ВІДО́Р (Widor) Шарль Мары (21.2.1844, г. Ліён, Францыя — 12.3.1937),

французскі арганіст, кампазітар, музыказнавец, педагог. Чл. Акадэміі прыгожых мастацтваў (1910). Праф. Парыжскай кансерваторыі (1891—1905). У 1870—1934 арганіст царквы Сен-Сюльпіс у Парыжы. Арганіст-віртуоз, імправізатар, канцэртаваў у многіх краінах. Па яго рэкамендацыі і пад яго наглядам устаноўлены арган фірмы «Кавае-Коль» у Вял. зале Маскоўскай кансерваторыі (у 1901 даў першы арганны канцэрт). Сярод твораў: 3 оперы, балет, творы для аркестра, 10 сімфоній і інш. творы для аргана, месы, камерна-інстр. ансамблі, фп. п’есы. Апублікаваў (разам з А.​Швейцэрам) арганныя творы І.​С.​Баха (т. 1—5, 1912—14). Сярод вучняў: арганісты Л.​Б’ёрн, М.​Дзюпрэ, Швейцэр, кампазітары Д.Міё, К.Анегер.

т. 4, с. 142

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУКСТЭХУ́ДЭ (Buxtehude) Дзітрых (1637, Ольдэсла, зямля Шлезвіг-Гольштэйн, Германія — 9.5.1707),

дацка-нямецкі кампазітар, арганіст. Сын і вучань Іагана Б. З 1657 працаваў царк. арганістам у Швецыі і Даніі, з 1668 у г. Любек (Германія), дзе стаў вядомы як арганіст-віртуоз. Пісаў свецкую і духоўную музыку, якую выконваў на арганізаваных ім т.зв. «вячэрніх канцэртах». Вак.-інстр. музыку пісаў пад уплывам італьян. узораў, у арганных творах выступіў як прадстаўнік паўн.-ням. барока і буйнейшы папярэднік І.​С.​Баха. Сярод твораў: Missa brevis, магніфікат, араторыі, кантаты (больш за 120), матэты, камерна-інстр. творы (у т. л. 2 зборнікі трыо-санат, 1696), такаты, прэлюдыі і фугі, харальныя апрацоўкі для аргана, сюіты і варыяцыі для клавіра.

т. 3, с. 325

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛО́ЎНІКАЎ Ігар Уладзіміравіч (н. 5.11.1954, Мінск),

бел. піяніст, арганіст, педагог. Засл. арт. Беларусі (1986). Праф. (1994). Сын У.У.Алоўнікава. Скончыў Маскоўскую кансерваторыю па класах фп. і аргана (1978). З 1980 саліст Бел. філармоніі, адначасова выкладае ў Бел. акадэміі музыкі (у 1987—92 заг. кафедры). Творчасць Алоўнікава спалучае высокі прафесіяналізм, віртуознае майстэрства, тонкае пачуццё стылю, артыстызм. У рэпертуары фп. творы І.​С.​Баха, Л.​Бетховена, Ф.​Шапэна, В.​А.​Моцарта, С.​Рахманінава, бел. кампазітараў Г.​Вагнера, Л.​Абеліёвіча, Картэса і інш. Аўтар шматлікіх транскрыпцый твораў муз. класікі і бел. кампазітараў для фп. і аргана. Складальнік і рэдактар зборнікаў бел. фп. музыкі «Віртуоз», «Піяніст», «Сувенір». Дзярж. прэмія Беларусі 1994.

І.​І.​Зубрыч.

т. 1, с. 265

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЭ́ЙЦЭР (Kreutzer) Радольф (16.11.1766, г. Версаль, Францыя — 6.1.1831),

французскі скрыпач, кампазітар, дырыжор, педагог. Немец па паходжанні. Канцэртаваў з 13 гадоў. З 1783 саліст Каралеўскай капэлы ў Парыжы, шэрагу тэатр. аркестраў, у т. л. з 1801 Парыжскай оперы (з 1817 капельмайстар, музік-дырэктар); камер-віртуоз двара Напалеона I (з 1802), Людовіка XVIII (з 1815). З 1795 праф. Парыжскай кансерваторыі. Адзін з заснавальнікаў і найб. яркі прадстаўнік т.зв. парыжскай скрыпічнай школы. Аўтар канцэртаў для скрыпкі, стр. трыо, квартэтаў, опер («Поль і Віржынія», «Ладаіска», абедзве паст. ў 1791). Яго эцюды (зб. «42 эцюды або капрысы») паклалі пачатак новаму кірунку ў скрыпічнай педагогіцы. Л.​Бетховен прысвяціў К. «Крэйцэраву санату» для скрыпкі з фп.

т. 8, с. 535

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУСЯВІ́ЦКІ Сяргей Аляксандравіч (26.7.1874, г. Вышні Валачок Цвярской вобл., Расія — 4.6.1951),

расійскі дырыжор, віртуоз-кантрабасіст. Скончыў муз.-драм. вучылішча Маскоўскага філарманічнага т-ва (1894), дырыжыраванню вучыўся ў Берліне ў К.​Мука і Ф.Вейнгартнера. Канцэртаваў як кантрабасіст і дырыжор. Заснаваў у Маскве сімф. аркестр (1908), «Расійскае муз. выдавецтва» (1909). З 1917 кіраваў Дзярж. сімф. аркестрам у Петраградзе. З 1920 жыў за мяжой. Арганізаваў у Парыжы «Сімфанічныя канцэрты К.» (1921—28), кіраваў Бостанскім сімфанічным аркестрам (1924—49). Першы выканаўца шэрагу буйных твораў І.​Стравінскага, С.​Пракоф’ева, А.​Анегера і інш. Адзін са стваральнікаў Беркшырскага муз. цэнтра. Аўтар муз. твораў для кантрабаса і аркестра.

Літ.:

Астров А. Деятель русской музыкальной культуры С.​А.​Кусевицкий. (Л.), 1981.

т. 9, с. 58

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУ́ЗІКАЎ Міхаіл Іосіфавіч (14.9.1806, г. Шклоў Магілёўскай губ. — 27.10.1837),

бел. музыкант, віртуоз-ксілафаніст. Іграў на флейце і цымбалах у нар. інстр. ансамблях. У пач. 1830-х г. на аснове ўдасканалення нар. муз. інструмента брусочкаў распрацаваў сучасную канструкцыю ксілафона. З 1833 выступаў з канцэртамі, у т. л. ў Аўстрыі, Германіі, Бельгіі, Францыі. Выконваў уласныя транскрыпцыі твораў К.​М.​Вебера, І.​Гумеля, Н.​Паганіні, папуры і варыяцыі на папулярныя оперныя мелодыі, імправізацыі, апрацоўкі бел., рус., укр., яўр. песень і танцаў. Артыкулы пра яго змяшчалі муз. слоўнікі 19 ст. Яму прысвечана брашура З.​Шлезінгера «Іозеф Гузікаў і яго інструмент з дрэва і саломы» (Вена, 1836).

Літ.:

Ямпольский И. Первый виртуоз на ксилофоне // Сов. музыка. 1959. №11;

Тищенко И.К. Белорусский Орфей // Неман. 1983. № 5.

т. 5, с. 522

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШПОР (Spohr) Людвіг (Луі; 5.4.1784, г. Браўншвайг, Германія — 22.10.1859),

нямецкі кампазітар, скрыпач, дырыжор, педагог; адзін з заснавальнікаў нямецкай скрыпічнай школы. З 1813 капельмайстар т-ра «Ан дэр Він», дырэктар опернага т-ра ў г. Франкфурт-на-Майне, з 1847 генерал-музік-дырэктар у г. Касель. Гастраліраваў як скрыпач-віртуоз. Стваральнік адной з першых рамант. опер («Фауст» паводле Ф.​Клінгера, паст. 1816). Сярод твораў: оперы (больш за 10), араторыі, 9 сімфоній (1811—50), 12 канцэртаў для скр. з арк., 34 скр. квартэты, камерна-інстр. ансамблі, фп. п’есы, песні (каля 100) і інш. Вынаходнік падбародніка для скрыпкі; адзін з першых увёў практыку дырыжыравання палачкай. Паўплываў на творчасць К.​Вебера, Р.​Вагнера. Аўтар «Скрыпічнай школы» (1833), «Аўтабіяграфіі» (т. 1—2, 1860—61).

т. 17, с. 460

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕГО́ВІЯ (Segovia) Андрэс (21.2.1893, г. Лінарэс, Іспанія — 2.6.1987),

іспанскі гітарыст-віртуоз, педагог. Вучыўся ігры на гітары самастойна. З 1955 працаваў у Акадэміі Кіджана ў Італіі, з 1958 — у Сант’яга-дэ-Кампастэла ў Іспаніі. Адрадзіў цікавасць да гітары як да сольнага інструмента, пашырыў яе тэхн. і выразныя магчымасці, увёў у рэпертуар гітарыстаў класічную і сучасную музыку. Аўтар канцэрта для гітары з арк., п’ес «Танадзілью», «Арасьён» і інш. Узбагаціў рэпертуар гітарыстаў апрацоўкамі твораў І.​С.​Баха, І.​Гайдна, Л.​Бетховена, П.​Чайкоўскага, М.​Мусаргскага і інш. У іх выявілася тонкае пачуццё стылю, майстэрскае выкарыстанне поліфанічнай і каларыстычнай магчымасцей інструмента. Яго мастацтва натхніла многіх кампазітараў на стварэнне твораў для гітары, некат. напісаны для С. і прысвечаны яму. Гастраліраваў у многіх краінах, у т. л. ў СССР у 1926, 1927, 1936.

т. 14, с. 293

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛЕМЕ́НЦІ (Clementi) Муцыо (23.1.1752, Рым — 10.3.1832),

англійскі піяніст-віртуоз, кампазітар, педагог; заснавальнік т.зв. лонданскай школы піянізму. З 1766 жыў у Вялікабрытаніі (з 1773 у Лондане). Канцэртаваў у Еўропе (у 1781 у Вене спаборнічаў з В.​А.​Моцартам). Заснавальнік і саўладальнік шэрагу муз.-выдавецкіх прадпрыемстваў і ф-к муз. інструментаў. Адзін з заснавальнікаў і дырыжор (1813—24) Філарманічнага т-ва ў Лондане. Зрабіў значны ўклад у развіццё фп. мастацтва (празваны «бацькам фп. музыкі»), садзейнічаў зацвярджэнню класічнага цыкла санаты. Сярод твораў: араторыя; каля 15 сімфоній (зберагліся 4); уверцюры; канцэрт для фп. з аркестрам; творы для фп. (найб. вядомы зб. эцюдаў «Шлях да Парнаса», 1817—26). Свой выканальніцкі і пед. вопыт абагульніў у працы «Методыка ігры на фартэпіяна» (1801). Сярод яго вучняў: Ф.​Калькбрэнер, І.Б.Крамер, І.Мошэлес, Дж. Філд.

Літ.:

Николаев А.А. Муцио Клементи. М., 1983.

т. 8, с. 330

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧЭКЕ́ЦІ (Cecchetti) Энрыка (21.6.1850, Рым — 12.11.1928),

італьянскі артыст балета, балетмайстар, педагог. Вучыўся ў Фларэнційскай акадэміі танца. З 1868 выступаў у т-рах Італіі, з 1885 вядучы танцоўшчык т-ра «Ла Скала» ў Мілане. З 1887 першы танцоўшчык, з 1890 балетмайстар, з 1892 рэпетытар Марыінскага т-ра ў Пецярбургу, адначасова выкладаў у Пецярбургскім тэатр. вучылішчы. З 1902 кіраваў школай пры Варшаўскай оперы, з 1906 заснаванай ім школай у Пецярбургу. У 1911—21 гал. педагог-рэпетытар «Рускага балета Дзягілева». Заснаваў школы ў Лондане (1918), Мілане (1925). Танцор-віртуоз. Першы выканаўца партый: Блакітная птушка («Спячая прыгажуня» П.​Чайкоўскага), Бог ветру Ваю («Талісман» Р.​Дрыга) і інш. Сярод яго вучняў: А.Ваганава, А.Горскі, Т.Карсавіна, М.Кшасінская, С.Ліфар, В.Ніжынскі, Г.Паўлава, М.Фокін. Практычны вопыт Ч. абагульнены С.​Бомантам і С.​Ідзікоўскім у «Падручніку тэорыі і практыкі класічнага і тэатральнага танца паводле метаду Чэкеці» (1922).

т. 17, с. 326

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)