Арча́к ’лука, драўляны каркас сядла’, ’прыпрэжаны конь’, ’прыпрэжка’ (Нас.), арчако́вы ’прыпражны’ (Нас.). Рус. арча́к ’лука, драўляны каркас сядла’, укр. а́рчик ’сядло’, орчико́вий прыпражны’, польск. jarczak ’лёгкае сядло’ (з XVI ст.). Ва ўсходнеславянскіх мовах з XVI ст.: ст.-бел. ерчакъ, орчаки, ярчакъ ’сядло’, ’драўляны каркас сядла’, рус. ерчакъ (1557), укр. форма арчакъ (пач. XVIII ст.). Агульна прынята этымалогія з цюркскіх моў. Прыводзяць тат. arčak ’лука’ (без крыніцы). Параўн. Міклашыч, Türk. El., Дад., 2, 75, 134. Дакладней форма ингырчак у Сразн., 1, 31. Параўн. тат. ынгырчак ’падсядзёлак’ і інш. аналагічныя цюркскія формы (Радлаў, Опыт., 1, 1358). Да гэтай формы прыводзіць польскае слова Заянчкоўскі, Stud. orient. Аб цюркскім паходжанні беларускага слова пісалі Бірыла (у сувязі з прозвішчам Арчакоў; Бел. антр., 24), Вярхоў (З жыцця, 67). Насуперак Фасмеру, 3, 155, нельга адкідваць рэальную сувязь, якая існавала паміж словамі арчак і ворчык (орчик) (гл.); магчыма, што вынікам гэтай сувязі з’яўляюцца значэнні ’прыпрэжаны’ (параўн. орчиковий коньМаслен., 178), укр. а́рчик (Краўчук, ВЯ, 1968, 4, 122–123); іншая справа, што гэта сувязь мела народнаэтымалагічны характар.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Кальцо́ ’кольца’, ’прадмет, які мае форму вобада, абруча, акружнасці’ (ТСБМ, Радч.), у гаворках звычайна канкрэтызуецца: ’кольца на рэгулятары ў плузе’, ’кольца ў дузе’ (кольцо драгіч., Жыв. сл.), ’металічны кружок, за які чапляюць ворчык у баране’ (лун., Шатал.), ’абручы ў нераце’ (навагр., Жыв. сл.), ’кольца на розе ў каровы’ (рас., Шатал.). У розных гаворках адзначаны кальцо ’пярсцёнак’ (Бяльк., Радч., Сакал., Сцяшк., ТС); Тураўскі слоўнік адзначае яшчэ кольцо ’дзіцячая гульня’. Аб распаўсюджанні лексемы кольцо ’пярсцёнак’ на Палессі гл. Сакалоўская, Лексіка Палесся, 293. Укр. кільце ’кольца наогул, за выключэннем пярсцёнка і інш.’, рус. кольцо ’прадмет, які мае форму абруча, акружнасці з металу або іншага матэрыялу’, ’пярсцёнак’ і інш., у гаворках: ’кольца, якое сцягвае калодку кола’, ’дэталь у баране’, арханг., цвяр. ’дэталі сахі’, пск. і інш. ’абручы ў венцеры’ і інш., польск. kolce ’кольца’, дыял. kolco ’частка плуга, кола ў плузе’ (крак. і інш.); чэш. матэрыял няпэўны, славац. дыял. koľca ’кола ў плузе’, славен. kólce ’кольца, маленькі круг’, серб.-харв. kólce, памянш. ад коло; слоўнікі адзначаюць з XVIII ст., адносна фінальных гукаў у гаворках параўн. макед. колце ’кола, кольца’, балг. колце, колцо, памянш. да коло. Лексема фіксуецца таксама ў пісьмовых помніках: ц.-слав. кольцє, ст.-рус. кольце, кольцо; кольце ў Скарыны. Вытворнае з суф. ‑ьце ад kolo, гл. Трубачоў, Эт. сл., 10, 167, магчыма і праславянскае. Звяртаюць на сябе ўвагу відавочна познія семантычныя інавацыі тыпу кальцо ’пярсцёнак’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

зне́сці 1, знясу, знясеш, знясе; пр. знёс, знесла і знясла, знесла і знясло; зак., каго-што.

1. Прынесці з розных месц у адно, сабраць у адно месца (усё, многае). Знесці каменне з поля ў кучу. □ Хлопцы сёння ўсе свае пакункі Знеслі да варожае чыгункі. Астрэйка. Чые рукі з мазалямі Тут зняслі свае дары? Колас. Не паспелі за дзень мы асіліць Копы знесці, Злажыць у стагі. Непачаловіч.

2. Несучы, спусціць, даставіць уніз. Шустрыя, маладыя хлопцы-шафёры хутка знеслі мяхі ў млын, падалі накладныя. Асіпенка.

3. Сарваўшы, збіўшы з якога‑н. месца, перамясціць або знішчыць (пра ваду, вецер і пад.). Самой пераправы ўжо няма, яе знесла вясной паводка. Толькі з берага засталіся ў вадзе тоўстыя сасновыя палі. Сяркоў. / у безас. ужыв. Мост знясло вадой. □ Лодку нашу заліло вадой амаль да краёў, можна было не баяцца, што яе знясе. Кірэенка.

4. Разбурыўшы, разабраўшы, зняць з якой‑н. паверхні (звычайна пра пабудову). Знесці хутары. □ [Янка] загадаў свайму памочніку знесці мост. Якімовіч.

5. Перапісаць уніз. Знесці лічбу.

6. Пайшоўшы, узяць з сабой што‑н.; забраць, украсці. Ворчык знік. І агонь пад сасной Гасне, намі забыты. Не знаходжу ватоўкі сваёй — Знёс Мікіта. Куляшоў. Урэшце рэшт няхай сабе Апанас і ўцёк з дзетдома, няхай сабе знёс вопратку. Але ж напісаць пісьмо, выслаць грошы — на гэта не кожны здольны. Нядзведскі.

7. перан. Сцярпець, перанесці. Дзед Талаш моўчкі знёс гэту абразу і крыўду. Колас. Міхал — шляхціц, хоць і заняпалы; яму не знесці сораму. Гарэцкі.

•••

Знесці галаву — тое, што і зняць галаву (гл. зняць).

зне́сці 2, знясе; пр. знесла і знясла.

Зак. да несці ​2.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)