МАКА́НІН Уладзімір Сямёнавіч (н. 13.3.1937, г. Орск Арэнбургскай вобл., Расія),

расійскі пісьменнік. Скончыў Маскоўскі ун-т (1960), вучыўся на Вышэйшых курсах сцэнарыстаў і рэжысёраў у Маскве. У зб-ках аповесцей і апавяданняў «Аповесць пра Стары Пасёлак» (1974), «Галасы» (1982), «Рака з хуткім цячэннем» (1983), аповесці «Дзе сыходзілася неба з узгоркамі» (1984) і інш. пошукі асэнсаванага быцця, драматызм бескампраміснасці, псіхалогія няцэльнай асобы. Аўтар раманаў «Прамая лінія» (1967), «Партрэт і вакол» (1978), «Андэграўнд, ці Герой нашага часу» (1998), аповесцей «Адзін і адна» (1987), «Стол накрыты сукном і з графінам пасярэдзіне» (1993), «Каўказскі вязень» (1995) і інш. У творах спалучэнне рэалізму і мадэрнізму, унутр. маналогі.

Тв.:

Избранное. М., 1987;

Рассказы. М., 1990;

Лаз. М., 1991.

С.​Ф.​Кузьміна.

т. 9, с. 527

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́ВАС Катэрына Альбертавіч (30.10.1775, г. Венецыя, Італія — 10.5.1840),

расійскі кампазітар, дырыжор. Па паходжанні італьянец. Вучыўся ў Ф.​Б’янкі. З 1799 служыў пры Дырэкцыі імператарскіх т-раў у Пецярбургу. З 1806 капельмайстар рус. оперы, з 1822 інспектар прыдворных аркестраў. З 1832 «дырэктар музыкі» імператарскіх т-раў. Зрабіў вял. ўклад у развіццё рус. муз. т-ра. Сярод твораў (больш за 50): оперы «Ілья-волат» (1806), «Іван Сусанін» (1815), опера-вадэвіль «Казак-вершатворац» (1812); балеты «Зефір і Флора» (1808), «Амур і Псіхея» (1809), «Ацыс і Галатэя» (1816), «Каўказскі нявольнік, або Цень нявесты» паводле А.​Пушкіна (1823); патрыят. балеты-дывертысменты.

Літ.:

Сычева О. Кавос и русский музыкальный театр первой трети XIX в. // Стилевые особенности русской музыки XIX—XX вв. Л., 1983.

т. 7, с. 399

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРАЙ (ад агульнаслав. краяци — рэзаць),

1) першапачаткова мясцовасць на ўскраіне дзяржавы (адсюль назва), пазней — краіна, вобласць, мясцовасць, вял. геагр. вобласць. Тэрмін ужываецца таксама ў сэнсе радзіма, родны кут (вывучае краязнаўства); як сінонім назвы ўсёй тэр. (Беларусь — Беларускі К.) або асобных яе частак (Палескі К., азёрны К., партызанскі К.).

2) У Расіі 18 — пач. 20 ст. назва ўскраінных тэр. імперыі, якія складаліся з некалькіх губерняў або абласцей пад агульным кіраўніцтвам. Афіцыйна адносілася да Каўказа (Каўказскі К. у 1882—1905) і Туркестана (Туркестанскі К. у 1886—1917). У 19 — пач. 20 ст. тэрыторыя, куды ўваходзілі бел. і літ. губерні, называлася Паўн.-Зах. К.

3) У Расіі з 1924 буйная адм.-тэр. адзінка (Алтайскі, Краснадарскі, Краснаярскі, Прыморскі, Стаўрапольскі, Хабараўскі краі).

т. 8, с. 443

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗІДЛО́ (Didelot) Шарль (Карл) Луі (1767, Стакгольм — 19.11.1837). французскі артыст балета, балетмайстар, педагог. Вучыўся ў Парыжы. Працаваў з Ж.Ж.Наверам і Ж.Дабервалем. Выкананне Дз.-танцоўшчыка вылучалася чысцінёй рухаў, грацыёзнасцю, пластычнасцю. З 1788 балетмайстар у Лондане, Парыжы, Ліёне, у 1796—1801 і 1812—15 танцоўшчык і балетмайстар Каралеўскага т-ра ў Лондане. У 1801—29 (з перапынкамі) працаваў у Пецярбургу, паставіў больш за 40 балетаў і дывертысментаў (у т. л. «Каўказскі нявольнік, або Цень нявесты» К.​Каваса паводле А.​Пушкіна, 1823). Распрацаваў жанр гісторыка-гераічнага балета. Яго харэаграфічныя драмы эпохі перадрамантызму характарызаваліся драматург. логікай і стылявым адзінствам, узбагачэннем тэхнікі танца. Наватарская дзейнасць Дз. спрыяла вылучэнню рус. балета на адно з першых месцаў у Еўропе. Сярод вучняў А.Істоміна, М.​Данілава, К.​Целяшова, А.​Ліхуціна, М.​Гольц.

Ш.Дзідло. Мастак В.​Баранаў.

т. 6, с. 112

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІРЭ́ТРУМ,

рамоначнік (Pyrethrum), род кветкавых раслін сям. складанакветных. Каля 100 відаў. Пашыраны ў Еўразіі і Паўн. Афрыцы. На Беларусі 1 еўрасібірскі рэліктавы від П. шчытковы (P. corymbosum), занесены ў Чырв. кнігу. Расце ў асветленых лісцевых лясах, сухадольных астэпаваных лугах. Трапляецца здзічэлы П. вялікі, або бальзамічны кануфер (P. majus), які культывуюць як прыпраўную расліну, як інсектыцыдную — культывуюць П. цынерарыялісты, або далмацкі рамонак (P. cinerariifolium). Інтрадукаваны 2 віды П.: чырвоны, або каўказскі рамонак (P.coccineum) і дзявочы (P.parthenium).

Шматгадовыя травяністыя расліны выш. 5—150 см. Сцёблы апушаныя, прамыя і ўзыходныя. Лісце чаргаванае, перыстарассечанае, радзей суцэльнае. Кветкі дробныя, у адзіночных або сабраных у агульнае шчыткападобнае суквецце кошыках. Плод — сямянка. Некат. віды маюць пірэтрыны. Род П. часта аб’ядноўваюць з родам піжма і хрызантэма. Інсектыцыдныя, лек., харч., дэкар. расліны.

Пірэтрум цынерарыялісты.

т. 12, с. 385

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІРЗНІ́ЕК-У́ПІТ (Birznieke-Upitis) Эрнест Тэадоравіч (6.4.1871, воласць Дзірцыемс, Латвія — 30.12.1960),

латышскі пісьменнік. Нар. пісьменнік Латвіі (1947). Скончыў Тукумскую гар. школу. Настаўнічаў. У 1908 заснаваў кніжнае выд-ва «Дзірцыемніекі». Друкавацца пачаў у 1891. Пісаў рэаліст. апавяданні пра жыццё лат. вёскі (зб-кі «Апавяданні Упіта», 1900; «Зранку», 1912; «Пад вечар», 1913; «Апавяданні шэрага каменя», 1914). У 1893—1921 жыў у Закаўказзі, стварыў каўказскі цыкл (зб-кі «У каўказскіх гарах», 1924; «Апавяданні Каўказа», т. 1—2, 1927). Аўтар аўтабіягр. трылогіі «Дзённік Пастарыня» (1922), «Пастарынь у школе» і «Пастарынь у жыцці» (абодва 1924), кніг для дзяцей. На бел. мову яго творы перакладалі У.​Пігулеўскі, Я.​Скрыган, Л.​Філімонава.

Тв.:

Kopoti rakšti. Sēj. 1—7. Riga, 1960—63;

Бел. пер. — у кн.: Латышскія апавяданні. Мн., 1956;

Сучасныя латышскія апавяданні. Мн., 1978;

Песня Даўгавы. Мн., 1986.

І.​Трэймане.

Э.Бірзніек-Упіт.

т. 3, с. 156

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕ́НЬШЫКАЎ Алег Яўгенавіч (н. 8.11.1960, г. Серпухаў Маскоўскай вобл.),

расійскі акцёр. Скончыў Тэатр. вучылішча імя М.​Шчэпкіна (1981). Працаваў у Маскоўскім Цэнтр. т-ры Сав. Арміі, Т-ры імя М.​Ярмолавай. З 1990 у Т-ры імя Массавета. Творчасці М. ўласцівы імправізацыйнасць, псіхал. заглыбленасць, вастрыня пластычнага малюнка: Ганя («Ідыёт» паводле Ф.​Дастаеўскага), Буланаў («Лес» А.​Астроўскага, абодва 1984), Адуванчык («Радавыя» А.​Дударава, 1985), Сярожа («Спартыўныя сцэны 1981 года» Э.​Радзінскага, 1986), Рабесп’ер («Другі год свабоды» А.​Бураўскага, 1988), Калігула (аднайм. п’еса А.​Камю, 1990), Сяргей Ясенін («Калі яна танцавала» М.​Шэрмана, паст. ў Лондане 1991; прэмія Брытанскай акадэміі тэатр. мастацтваў імя Л.​Аліўе, 1992), Іхараў («Гульцы» М.​Гогаля, паст. ў Лондане, 1992), Чацкі («Гора ад розуму» А.​Грыбаедава, 1999) і інш. З 1982 здымаецца ў кіно: «Палёты ў сне і наяве» (1983), «Стомленыя сонцам» (1994), «Каўказскі палонны» (1996), «Сібірскі цырульнік», «Усход—Захад» (абодва 1999) і інш. Выступае і як рэжысёр. Дзярж. прэміі Расіі 1996, 1998.

т. 10, с. 290

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАСТО́ЎСКІ ДЗЯРЖА́ЎНЫ УНІВЕРСІТЭ́Т,

адзін са старэйшых ун-таў Расіі, вядучы цэнтр развіцця адукацыі, навукі, культуры. Засн. на базе імператарскага Варшаўскага ун-та (з 1869), які ў 1915 эвакуіраваны ў г. Растоў-на-Доне. Паводле Пастановы Часовага ўрада ад 5.5.1917 імператарскі Варшаўскі ун-т скасаваны, а на яго базе створаны новы, які наз. Данскі, з 1925 Паўночна-Каўказскі, з 1931 Растоўскі-на-Доне, з 1957 сучасная назва.

У 2000/01 навуч. г. больш за 14 тыс. студэнтаў; ф-ты: біёлага-глебавы; геолага-геагр.; гіст.; механіка-матэм.; хім.; фіз.; псіхалогіі; сацыялогіі і паліталогіі; філалогіі і журналістыкі; філасофіі і культуралогіі; эканам.; юрыд.; ваеннага навучання. Вядзецца падрыхтоўка па 35 спецыяльнасцях. Аспірантура і дактарантура з 1957. У складзе ун-та класічны, эканам. і юрыд. ліцэі; ін-т перападрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі выкладчыкаў гуманіт. і сац. навук, 2 ін-ты — права і кіравання, эканомікі і знешнеэканам. сувязей, даюць 2-ю вышэйшую адукацыю. Пры ун-це працуюць 10 НДІ, навукова-канструктарска-тэхнал. бюро «П’езапрыбор», Паўн.-Рас. рэгіянальны цэнтр інфарматызацыі вышэйшай школы, Занальная навук. б-ка (2,9 млн. экз. кніг), Бат. сад і інш.

т. 13, с. 365

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧАРНАМО́РСКАЕ ЎЗБЯРЭ́ЖЖА КАЎКАЗА,

частка ўсх. ўзбярэжжа Чорнага м., што працягваецца на 600 км ад г. Анапа (Расія) да мяжы Грузіі з Турцыяй. На Пн абмежавана адгор’ямі Вял. Каўказа, на Пд — Калхідскай нізінай і адгор’ямі М. Каўказа. Клімат субтрапічны, у паўн.-зах. частцы (да г. Туапсэ) міжземнаморскага тыпу, з сухім летам (сярэднія т-ры ліп. 23 °C, студз. 3 °C), у паўд.-ўсх. — субтрапічны вільготны (сярэднія т-ры ліп. 24 °C, студз. 5 °C). Ападкаў за год ад 500 мм на Пн да 2800 мм на Пд. На Пн лясы і ксерафітныя хмызнякі тыпу шыбляку. На Пд шыракалістыя лясы з каштану, грабу, буку і інш. з ліянамі і вечназялёнымі хмызнякамі ў падлеску. Шматлікія насаджэнні цытрусавых, плантацыі чаю, тытуню, вінаграднікі. Адзін з найб. папулярных турысцкіх і курортных рэгіёнаў Расіі і Грузіі (з прычыны грузіна-абхазскага канфлікту 1990-х г. курорты Грузіі ў заняпадзе); курортны сезон 140 дзён. Уключае клімат. і бальнеалагічныя курорты Анапа, Геленджык, Сочы, Гагра, Гудаута, Сухумі, Кабулеці, Батумі і інш., воз. Рыца, Каўказскі запаведнік, Піцунда-Мюсерскі запаведнік і інш., шматлікія літ.-мемарыяльныя і гісторыка-культ. мясціны і музеі.

Літ.:

Пачулиа В.П. Черноморское побережье Кавказа. М., 1980.

т. 17, с. 230

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРАБ (Carpinus),

род кветкавых раслін сям. бярозавых. Каля 50 відаў. Пашыраны ва Усх. Азіі, Еўропе, Паўн. Амерыцы (1 від). Лесаўтваральнікі (утвараюць грабавыя лясы). На Беларусі 1 дзікарослы — граб звычайны, або еўрапейскі (C. betulus), і 3 інтрадукаваныя ў Цэнтр. бат. садзе Нац. АН віды: граб каралінскі (C. caroliniana), каўказскі (C. caucasica) і ўсходні, або грабіннік (C. orientalis). Граб звычайны — цеплалюбны зах.-еўрап. від. Расце як дамешак ці ўтварае другі ярус у мяшаных і лісцевых лясах; на месцы высечаных лясоў стварае чыстыя другасныя (вытворныя) насаджэнні — грабнякі.

Аднадомныя лістападныя дрэвы (выш. да 30 м), рэдка кусты з густой яйцападобнай кронай і вертыкальна-рабрыстым ствалом. Кара гладкая, светлая, серабрыста-шэрая, потым цёмная, трэшчынаватая. Лісце двухрадна размешчанае, чаргаванае, простае, шчыльнае, цёмна-зялёнае. Кветкі дробныя, аднаполыя, аднадомныя, у павіслых зеленавата-чырв. каташках. Цвітуць адначасова з распусканнем лісця. Плод — аднанасенны рабрысты арэшак. Ценевынослівыя, засухаўстойлівыя расліны. Устойлівыя да гарадскіх умоў, шкоднікаў і хвароб. Жывуць да 100—300 (400) гадоў. Добра пераносяць падстрыганне. Размнажаюцца насеннем і вегетатыўна (парасткамі). Дэкар., дубільныя, кармавыя, тэхн. і фарбавальныя расліны. Драўніна цяжкая, цвёрдая, выкарыстоўваецца ў машынабудаванні, сталярнай, такарнай справе, ідзе на выраб муз. інструментаў, мэблі, паркету. Выкарыстоўваюць для азелянення нас. месцаў. Ёсць дэкар. садовыя формы: пірамідальная, ніцая, калонападобная, лопасцялістая, пурпуровая і інш.

Г.​У.​Вынаеў.

Граб звычайны.

т. 5, с. 376

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)