БРЫ́ЕВЫЯ ІМХІ́, брыіды,

зялёныя імхі (Bryidae),

падклас лістасцябловых імхоў. Каля 85 сям., 700 родаў і 14 тыс. відаў. Пашыраны па ўсім зямным шары. На Беларусі каля 40 сям., 115 родаў (найб. пашыраныя брый, дыкран, плеўрозій, зязюлін лён, цэратадон і інш.), 290 відаў. Брыевыя імхі найб. эвалюцыйна дасканалая група. Торфаўтваральнікі; разам з водарасцямі ўтвараюць падводныя згуртаванні, нярэдка дамінанты і субдамінанты жывога наглебавага покрыва, прыстанішча для дробных беспазваночных жывёл. Садзейнічаюць знікненню адных, узнаўленню і пашырэнню другіх відаў раслін, забалочванню глеб, зарастанню вадаёмаў, пагаршаюць якасць лугоў.

Шмат- або аднагадовыя імхі розных памераў (ад 1 мм да 50 см), звычайна зялёныя. Сцябло простае, вілавата- або монападыяльна-разгалінаванае, двух-, шматрадковааблісцелае, з рызоідамі, нярэдка мае дыферэнцыяцыю на тканкі. Каробачка спарагона ў большасці відаў з перыстомам.

Літ.:

Жизнь растений. Т. 4. М., 1978;

Игнатов М.С., Афонина О.М. Список мхов территории бывшего СССР // Arctoa: Бриол. журн. М., 1992. Т. 1 (1—2).

Г.​Ф.​Рыкоўскі.

т. 3, с. 274

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЗЬЯ́НСКІ,

біялагічны заказнік на тэр. Шумілінскага і Полацкага р-наў Віцебскай вобл. Засн. ў 1960 як паляўнічы заказнік рэсп. значэння для захавання і ўзнаўлення запасаў паляўнічай фауны. Пл. 41,4 тыс. га (1997). Заказнік у міжрэччы Обалі і Сосніцы ў межах Полацкай нізіны. Расліннасць складаецца з відаў барэальнай і зах.-еўрап. флоры, якая належыць да Заходне-Дзвінскай акругі падзоны дубова-цемнахвойных падтаежных лясоў: хваёвыя (31%), бярозавыя (30%), чорна- і шэраальховыя (22%), яловыя (13%); папарацевыя, кіслічныя, чарнічныя, сніткавыя асакова-сфагнавыя, даўгамошныя і інш. тыпы лесу. Палавіна тэр. заказніка пад вярховымі балотамі, рэдкалеснымі пераходнабалотнымі згуртаваннямі; на буйнейшым балотным масіве Обаль-2 растуць унікальныя і рэдкія раслінныя згуртаванні, рэдкія і знікаючыя віды — бяроза карлікавая, марошка прыземістая, сфагнум Ліндберга. Вядомы 46 месцаў росту 22 відаў раслін, занесеных у Чырв. кнігу Беларусі і 12 месцаў знаходжання 44 відаў жывёл, сярод якіх: барсук, беркут, бусел чорны, журавель шэры, курапатка белая, мядзведзь, няясыць даўгахвостая, падворлікі малы і вял., рысь, скапа і інш. Адзначаны месцы гнездаванняў вераценніка вял., дупеля, кулонаў вял. і сярэдняга, сяўца залацістага, турухтана, уліта вял. і інш. Шмат паляўнічых звяроў і птушак, найбуйнейшая на Беларусі папуляцыя белай курапаткі.

т. 7, с. 436

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЯМЛЯ́ЦТВА 1) прыналежнасць людзей да адной мясцовасці паводле нараджэння або жыхарства ў межах сваёй нац. дзяржавы і абумоўленыя гэтым сувязі паміж імі.

2) Кампактная этнічная група ў іншанацыянальным акружэнні, часам арганізацыйна аформленая. Зямляцкі рух ураджэнцаў Беларусі з сярэдзіны 19 ст. да 1914 развіваўся ў буйных культ. і навук. цэнтрах Расійскай імперыі. Гэта былі пераважна аб’яднанні навучэнскай моладзі і інтэлігенцыі, якія ставілі за мэту займацца культ. і паліт. дзейнасцю, стваралі сістэму матэрыяльнай узаемадапамогі (гл. Круг беларускай народнай прасветы і культуры, Беларускі навукова-літаратурны гурток і інш.). У гады 1-й сусв. вайны 1914—18 свае З. на тэр. Расіі, Украіны, Грузіі і інш. стваралі бел. бежанцы. У 1916—20 на тэр. Беларусі існавалі польск. і рус. З. Пасля грамадз. вайны зямляцкі рух у СССР стаў масавай з’явай і падтрымліваўся парт.-дзярж. структурамі, але ў 1930-я г. пачаў згортвацца. З 1920-х г. бел. зямляцкія згуртаванні дзейнічаюць у многіх краінах свету (гл. Дыяспара беларуская, Эміграцыя). У 1956 у Польшчы заснавана Беларускае грамадска-культурнае таварыства (Беласток). У 1990-я г. бел. зямляцкі рух аднавіўся ў Маскве, С.-Пецярбургу, Таліне, Рызе, Кішынёве, Львове, Алматы, Новасібірску, Якуцку і інш. гарадах у форме бел. нацыянальных культ.-асв. т-ваў, клубаў, гурткоў моладзі. У 1990 створана згуртаванне беларусаў свету «Бацькаўшчына».

М.​Г.​Нікіцін.

т. 7, с. 132

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАТАНІ́ЧНЫЯ ПО́МНІКІ ПРЫРО́ДЫ,

аб’екты расліннасці і флоры, якія маюць навук., культ.-пазнавальную, гіст., эстэт. каштоўнасць і ахоўваюцца дзяржавай. На Беларусі каля 180 батанічных помнікаў прыроды рэсп. значэння: старадаўнія паркі — Бальценіцкі і Вердаміцкі (гл. адпаведныя артыкулы), Вялікамажэйкаўскі (Шчучынскі р-н), Гомельскі, Мірскі, Нясвіжскі, Радзівілімонтаўскі (Клецкі р-н) і інш.; каштоўныя ўчасткі лесу — Барысаўскае лесанасаджэнне, Барэцкая (Івацэвіцкі р-н), Вепрынская (Чэрыкаўскі р-н) і Шолкавіцкая (Чарнейкаўская; Рэчыцкі р-н) дубровы і інш.; насаджэнні інтрадукаваных дрэў і кустоў — Вінклераўскі (Нясвіжскі р-н) і Ліноўскі (Пружанскі р-н) хвойнікі, Моўчадскае насаджэнне лістоўніцы еўрапейскай (Баранавіцкі р-н) і інш.; раслінныя згуртаванні на межах арэалаў, у месцах, аддаленых ад асн. вобласці свайго пашырэння, — Бёрдаўскае лесанасаджэнне (Клічаўскі р-н), Добрушскія і Маларыцкія ельнікі і інш., а таксама з рэдкімі, рэліктавымі і тымі, якія знікаюць, відамі раслін — Вятчынскае месца росту рададэндрану жоўтага (Жыткавіцкі р-н), Восаўскае і Церабежскае насаджэнні карэльскай бярозы (Івацэвіцкі р-н) і інш.; дрэвы мясц. парод (асабліва вылучаюцца ўзростам, памерамі, прыгажосцю ці звязаныя з гіст. падзеямі) і унікальныя дрэвы-інтрадуцэнты (больш за 50). Гл. таксама Дрэвы-помнікі.

Літ.:

Козловская Н.В. Флора Белоруссии, закономерности ее формирования, научные основы использования и охраны. Мн., 1978;

Охрана важнейших ботанических объектов Украины, Белоруссии, Молдавии. Киев, 1980;

Юркевич И.Д., Голод Д.С., Адерихо В.С. Растительность Белоруссии, ее картографирование, охрана и использование. Мн., 1979.

Батанічныя помнікі прыроды: дуб пірамідальны (1) і змеепадобныя елкі (2) у Брэсце, дуб-волат (3) у Буда-Кашалёўскім раёне.

т. 2, с. 347

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІЯЦЭНО́З (ад бія... + цэноз),

прыродная або штучна ўтвораная сукупнасць жывёл, раслін, грыбоў і мікраарганізмаў, якія сумесна насяляюць участак сушы або вадаёма, удзельнічаюць у кругавароце рэчываў і аб’яднаныя пэўнымі адносінамі паміж сабой і з абіятычным асяроддзем; састаўная ч. біягеацэнозу. Напр., сукупнасць усіх жывых арганізмаў участка лесу, возера, поля.

Тэрмін «біяцэноз» прапанаваў ням. заолаг і гідрабіёлаг К.​Мёбіус (1877). Ён падкрэсліваў узаемасувязь усіх кампанентаў біяцэнозу, іх залежнасць ад адных і тых жа абіятычных фактараў, уласцівых дадзенаму месцажыхарству, і ролю натуральнага адбору ў фарміраванні складу біяцэнозу. Адрозніваюць першасныя біяцэнозы, якія склаліся без удзелу чалавека (цалінны стэп, некрануты лес), і другасныя, што зменены дзейнасцю чалавека (лясы, якія выраслі на месцы знішчаных). Асаблівую катэгорыю складаюць згуртаванні, якія ствараюцца і рэгулююцца чалавекам (гл. Аграбіяцэноз). Паводле сістэматычных адзнак вылучаюць фітацэноз (сукупнасць раслін), зоацэноз (сукупнасць жывёл) і мікробацэноз (сукупнасць мікраарганізмаў); функцыянальна паводле ступеняў экалагічнай піраміды падзяляюць на групы арганізмаў: прадуцэнты, кансументы і рэдуцэнты, аб’яднаныя трафічнымі сувязямі; структурна адрозніваюць гарызонты, слаі, ярусы, полагі, мератопы. Па сезонах года разглядаюць аспекты біяцэнозаў, утвораных больш дробнымі групоўкамі — кансорцыямі, сінузіямі і марфал. часткамі — парцэламі, можа складацца з нешматлікіх (алігацэноз) і шматлікіх (поліцэноз) відаў. Біяцэноз характарызуецца пэўнай біямасай і біялагічнай прадукцыйнасцю. Найб. складаныя біяцэнозы трапічных лясоў. Біяцэнозы ўмеранага пояса, асабліва лясныя, таксама багатыя паводле складу відаў, напр. біяцэнозы дубровы складзены больш як са 100 відаў раслін, некалькіх тысяч відаў жывёл і сотняў грыбоў і мікраарганізмаў, якія даюць у сукупнасці шчыльнасць насельніцтва ў дзесяткі і сотні тысяч асобін на 1 м². Біяцэнозы вывучае біяцэналогія.

І.​К.​Лапацін.

т. 3, с. 182

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПУСТЫ́НЯ,

занальны тып ландшафту, які склаўся ва ўмовах дэфіцыту вільгаці (арыдная П.) або цяпла (халодная П.). Для П. характэрны вельмі разрэджаныя і збяднелыя раслінныя згуртаванні. Пашыраны ў пустынных зонах трапічнага, субтрапічнага і ўмеранага паясоў, а таксама ў Арктыцы і Антарктыдзе (ледзяная П.), у гарах утвараюць вышынны ландшафтны пояс (халодная высакагорная П.). Адрозніваюць кантынентальныя П. (Гобі, Такла-Макан), размешчаныя ва ўнутраных ч. мацерыкоў, і прыакіянічныя або прыбярэжныя П. (Атакама, Наміб), што працягваюцца ўздоўж зах. узбярэжжаў мацерыкоў. Паводле характэрных глеб і грунтоў вылучаюць розныя тыпы П.: пясчаныя, друзавыя, камяністыя, гліністыя, такыравыя (гл. Такыры), лёсавыя, саланчаковыя, гіпсавыя і інш. У рэльефе П. — складаныя спалучэнні нагор’яў, дробнасопачніку і астраўных гор са структурнымі рачнымі далінамі і замкнутымі азёрнымі ўпадзінамі. Пашыраны эолавыя формы рэльефу (барханы, дзюны, пясчаныя грады, бугрыстыя пяскі). Большая ч. тэр. П. бяссцёкавая, зрэдку іх перасякаюць транзітныя рэкі (напр., Сырдар’я, Амудар’я, Ніл). Характэрны перасыхаючыя вадацёкі і азёры. Глебы развіты слаба, пераважна прымітыўныя, бурыя шэразёмы, шэра-карычневыя, светла-шэрыя карбанатныя, трапляюцца засоленыя глебы, такыры і інш. Для большасці П. характэрны ксерафільныя кусцікавыя (палынныя, салянкавыя, лебядовыя) сукуленты, галафіты, эфемеры і эфемероіды. Фауну прадстаўляюць млекакормячыя (пераважна грызуны і капытныя), паўзуны (агамы, вараны), насякомыя і павукападобныя (фалангі, скарпіёны). Найб. П. зямнога шара — Сахара. Арашальныя землі выкарыстоўваюцца пад земляробства, пашу. Плошча П. пастаянна пашыраецца ў выніку высечкі і звядзення лясоў, знішчэння натуральнай расліннасці, глебавай эрозіі, перавыпасу жывёлы. Пра клімат П. гл. ў арт. Пустынныя зоны.

В.​С.​Аношка.

Дзюны ў пустыні Сахара.

т. 13, с. 129

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫМА́ТЫ (Primates),

атрад вышэйшых млекакормячых надатр. плацэнтарных. Вядомы з верхняга мелу (каля 130 млн. г. назад). Найб. стараж. прадстаўнікі — залямбдалестасы, ад якіх эвалюцыяніравалі лемурападобныя і тарзіпадобныя (продкі даўгапятаў) і ад якіх паходзяць шыраканосыя і вузканосыя малпы. 2 падатр.: паўмалпы і малпы. Каля 200 відаў. Пашыраны пераважна ў трапічных і субтрапічных лясах Азіі, Афрыкі, Цэнтр. і Паўд. Амерыкі. Жывуць на дрэвах, ёсць паўназемныя і наземныя формы. Большасць відаў актыўныя днём. Трымаюцца статкамі, радзей парамі ці паасобна. Згуртаванні П. маюць складаную арганізацыю і супадпарадкаванне. 69 відаў і падвідаў П. занесены ў Чырв. кнігу МСАП.

Даўж. ад 13 см (лемуры мышыныя, ігрункі карлікавыя) да 200 см (гарыла), маса ад 60 г да 180 кг і больш (у няволі). Большасць П. маюць хвост. Валасяное покрыва развітое, у паўмалпаў — з падшэрсткам. У многіх П. поўсць і безвалосыя ўчасткі скуры ярка афарбаваныя. Вочы карыя або жоўтыя. Ва ўсіх малпаў канечнасці пяціпальцыя, добра развітыя, вял. пальцы ў многіх П. проціпастаўлены інш. пальцам. Іх канцавыя фалангі маюць ногці (акрамя тупайевых). Кара галаўнога мозга ў паўмалпаў з малой колькасцю барознаў і звілін, у малпаў (і чалавека) вял. паўшар’і мозга добра развітыя, са шматлікімі барознамі і звілінамі (акрамя ігрунковых). Зрок і слых развітыя, нюх рэдукаваны. Зрок пераважна бінакулярны, у малпаў і чалавека каляровы. Зубная сістэма гетэрадонтная (разцы, іклы, карэнныя); у большасці паўмалпаў і ўчэпістахвостых малпаў 36 зубоў, у вузканосых малпаў і чалавека — 32. Усёедныя. Размнажаюцца ўвесь год, нараджаюць звычайна 1 дзіцяня (у ніжэйшых — 2—3).

Літ.:

Жизнь животных. Т. 7. 2 изд. М., 1989. Гл. таксама літ. да арт. Прыматалогія.

А.​М.​Петрыкаў.

т. 13, с. 71

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКІЯ НАВУКО́ВЫЯ І КУЛЬТУ́РНА-АСВЕ́ТНЫЯ АРГАНІЗА́ЦЫІ ЗА МЯЖО́Й.

Прадстаўнікі бел. дыяспары першай эміграцыйнай хвалі (склалася на рубяжы 19—20 ст. і ў 1-ю сусв. вайну) сваіх нац. арг-цый не мелі і часта далучаліся да рус. ці польскіх згуртаванняў. У перыяд паміж 1-й і 2-й сусв. войнамі найбольш актыўна культ. дзейнасць вялася ў Літве, Латвіі, Чэхаславакіі, ЗША, Аргенціне, Францыі. Дзейнічалі Беларускае культурна-асветнае таварыства ў Коўне (Літва), Беларускае (Крывіцкае) культурнае таварыства імя Ф.​Скарыны ў Празе (Чэхаславакія), Беларускае навукова-краязнаўчае таварыства, «Бацькаўшчына», «Рунь» (1924), «Беларуская хата» ў Латвіі. Выхадцы з Зах. Беларусі складалі большасць створаных у 1930-я г. рус. клубаў у Канадзе. У канцы 1920 — сярэдзіне 1930-х г. дзейнічалі Бел.-ўкр. саюз у Бразіліі, Бел. культ.-адукац. т-ва ў ЗША, Саюз укр. і бел. работніцкіх арг-цый у Аргенціне. У Аргенціне згуртаванню беларусаў спрыялі культ.-асв. т-вы ў Буэнас-Айрэсе — «Грамада» (1934), «Культура» (1936), Беларускае культурнае таварыства «Белавежа», «Т-ва б-кі імя Івана Луцкевіча» (1937, Вільня-Крэспа), б-кі імя Я.​Купалы (1934, Камадора-Рывадавія) і інш. У 1939 яны аб’ядналіся ў Федэрацыю беларускіх арганізацый. У Францыі ў 1930 засн. Беларускі хаўрус, у 1938 Бел. жан. грамада імя А.​Пашкевіч. Пасля 2-й сусв. вайны бел. эміграцыя вылучалася значнай колькасцю інтэлігенцыі, заявіла аб сабе як аб самастойнай бел. этн. супольнасці за межамі Бацькаўшчыны, стварыўшы ўстойлівыя нац. асяродкі. Арганізаванае нац.-культ. жыццё пачалося з канца 1940-х г. Свае арг-цыі беларусы стварылі ў Германіі ў лагерах для перамешчаных асоб: Крывіцкае навуковае таварыства імя Ф.​Скарыны (1946), Бел. бібліягр. служба (1946), Бел. культ.-асв. т-ва (1948), Бел.-груз.-ўкр. клуб (1950). Навук.-культ. асяродкамі ў г. Ляймен сталі Інстытут беларусаведы і Беларускі музей. У 1955—66 у Мюнхене дзейнічаў філіял Беларускага інстытута навукі і мастацтва ў Нью-Йорку (БІНіМ) — адносна самаст. ўстанова, праца якой была звязана з удзелам бел. навукоўцаў у рабоце Ін-та вывучэння СССР. З філіялам супрацоўнічалі С.​Станкевіч, С.​Кабыш, А.​Марговіч, У.​Дудзіцкі і інш. У Бельгіі ў 1947 засн. Бел. цэнтр. к-т на Валоніі, у 1949 створана бел. акад. каталіцкае т-ва «Рунь», дзейнічаў Саюз беларусаў Бельгіі (1947—60-я г.). У ЗША найб. колькасць навукоўцаў, творчай інтэлігенцыі сканцэнтравалася ў 1950-я г., сюды з Германіі пераехалі Крывіцкае навук. т-ва імя Ф.​Скарыны, Бел. бібліягр. служба і Аб’яднанне бел. лекараў на чужыне. У 1951 у Нью-Йорку засн. Бел. ін-т навукі і мастацтва. Зборам інфарм. матэрыялаў пра Беларусь займаецца Бел.-амер. інфарм. служба (штат Пенсільванія). Працуюць бел. грамадска-культ. цэнтры і дамы ў Кліўлендзе («Полацак»), Нью-Йорку, Саўт-Рыверы, Чыкага, Дэтройце, Стронгсвілі. У Саўт-Рыверы культ. праграмы каардынуе Згуртаванне беларускіх мастакоў і ўмельцаў, якое супрацоўнічае з каледжамі і ун-тамі штатаў Нью-Джэрсі і Пенсільванія. Працуюць Беларуска-амерыканскае задзіночанне, Злучаны беларуска-амерыканскі дапамогавы камітэт, Беларускі кангрэсавы камітэт Амерыкі, Арганізацыя беларуска-амерыканскай моладзі, Беларуска-амерыканскае аб’яднанне і інш. З 1958 адным з цэнтраў бел. культ. і навук. жыцця ў Нью-Йорку стала Фундацыя імя П.​Крачэўскага. З 1974 тут працуе бел. б-ка і музей, дзе збіраецца л-ра, дакументы, матэрыялы, пісьменніцкія архівы, рэд. архівы Часопісаў і газет. У Канадзе ў 1950—60-я г. дзейнічаў Бел. даследчы ін-т імя К.​Каліноўскага, які выдаваў дакументы і матэрыялы па навейшай бел. гісторыі. З 1967 у Таронта працуе Беларускі інстытут навукі і мастацтва (БІНіМ), Беларускае нацыянальнае аб’яднанне, Згуртаванне беларусаў Канады, грамадска-культ. цэнтр, Беларускі выдавецка-мастацкі клуб «Пагоня», сябры якога — беларусы з Аўстраліі, ЗША, Бельгіі, Англіі, Францыі, Германіі і інш. У Вялікабрытаніі працуе Згуртаванне беларусаў Вялікабрытаніі, цэнтрамі навук.-культ. жыцця сталі Беларуская бібліятэка і музей імя Францішка Скарыны і Англа-беларускае таварыства, дамы ў Брадфардзе (1948, пры ім у 1964 адкрыты Бел. юнацкі клуб, у 1970 грамадскі клуб «Сакавік») і Манчэстэры (1954). У Польшчы ў мэтах каардынацыі нац. і культ. жыцця беларусаў у 1956 было засн. Беларускае грамадска-культурнае таварыства, культ.-асв. работу вядуць бел. літ.-маст. аб’яднанне «Белавежа», Беларускае аб’яднанне студэнтаў, Брацтва правасл. моладзі, Рада культуры студэнтаў бел. нацыянальнасці пры Згуртаванні польскіх студэнтаў і інш. Рэгіянальны асяродак бел. культуры ствараецца ў Гайнаўцы, цэнтрам якога стаў Гайнаўскі музей помнікаў беларускай культуры. У Аўстраліі цэнтры грамадска-культ. жыцця сфарміраваліся ў Адэлаідзе, Брысбене, Мельбурне, Перце, Сіднеі. Значную работу праводзяць Беларускае аб’яднанне ў Аўстраліі, Бел. аб’яднанне ў Зах. Аўстраліі, Бел. культ.-грамадскі клуб у Феерфілдзе і інш., дзейнасць якіх каардынуе Федэральная рада беларускіх арганізацый. У Аргенціне ў 1948—57 дзейнічала Згуртаванне беларусаў Аргенціны. З 1960-х г. арг-цыі бел. эміграцыі паступова страцілі сваю нац. адметнасць: Федэрацыя бел. арг-цый далучылася да Славянскага саюза Аргенціны, замест ранейшых бел. т-ваў склаўся шэраг клубаў. З 1984 дзейнічае «Федэрацыя сав. грамадзян Аргенціны», куды ўвайшлі прадстаўнікі бел. дыяспары. У Іспаніі пры Цэнтры па вывучэнні краін Усходу (Мадрыд) у 1956 створана бел. секцыя пад кіраўніцтвам Я.​Сурвілы, які таксама ўзначальваў Бел. акадэміцкае згуртаванне (засн. ў 1952). Для супрацоўніцтва былі запрошаны бел. навукоўцы, якія друкаваліся ў ісп. час. «Oriente» («Усход»). У 1952 пры Цэнтры абмену еўрап. культуры засн. Інстытут беларусаведы імя Льва Сапегі ў Мадрыдзе, які прапагандуе веды пра Беларусь сярод народаў Іспаніі і Зах. Еўропы. У рэспубліках СССР (пасля 1991 — незалежных дзяржавах) культ.-асв. суполкі, згуртаванні з’явіліся ў асн. ў канцы 1980-х г., сярод іх Т-ва бел. культуры імя Ф.​Скарыны (Масква, 1988), «Світанак» (Рыга, 1988), Беларускае грамадска-культурнае таварыства ў С.-Пецярбургу, Згуртаванне беларусаў у Кохтла-Ярве (Эстонія, з 1991 наз. Беларуска-эстонскае згуртаванне ў г. Йыхві), Аб’яднанне бел. мастакоў краін Балтыі «Маю гонар» (1991), Бел. культ. цэнтр «Світанак» (Ташкент) і інш. Гл. таксама Беларускія культурныя згуртаванні і раздзел пра бел. дыяспару ў арт. Казахстан, Латвія, Літва, Малдова, Расія, Узбекістан, Украіна, Эстонія, Аргенціна, Аўстралія, Аўстрыя, Балгарыя, Бельгія, Вялікабрытанія, Германія, ЗША, Іспанія, Канада, Польшча, Францыя і інш.

А.​С.​Ляднёва.

т. 2, с. 465

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАКРЫТАНАСЕ́ННЫЯ, кветкавыя расліны (Magnoliophyta, або Angiospermae),

аддзел вышэйшых раслін, якія маюць кветку. 2 класы (аднадольныя і двухдольныя), больш за 450 сям., каля 12,5 тыс. родаў і каля 250 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды. На Беларусі 112 сям., 560 родаў, каля 1500 відаў; таксама інтрадукавана больш за 6 тыс. відаў, форм і сартоў раслін. Прадстаўлены дрэвамі, кустамі, травамі, наземнымі, воднымі, эпіфітамі, сапратрофамі, паразітамі, насякомаеднымі раслінамі. У параўнанні з інш. вышэйшымі раслінамі П. маюць больш дасканалую анат. будову: у ксілеме — сапраўдныя сасуды-трахеі, у флаэме (лубе) — клеткі-спадарожніцы. Семязародкі (семязавязі) размешчаны ў поласці завязі. Гаметафіты спрошчаныя і развіваюцца хутчэй за голанасенныя. Характэрная асаблівасць П. — двайное апладненне (адзін з 2 сперміяў зліваецца з яйцаклеткай, а другі — з 2 палярнымі ядрамі зародкавага мяшка). Пасля апладнення развіваецца зародак, заключаны ў семя, якое знаходзіцца ў плодзе (адсюль назва). З-за адсутнасці пераканаўчых выкапнёвых продкавых форм П. няма агульнапрынятай гіпотэзы аб іх паходжанні і эвалюцыі. Першаснымі П. былі, верагодна, дрэвавыя расліны з вечназялёным лісцем і двухполымі кветкамі. Эвалюцыя ішла шляхам шырокай адаптыўнай радыяцыі вельмі хуткімі тэмпамі. Самыя стараж. выкапнёвыя рэшткі адносяць да раннемелавога перыяду, але дзякуючы высокай эвалюц. пластычнасці ў сярэдзіне мелавога перыяду П. займаюць дамінуючае становішча. Вял. ролю ў іх эвалюцыі і рассяленні адыгралі насякомыя-апыляльнікі. П. — адзінкавая група раслін, якая ўтварае складаныя шмат’ярусныя згуртаванні, што спрыяе больш інтэнсіўнаму выкарыстанню навакольнага асяроддзя і асваенню новых мясцін існавання. Самая важная для чалавека група раслін. Харч., лек., карм., тэхн., дэкар. расліны.

Літ.:

Жизнь растений. Т. 5 (ч. 1—2), 6. М., 1980—82;

Тахтаджян А.Л. Система магнолиофитов. Л., 1987.

Пакрытанасенныя. Двухдольныя (1—12). Складанакветныя: 1 — нівянік звычайны; 2 — піжма звычайная; 3 — васілёк перысты. Бабовыя: 4 — цэзальпінія Джыліса; 5 — чына лясная; 6 — куравай эспарцэтавы. Казяльцовыя: 7 — боцікі клабучковыя; 8 — сон-трава расчыненая; 9 — пылюшнік водазбіральналісты. Ружавыя: 10 — дуброўка гусіная; 11 — яблыня ягадная; 12 — вятроўнік звычайны. Аднадольныя (13—20). Злакі: 13 — трыснёг звычайны; 14 — купкоўка зборная; 15 — авёс пасяўны; 16 — кукуруза. Архідныя: 17 — дэндробіум высакародны; 18 — катлея Трыяны; 19 — ятрышнік Фукса; 20 — чараўнік двухлісты.

т. 11, с. 529

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАСЛІ́НЫ (Plantae, або Vegetabilia),

аўтатрофныя арганізмы (аўтатрофы), якія валодаюць здольнасцю да фотасінтэзу, маюць шчыльныя клетачныя абалонкі з цэлюлозы, запасное рэчыва, звычайна крухмал; царства жывых арганізмаў. Царства Р. уключае 3 падцарствы: багранкі, ці чырвоныя водарасці, сапраўдныя водарасці і зародкавыя, або вышэйшыя Р. (каля 350 тыс. відаў). Большасць Р. характарызуецца чляненнем цела, што прыводзіць да павелічэння паверхні. Неабходнасць гэтага абумоўлена спосабам жыўлення — паглынанне з навакольнага асяроддзя газападобнага (фотасінтэз) і вадкага (вада і раствораныя ў ёй мінер. солі) кампанентаў. Для вышэйшых Р. таксама характэрна наяўнасць вял. колькасці спецыялізаваных структур (гл. Вегетатыўныя органы, Тканка і інш.). Многія важныя асаблівасці будовы Р. вызначаюцца характарам іх росту, размнажэння, спосабам рассялення. Паходжанне Р. звязана з першымі этапамі станаўлення жыцця на Зямлі, а вянец іх эвалюцыі — кветкавыя (пакрытанасенныя), якія ўзніклі ў раннюю мелавую эпоху і цяпер займаюць дамінуючае становішча ў флоры планеты. На Беларусі 1638 відаў сасудзістых Р., 430 мохападобных, каля 7 тыс. грыбоў, 2232 водарасцей, 477 лішайнікаў. Інтрадукавана 1,5 тыс. відаў і форм драўнінных, кустовых і больш за 5 тыс. травяністых Р. (гл. таксама Расліннасць). Без Р. немагчыма існаванне жывёл і чалавека. Зялёныя Р., якія маюць у сабе хларафіл, здольныя акумуляваць энергію Сонца, утвараюць арган. рэчывы з неарган., падтрымліваюць пастаянны састаў атмасферы (паглынаюць вуглякіслы газ і выдзяляюць кісларод). Як першасныя прадуцэнты арган. рэчываў Р. — вызначальнае звяно ў складаных ланцугах жыўлення ўсіх гетэратрофных арганізмаў (гетэратрофаў) Зямлі. Утвараюць розныя расл. згуртаванні (фітацэнозы), абумоўліваюць ландшафтную разнастайнасць планеты і неабмежаваную разнастайнасць экалагічных умоў для інш. арганізмаў. Пры непасрэдным удзеле Р. утвараюцца глеба, торф, з выкапнёвых Р. — буры і каменны вугаль. Для чалавека найб. значэнне маюць насенныя, пераважна кветкавыя Р., якія даюць ежу, вопратку, паліва, буд. матэрыялы і інш. Інтэнсіўная і не заўсёды рацыянальная дзейнасць чалавека прывяла да знішчэння натуральнай расліннасці на вял. плошчах, многія віды паставіла пад пагрозу знікнення. Таму спец. заканадаўчымі актамі, прынятымі ў большасці краін, у т. л. на Беларусі, свет Р. знаходзіцца пад аховай (гл. Ахова прыроды, Ахова раслін). Вывучае Р. батаніка.

А.​А.​Малажаўскі, А.​У.​Суднік.

т. 13, с. 356

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)