ВЕРО́НА (Verona),

горад у Паўн. Італіі, на р. Адыджэ. Адм. ц. прав. Верона. 256,8 тыс. ж. (1993). Трансп. вузел (чыгункі і аўтадарогі) на паўд. подступах да перавалу Брэнер у Альпах. Прам-сць: металургія, машынабудаванне, хім., лёгкая, дрэваапр., паліграф., харч.; вытв-сць буд. матэрыялаў. Ун-т. Музеі, у т. л. Нац. пінакатэка. Штогадовы міжнар. с.-г. кірмаш.

У горадзе захаваліся стараж.-рымскія арэна, т-р, рэшткі ўмацаванняў (вароты Порта дэі Барсары, Порта дэі Леоні), мост Понтэ П’етра. У цэнтры Вероны 2 гал. плошчы: П’яцца дэле Эрбе (б. антычны форум) з гатычнымі дамамі Каса дэі Мерканці (1301) і Торэ дэль Гардэла (1370) і барочным Палацца Мафеі (1668); П’яцца дэі Сіньёры з раманскім Палацца дэль Камуне (пач. ў 1193), палацам Скалігераў (Палацца дэль Гаверна; канец 13 ст.) і рэнесансавай Лоджыяй дэль Кансільё (1475—92). Раманскія царква Сан-Дзена Маджорэ (5 ст.) і сабор (1139—87, кампаніла — 16 ст., арх. М.​Санмікелі), гатычныя магільны склеп роду Скалігераў (13—14 ст.) і царква Сант-Анастазія (1291—1323 і 1422—81; у інтэр’еры фрэскі А.​Пізанела). Гатычны замак Кастэльвек’ё (1354—75) з мостам Скалігераў. Рэнесансавыя палацы (Пампеі, 1530; Каноса, каля 1530; Бевілаква, 1532) і брама гар. умацаванняў (1530—50-я г.; усе арх. Санмікелі).

Літ.:

Горяинов В.В. Падуя. Виченца. Верона. М., 1978.

т. 4, с. 104

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЬЮДА́Д-ХУА́РЭС (Ciudad Juárez),

горад на Пн Мексікі, на правым беразе р. Рыо-Брава-дэль-Нортэ, насупраць г. Эль-Паса (ЗША). Засн. ў 1659 пад назвай Эль-Паса-дэль-Нортэ, з 1888 сучасная назва і статус горада. Каля 900 тыс. ж. (2001). Вузел чыгунак і аўтадарог. Аэрапорт. Прам-сць; металаапр., тэкст., бавоўнаачышчальная, гарбарна-абутковая, харчовая. Зборачныя прадпрыемствы кампаній ЗША па вытв-сці спажывецкіх тавараў. Гандл. цэнтр с.-г. раёна (бавоўнік, развядзенне буйн. раг. жывёлы). Ун-т. Цэнтр турызму (пераважна з ЗША).

т. 15, с. 328

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«Акадэмія эксперыментаў», гл. Акадэмія дэль Чымента

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛАЁЛА (Pollaiolo, Pollaiuolo; сапр. Бенчы; Benci) Антоніо дэль (17.1.1433, г. Фларэнцыя, Італія — 4.2.1498), італьянскі жывапісец, скульптар, ювелір і гравёр. Прадстаўнік фларэнтыйскай школы Ранняга Адраджэння. Зазнаў уплывы Данатэла і Андрэа дэль Кастаньё. Творчасць вызначалася спалучэннем экспрэсіўнай манеры з рацыяналістычным пафасам пазнання заканамернасцей рэальнага свету, глыбокім веданнем анатоміі, механікі рухаў чалавека, перспектывы, цікавасцю да выяўлення пейзажу, вытанчанасцю лініі і яснай пластычнасцю формы. Аўтар карцін «Успенне Марыі Егіпецкай», «Анёл і Товій», «Давід», «Апалон і Дафна», «Геракл і гідра», «Геракл і Антэй» (абедзве каля 1465), профільных партрэтаў жанчын (1460-я г.); пано «Пакутніцтва св. Себасцьяна» (1475); фрэскі «Танец аголеных» на Віле дэла Галіна ў Арчэры (Таскана, каля 1466—71), алтара з 3 святымі і фрэскі з 2 анёламі над ім (1466—67) у капэле кардынала Партугальскага ў царкве Сан-Міньята аль Монтэ ў Фларэнцыі; скульптур «Бюст воіна», «Геракл і Антэй» (каля 1475—80); надмагілляў папы Сікста IV (1484—92) у Гротах Ватыкана, папы Інакенція VIII (1498) у саборы св. Пятра ў Рыме; медзярыта «Бітва аголеных» (1470); рэлікварыяў, залатых крыжоў і пераплётаў кніг, сярэбранага алтара Фларэнцыі (1477) і інш. Часта супрацоўнічаў з братам — П’ера дэль П. (1443—96).

А.Палаёла. Геракл і гідра. Каля 1465.

т. 11, с. 535

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАСА́НА (Bassano; сапр. да Понтэ; da Ponte) Якопа

(каля 1517/18, г. Басана-дэль-Грапа, Італія — 13.2.1592),

італьянскі жывапісец венецыянскай школы жывапісу эпохі Адраджэння. Паходзіць з сям’і мастакоў Басана. Яго манум. шматфігурныя кампазіцыі адметныя сакавітасцю і кантрастнасцю колераў («Алтар Святой Ганны», 1541, размалёўкі капліцы дэль Разарыо, 1575). У рэліг. сюжэты ўводзіў простанародныя персанажы, сцэны з сял. побыту, выявы жывёл, сцвярджаючы значнасць паўсядзённага працоўнага быцця: «Уцёкі ў Егіпет» (1534), «Хрыстос і блудніца» (1535), «Адпачынак на шляху ў Егіпет» (1550), «Пакланенне пастухоў» (1568), «Хрышчэнне Святой Люцылы» (1574), «Святы Рох і зачумленыя» (1576), «Актэон і Німфы» (1585) і інш.

Літ.:

Смирнова И.А. Якопо Бассано и Позднее Возрождение в Венеции. М., 1976.

Я.​Ф.​Шунейка.

Я.Басана. Пакланенне пастухоў. 1568.

т. 2, с. 338

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́СА (Cossa) Франчэска дэль (каля 1436, г. Ферара, Італія — каля 1478),

італьянскі жывапісец эпохі Ранняга Адраджэння. Вучыўся, магчыма, у К.​Туры. Зазнаў уплывы А.Мантэньі і П’ера дэла Франчэска. Адзін з буйнейшых мастакоў ферарскай школы жывапісу. Яго фрэскам у замку Скіфаноя ў Ферары (1469—70) уласцівы свежасць успрыняцця свету, гучнасць каларыту. Пісаў карціны прыдворнага жыцця герцагаў д’Эстэ, дзе алегарычныя кампазіцыі перамяжоўваюцца са сцэнамі сялянскага жыцця ў сімвалічных выявах месяцаў года. Творам характэрны выразнасць контураў, вял. ўвага да быт. дэталяў, арнаментыкі, элементаў ант. архітэктуры («Дабравешчанне», «Іаан Хрысціцель», алтар для капэлы Грыфоні ў царкве Сан-Петроніо ў Балонні, каля 1473; «Мадонна са святымі і данатарам» 1474; і інш.).

Ф. дэль Коса. Дабравешчанне. Каля 1473.

т. 8, с. 426

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТЭРА́НЬІ (Terragni) Джузепе (18.4.1904, Меда, Ламбардыя, Італія — 19.7.1943),

італьянскі архітэктар. Зазнаў уплыў А.Сант-Элія. Разам з А.​Ліберай і інш. заснаваў у 1926 «Групу сямі», якая спрыяла пашырэнню рацыяналізму ў архітэктуры Італіі. У сваіх работах дасягнуў сувязі ўнутр. прасторы і наваколля, спалучаў глухія паверхні сцен і ажурныя структуры жалезабетонных каркасаў (агараджэнні лоджый, перакрыцці тэрас у верхнім паверсе), віртуозна выкарыстоўваў мясц. традыцыі міжземнаморскага дойлідства (дворыкі-атрыі як цэнтры арх. кампазіцыі). Сярод твораў: у г. Кома — жылы дом «Навакомум» (1929), Нар. дом (1932), Каса дэль Папола (1932—36), дзіцячы сад (1936); дом Рустычы ў Мілане (1934—35, з П.​Лінджэры), віла Б’янкаў Севеза (Ламбардыя; 1936—37).

Дж. Тэраньі. Каса дэль Папола ў г. Кома.

т. 16, с. 130

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЖО́ТА ДЫ БАНДО́НЕ [Giotto di Bondone; 1266 або 1267, Коле-ды-Веспіньяна (?), Італія — 8.1.1337],

італьянскі жывапісец, прадстаўнік Протарэнесансу. Вучыўся, верагодна, у майстэрні Чымабуэ. Працаваў пераважна ў Падуі і Фларэнцыі. З імем Дж. ды Б. звязаны паварот у развіцці італьян. жывапісу, яго разрыў з сярэдневяковымі канонамі і традыцыямі італа-візант. мастацтва 13 ст. Знаёмства з познаант. жывапісам і творамі П.Каваліні вызначыла далейшае развіццё творчасці Дж. ды Б. У 1304—06 ён стварыў вядомыя размалёўкі капэлы дэль Арэна (Скравеньі) у Падуі. Размешчаныя на сценах капэлы ў 3 ярусы размалёўкі перадаюць гісторыю жыцця Марыі і Хрыста ў выглядзе шэрагу драм. эпізодаў. Захаванне ў кожнай кампазіцыі адзінства часу і месца, энергічная пабудова аб’ёмаў і прасторы, прастата сітуацый і пластычная выразнасць жэстаў, светлы, святочны каларыт робяць размалёўкі выдатным творам протарэнесансавага жывапісу Італіі. У пач. 14 ст. Дж. ды Б. выканаў размалёўкі ў царкве Бадзія (1300—02, Фларэнцыя), а таксама некалькі алтарных абразоў, сярод якіх найб. вядомы «Мадонна Аньісанці» (1310—20, Фларэнцыя). У размалёўках капэл Перуцы (каля 1320) і Бардзі (1320—25) у фларэнційскай царкве Санта-Крочэ дасягнуў арган. сувязі з архітэктурай, стрыманасці каларыту і манументальнасці вобразаў. Аўтар праекта кампанілы (званіцы) фларэнційскага сабора Санта-Марыя дэль Ф’ёрэ (буд-ва пачата ў 1334).

Літ.:

Данилова И. Джотто: [Альбом]. М., 1970.

Джота ды Бандоне.
Джота ды Бандоне. Фрэска «Уезд Хрыста ў Іерусалім» у капэле дэль Арэна ў Падуі. 1304—06.

т. 6, с. 91

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛО́ДЖЫЯ (італьян. loggia ад стараж.-верхненям. laubja альтанка),

памяшканне, адкрытае з аднаго ці некалькіх бакоў, дзе сцяну замяняюць каланада, аркада, парапет і інш. Можа быць асобным збудаваннем (Л. дэі Ланцы ў Фларэнцыі, Італія, каля 1376—80, арх. Бенчы ды Чоне, С.​Таленці) або часткай будынка. Служыць крытым балконам ці ўваходам і пластычна ўзбагачае фасад будынка. Л. вядомы са старажытнасці (у архітэктуры Стараж. Грэцыі і Рыма). У эпоху Адраджэння пашыраны ў выглядзе адкрытага з аднаго ці некалькіх бакоў будынка тыпу галерэі (Л. дэль Кансільё ў г. Верона, Італія, 1475—92, арх. Фра Джакондэ). Шырока выкарыстоўваецца ў сучаснай архітэктуры (у жылых будынках і будынках санаторна-курортных устаноў, інтэрнатах, гасцініцах і інш.). Бываюць радавыя (з адным адкрытым бокам), вуглавыя, часткова вынесеныя.

Лоджыя дэль Кансільё ў г. Верона (Італія). 1475—92. Арх. Фра Джаконуэ Джакондэ.

т. 9, с. 336

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЦЫПІЁНЫ, Сцыпіё дэль Кампа,

шляхецкі род уласнага герба ў ВКЛ. Вялі радаслоўную ад неапалітанца Пятра Сцыпіёна дэль Кампы, двараніна каралевы Боны Сфорцы. Найб. вядомыя:

Казімір (?—1733), сын Андрэя, адміністратар Шавельскай эканоміі ў 1705—18, лідскі мечнік з 1701, пісар гродскі з 1711, падстолі з 1713, падкаморы з 1714, маршалак з 1716 або 1717. Ян (?—1738), брат Казіміра, лідскі пісар гродскі ў 1695—1708, падстолі з 1704, староста ў 1713—20, кашталян смаленскі з 1720. У 1735 заснаваў у Воранаве піярскі Калегіум. Юзаф (? — да 9.6.1743), сын Яна, староста лідскі з 1720, маршалак надворны ВКЛ з 1739. Ігнацы (пасля 1728—91), сын Юзафа, староста лідскі з 1743, падстолі ВКЛ у 1765—86, ген.-маёр (1759), чл. Пастаяннай Рады з 1776. Перавёў піярскі калегіум з Воранава ў Ліду (1756, гл. Лідскі піярскі калегіум).

т. 15, с. 311

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)