ЖА́КАЎ (Алег Пятровіч) (1.4.1905, г. Сарапул, Удмурція — 4.5.1988),

рускі акцёр. Нар. арг. СССР (1969). Скончыў Ленінградскі тэхнікум сцэн. мастацтва (1929). З 1925 здымаўся ў кіно. Яго выканальніцкай манеры характэрны знешняя стрыманасць, глыбокі псіхалагізм. Сярод фільмаў: «Сямёра смелых», «Мы з Кранштата», «Нашэсце» (Дзярж. прэмія СССР 1946), «Ля возера» (Дзярж. прэмія СССР 1971), «Фронт без флангаў» і «Фронт за лініяй фронту» (Дзярж. прэмія Расіі 1979), «Гарачае лета ў Кабуле», «Дзяўчына і Гранд».

т. 6, с. 412

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БЕЛАРУ́СКІ СЬВЕТ»,

навуковы, культ.-асветны і літ. часопіс. Выдаецца з 1971 у ЗША на бел. мове бел. эміграцыяй. Выходзіць у залежнасці ад паступлення матэрыялаў. Рэдактар і выдавец М.​Прускі (жыве ў г. Гранд-Рапідс, штат Мічыган, ЗША). Публікуе навук. артыкулы па гісторыі Беларусі, па пытаннях бел. культуры, літ. творы, успаміны і інш. Многія нумары прысвечаны асобным бел. дзеячам. Змяшчае таксама гіст. і сучасныя фотаздымкі, тэксты і ноты бел. песень, гумарыстычныя старонкі.

Г.​І.​Сурмач.

т. 2, с. 457

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРА́ЛЕВІЧ ((Kraljević) Міраслаў) (14.12. 1885, Госпіч, Харватыя — 16.4.1913),

харвацкі жывапісец і графік; адзін з заснавальнікаў харвацкай школы жывапісу 20 ст. Вучыўся ў АМ у Мюнхене (1907—11), акадэміі Гранд-Шам’ер у Парыжы (1911). Зазнаў уплывы Г.Курбэ і Э.Манэ. У абагульненай свабоднай манеры рабіў партрэты, пейзажы, нацюрморты, анімалістычныя сцэны, якія вызначаюцца стрыманасцю колеравай гамы, рысамі схаванага эмацыянальнага напружання і драматызму. Сярод твораў: «Аўтапартрэт з сабакам» (1910), «Аўтапартрэт з люлькай», «Бонвіван», «Люксембургскі сад» (усе 1912) і інш.

т. 8, с. 446

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛУ́СМА ((Lousma) Джэк) (н. 29.2.1936, г. Гранд-Рапідс, штат Мічыган, ЗША),

касманаўт ЗША. Палкоўнік марской пяхоты. Скончыў Мічыганскі ун-т (1959). З 1966 у групе касманаўтаў НАСА. 28.7—25.9.1973 з А.Бінам і О.Гэрыятам здзейсніў палёт на мадыфікаваным касм. караблі «Апалон» і арбітальнай станцыі «Скайлэб» (двойчы выходзіў у адкрыты космас, агульны час 11,02 гадз), 22—30.3.1982 з Ч.​Фулертанам — палёт на касм. караблі «Спейс шатл» («Калумбія», як камандзір). У космасе правёў 67,47 сут.

т. 9, с. 374

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМА́ЦІ (Amati),

італьянскія майстры смычковых інструментаў. Працавалі ў Крэмоне. Андрэа (каля 1520 — каля 1580) — заснавальнік крэмонскай школы. Упершыню вызначыў падбор дрэва і стварыў класічны тып скрыпкі з яркім серабрыстым, але не моцным гучаннем. Яго сыны — Антоніо (1540 — пасля 1600) і Джыралама (1561—1680) часта працавалі разам. Іх інструменты больш вытанчанай формы. Найб. вядомы Нікала Амаці (3.12.1596 — 12.4.1684), сын і вучань Джыралама. Стварыў новую мадэль скрыпкі «Гранд Амаці» з дасканалымі формамі, прыгожым моцным гукам. Сярод яго вучняў — А.Гварнеры, А.Страдывары.

т. 1, с. 308

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРАКА́ ((Broca) Поль) (28.6.1824, Сент-Фуа-ла-Гранд, дэпартамент Дардонь, Францыя — 9.7.1880),

французскі анатам і антраполаг; адзін з заснавальнікаў сучаснай антрапалогіі. Ініцыятар стварэння Антрапал. навук. т-ва ў Парыжы (1859). Аўтар прац па параўнальнай анатоміі прыматаў, пытаннях агульнай антрапалогіі, расавых тыпах сучаснага і стараж. насельніцтва Францыі. Распрацаваў дапаможнік па антрапаметрыі і краніяметрыі (1865), пабудаваў шкалы для вызначэння афарбоўкі вачэй, валасоў і скуры, стварыў шэраг антрапаметрычных інструментаў.

Тв.:

Рус. пер. — Общие инструкции для антропологических исследований и наблюдений // Изв. Имп. о-ва любителей естествознания, антропологии и этнографии. М., 1865. Т. 2.

т. 3, с. 238

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯЛІ́КІ КАНЬЁН (Grand Canyon),

Вялікі Каньён Каларада, каньён у ЗША (штат Арызона), на плато Каларада. Выпрацаваны р. Каларада ў тоўшчы вапнякоў, пясчанікаў і сланцаў у выніку рачной эрозіі. Даўж. каля 350 км, глыб. да 1800 м (адзін з найглыбейшых у свеце), шыр. 8—25 км на ўзроўні паверхні плато (на выш. 2100—2500 м) і менш за 1 км (на асобных участках да 120 м) каля ўрэзу вады. Характэрны своеасаблівыя формы схілаў (калоны, піраміды, бастыёны), грандыёзныя агаленні горных парод. Нац. парк Гранд-Каньён (з 1919); уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны. Турызм.

т. 4, с. 384

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛУМБІ́ЙСКАЕ ПЛАТО́ (Columbia Plateau),

лававае плато ў Кардыльерах Паўн. Амерыкі, на ПнЗ ЗША. Размешчана паміж Скалістымі і Каскаднымі гарамі. Пл. каля 500 тыс. км². Выш. 700—1000 м. Складзена з крышт. і асадкавых парод палеазою і мезазою, перакрытых вулканічнымі базальтамі неагену. Паверхня плоская або хвалістая, укрыта лёсамі, на Пн марэнай, зрэзана каньёнамі рэк Калумбія (да глыб. 900 м), Снейк (да 1500 м) і інш.; ёсць і сухія каньёны, утвораныя ў антрапагенавы час (найб. Гранд-Кулі). На рэках шмат вадаспадаў, парогаў. ГЭС. Большая ч. плато ўкрыта дзярніста-злакавым стэпам, значная ч. тэрыторыі разарана пад збожжавыя культуры.

т. 7, с. 483

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІ́БІ ((Libby) Уілард Фрэнк) (17.12.1908, г. Гранд-Валі, штат Каларада, ЗША — 9.9.1980),

амерыканскі фізікахімік. Чл. Нац. АН ЗША (1950). Скончыў Каліфарнійскі ун-т (1931), дзе і працаваў. З 1940 у Калумбійскім ун-це (з 1943 праф.), з 1945 у Ін-це ядз. даследаванняў (г. Чыкага), з 1959 у Каліфарнійскім ун-це (г. Лос-Анджэлес), у 196276 дырэктар Ін-та геафізікі і фізікі планет. Асн. навук. працы па радыяхіміі, ядз. хіміі, касмахіміі. Удзельнічаў у распрацоўцы газадыфузійнага спосабу абагачэння прыроднага урану ізатопам ​235U. Распрацаваў метад радыевугляроднага датавання (вызначэння ўзросту) у археалогіі, геалогіі, геафізіцы (1947). Нобелеўская прэмія 1960.

У.Лібі.

т. 9, с. 236

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРАВІТАЦЫ́ЙНАЯ ПЛАЦІ́НА,

бетонная або каменная плаціна, устойлівасць якой супраць зруху пад дзеяннем вады, ільду, хваль, наносаў і інш. абумоўлена пераважна ўласнай сілай цяжару. Звычайна мае трохвугольны або трапецападобны папярочны профіль. Бываюць глухія (праз іх не прадугледжаны пропуск вады) і вадаскідныя, у т. л. вадазліўныя (гл. Вадаскід). Найб. пашыраны вадазліўныя гравітацыйныя плаціны, папярочны профіль якіх мае плаўны абрыс паверхні, па якой зліваецца вада. Найвышэйшая гравітацыйная плаціна (284 м) — Гранд-Дыксанс (Швейцарыя). На Беларусі гравітацыйныя плаціны звычайна вадаскідныя; глухія будуюцца з грунтавых матэрыялаў.

Г.​Г.​Круглоў.

Бетонная глухая гравітацыйная плаціна: 1 — верхавая (напорная) грань; 2 — грэбень; 3 — нізавая грань; 4 — падэшва.

т. 5, с. 383

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)