ПАЛІ́П (грэч. polypus літар. мнаганогі),
паталагічнае ўтварэнне, якое ўзвышаецца над паверхняй слізістых абалонак (верхніх дыхальных шляхоў, жан. палавых органаў, страўнікава-кішачнага тракту, прыдатачных пазух носа і інш.). Перадпухлінны працэс, напр., паліпоз тоўстай кішкі — аблігатны перадрак. Адрозніваюць пухлінны — адэнаматозны П. (напр., страўніка, кішэчніка), дысгарманальны (эндаметрый), запаленчага (гіперпластычны, алергічны) і дызантагенетычнага паходжання (напр., ангіяматозны), П. няяснай этыялогіі. Памеры ад некалькіх міліметраў да некалькіх сантыметраў, бываюць рознай формы і кансістэнцыі, з гладкай дольчатай ці варсістай паверхняй. Напр., адэнаматозны П. складаецца ў асноўным з залозістай тканкі, дысгарманальны і запаленчы — са злучальнай. Бывае плацэнтарны П., які ўзнікае ў матцы пасля цяжарнасці. П. могуць нагнойвацца, пакрывацца язвамі, кроватачыць. Лячэнне хірургічнае.
М.К.Недзьведзь.
т. 12, с. 7
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАГІНІ́Т (ад лац. vagina похва + ...іт), кальпіт,
запаленчы працэс сценак похвы. Прычына вагініту — парушэнні трофікі тканак похвы, абумоўленыя мясцовымі (хім., мех. пашкоджанні) і агульнымі (эндакрынныя расстройствы, інфекц. хваробы, хваробы абмену рэчываў) фактарамі. Найчасцей бывае серозны (гнойны) вагініт. Сімптомы і прыкметы: патаўшчэнне і пачырваненне слізістай абалонкі (магчымы эразійныя працэсы), выдзяленні з похвы, т-ра. Запаленне можа быць. другасным пры запаленчых працэсах маткі, прыдаткаў. Сенільны (узроставы) вагініт развіваецца ў перад- і пасляменструальны перыяды. Трыхаманіядны вагініт выклікаецца похвеннай трыхаманадай. Прыкметы: выдзяленні вадкія, жаўтаватага колеру, сверб, смыленне, прэласць скуры вонкавых палавых органаў. Лячэнне тэрапеўтычнае. Вагініт у жывёл бывае пры траўмах похвы, а таксама калі ў слізістую абалонку трапляюць хваробатворныя мікраарганізмы.
І.У.Дуда.
т. 3, с. 429
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
кандыло́ма
(гр. kondyloma = пухліна)
мясцовае вузлападобнае разрастанне скуры або слізістых абалонак чалавека, якое мае запаленчы характар.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
ГАЙМАРЫ́Т, верхнясківічны сінусіт,
запаленне слізістай абалонкі і сценак верхнясківічнай (гаймаравай) пазухі. Адрозніваюць гаймарыт рынагенны і адантагенны, востры і хранічны, адна- і двухбаковы. Востры рынагенны гаймарыт бывае пасля грыпу, рэспіраторных захворванняў і вірусных інфекцый, можа пераходзіць у хранічны (пры пераахаладжэнні на фоне зніжанай рэактыўнасці арганізма, скрыўленых насавых перагародках, гіпертрафіі насавых ракавін). Пры адантагенным гаймарыце ў запаленчы працэс уцягваецца ніжняя сценка гаймаравай пазухі. Клінічныя праяўленні вострага рынагеннага гаймарыту — боль у месцы лакалізацыі гаймарыту, галаўны боль, закладзенасць носа, серозна-гнойныя выдзяленні з яго, часам святлабоязь, ірадыяцыя болю на верхнюю сківіцу, зубы, корань носа, слёзацячэнне. Адзначаюцца павышэнне т-ры цела, слабасць, галаўныя болі. Пры хранічным гаймарыце звычайны насмарк з гнойнымі ці серозна-гнойнымі выдзяленнямі, галаўныя болі пры абвастрэннях. Лячэнне: медыкаментознае, фізіятэрапія, у цяжкіх выпадках хірургічнае.
А.С.Арцюшкевіч.
т. 4, с. 439
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЯЧМЕ́НЬ у медыцыне,
вострае гнойнае запаленне сальнай залозы павека або валасянога мяшочка вейка. Выклікаецца звычайна стафілакокамі (пры мясц. траплянні або пранікненні праз кроў), часцей у аслабленых людзей на фоне блефарыту, танзіліту, цукр. дыябету і інш. Бывае вонкавы і ўнутраны. Вонкавы ўзнікае як балючая кропка на павеку з прыпухласцю, пачырваненнем скуры і кан’юнктывы. Праз 2—3 дні ўтвараецца гнайнічок жоўтага колеру, які ўскрываецца на 3—4-ы дзень (на месцы гнайнічка можа ўтварацца рубец). У некат. выпадках гнайнічок не ўскрываецца, яго змесціва рассысаецца і ўшчыльняецца (часцей пры ўнутр. Я.). Прыкметы Я. звычайна знікаюць праз тыдзень. Зрэдку бывае ў выглядзе некалькіх кропак, што зліваюцца ў адзін запаленчы ачаг. У такіх выпадках парушаецца агульны стан, павышаецца т-ра цела, павялічваюцца калявушныя і падсківічныя лімфавузлы. Лячэнне тэрапеўт., зрэдку хірургічнае.
І.М.Семяненя.
т. 18, кн. 1, с. 323
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
карыёз, ка́рыес
(лац. caries = гніенне)
запаленчы працэс у цвёрдай тканцы касцей, які суправаджаецца гніеннем (напр. к. зубоў); кастаеда.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
параданто́з
(н.-лац. paradentosis, ад гр. para = пры, каля + лац. dens, -ntis = зуб)
запаленчы працэс у калязубной тканцы.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
эпідуры́т
(ад эпі- + лац. durus = цвёрды)
запаленчы працэс на знешняй паверхні цвёрдай абалонкі спіннога мозгу, які выклікаецца часцей за ўсё стафілакокам.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
ГАНАРЭ́Я (ад грэч. gonos семя + rheō цяку),
венерычная хвароба, якая выклікаецца ганакокам Нейсера і выбіральна пашкоджвае слізістыя абалонкі мочапалавой сістэмы. Перадаецца палавым і рэдка быт. шляхам. Інкубацыйны перыяд ад моманту заражэння 1—21, найчасцей 3—5 сут. Імунітэт не выпрацоўваецца.
Запаленчы працэс пры ганарэі ўзнікае ў месцах пранікнення ў эпітэліяльныя абалонкі ганакока, суправаджаецца ацёкамі, гіперэміяй, болем, выдзяленнем серознага і гнойнага эксудату, эрозіяй. На месцы эрозій утвараюцца злучальная тканка, спайкі, рубцовыя звужэнні праток і прасветаў мочапалавых органаў, што можа абумовіць іх непраходнасць, парушэнні мочавыдзялення, узнікненне пазаматачнай цяжарнасці, змены менструальнай і дзетароднай функцый ці развіццё бясплоддзя. Эндатаксін, які выдзяляецца пры разбурэнні ганакокаў, можа пашкоджваць суставы, нерв. сістэму, клапаны і абалонкі сэрца. Клінічна адрозніваюць ганарэю свежую (вострую, падвострую, тарпідную) і хранічную (працягласць хваробы больш за 2 месяцы). У мужчын пераважае вострая ганарэя з выразнымі сімптомамі, у жанчын — тарпідная (схаваная) з пераходам у хранічную форму. Лячэнне медыкаментознае і фізіятэрапеўтычнае. З канца 1980-х г. адзначаецца павелічэнне колькасці захворванняў на ганарэю ў краінах СНД і на Беларусі.
І.У.Дуда.
т. 5, с. 20
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
афтальмарэа́кцыя
(ад афтальма- + рэакцыя)
метад дыягностыкі сапу, туберкулёзу, бруцэлёзу ў жывёл: у адказ на ўвядзенне ў кан’юнктыву вока спецыяльнага антыгену ў ёй развіваецца характэрны запаленчы працэс.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)