, 1981;
Левашева О.Е. Пуччини и его современники. М., 1980;
Богоявленский С.Н. Итальянская музыка первой половины XX в.: Очерки. Л., 1986;
Колодяжная В. Кино Италии (1940—1960). М., 1961;
Лидзани К. Итальянское кино: Пер. с итал. М., 1956;
Молодые кинорежиссеры Италии. М., 1996.
Ф.С.Фешчанка (прырода, насельніцтва, гаспадарка), К.А.Далгучыц (гісторыя), Р.Ч.Лянькевіч (узбр. сілы), В.М.Навумчык (асвета, навук. ўстановы), В.С.Логіш (літаратура), В.Я.Буйвал (архітэктура, выяўл. і дэкар.-прыкладное мастацтва), Л.М.Зайцава (кіно), А.С.Ляднёва (беларусы ў Італіі).
Герб і сцяг Італіі.Да арт.Італія. Даліна ў Альпах.Да арт.Італія. Краявід на схілах Апенінскіх гор.Да арт.Італія. Порт Неапаль.Да арт.Італія. Сельскагаспадарчыя ўгоддзі ў сярэдняй частцы краіны.Да арт.Італія. Уступленне ў Неапаль Дж.Гарыбальдзі 7.9.1860. Тагачасны малюнак.Да арт.Італія. Жыхары Мілана вітаюць войскі ЗША. Красавік 1945.Да арт.Італія. Панарама Фларэнцыі.Да арт.Італія. Сабор святога Пятра ў Рыме. 1506—1614.Да арт.Італія. Сабор у Арвіета. 1290—1569.Да арт.Італія. Царква Санта-Марыя Навела ў Фларэнцыі. Каля 1278—1360.Да арт.Італія. Іспанская лесвіца на П’яцца ды Спанья ў Рыме.Да арт.Італія. Андрэа ды Бартала. Іаакім пакідае горад. Дрэва, тэмпера.Да арт.Італія. С.Марціні. Благавешчанне. 1333.Да арт.Італія. «Палажэнне ў труну». Вітраж па кардоне А. дэль Кастаньё. Сабор Санта-Марыя дэль Ф’ёрэ. 1443—14.Да арт.Італія. Антоніо дэль Палаёла. Бітва дзесяцярых аголеных. Разцовая гравюра. 1740.Да арт.Італія. Мікеланджэла. Грабніца Ларэнца Медычы. Каля 1524—31.Да арт.Італія. А.Салдаці. Аналогіі. 1950.Да арт.Італія. Р.Гутуза. Акно ў Рыяна Фламініо. 1951.Да арт.Італія. Дж.Марандзі. Нацюрморт. 1962.Да арт.Італія. Ф.Месіна. Вялікая танцоўшчыца. 1979.Да арт.Італія. Дж.Манцу. Смерць гвалтоўная. Эскіз рэльефу для «Брамы смерці» сабора св. Пятра ў Рыме. 1949—64.Да арт.Італія. Джавані ды Паала. Выгнанне з раю. Каля 1440.Да арт.Італія. Рафаэль. Заручыны Марыі. 1504.Да арт.Італія. Венецыянскі майстар. Кубак са сцэнай пакланення вешчуноў. Шкло. 1465.Да арт.Італія. Глядзельная зала тэатра «Ла Скала». Пач. 19 ст.