БО́ЧКАІ ((Bocskai) Іштван) (1.1.1557, г. Клаўзенберг, цяпер г. Клуж-Напока, Румынія — 29.12.1606),
венгерскі феадал, кіраўнік антыгабсбургскага руху ў Венгерскім каралеўстве. Пасол Трансільваніі пры габсбургскім двары ў 1576 і 1603. Камандуючы трансільванскімі войскамі ў паспяховым паходзе супраць тур. войск у Валахію (1595). У 1604 узначаліў барацьбу сялян, гараджан і часткі венг. дваранства супраць аўстр. панавання. У выніку перамогі абраны князем Трансільваніі (1605), падпісаў Венскі мір (23.6.1606), паводле якога адноўлена незалежнасць Трансільванскага княства (да яго далучаны венг. камітаты Угоча, Бераг, Сатмар, крэпасць Токай), дадзена свабода веравызнання пратэстантам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРАЧЫСЛА́Ў ВАСІ́ЛЬКАВІЧ,
князь ізяслаўскі (заслаўскі) і віцебскі. Сын полацкага кн. Васількі Рагвалодавіча. У 1158 атрымаў у княжанне Ізяслаў ад полацкага кн.Рагвалода Барысавіча. У 1159 з братам Валодшам узяты ў палон менскімі князямі Глебавічамі і зняволены ў Менску, адкуль яго вызваліў Рагвалод Барысавіч. У 1162 з інш. полацкімі князямі ваяваў за Слуцк супраць дарагабужскага кн. Уладзіміра Мсціславіча. У 1180, калі быў князем віцебскім, разам з кіеўскім кн. Святаславам Усеваладавічам і чарнігаўскімі князямі ваяваў супраць смаленскіх князёў Расціславічаў. Упамінаецца ў «Слове аб палку Ігаравым».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАЎМО́НТ (хрысціянскае імя Цімафей; ? — 20.5.1299),
князь нальшчанскі і пскоўскі. У 1263 удзельнічаў у змове жамойцкага кн. Траняты супраць Міндоўга. У 1265 пасля заваявання Нальшчанаў навагрудскім кн.Войшалкам уцёк з дружынай у Пскоў, дзе ў 1266 прыняў праваслаўе і абраны князем Паколькі Войшалк аддаў Нальшчаны Полацку, Д. у 1266—67 арганізаваў 3 паходы на Полацкую зямлю. У 1268, 1269, 1272, 1298, 1299 вёў паспяховую барацьбу з крыжакамі, якія нападалі на Пскоўскую зямлю. Кананізаваны правасл. царквой. Статуя Д. ў шматфігурным помніку «Тысячагоддзе Расіі» (скульпт. М.В.Мікешын) у Ноўгарадзе.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАПШЧЫ́НА, капшчызна,
дзяржаўны падатак у ВКЛ у 15—16 ст. за трыманне карчмы і продаж у ёй спіртных напіткаў (піва, мёду, гарэлкі). Памер К. вызначаўся вял.князем і вагаўся ад 0,5 капы (30 грошаў) да 2,5 капы (150 грошаў). Збіралася адзін раз у год спец. прызначанымі гаспадарскімі дваранамі. У некаторых выпадках вял. князь адмаўляўся ад К. на карысць ваявод, старостаў, гарадоў. З сярэдзіны 16 ст. паступова знікла з-за раздачы корчмаў на водкуп прыватным асобам. У каралеўскіх гарадах захавалася да 18 ст. ў выглядзе чопавага.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАСІ́МАЎСКАЕ ЦА́РСТВА,
удзельнае княства ў Расіі ў 15—17 ст. Створана каля 1450—56 вял.князем маскоўскім Васілём II Цёмным для тат. ханаў, што перайшлі ў маскоўскае падданства. Займала тэрыторыю ўздоўж р. Ака (цяпер паўн.-ўсх.ч. Разанскай вобл.), населеную мешчарой, мардвой і часткова татарамі. Цэнтр — г. Гарадзец-Мяшчэрскі, перайменаваны ў гонар першага ўладальніка — казанскага царэвіча Касім-Хана — у Касімаў (адсюль назва). «Цары» і «царэвічы» прызначаліся маскоўскім урадам. Страціла ваен.-паліт. значэнне пасля далучэння да Расіі Казанскага ханства (1552) і стала фактычна кіравацца маскоўскімі ваяводамі. Скасавана ў 1681.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІ́ЕЎСКАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1068—69,
выступленне жыхароў Кіева супраць вял. кіеўскага князя Ізяслава Яраславіча. Пачалося ў вер. 1068 у выніку адмовы Ізяслава ўзброіць воінаў гар. дружыны (рамеснікаў і гандляроў) пасля разгрому полаўцамі на р. Альта аб’яднанага войска князёў Яраславічаў. Паўстанцы вызвалілі палоннага полацкага князя Усяслава Брачыславіча і абвясцілі яго вял. кіеўскім князем. Ізяслаў Яраславіч уцёк у Польшчу, яго браты чарнігаўскі і пераяслаўскі князі Святаслаў і Усевалад прызналі ўладу Усяслава Брачыславіча. Паўстанне задушана вясной 1069 Ізяславам з дапамогаю войска яго сваяка польск. караля Баляслава II Смелага; Усяслаў Брачыславіч уцёк у Полацк.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЬГЕ́РД (1296 — май 1377),
князь крэўскі і віцебскі, вял. князь ВКЛ [1345—77]. Сын Гедзіміна. Атрымаў ад бацькі Крэўскае княства. Каля 1318 ажаніўся з віцебскай князёўнай Марыяй Яраслаўнай і ў хуткім часе стаў віцебскім князем. Пасля смерці Гедзіміна, калі Вільня і велікакняжацкі пасад дасталіся яго малодшаму брату Яўнуту, арганізаваў супраць яго змову з братам Кейстутам. Кейстут заняў Вільню і захапіў Яўнута, аднак велікакняжацкі пасад дастаўся Альгерду, што сведчыла аб прызнанні Кейстутам дамінуючага месца бел. зямель у дзяржаве. Альгерд паспяхова вёў палітыку, накіраваную на канчатковае аб’яднанне ўсх.-слав. зямель у адзінай дзяржаве. Да ВКЛ было далучана Чарнігава-Северскае княства (1340-я г.), у паліт. залежнасці ад яго апынулася Смаленскае (1350-я г.). Імкнуўся пашырыць свой уплыў на Цвярское княства, што абвастрыла яго адносіны з Масквой. Ажыццявіў 3 паходы на Маскву (1368, 1370, 1372). У бітве каля Сініх Водаў 1362 разбіў татараў і далучыў да ВКЛ Падолле. Авалодаў Кіевам і пасадзіў там князем свайго сына Уладзіміра. У выніку барацьбы з польск каралём Казімірам III за Галіцкую і Валынскую землі яму дасталася (1377) апошняя. Шмат разоў узначальваў войска для адпору агрэсіі Тэўтонскага ордэна. За час яго княжання тэр.ВКЛ павялічылася больш як у 2 разы, што было на карысць бел. землям, забяспечвала ім вядучае месца ў дзярж. жыцці, спрыяла развіццю эканомікі і культуры ВКЛ.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАСІ́ЛЬ IIIІванавіч
(25.2.1479, Масква — 4.12.1533),
вялікі князь маскоўскі [1505—33]. Сын Івана III і Соф’і Палеалог. Завяршыў аб’яднанне рус. зямель вакол Масквы. Пасля смерці вял. князя літ.Аляксандра (1506), які быў жанаты з сястрою Васіля III Аленай, дамагаўся, каб яго выбралі вял.князем у ВКЛ. У 1507—08 і 1512—22 ваяваў з ВКЛ. 1.8.1514 з дапамогай М.Глінскага ўзяў Смаленск, але 8 вер. ў Аршанскай бітве 1514 маск. войска было разбіта. Мірныя перагаворы 1517 не далі вынікаў, бо Васіль III патрабаваў далучэння да Маскоўскага княства Кіева, Віцебска, Полацка і інш. Паводле перамір’я 1522 Смаленск застаўся за Масквою.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРЭ́ЦКІЯ,
наўгародская баярская сям’я. У 15 ст. ім належала 714 вёсак з 1458 сял. дварамі. Марфа (гл.Марфа Пасадніца), удава пасадніка Ісака Андрэевіча Барэцкага, і яе сын Дзмітрый Ісакавіч у 1471 узначалілі варожую Маскве партыю наўгародскіх баяраў, якая вяла перагаворы з літ.вял.князем Казімірам IV аб пераходзе ў яго падданства. У бітве на р. Шалонь (1471) паміж маскоўскай раццю і наўгародскім апалчэннем на чале з Дзмітрыем Барэцкім наўгародцы пацярпелі паражэнне. Дзмітрый трапіў у палон, яму, як і інш. баярам — прыхільнікам саюзу з ВКЛ, Іван III загадаў адсекчы галаву. Марфа і яе сын Фёдар працягвалі варожую Маскве дзейнасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІЖ,
службовая асоба ў ВКЛ у 15—16 ст. Напярэдадні судовых працэсаў аглядаў прычыненыя пашкоджанні, раны на целе; у час суда сведчыў пэўныя факты, прыводзіў да прысягі; пасля суда ўводзіў ва ўладанне нерухомасцю і інш. За выкананне абавязкаў атрымліваў грашовую ўзнагароду ад бакоў, што судзіліся. Спярша віжы былі «прыданымі» (прызначаліся вял.князем, панамі-радаю, дзярж. службовымі асобамі, панамі ў сваіх маёнтках з людзей розных саслоўяў). У 1551 шляхта дамаглася права выбіраць павятовых віжаў з аселай шляхты на ўзор возных Падляшша. У 2-й пал. 16 ст. абраных віжаў пачалі называць вознымі, пасада прыданых віжаў знікла.