ГРАВІТАЦЫ́ЙНАЕ ПО́ЛЕ ЗЯМЛІ́,

поле сілы цяжару, сілавое поле, абумоўленае гравітацыйным прыцяжэннем Зямлі і цэнтрабежнай сілай, выкліканай яе сутачным вярчэннем. Нязначнае ўздзеянне на гравітацыйнае поле Зямлі аказвае таксама прыцяжэнне Месяца, Сонца, планет Сонечнай сістэмы і масы зямной атмасферы. Характарызуецца вытворнымі патэнцыялу сілы цяжару па нармалі (па адвеснай лініі) да геоіда і па каардынатных восях у кожным пункце зямной паверхні. Вытворная патэнцыялу сілы цяжару па нармалі да геоіда вызначае паскарэнне свабоднага падзення, якое вымяраецца ў галах (1 Гал = 1 см/с2). Адрозніваюць гравітацыйнае поле Зямлі: нармальнае, анамальнае і варыяцыі.

Нармальнае гравітацыйнае поле Зямлі абумоўлена прыцягненнем масы аднароднага эліпсоіда, паверхня якога блізкая да геоіда. Вагаецца ад 978 Гал на экватары да 983 Гал на полюсах. Анамальнае гравітацыйнае поле Зямлі выклікана неаднароднасцямі будовы Зямлі, гал. ч. яе верхняй абалонкі — літасферы. На раўнінных месцах знаходзіцца ў межах некалькіх дзесяткаў мілігал, у гарах і на астравах акіянаў анамаліі могуць дасягаць сотняў мілігал. Варыяцыі гравітацыйнага поля Зямлі ў часе звязаны з размяшчэннем Месяца адносна Зямлі і Зямлі адносна Сонца, а таксама з тэктона-фіз. працэсамі, што працякаюць на вял. глыбінях у нетрах Зямлі. Месячна-сонечныя перыядычныя варыяцыі гравітацыйнага поля Зямлі ў часе — да 1 мГал, варыяцыі поля тэктанічнага паходжання — 1—2 мГал за год. Гл. таксама Гравіметрыя.

Г.​І.​Каратаеў.

т. 5, с. 383

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫФЕРЭНЦЫЯ́Л у матэматыцы,

галоўная лінейная частка поўнага прырашчэння функцыі. Формулы і правілы знаходжання Д. вынікаюць з формул і правіл дыферэнцавання функцый. Паняцце Д. адлюстроўвае блізкасць дадзенай функцыі да лінейнай у малым наваколлі разгляданага пункта, абагульняецца на адлюстраванне адной эўклідавай прасторы на другую, на камплексныя і вектар-функцыі і з’яўляецца адным з асн. паняццяў сучаснага нелінейнага функцыянальнага аналізу.

Калі поўнае прырашчэнне y = ƒ ( x0 + x ) ƒ ( x0 ) функцыі y = ƒ(x) у пункце x = x0 можна запісаць у выглядзе y = A ( x0 ) x + a x , дзе a→0 пры Δx→0, то комплекс A(x0)∆x наз. дыферэнцыялам функцыі ў пункце x0 [абазначаецца dy або dƒ(x0)], а саму функцыю — дыферэнцавальнай і яе вытворная 𝑓′(x0) = A(x0). Д. незалежнай пераменнай супадае з яе прырашчэннем і таму dy = A(x0)dx і вытворную ƒ′ ( x0 ) = dy dx можна трактаваць як дзель двух Д. Для складанай функцыі y = ƒ(g(x)) Д. у пункце x = x0 можна запісаць у выглядзе dy = yg′g′dx = yx′dx Функцый некалькіх пераменных разглядаюць частковыя і поўныя Д.: частковы Д. роўны здабытку частковай вытворнай на адпаведны Д. пераменнай, поўны Д. роўны суме частковых Д.

Літ.:

Гусак А.А., Гусак Г.М. Справочник по высшей математике Мн., 1991;

Курс вышэйшай матэматыкі. Мн., 1994.

А.​А.​Гусак.

т. 6, с. 299

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫФЕРЭНЦЫЯ́ЛЬНАЕ ЗЛІЧЭ́ННЕ,

раздзел матэматыкі, які вывучае вытворныя і дыферэнцыялы функцый, а таксама іх дастасаванні. Разам з інтэгральным злічэннем складае курс матэматычнага аналізу (ці аналізу бясконца малых).

Аформілася ў самастойную матэм. дысцыпліну пасля прац І.Ньютана і Г.Лейбніца, якія сфармулявалі асн. палажэнні Д.з. і паказалі ўзаемна адваротны характар аперацый дыферэнцавання і інтэгравання. Выклікала з’яўленне новых галін матэматыкі: тэорыі шэрагаў, дыферэнцыяльнай геаметрыі, дыферэнцыяльных ураўненняў, варыяцыйнага злічэння. Грунтуецца на паняццях: рэчаісны лік, функцыя, ліміт, бясконца малая, неперарыўнасць і інш., якія атрымалі сучасны змест у ходзе развіцця і абгрунтавання аналізу бясконца малых; цэнтральныя паняцці Д.з. — вытворная і дыферэнцыял — і распрацаваны ў Д.з. апарат, які звязаны з імі, даюць сродкі даследавання функцый (у т. л. некалькіх пераменных), лакальна падобных на лінейныя функцыі або паліномы. Асн. дастасаванні Д.з. звязаны з даследаваннем функцый з дапамогай вытворных: знаходзіць выпукласць і ўвагнутасць графіка функцыі, прамежкі нарастання і спадання функцый, іх найбольшае і найменшае значэнне (гл. Экстрэмум), пункты перагіну і асімптоты, а таксама розныя ліміты функцый (напр., віду 0/0, ∞/∞ ; гл. Нявызначаны выраз), якія не паддаюцца вылічэнню інш. метадамі. Метады Д.з. маюць шматлікія дастасаванні ў даследаваннях актуальных праблем матэматыкі, прыродазнаўчых і тэхн. навук.

Літ.:

Курс вышэйшай матэматыкі. Мн., 1994;

Гусак А.А. Высшая математика. Т. 1—2. 2 изд. Мн., 1983—84.

А.​А.​Гусак.

т. 6, с. 300

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Тры́на, тры́ны мн. л. ‘ільняная і канаплёвая траста, кастрыца’ (Уладз., Мат. Гом.; люб., ЛА, 4), ‘дробныя часткі валакна пры трапанні’, ‘цвёрдыя адходы пры апрацоўцы валакна’ (жытк., лельч., Трух.). Укр. три́на ‘апілкі’, три́ня ‘пацёртая салома’, три́ни ‘труха сена’, польск. tryna ‘апілкі’, trynia ‘адходы пры малацьбе’, tryny ‘тс’, ст.-польск. tryna ‘апілкі’, серб. три̏ње, три̏ња ‘сенная труха’, ‘адзенне, пагрызенае моллю’, балг. три́на ‘мякіна’, ‘пацяруха’, макед. трина ‘труха’, триње ‘апілкі, парахня’. Прасл. *tьrina вытворная ад *terti (гл. церці), параўн. роднасныя літ. trynė́, trỹnę ‘мазоль’ (Атрэмбскі, Gramatyka, 2, 48), trínti ‘церці, пілаваць, расціраць’, лат. trīt ‘церці’, ‘тачыць (нож)’, trinimas ‘пілаванне пільшчыкаў’, trìnka ‘адпілаваная калода, кавалак дрэва’, trỹnios ‘гадавіны’ — trin‑ з’яўляецца новай асновай, якая ўзнікла ў выніку перастаноўкі ir > ritirn‑, параўн. і.-е. *tr‑n‑h₁‑é) (Смачынскі, 689; Фрэнкель, 2, 1124). Гл. Брукнер, 579; Скок, 3, 512; Куркіна, Этимология–1976, 28; ЕСУМ, 5, 638.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

АНАЛІТЫ́ЧНАЯ ФУ́НКЦЫЯ,

функцыя, значэнне якой у кожным пункце яе вобласці вызначэння роўнае суме ступеннага шэрага, які збягаецца ў некаторым наваколлі гэтага пункта. Да аналітычнай функцыі адносяцца: рацыянальная функцыя, паказнікавая функцыя, лагарыфмічная функцыя, трыганаметрычныя функцыі, адваротныя трыганаметрычныя функцыі, іх разнастайныя кампазіцыі, а таксама функцыі, адваротныя да гэтых кампазіцый. Існуюць аналітычныя функцыі аднаго або некалькіх рэчаісных ці камплексных пераменных. Функцыя 𝑓(z) аднаго комплекснага пераменнага z=x+iy наз. аналітычнай функцыяй у пункце z0, калі ў некаторым наваколлі h гэтага пункта існуе канечная вытворная f′(z) = lim h 0 f(z + h) f(z) h (дыферэнцыравальнасць функцыі), што мае месца ў тым і толькі ў тым выпадку, калі выконваецца ўмова Кашы—Рымана dt dz_ = 0 , дзе z_ = x + y. Асновы тэорыі аналітычнай функцыі былі закладзены А.​Кашы, Б.​Рыманам і К.​Веерштрасам, С.​В.​Кавалеўскай і інш. На Беларусі даследаванні па тэорыі аналітычнай функцыі пачаліся ў 1930-я г. ў БДУ (М.​В.​Ламбін, М.​Л.​Лукомская), з 1960-х г. праводзяцца ў АН, БДУ і інш. ВНУ рэспублікі (Ф.​Дз.​Гахаў, Э.​І.​Звяровіч і інш.). Аналітычныя функцыі маюць шматлікія дастасаванні ў матэм. аналізе (вылічэнне вызначаных інтэгралаў), у геаметрыі (канформныя адлюстраванні), у тэорыі пругкасці, гідрадынаміцы, электрадынаміцы і інш. навуках. Гл. таксама Кашы інтэграл, Кашы тэарэма.

Літ.:

Маркушевич А.И. Теория аналитических функций. Т. 1—2. М., 1967—68;

Шабат Б.В. Введение в комплексный анализ. Ч. 1—2. 3 изд. М., 1985;

Гахов Ф.Д. Краевые задачи. 3 изд. М., 1977.

Э.​І.​Звяровіч.

т. 1, с. 335

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРАФІ́ЧНЫЯ ВЫЛІЧЭ́ННІ,

метады атрымання лікавых рашэнняў задач з дапамогай графічных пабудаванняў. Заснаваны на выкарыстанні графікаў функцый і паўтарэнні (або замене) з пэўным набліжэннем адпаведных аналітычных аперацый (складання, аднімання, множання, дзялення, дыферэнцыравання, інтэгравання і інш.). Выкарыстоўваюцца для атрымання першых набліжэнняў, якія ўдакладняюцца інш. метадамі, а таксама ў інж. практыцы, калі не патрабуецца высокая дакладнасць.

Лікі пры графічных вылічэннях алг. выразаў адлюстроўваюцца ў выбраным маштабе накіраванымі адрэзкамі. Пры графічным складанні і адніманні лікаў адпаведныя адрэзкі адкладваюць на прамой у пэўным (аднімаемае — у процілеглым) напрамку адзін за адным так, каб пачатак наступнага адрэзка супадаў з канцом папярэдняга. Сума (рознасць) — адрэзак, пачатак якога супадае з пачаткам 1-га, а канец — з канцом апошняга. Множанне і дзяленне ажыццяўляюцца будаваннем прапарцыянальных адрэзкаў, што адсякаюць на старанах вугла паралельныя прамыя, і выкарыстаннем адпаведных дачыненняў. Для графічнага ўзвядзення ў цэлую дадатную (адмоўную) ступень паслядоўна паўтараюць множанне (дзяленне). Для графічнага рашэння ўраўнення 𝑓(x) = 0 будуюць графік функцыі у = 𝑓(x) і знаходзяць яго пункты перасячэння з воссю абсцыс [пры рашэнні ўраўненняў 𝑓1(x) = 𝑓2(x) знаходзяць абсцысы пунктаў перасячэння крывых y1 = 𝑓1(x) і y2 = 𝑓2(x)]. Графічнае вылічэнне вызначанага інтэграла заснавана на замене графіка падінтэгральнай функцыі ступеньчатай ломанай, плошча пад якой лікава роўная дадзенаму інтэгралу. Для графічнага дыферэнцыравання будуецца графік вытворнай па значэннях тангенса вугла нахілу датычнай у розных пунктах графіка дадзенай функцыі. Графічнае рашэнне дыферэнцыяльнага ўраўнення dy/dx = 𝑓(x,y) зводзіцца да будавання поля напрамкаў на плоскасці: у некаторых пунктах малююць напрамкі датычнай dy/dx да інтэгральнай крывой, што праходзіць праз іх. Шуканую крывую праводзяць так, каб датычныя да яе мелі зададзеныя напрамкі. Часта папярэдне будуюць сям’ю ліній 𝑓(x,y) = C (ізаклінаў) для розных значэнняў C. У кожным пункце такой лініі вытворная пастаянная і роўная C. Гл. таксама Лікавыя метады, Набліжанае вылічэнне, Набліжанае інтэграванне.

С.​У.​Абламейка.

т. 5, с. 415

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Пло́йма, плы́йма, плу́йма, плэйма ’мноства (аб жывых істотах)’, ’безліч, вялікая колькасць, зборышча чаго-н., кампанія’ (ТСБМ, Гарэц., Др.-Падб., Касп., Шат., Клім., Сл. ПЗБ, Мат. Гом., Растарг., Жд. 1, Жд. 3; Варл.; бялын., Янк. Мат., Янк. 3.: мсцісл., Янк. 2; мсцісл., Юрч. СНЛ; Сцяшк. МГ; барыс., драг., Сл. Брэс.; паўн.-усх., КЭС), ’стада кароў, табун коней, статак авечак’ (карм., ЛА, 1), плоймаю ’кучай’ (калінк., З нар. сл.), плуймо ’многа’ (круп., ЛА, 5), ’дзятва, дзеці’ (Бяльк.), ’сваякі’ (Юрч. СНЛ), плойма ’гультай’ (лях., Сл. ПЗБ), укр. палес. пли́йма ’безліч, мноства’. Варбот (Этимология–1986–1987, 62–63) суадносіць бел. лексему з серб.-харв. plȏjba ’шмат вады на столі, падлозе пры кепскім даху’, якое Скок (2, 687) выводзіць у якасці далматараманскага рэлікта, вульг.-лац. *plǫvia < лац. pluvia ’дождж, дажджавая вада’. Варбот (там жа) уключае лексему *plojьma ў этымалагічнае гняздо і.-е. *pel‑ ’ліць, цячы, напаўняць’, ’нараджаць’, якая разглядаецца як вытворная ад асновы з коранем у нулявой агаласоўцы і пашырэннем яе на ‑i‑; да гэтага гнязда належыць прасл. *pьlnъ(jь), *plodъ, *plemę, *plęgti ’пладзіцца, вырастаць’. Параўн. таксама Люканен, 1, 172 (плойма < *plodma ад *ploditi). Магчыма, да плыць (гл.), як рус. вой ад выть, гл. аплавітна ’багата’. Значэнне ’вялікая колькасць вады’ — адлюстраванне першаснай семантыкі і.-е. *pel‑ ’ліць, цячы’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)