АСТА́НКІНА,

архітэктурна-мастацкі ансамбль канца 18 ст. ў Маскве. Былая падмаскоўная сядзіба графаў Шарамецевых, з 1918 палац-музей творчасці прыгонных. Аснову арх. ансамбля складае комплекс у стылі позняга класіцызму (1791—98, арх. Ф.​Кампарэзі, П.​Аргуноў і інш.; ляпныя рэльефы Ф.​Гардзеева і Г.​Замараева). Цэнтр комплексу — палац-тэатр, злучаны невысокімі галерэямі з канцэртнай залай у «Егіпецкім» і з банкетнай — у «Італьянскім» павільёнах. У інтэр’ерах — калекцыі жывапісу, гравюры, скульптура, мэбля, фарфор і інш. Часткова захаваўся пейзажны парк, Троіцкая царква (1678—92) са званіцай у псеўдарускім стылі. У раёне Астанкіна ў 1967 пабудавана унікальная вежа (537 м) Маскоўскага тэлецэнтра (арх. Дз.​Бурдзін, Л.​Батанаў, В.​Мілашэўскі, інж. М.​Нікіцін, Б.​Злобін).

Астанкіна. «Егіпецкі» павільён. Канцэртная зала.
Астанкіна. Палац-тэатр.

т. 2, с. 43

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАСАЛА́ПАЎ (Якаў Ягоравіч) (1.5.1934, г. Орша Віцебскай вобл. — 8.7.1982),

бел. кампазітар. Скончыў Бел. кансерваторыю (1966, клас А.Багатырова). З 1966 выкладаў у Віцебскім муз. вучылішчы. Яго творчасці характэрна актыўная распрацоўка муз. фальклору Віцебшчыны. Сярод твораў: вак.-сімф. паэма «Белавежа» на словы Я.​Пушчы (1966), кантата «Нараджэнне дзяржавы» на словы П.​Макаля, М.​Калачынскага, М.​Хведаровіча, А.​Бачылы (1967); «Беларуская уверцюра» (1966), п’еса «Успенская горка» (1968) для сімф. арк.; фантазія на тэму бел. нар. песні для камернага арк. (1971); «Беларуская уверцюра» для арк. нар. інструментаў (1971); дывертысмент для ансамбля скрыпак і фп. (1968); сюіта (1970) і цыкл апрацовак бел. нар. песень «Аршанскі вяночак» (1979) для фп.; канцэртная фантазія для цымбалаў і фп. (1973); хары, песні, музыка да драм. спектакляў.

Т.​Б.​Варфаламеева.

т. 8, с. 138

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАПЛА́ЎСКІ (Канстанцін Іосіфавіч) (20.6.1912, в. Сівіца Валожынскага р-на Мінскай вобл. — 11.11.1984),

бел. харавы дырыжор, кампазітар, педагог. Засл. дз. маст. Беларусі (1967). Скончыў дырыжорска-хар. (1951) і гісторыка-тэарэт. (1952) ф-ты Бел. кансерваторыі, у 1975—80 выкладаў у ёй. З 1947 кіраваў створаным ім дзіцячым хорам Бел. радыё. З 1952 гал. хормайстар, з 1958 муз. кіраўнік, у 1974—75 маст. кіраўнік Дзярж. акад. нар. хору Беларусі. З 1981 кіраваў Мінскім нар. хорам Палаца культуры Белсаўпрофа. Аўтар твораў для арк. нар. інструментаў «Чэрвеньскія росы», «Канцэртная полька», «Палеская рапсодыя», «Беларускія напевы», «Ронда», «Беларускія малюнкі», «Фантазія на беларускія народныя тэмы», песень «Край беларускі», «Песня дружбы», «Сёстры-рэспублікі», драм. балады «Міннае поле», фалькл.-ігравой кампазіцыі «Дажынкі», апрацовак бел. нар. песень.

А.​Я.​Ракава.

т. 12, с. 66

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

hall

[hɔl]

n.

1) калідо́р -а m.

2) пярэ́дні пако́й; вэстыбю́ль -я m.

3) за́ля f.

concert hall — канцэ́ртная за́ля

4) дом для грама́дзкіх патрэ́баў

5) Brit. унівэрсытэ́цкая стало́вая

Ангельска-беларускі слоўнік (В. Пашкевіч, 2006, класічны правапіс) 

за́ла, ‑ы, ж. і зал, ‑а, м.

1. Вялікае памяшканне для мнагалюдных сходаў, якіх‑н. заняткаў і пад. Чытальная зала. Канцэртная зала. Спартыўны зал. // Аб людзях, якія знаходзяцца ў гэтым памяшканні. [Генадзій:] Таленавітае выкананне выклікала бурную рэакцыю ўсяе залы. Крапіва. Зал не мог выгаварыцца і сціхнуць. Яго зачапілі за жывое. Пташнікаў.

2. Прасторны пакой у кватэры, прызначаны для прыёму гасцей, адпачынку. Прасторная і светлая зала была ўбрана чысценька, акуратна на мяшчанскі лад. Колас.

•••

Актавая зала — зала для ўрачыстых пасяджэнняў у навучальных і іншых установах.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

«КАНСЕ́РТГЕБАЎ»

(Concertgebouw літар. канцэртны будынак),

канцэртная зала і аркестр у Амстэрдаме (Нідэрланды). Адкрыты ў 1888. Аркестрам у розныя гады кіравалі В.​Кес, В.​Менгельберг (1895—1945; пад яго кіраўніцтвам стаў адным з вядучых у Еўропе), Э. ван Бейнум, Э.​Іохум, Б.​Гайтынк і інш. З ім выступалі А.​Боўлт, Т.​Бічэм, Ф.​Буш, Б.​Вальтэр, Э.​Клейбер, П.​Манцё, І.​Стравінскі, В.​Таліх, Р.​Штраус і інш. Выканальніцкае мастацтва адметна высокай ансамблевай культурай, насычанасцю гучання, экспрэсіяй, тонкасцю фразіроўкі. У рэпертуары муз. класіка, творы сучасных галандскіх кампазітараў. Калектыў — першы выканаўца многіх твораў кампазітараў 20 ст. (Б.​Бартака, Л.​Яначака, С.​Пракоф’ева, А.​Руселя, З.​Кодая, Дз.​Шастаковіча і інш.). У зале «К.» акрамя канцэртаў праводзяцца муз. фестывалі: Малераўскі (з 1920), Р.​Штрауса (з 1924), Галандскі (з 1947) і інш.

т. 7, с. 591

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЯПУНО́Ў (Сяргей Міхайлавіч) (30.11. 1859, г. Яраслаўль, Расія — 8.11.1924),

расійскі кампазітар, піяніст, дырыжор.

Брат А.М.Ляпунова і Б.М.Ляпунова. Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1883). З 1885 у Пецярбургу: у Прыдворнай пеўчай капэле, дырэктар Бясплатнай муз. школы, у 1910—23 праф. кансерваторыі, з 1919 Ін-та гісторыі мастацтваў. У творчасці прадаўжаў традыцыі «Магутнай кучкі». Сярод твораў: 2 сімфоніі (1887, 1917), Канцэртная уверцюра (1883), Урачыстая уверцюра на рус. тэмы (1896), сімф. паэмы і інш. для арк.; 2 канцэрты, Рапсодыя на ўкр. тэмы для фп. з арк.; камерна-інстр. ансамблі; саната, 12 эцюдаў вышэйшага выканальніцкага майстэрства, прэлюдыі, вальсы, мазуркі для фп.; хары, рамансы, песні; аркестроўкі. Запісваў і вывучаў нар. песні (зб. «Песні рускага народа», 1899). Разам з М.​Балакіравым удзельнічаў у выданні найб. поўнага збору твораў М.​Глінкі. Завяршыў і інструментаваў шэраг твораў Балакірава.

т. 9, с. 427

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕРЖБАЛО́ВІЧ (Вербіч) Барбара Іванаўна

(1901—8.1.1967),

бел. спявачка (мецца-сапрана). Скончыла Бел. муз. тэхнікум (1933), Бел. кансерваторыю (1938). У канцы 1930 — пач. 40-х г. салістка Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі, стварыла вобразы ў нац. спектаклях «Міхась Падгорны» Я.​Цікоцкага (Матка), «Кветка шчасця» А.​Туранкова (Ведзьма), а таксама ў класічных операх. У час акупацыі Беларусі ням.-фаш. захопнікамі жыла ў Мінску, выступала як эстрадная спявачка, у 1943 выканала партыю Свацці ў оперы «Лясное возера» М.​Шчаглова-Куліковіча. З чэрв. 1944 у эміграцыі ў Германіі, працавала ў тэатр. групе «Жыве Беларусь» (пазней наз. Бел. т-р эстрады). З 1950 у ЗША, канцэртная спявачка, адна з актывістак і кіраўнікоў бел. жаночага руху ў ЗША. Пазней у Мюнхене, з 1954 працавала сакратаром, дыктарам у бел. рэдакцыі радыё «Свабода», запісала некалькі грампласцінак.

А.​С.​Ляднёва.

т. 4, с. 101

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЫ́СЛІВЕЧАК ((Mysliveček) Іозеф) (9.8. 1737, Прага —4.2.1781),

чэшскі кампазітар. Музыцы вучыўся ў духоўных навуч. установах (1744—52), кампазіцыю вывучаў у Празе (з 1760) і гарадах Італіі (з 1763). Найб. плённа працаваў у оперным жанры. Яго оперная музыка спалучае рысы традыц. італьян. оперы-серыя і чэш. музыкі, адметная прыгажосцю і багаццем мелодый, майстэрствам вак. пісьма, рытмавай разнастайнасцю і маляўнічасцю гармоніі. У сімф. і камерных творах адчуваецца блізкасць да ранняй творчасці В.​А.​Моцарта, з якім М. быў асабіста знаёмы. Сярод твораў: каля 30 опер, у т. л. «Белерафонт» (паст. 1767), «Дэмафонт» (паст. 1769), «Мантэцума» і «Тамерлан Вялікі» (паст. 1771), «Міласэрнасць Ціта» (паст. 1773), «Эцый» (паст. 1775), «Арміда» (паст. 1779); араторыі на біблейскія сюжэты; канцэртная сімфонія; канцэрты для розных інструментаў з арк.; камерна-інстр. ансамблі і інш.

Літ.:

Шагинян М.С. И.​Мысливечек. 2 изд. М., 1968;

Pečman R. J.Mysliveček. Praha, 1981.

т. 11, с. 51

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІШНЕ́ЎСКАЯ (Галіна Паўлаўна) (н. 25.10.1926, С.-Пецярбург),

руская спявачка (сапрана). Нар. арт. Расіі (1961), нар. арт. СССР (1966). Вучылася ў В.​Гарынай. У 1952—74 салістка Вял. т-ра ў Маскве. Сярод партый: Таццяна, Ліза («Яўген Анегін», «Пікавая дама» П.​Чайкоўскага), Марфа («Царская нявеста» М.​Рымскага-Корсакава), Аіда, Віялета («Аіда», «Травіята» Дж.​Вердзі), Тоска, Чыо-Чыо-сан (аднайм. оперы Дж.​Пучыні). Упершыню на маск. сцэне выканала монаоперу «Чалавечы голас» Ф.​Пуленка. Першая ўвасобіла вобразы Катарыны («Утаймаванне свавольніцы» В.​Шабаліна) і Наташы Растовай («Вайна і мір» С.​Пракоф’ева). Здымалася ў фільме-оперы «Кацярына Ізмайлава» Дз.​Шастаковіча, выступала як драм. актрыса. Як канцэртная і камерная спявачка выконвала вак. творы П.​Чайкоўскага, М.​Мусаргскага, Шастаковіча і інш., часта з мужам М.Растраповічам (акампанемент фп.). Ёй прысвечаны творы Шастаковіча, Б.​Брытэна. З 1974 жыве ў Парыжы. Аўтар кн. «Галіна. Гісторыя жыцця» (1991).

Г.Вішнеўская ў ролі Тоскі.

т. 4, с. 238

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)