basin

[ˈbeɪsən]

n.

1) мядні́ца f., таз -а m. (для мыцьця́)

2) басэ́йн -у m.

river basin — вадазбо́р, басэ́йн ракі́

3) бу́хта f.

a yacht basin — бу́хта, дзе стая́ць я́хты

4) упа́дзіна, запа́дзіна f., лог -у m., лагчы́на f.

Ангельска-беларускі слоўнік (В. Пашкевіч, 2006, класічны правапіс) 

вада́

1. Агульная назва наяўнасці ў населеным пункце ці ў гэтай мясцовасці водных аб'ектаў — возера, ракі, рэчкі, балота, мачулішчаў, крыніц (Слаўг.). Тое ж вадазбор, вадзя́нка (Слаўг.).

2. Разліў вады вясной у час разводдзя, летніх ліўняў, восеньскіх дажджоў, зімовых паводак і верхаводак (Ветк., Жытк., Слаўг., Стол.). Тое ж вадаполь (Смален. Дабр.).

Беларускія геаграфічныя назвы. Тапаграфія. Гідралогія. (І. Яшкін, 1971, правапіс да 2008 г.)

ДРУЦЬ,

рака ў Віцебскай, Магілёўскай і Гомельскай абл., правы прыток р. Дняпро. Даўж. 295 км. Пл. вадазбору 5020 км². Пачынаецца за 1 км на З ад в. Раздольная Талачынскага р-на Віцебскай вобл., вусце на паўд. ускраіне г. Рагачоў. Агульная даўж. рачной сістэмы Д. 2000 км. Асн. прытокі: Крывая, Няропля, Вабіч, Арлянка, Балонаўка, Грэза (злева), Аслік, Малыш, Даўжанка, Дабрыца (справа). Вадазбор у вярхоўі ў межах Аршанскага ўзв., на астатнім працягу — ва ўсх. ч. Цэнтральнабярэзінскай раўніны.

Даліна да ўпадзення р. Крывая невыразная, ніжэй трапецападобная шыр. 1,5—2,5 км. Схілы парэзаныя, выш. 8—30 м, да г.п. Бялынічы адкрыцця і пад ворывам, ніжэй па цячэнні пераважна пад лесам. Левы схіл больш спадзісты, правы сярэдне стромкі, нярэдка абрывісты. Пойма ў асноўным двухбаковая (на асобных участках у нізоўі левабярэжная, у верхнім цячэнні часткова затопленая Цяцерынскім, у ніжнім Чыгірынскім вадасх.), адкрытая, лугавая. Паверхня поймы ў прырэчышчавай ч. роўная, месцамі ўзгорыстая, перасечаная старыцамі, асушальнымі канавамі. лагчынамі. Рэчышча каналізаванае на 2 участках у вярхоўі агульнай працягласцю каля 16 км, на астатнім працягу моцназвілістае, свабодна меандрыруе, ніжэй упадзення р. Вабіч разгалінаванае на пратокі і рукавы са шматлікімі старыцамі і залівамі. Шыр. ракі ў межань у вярхоўі 10—20 м, ніжэй 30—50 м. Берагі пераважна стромкія, месцамі абрывістыя (выш. да 5 м), у вусцевай ч. спадзістыя (выш. да 1 м). Жыўленне мяшанае: снегавое, дажджавое, грунтавое. Асаблівасць рэжыму — вельмі выразнае веснавое разводдзе, на якое прыпадае 54% гадавога сцёку. Веснавы крыгаход каля 3 сутак. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 31,6 м³/с. Рака прымае сцёк з меліярац. каналаў. Суднаходная ніжэй плаціны Чыгірынскага вадасх. (за 84 км ад вусця) у паўнаводны перыяд. У ніжнім цячэнні каля в. Чыгірынка Чыгірынская ГЭС. На Д. гарады Талачын і Рагачоў, г.п. Круглае і Бялынічы, зоны адпачынку Чыгірынка, Маліна, Друць, Лужкі.

Рака Друць каля г.п. Бялынічы.

т. 6, с. 224

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІЛЕ́ЙСКАЕ ВАДАСХО́ВІШЧА, Вілейскае мора,

у Вілейскім р-не Мінскай вобл., на р. Вілія. За 5 км на У ад г. Вілейка, у месцы зліцця Віліі з рэкамі Сэрвач, Ілія і Касутка. Найб. штучны вадаём Беларусі, галаўное гідразбудаванне Вілейска-Мінскай воднай сістэмы. Пабудавана ў 1973—75 для назапашвання вады, рэгулявання сцёку і павелічэння воднасці Свіслачы, стварэння зоны адпачынку. Пл. 64,6 км², даўж. 27 км, найб. шыр. 3,6 км, найб. глыб. 13,8 м. Чаша — затопленыя даліны Віліі і Іліі, ёсць 10 астравоў. Схілы катлавіны спадзістыя, пераважна пад лесам. Берагавая лінія даўж. 137 км слаба парэзана, ёсць 4 буйныя залівы, у якія ўпадаюць рэкі.

Вілейскае вадасховішча знаходзіцца на Нарачана-Вілейскай нізіне. Вадазбор мае спадзістахвалісты рэльеф з асобнымі эолавымі формамі, пад лесам 35%, пад ворывам 30% плошчы. Берагі нізкія (0,5—1 м), актыўна размываюцца (на 25% даўжыні), месцамі замацаваныя. На паўд. беразе пясчаныя пляжы шыр. 50—100 м. Дно выслана пяском, месцамі торфам (15%). Аб’ём вады 238 млн. м³, поўнасцю запаўняецца ў крас.чэрв. ў час веснавой паводкі. Сярэднегадавая амплітуда ваганняў узроўню вады 2 м. Замярзае ў пач. снеж., крыгалом пачынаецца ў сярэдзіне красавіка. Таўшчыня лёду 60—70 см. Летам паверхневыя слаі вады праграюцца да 18—22 °C, на прыбярэжных і мелкаводных участках да 24 °C. Пераважаюць паўд.-зах. і зах. вятры. Пры скорасці ветру 3—5 м/с выш. хваль 0,2—0,5 м, найб. — 1,5 м пры зах. ветры, з якім звязаны найб. разгон хваль уздоўж вадасховішча. Празрыстасць вады павялічваецца ад 1—1,5 м у вярхоўях да 2,5 м каля плаціны. Зарастае нязначна (10% плошчы) урэчнікамі, вадзяной грэчкай і інш. У сярэдзіне чэрв. пачынаецца «цвіценне» вады пры масавым развіцці сіне-зялёных водарасцей, адміранне якіх увосень пагаршае якасць вады і вядзе да заглейвання дна. Вакол вадасховішча створана зона адпачынку. Выкарыстоўваецца для заняткаў водна-лыжным, водна-маторным, вяслярным і парусным спортам, для летняй і зімовай рыбнай лоўлі (водзяцца шчупак, акунь, лешч, сярэбраны карась, джгір, трохіголкавая колюшка, плотка, верхаводка). На астравах гняздуюцца качкі, чайкі (у т. л. чайка малая, занесеная ў Чырв. кнігу Беларусі), у некаторыя гады — лебедзі.

Вілейскае вадасховішча.

т. 4, с. 158

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)