АМА́Н ДАГАВО́РНЫ,
назва былога брыт. пратэктарата на Аравійскім п-ве. З 1971 незалежная дзяржава Аб’яднаныя Арабскія Эміраты.
т. 1, с. 305
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МО́ПЛА ПАЎСТА́ННЕ 1921,
выступленне мопла — мусульм. ч. народа малаялі акругі Малабар Мадраскай прав. Брыт. Індыі (цяпер штат Керала, Індыя) супраць брыт. улад. Узнікла як ч. Халіфацкага руху. Пачалося з сутыкнення мусульм. вернікаў і англ. войск у мяст. Тырурангадзі 20.8.1921. Паўстанцы захапілі раёны Эрнад і Валуванад і абвясцілі аб стварэнні «халіфацкага царства» на чале з А.Мусальярам (потым — Х.Кунахмедам). Паўстанцы жорстка распраўляліся з памешчыкамі-індусамі, але моцна пацярпелі і простыя індусы, якіх прымушалі прыняць іслам. Задушана англ. войскамі ў канцы 1921, асобныя атрады працягвалі супраціўленне да лют. 1922.
т. 10, с. 520
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РО́ЎЛІНСАН (Rawlinson) Генры Крэсвік (11.4.1810, Чэдлінгтан, Вялікабрытанія — 5.3.1895),
англійскі дыпламат, усходазнавец. Адзін з заснавальнікаў асірыялогіі. У 1827—39 афіцэр брыт. Ост-Індскай кампаніі (у Індыі і Іране). У 1840—60-я г. прадстаўнік брыт. ўрада ў г. Кандагар (Афганістан), консул у Багдадзе, пасол у Тэгеране. У 1835—47 скапіраваў, пазней у асноўным прачытаў Бехістунскі надпіс (гл. Бехістун), дэшыфраваў перс. і вавілона-асірыйскія (акадскія) клінапісы. Вёў археал. раскопкі стараж. гарадоў Двухрэчча Барсіпы і Сіпара (цяпер тэр. Ірака). Прэзідэнт Азіяцкага (1878—81) і Геагр. (1871—72, 1874—75) каралеўскіх т-ваў.
т. 13, с. 413
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХАЙДАРАБА́Д,
княства ў Індыі ў 18—20 ст. Узнікла ў 1724, калі мясц. намеснік Вялікіх Маголаў абвясціў сябе незалежным правіцелем (нізамам). У 1798 нізам Х. падпісаў дагавор з англ. Ост-Індскай кампаніяй, паводле якога прызнаў сябе васалам кампаніі (з 1858 — брыт. кароны). Найбуйнейшае васальнае княства ў складзе Брыт. імперыі. Пасля абвяшчэння ў 1947 незалежнасці Індыі правіцель-мусульманін працівіўся далучэнню Х. да Індыі, але пад націскам індуісцкай большасці вымушаны быў гэта зрабіць. У 1950—56 аднайм. штат Індыі. У 1956 скасаваны, яго тэр. падзелена паміж штатамі Андхра-Прадэш, Майсур і Бамбей.
т. 16, с. 521
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́НІНГ (Canning) Джордж (11.4.1770, Лондан — 8.8.1827),
дзяржаўны дзеяч Вялікабрытаніі, дыпламат. Скончыў Оксфардскі ун-т (1791). З 1793 чл. парламента. У 1796—99 пам. міністра замежных спраў у кабінеце У.Піта Малодшага. У 1807—09 міністр замежных спраў. Праводзіў курс на фін. і ваен. дапамогу Іспаніі ў вызв. вайне з Напалеонам I. У 1814—16 пасол у Партугаліі. Лідэр партыі торы. З 1822 чл. кабінета Р.Б.Ліверпула і міністр замежных спраў. Садзейнічаў прызнанню брыт. урадам незалежнасці б. ісп. калоній у Паўд. Амерыцы, выступаў за аўтаномію Грэцыі. Змагаўся за ўмацаванне брыт. гегемоніі ў Еўропе ў процівагу палітыцы краін Свяшчэннага саюза.
т. 7, с. 585
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЦЭ́НТНЕР (ням. Zentner ад лац. centenarius які змяшчае 100 адзінак),
пазасістэмная адзінка масы. Абазначаецца ц, у краінах з лац. алфавітам q (ад quintal).
Адрозніваюць Ц.: метрычны, роўны 100 кг або 0,1 т; брытанскі доўгі, роўны 112 брыт. фунтам або 50,8023 кг; брытанскі кароткі, роўны 100 брыт. фунтам або 45,3592 кг; Ц., які выкарыстоўваецца ў Германіі, Бельгіі, Даніі, Венгрыі і інш. краінах, роўны 50 кг. На Беларусі, Украіне, у Расіі, Польшчы, у ВКЛ у 15—18 ст. адзінку масы, блізкую да 1 ц, наз. корац. У сістэме англ. мер кароткі Ц. меў назву цэнтал (ад лац. centum — сто).
т. 17, с. 165
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛУДЖЫСТА́Н,
гістарычная вобласць у Азіі і на ПдУ Іранскага нагор’я. На Пд абмываецца Аравійскім морам. Пл. 0,5 млн. км². Нас. каля 4 млн. чал. (1990), пераважна народы белуджы (каля 75% усяго насельніцтва) і брагуі. Падзяляецца на Усх. Белуджыстан у складзе Пакістана і Зах. Белуджыстан — Ірана. Ускраіны на Пн у складзе Афганістана.
З стараж.-перс. і ант. крыніц вядома, што тэр. Белуджыстана насялялі мака, гедрозіі і інш. народы. У сярэднявеччы Белуджыстан паслядоўна ўваходзіў у склад Араб. халіфата, дзяржаў Газневідаў, Сельджукаў, Хулагуідаў, Цімурыдаў, Сефевідаў, Вял. Маголаў. У пач. 17 ст. на тэр. Белуджыстана ўзніклі феад. княствы, кіраўнікі якіх былі васаламі Сефевідаў і Вял. Маголаў. У 18 ст. тэр. Белуджыстана аб’яднана пад уладай Насір-хана Белуджы, васала афганскіх шахаў. Паводле дагавораў 1854, 1876 і 1879 Усх. Белуджыстан быў падначалены Вялікабрытаніі і ўвайшоў у склад Брыт. Індыі. Складаўся з Федэрацыі белуджскіх княстваў (пратэктарат пад ускосным брыт. кіраваннем) і каланіяльнага ўладання — т.зв. Брыт. Белуджыстан. Зах. Белуджыстан у 1849—57 быў уключаны ў склад Ірана, Усх. Белуджыстан у 1947—48 — у склад Пакістана.
т. 3, с. 81
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЕЙПТА́ЎН, Капстад (англ. Capetown, афр. Kaapstad),
горад на Пд Паўд.-Афр. Рэспублікі. Адм. ц. Капскай правінцыі. 2727 тыс. ж. (1997, з прыгарадамі). Буйны порт на Атлантычным ак., у бухце Сталовая, каля мыса Добрай Надзеі. Пачатковы пункт чыгунак і аўтадарог. Міжнар. аэрапорт. У К. — рэзідэнцыя парламента Паўд.-Афр. Рэспублікі. Важны прамысл. цэнтр. Прам-сць: маш.-буд. (вытв-сць чыг. вагонаў, катлоў, суднаў), хім., нафтаперапр., дрэваапр., тэкст., харчасмакавая (цукр., плодакансервавая, вінаробчая); аграньванне алмазаў, вытв-сць буд. матэрыялаў. АЭС. Ун-т. Паўд.-Афр. музей. Нац. галерэя. Бат. сад. Замак-крэпасць (17 ст.) і інш. арх. помнікі 17—18 ст.
Засн. ў 1652 як прыстань для галандскіх суднаў Ост-Індскай кампаніі. У 2-й пал. 17 ст. заселены галандскімі і франц. каланістамі (пераважна гугенотамі, якія пакінулі радзіму з-за рэліг. ганенняў). У 1806 заняты англічанамі, на працягу 19 ст. галандскія каланісты выцеснены англійскімі. Важны брыт. стратэгічны (у час англа-бурскай вайны 1899—1902 экспедыцыйная база брыт. войск) і транзітны пункт. У 1814—1910 цэнтр брыт. Капскай калоніі, з 1910 канстытуцыйная сталіца Паўд.-Афр. Саюза, з 1961 — Паўд.-Афр. Рэспублікі.
т. 8, с. 221
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІ́ТКЭРН (Pitcairn),
уладанне Вялікабрытаніі ў паўд.-ўсх. частцы Ціхага ак., у Палінезіі. Пл. 46,5 км². Складаецца з 4 астравоў, у т. л. в-аў Піткэрн (пл. 4,5 км², адзіны населены). Нас. каля 50 чал. (2000), англа-палінезійскія метысы. Адзіны нас. пункт, адм. ц. — паселішча Адамстаўн. Афіц. мова — англійская. В-аў Піткэрн вулканічнага паходжання, выш. да 335 м, астатнія астравы каралавыя. Клімат і расліннасць субтрапічныя. Асн. занятак насельніцтва — земляробства. Вырошчваюць батат, ямс, тара, маніёк, хлебнае дрэва, дыні, гарбузы, бананы, цукр. трыснёг, бабовыя, кукурузу, цытрусавыя, ананасы і інш. Гадуюць коз і курэй. Рыбалоўства. Саматужная вытв-сць сувеніраў. Гал. крыніца даходаў — продаж мясц. паштовых марак, якія карыстаюцца вял. попытам у філатэлістаў. Марскія сувязі пераважна з Новай Зеландыяй. Грашовая адзінка — долар Піткэрна.
У старажытнасці П. наведвалі палінезійцы. Адкрыты ў 1767 брыт. капітанам Ф.Картэрэтам. У 1790 на П. знайшлі прытулак 9 маракоў з мяцежнага брыт. ваен. карабля «Баўнці». Яны прывезлі з сабой некалькі палінезійскіх жанчын; іх нашчадкі складаюць сучаснае насельніцтва П. У 1839 абвешчаны брыт. калоніяй, да якой у 1902 далучана некалькі суседніх астравоў.
т. 12, с. 390
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЮТЛА́НДСКАЯ БІ́ТВА 1916, Скагеракская бітва,
баявыя дзеянні ў 1-ю сусв. вайну паміж герм. (флот Адкрытага мора; 99 караблёў, 36 тыс. маракоў; каманд. адм. Р.Шэер) і брыт. (Гранд-Фліт; 151 карабель, 60 тыс. маракоў; каманд. адм. Дж.Джэліка) флатамі ў Паўночным моры на З ад п-ва Ютландыя 31.5—1.6.1916. Брыт. марское камандаванне, даведаўшыся з радыёперахопу пра маючы адбыцца выхад праціўніка ў мора, разгарнула Гранд-Фліт на ПнЗ ад Ютландыі. Удзень 31 мая брыт. авангард (каманд. контр-адм. Д.Біці) атакаваў герм. авангард (эскадра на чале з адм. Ф.Хіперам). Вечарам 31 мая і ноччу 1 чэрв. адбылося сутыкненне гал. сіл бакоў. Страціўшы 14 караблёў, 6097 маракоў забітымі і 510 параненымі (у брытанцаў), 11 караблёў, 2551 марака забітым і 507 параненымі (у немцаў), флаты не змаглі знішчыць адзін аднаго, але англ. флот захаваў сваё пануючае становішча на моры.
Літ.:
Больных А. Морские битвы Первой мировой: Схватка гигантов. М., 2000;
Флисовский 3. Ютландая, 1916: Пер. с пол. М., 2003.
У.Я.Калаткоў.
т. 18, кн. 1, с. 221
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)