Варката́ць ’мурлыкаць’ (БРС). Вытворныя ад яго: варкатня́, варкату́ння, варкату́н, варкату́ха, варко́цік (Нас.). Укр. воркота́ти, рус. дыял. воркота́ть, польск. warkotać ’бурчаць, мармытаць’, чэш. дыял. vrkotať ’буркаваць’. Прасл. *vъrkotati. Ад дзеяслоўнай асновы *vъrk‑ гукапераймальнага паходжання (гл. таксама пад ве́раск, верашча́ць) утвораны: прасл. *vъrkati, *vъrčati (< *vъrkēti) і далей *vъrkovati, ст.-рус. въркати, върчати, ц.-слав. връчати, рус. ворча́ть, воркова́ть, бел. варкава́ць, варча́ць, укр. воркува́ти, польск. warknąć ’забурчаць’, warczeć ’бурчаць, гыркаць’, чэш. vrkati ’варкаваць’, vrčeti ’бурчаць’, балг. връча ’шчабячу, шумлю’, серб. вр̏кати ’мурлыкаць’, вр́чати ’мурлыкаць; бурчаць’ і г. д. Ад дзеяслоўнай асновы *vъrk‑ быў утвораны прасл. назоўнік *vъrkotъ ’варкатанне, бурчанне, буркаванне’ (рус. дыял. во́ркот, чэш. vrkot і г. д.), ад якога ў сваю чаргу паходзіць новы дзеяслоў *vъrkotati: бел. варката́ць, укр. воркота́ти, рус. дыял. воркота́ть, польск. warkotać ’бурчаць, мармытаць’, чэш. дыял. vrkotať ’буркаваць’ і г. д. Не выключаецца, аднак, што *vъrk‑ot‑ati прама паходзіць ад *vъrk‑ati («узмацняльны» экспрэсіўны суфікс *‑ot‑ у дзеяслове). Параўн. падобныя гукапераймальныя ўтварэнні ў іншых мовах: літ. vẽrkti, ‑vìrkti ’плакаць’, ur̃kti ’гыркнуць’ (падрабязней гл. пад вераск). Гл. Фасмер, 1, 351, 356; Рудніцкі, 477; Брукнер, 602; Голуб-Копечны, 423; Махэк₂, 700; Траўтман, 353; Шанскі, 1, В, 163–164.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Марката́, маркота́, моркота́ ’сум, туга, журба’, ’клопат, турбота, перажыванне’ (ТСБМ, Нас., Шат., Бяльк., Сл. ПЗБ, ТС), маркотна, моркотно ’сумна’ (маг., паўд.-усх., КЭС; калінк., З нар. сл., ТС), маркотны(й) ’сумны, тужлівы, сонны’ (ТСБМ, Грыг., Мал., Мядзв., Яруш., Бяльк., Растарг., Шат., Касп.; КЭС, лаг.), маркоціць ’тужыць, прыводзіць у сум, журбу’, маркоціцца ’сумаваць, журыцца’, ’чакаць, нічога не рабіўшы’ (ТСБМ, Нік. Очерки, Яруш., Шат., Касп., Бяльк.; КЭС, лаг.; лях.), ’хіліць на сон’ (Сл. ПЗБ), марката́ць, моркіта́ ты, моркота́ты ’буркаваць (пра птушак)’ (паўн.-усх., КЭС; Сержп. Грам.), ’тс’, ’мармытаць’ (Доўн.-Зап., пін.), маркату́н, марко́тны ’сумны, маўклівы чалавек’ (Нас.). Укр. моркота ’трывога, непакой’, ’дрэнны настрой’, миркотати ’мармытаць’, ’гаварыць незразумелае’, ’наракаць’, мо́ркнути ’бурчаць’, рус. моркота́ть ’тс’, мо́ркотно, морко́тно ’сумна, тужліва, надакучліва, турботна’, моркотать пск., цвяр. ’мармытаць’, ’наракаць’, смал. ’муркаць, пець курну’, польск. markotać ’бурчаць’, markotny ’маркотны’, markotnieć ’рабіцца тужлівым’, margocić się ’засмучацца’, чэш. ляш. mrkotny ’заспаны, заплаканы’, mrkotati ’сварыць’, славац. mrkotný ’раззлаваны, непрыемны, з дрэнным настроем’, славен. mřkniti ’бурчаць’, ’гудзець (аб насякомых)’. Прасл. mъrk(o)tati ’бурчаць’. Фасмер (2, 656) дапускае гукапераймальнае паходжанне. Махэк₂ (380) мяркуе, што паводле семантыкі чэшскіх лексем гэтыя словы перш-наперш азначалі благі душэўны стан, а потым адмоўны душэўны настрой. Ён адносіць іх да і.-е. асноў, збліжаючы генетычна з брэтон. morchet і карн. moreth ’хлопаты, мітрэнгі, злосць, бурчанне’, а таксама з хецк. markiya ’адкідаць, адвяргаць, не ўсхваляць’ (Кноблах, Kratylos, 4, 39). Кюнэ (76) мяркуе, што бел. маркотны запазычана з польск. мовы. Мартынаў (вусн. паведамл.), як і Махэк, лічыць гэту лексему кельтызмам.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)